адзін з кірункаў у заходняй, пераважна амер. паводзінскай псіхалогіі. Узнік у 1930-я г. (К.Хал, Э.Толмен). У адрозненне ад ранняга біхевіярызму (даследаваў рэакцыі арганізма на знешнія ўздзеянні без аналізу ўнутр. рэгулюючых механізмаў паводзін) Н. дапоўніў формулу «стымул-рэакцыя» прамежкавым звяном «прамежкавыя пераменныя» — унутрыпсіхічныя кампаненты паводзін, якія праламляліся пад знешнім уздзеяннем. Да іх адносяцца веды, намеры, надзеі, звычкі, патэнцыялы ўзбуджэння і тармажэння. Гэта была спроба зблізіць біхевіярызм з гештальтпсіхалогіяй і фрэйдызмам, растлумачыць цэласнасць і мэтазгоднасць паводзін яго рэгуляваннем інфармацыяй пра навакольнае асяроддзе і залежнасцю ад патрэб арганізма. Аднак асн. біхевіярысцкая ўстаноўка на біялагізацыю чалавечай псіхікі захавалася. Не ўлічваліся сац. патрэбнасці і інтарэсы, звязаныя з імі погляды, перакананні, ідэалы і імкненні. Сац. прыроду псіхікі чалавека прымяншаў і т.зв. сацыяльны Н. (Б.Скінер і інш.), які разглядаў грамадства і яго культуру як некаторыя наборы знешніх стымулаў і ўнутр. рэгулятараў, арыентаваных на задавальненне і выжыванне. Гал. асаблівасць усіх варыянтаў сучаснага біхевіярысцкага падыходу — прызнанне таго, што асн. ініцыятарам і рэгулятарам паводзін з’яўляецца знешняе ў адносінах даяго падмацаванне; роля ўнутр. матывацый прымяншаецца.
Літ.:
Ярошевский М.Г. Психология в XX столетии. 2 изд. М., 1974;
Толмен Э. Поведение как молярный феномен: Пер. с англ. // Хрестоматия по истории психологии. М., 1980;
Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;
Чирков В.И. Самодетерминация и внутренняя мотивация поведения человека // Вопр. психологии. 1996. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЯ́ЦЦЕ,
адна з асн. адзінак мысліцельнай дзейнасці, найвышэйшы ўзровень абагульнення; лагічная форма, з дапамогай якой будуюцца інш. формы мыслення (суджэнне, вывад). Бывае канкрэтным і абстрактным. Як прадукт і вынік пазнавальнай дзейнасці чалавека фарміруецца праз абстрагаванне, ідэалізацыю, параўнанне, абагульненне і вызначэнне; фіксуе паасобныя фрагменты быцця і цэласны свет. Паводле зместу П. аб’ектыўнае (у ім акумуляваны шматвяковы практычны вопыт чалавецтва); гібкае, рэлятыўнае, што вынікае з універсальнасці руху, прынцыпу ўсеагульнай сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў; устойлівае (аб’ект дыялектычнай логікі); выступае ў якасці лагічных форм (аб’ект фармальнай логікі). У канчатковым выніку паняційная форма прыводзіць датэорыі.
Тэрмін «П.» ўведзены стоікамі (3—2 ст.дан.э.). Паводле Зянона з Кітыёна, П. — спасцігнутае ўяўленне. Разгорнутая канцэпцыя П. змешчана ў творах Платона. Дэмакрыт звязваў П. з пачуццёвымі рэчамі, Платон лакалізаваў яго ў сферы мыслення і свеце ідэй, Арыстоцель развіў яго і прадставіў у выглядзе сістэмы П. У сярэднявеччы дыскусіі вакол прыроды П. праявіліся ў барацьбе наміналізму і рэалізму. У канцы 17 — пач. 18 ст. развівалася эмпірычная тэорыя П. (Дж.Лок і інш.). Прадстаўнікі класічнай ням. філасофіі (І.Кант. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг, асабліва Г.Гегель) раскрылі супярэчлівы характар мыслення, паказалі абстрактнасць і канкрэтнасць П., яго арганічную цэльнасць і працэсуальнасць.
Літ.:
Ильенков Э.В. Философия и культура. М., 1991;
Гегель Г.В.Ф. Система наук. Ч. 1. Феноменология духа. СПб., 1994;
Риккерт Г. Границы естественнонаучного образования понятий: Логич. введение в ист. науки. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка ў 1565—1793 у Брэсцкім ваяв.ВКЛ, з 1795 у Мінскім намесніцтве, з 1796 у Мінскай губ.Рас. імперыі, з 1921 у Палескім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР. Цэнтр — г.Пінск. У 16—18 ст. на яго тэрыторыі размяшчаліся Пінскае староства і буйныя магнацкія вотчыны Астрожскіх, Гальшанскіх, Радзівілаў, Чартарыйскіх. У 1793 большая ч. павета адышла да Расіі. У 1795 павет утвораны паўторна: на Пндаяго далучана ч. Навагрудскага пав., усх.ч. вылучана ў Давыд-Гарадоцкі павет, паўн.ч. перададзена ў Ровенскі пав. З 1796 у Мінскай губ. У 1797 пл. павета каля 10 тыс.км². Пасля 1861 уключаў 23 воласці: Дабраслаўская, Дубайская, Жабчыцкая, Кажан-Гарадоцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Лунінская, Любяшоўская, Марачнянская, Пагост-Загародская, Парэцкая, Пінкавіцкая, Плотніцкая, Радчыцкая, Святавольская, Ставоцкая, Столінская, Угрыніцкая, Хатыніцкая, Хойнаўская, Целяханская, Церабяжоўская. У 1897 у П.п. 201 тыс.чал., 11 мястэчак, 75 сёл, 292 вёскі, 191 фальварак. У 1920 Святавольская і Целяханская вал. перададзены ў Косаўскі пав., Дабраслаўская, Кажан-Гарадоцкая, Лунінская, Пагосцкая, Плотніцкая, Столінская, Хатыніцкая і Церабяжоўская вол. — у Лунінецкі пав. З 18.3.1921 у складзе Палескага ваяв. Польшчы. У 1933 уключаў 13 гмін: Бродніцкая, Вітчаўская, Дабраслаўская, Жабчыцкая, Кухацкавольская, Лагішынская, Лемяшэвіцкая, Марачнянская, Пінкавіцкая, Пінская, Парэцкая, Пагост-Загародская, Хойнаўская. З 4.12.1939 пераважная частка ў складзе Пінскай вобл.БССР. 15.1.1940 павет скасаваны, на яготэр. ўтвораны раёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ КАСМІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ (МКС),
арбітальны комплекс модульнага тыпу для палёту вакол Зямлі; праграма яго распрацоўкі, зборкі, запускаў даягокасм. апаратаў, правядзення даследаванняў. Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый наведвання станцыі, правядзення навук.-тэхн., медыка-біял., геафіз., астрафіз. і інш. даследаванняў і эксперыментаў па нац. і міжнар. праграмах. У стварэнні МКС прымаюць удзел Нацыянальнае кіраўніцтва па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы (ЗША), Расійскае авіяцыйна-касмічнае агенцтва (Расія), Еўрапейскае касмічнае агенцтва, Канадскае і Японскае касм. агенцтвы.
Першы модуль МКС «Зара» створаны ў Расіі і 20.11.1998 выведзены на арбіту. 7.12.1998 даяго прыстыкаваны модуль «Адзінства» («Juniti»; ЗША), 26.7.2000 — «Зорка» (Расія), 10.2.2001 — «Лёс» («Destiny»; ЗША), 14.7.2001 — «Пошук» («Quest»; ЗША), 17.9.2001 — «Пірс» (Расія). Модулі, неабходныя грузы, асн. экіпажы і экспедыцыі наведвання дастаўляюцца на МКС пры дапамозе ракет-носьбітаў «Пратон» ці «Саюз» (Расія), трансп.касм. караблямі «Спейс шатл» (ЗША), «Прагрэс» і «Саюз» (Расія). На 1.1.2004 маса МКС 178 т, даўж. 52 м, размах панэлей сонечных батарэй 73 м, аб’ём жылых адсекаў 425 м³. На МКС працавалі 8 асн. (працяглых) экспедыцый, 16 экіпажаў касм. караблёў «Спейс шатл», 5 экспедыцый наведвання — усяго больш за 100 касманаўтаў з 9 краін (ЗША, Расія, Канада, Францыя, Італія, Бельгія, Іспанія, Паўд.-Афр. Рэспубліка, Японія). Касманаўты здзейснілі больш за 50 выхадаў у адкрыты космас агульнай працягласцю каля 350 гадз. Завяршэнне зборкі МКС плануецца на пач. 2008.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕЎКІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
найбуйнейшая эліністычная дзяржава, якая існавала ў 312—64 дан.э. на Блізкім і Сярэднім Усходзе. Часам яе наз. паводле асн.тэр. Сірыйскім царствам. Засн. пасля распаду імперыі Аляксандра Македонскага адным з яго палкаводцаў Селеўкам I Нікатарам. Сталіцы — Селеўкія на р. Тыгр (да 300 дан.э.), потым — Антыёхія на р. Аронт. Найб. магутнасці дасягнула пры Антыёху III Вялікім (223—187 дан.э.), калі ўключала Сірыю, Месапатамію, частку М. Азіі, Іранскае нагор’е, частку Сярэдняй Азіі. Да С.дз. ў гэты час былі далучаны Келесірыя, Фінікія, Палесціна. Зручнае геагр. становішча С.дз. спрыяла росквіту земляробства, жывёлагадоўлі, гандлю, росту гарадоў. З 2 ст.дан.э. С.дз., аслабленая шэрагам паўстанняў і ўнутр. разладам (з 163 па 64 дан.э. змянілася 19 цароў), пачала страчваць свае ўладанні. У 64 дан.э. апошняя яе частка (Сірыя) стала рым. правінцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНА ЧО́РНАЕ ЦЕ́ЛА,
ідэалізаваны аб’ект, які поўнасцю паглынае эл.-магн. выпрамяненне, што падае на яго (паглынальная здольнасць роўная адзінцы). У прыродзе не існуе, хоць паглынальная здольнасць некаторых рэчываў (сажа, плацінавая чэрнь) блізкая да 0,95. Штучная мадэль абсалютна чорнага цела (гл.рыс.) — вял. пустая замкнёная поласць з непразрыстымі сценкамі і маленькай уваходнай адтулінай. Пры звычайных т-рах выпрамяненне A, якое ўваходзіць праз адтуліну, шмат разоў адбіваецца ад сценак поласці C і практычна назад не выходзіць. Выпрамяненне абсалютна чорнага цела вызначаецца толькі ягоабс. т-рай, размеркаванне энергіі ў ім падпарадкоўваецца Планка закону выпрамянення. Адыгрывае важную ролю ў тэорыі эл.-магн. выпрамянення.
Мадэль абсалютна чорнага цела. A — выпрамяненне; C — поласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЦЯ́ЖВАЮЧЫЯ АДКА́ЗНАСЦЬ АКАЛІ́ЧНАСЦІ,
у крымінальнай справе акалічнасці, наяўнасць якіх сведчыць пра павышаную грамадскую небяспечнасць пэўнага злачынства і самога злачынцы. Улічваюцца судом пры вызначэнні пакарання і, як правіла, цягнуць за сабой больш суровую кару ў межах санкцыі адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь. Паводле КК, да абцяжваючых адказнасць акалічнасцей адносяцца: паўторнасць злачынства; учыненне яго арганізаванай групай; карыслівыя або інш. ганебныя матывы яго ўчынення; прычыненне злачынствам цяжкіх вынікаў; учыненне злачынства супраць малалетніх, састарэлых і бездапаможных; падбухторванне ці ўцягванне ў злачынную дзейнасць непаўналетніх; асаблівая жорсткасць або здзек над пацярпелым; выкарыстанне ўмоў грамадскага бедства; усеагульнанебяспечны спосаб учынення злачынства; выкарыстанне для злачынства крыніцы павышанай небяспечнасці; учыненне злачынства асобай, якая была ўзята на парукі; учыненне злачынства ў нецвярозым стане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАН ЧУН, Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104),
кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло ягода натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕДАНІ́ЗМ (ад грэч. hēdonē асалода),
этычнае вучэнне, якое сцвярджае асалоду найвышэйшым шчасцем і крытэрыем паводзін чалавека. Тэарэт. геданізм з’яўляецца разнавіднасцю натуралізму ў этыцы. У стараж. Грэцыі прадстаўніком геданізму ў этыцы быў Арыстып і яго паслядоўнікі. Найб. развіцця дасягнуў у Эпікура і наблізіўся ў ягодаэўдэманізму. Геданічныя матывы сталі пашыранымі ў эпоху Адраджэння, у этычных тэорыях асветнікаў. Т.Гобс, Дж.Лок, П.Гасендзі, франц. матэрыялісты 18 ст. проціпастаўлялі геданізм рэліг.-аскетычнай маралі. Пазней прынцып геданізму знайшоў адлюстраванне ў этычнай тэорыі утылітарызму. Ідэі геданізму падзялялі філосафы амер. Дж.Сантаяна, Дз.Дрэйк, аўстр. М.Шлік і інш. У рэальным жыцці геданізм можа існаваць у форме эстэцтвуючага арыстакратызму і пагоні за пачуццёвай асалодай (гл. таксама Эпікурэізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАТЫ́П (ад ген + тып),
генетычная (спадчынная) канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў, лакалізаваных у храмасомах; кантралюе развіццё прыкмет арганізма — ягофенатып. У больш шырокім сэнсе генатып — сукупнасць ядзерных (геном) і няядзерных — цытаплазматычных і пластыдных (плазмон) носьбітаў спадчыннасці. Генатып разглядаецца як адзіная сістэма генаў, якія знаходзяцца ў складаным узаемадзеянні паміж сабой. Праз генатып перадаецца спадчынная інфармацыя ад пакалення да пакалення. Ён вызначае норму рэакцыі пры развіцці прыкмет арганізма. Варыяцыі ў межах гэтай нормы рэакцыі абумоўліваюцца мутацыямі і ўплывам фактараў навакольнага асяроддзя. Арганізмы з рознымі генатыпамі могуць мець аднолькавы фенатып (т.зв.фенакопіі) і, наадварот, з аднолькавым генатыпам — розны фенатып (мадыфікацыі). Для вызначэння структуры генатыпу праводзяцца адпаведныя аналітычныя скрыжаванні і генет. аналіз патомства.