О́ЛТУШСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Олтуш Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана да 1783, перабудавана ў 1862 і 1868. У 1889 да царквы пры ўваходзе праз тамбур далучана 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з шатровым дахам. Царква складаецца з трох прамавугольных у плане зрубаў. Асн. зруб накрыты шатровым, бабінец — 2-схільным са шчытом на гал. фасадзе, апсіда — 3-схільным дахамі, завершанымі фігурнымі вежачкамі. Сцены гарызантальна ашаляваны і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з разнымі ліштвамі. Унутры асн. зруб і бабінец перакрыты вянковымі скляпеннямі накшталт усечанай столі. Трох’ярусны іканастас аформлены разнымі пілястрамі і лапаткамі. Асн. дэкар. акцэнт — царскія вароты (ажурная разьба).

Ю.​А.​Якімовіч.

Олтушская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПАЛЬСКАЯ ЦАРКВА́ ПАРАСКЕ́ВЫ ПЯ́ТНІЦЫ,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Опаль Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 2-й пал. 18 ст., ў цэнтры вёскі часткова перабудавана ў 19 ст. Прамавугольная ў плане 3-нефавая базіліка са зрэзанымі вугламі ў алтарнай частцы. Цэнтр. неф вышэйшы за бакавыя, завершаны 2-схільным дахам. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі, умацаваны брусамі-лапаткамі, аконныя праёмы прамавугольныя і паўцыркульныя (у цэнтр. нефе). Спачатку гал. неф фланкіравалі 2 вежы абапал трохвугольнага франтона. Пры перабудове вежы разабраны, фасад аформлены 8-калонным порцікам (пазней калоны схаваны шалёўкай тамбура). У інтэр’еры 3-ярусны разны іканастас канца 19 — пач. 20 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

Опальская царква Параскевы Пятніцы.

т. 11, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РЦЫ, Орцаўскае возера. У Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 8 км на ПнУ ад г. Міёры. Пл. 1,94 км², даўж. 4,8 км, найб. шыр. 930 м, найб. глыб. 19 м, даўж. берагавой лініі 13,4 км. Пл. вадазбору 11 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складаецца з 2 плёсаў. Схілы выш. 2—3 м, сугліністыя і супясчаныя, разараныя, месцамі пад хмызняком, на ПнУ 10—12 м, стромкія, укрыты лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком, участкамі забалочаныя. Некалькі вузкіх заліваў. Зона мелкаводдзя вузкая (3—5 м), у паўн. плёсе пашыраецца да 50—80 м, пясчаная, месцамі гліністая; астатняя ч. дна ілістая. 2 астравы агульнай пл. 1,9 га. Празрыстасць 3,2 м. Мезатрофнае з прыкметамі алігатрофіі. Зарастае.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЯДА́ЙЛА (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 7.10.1949, в. Дамашэвічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фізік. Канд. фізіка-матэм. н. (1984). Скончыў БДУ (1973). З 1973 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ўласцівасцей генерацыі выпрамянення лазераў на пары складаных арган. злучэнняў, палярызацыйна-флуарэсцэнтных уласцівасцей шмататамных малекул, ахалоджаных у звышгукавым струмені. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Исследование свойств лазеров на парах и растворах сложных органических соединений (разам з І.​І.​Калошам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, № 5;

Динамика вращательного движения в спектроскопии сложных молекул в газовой фазе (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1998. № 4.

т. 11, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́СТ,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Пагост-Загародскі. Утворана на месцы большай ч. Пагосцкага возера і прылеглых да яго зямель Пл. 16,2 км², даўж. 6,1 км, найб. шыр. 4,1 км, найб. глыб. 9,9 м, аб’ём вады 54,48 млн. м³. Былое возера абгароджана дамбай-плацінай даўж. 16,2 км, для рэгулявання аб’ёму вады ў плаціне ёсць вадавыпуск. П. напаўняецца вадой з р. Бобрык 1-ы па падвадным канале (даўж. 8,5 км) пры дапамозе шлюзаў-рэгулятараў. Берагі спадзістыя, дно вадасховішча пясчанае. Замярзае ў сярэдзіне ліст.пач. студзеня. Таўшчыня лёду 40—60 см. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 2—3 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі. Месца для адпачынку, лоўлі рыбы.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНО́ЎСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.​Слабодчыкава, Ю.​Герасіменкі, П.​Дурчыка, А.​Кузняцова і інш), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГА́ЙСКІ (Анатоль Сяргеевіч) (27.8.1946, в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1982),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас М.Сярдобава). З 1972 саліст канцэртна-эстр. аркестра Дзяржтэлерадыё Беларусі, з 1974 саліст Бел. тэлебачання і радыё. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вызначалася шчырасцю, цеплынёй. Рэпертуар уключаў творы класічнай і сучаснай музыкі. Прапагандаваў нац. музыку, аддаваў перавагу творам грамадз.-патрыят. накіраванасці, у т. л. песням У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Ю.​Семянякі, І.​Лучанка, Л.​Захлеўнага, В.​Іванова, У.​Будніка. Сярод найб. значных работ: партыі Кузьміча (тэлеварыянт оперы «У пушчах Палесся» Багатырова), Міканора (радыёопера «Барвовы золак» К.​Цесакова), Кастуся Каліноўскага (радыёварыянт аднайм. оперы Дз.​Лукаса).

А.​Я.​Ракава.

т. 11, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГО́РНЫ (Мікалай Віктаравіч) (18.2.1903, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна — 11.1.1983),

украінскі і расійскі дзярж. і паліт. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1963, 1973). Скончыў Кіеўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1931). У 1931—39 на інж. пасадах у цукр. прам-сці Украіны, у 1939—42 і 1944—46 на кіруючых пасадах у наркаматах харч. прам-ці СССР і Украіны (у 1942—44 дырэктар Маскоўскага тэхнал. ін-та харч. прам-сці). Пастаянны прадстаўнік урада Украіны пры ўрадзе СССР з 1946. 1-ы сакратар Харкаўскага абкома (1950—53), 2-і (1953—57), 1-ы (1957—63) сакратар ЦК Кампартыі Украіны. Сакратар ЦК КПСС (1963—65). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1965—77).

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́КА (Дзмітрый Антонавіч) (15.5.1915, в. Гарывец Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. — 18.4.1965),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1950). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1935), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1944 працаваў у Магілёўскім пед. ін-це, з 1950 заг. кафедры Мінскай вышэйшай парт. школы. Дэбютаваў вершамі ў 1932. З 1946 выступаў як крытык. Даследаваў праблемы бел. л-ры, маст. перакладу, літ. крытыкі, гісторыі рус. рамана. Аўтар прац «Беларуская пасляваенная проза» (1958), «Янка Купала — перакладчык» (1959), зб. літ.-знаўчых даследаванняў і крытычных арт. «Сляды часу» (1967).

Тв.:

Великий русский писатель-сатирик М.​Е.​Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;

Роман И.​А.​Гончарова «Обрыв». Мн., 1962.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)