род пустарогіх млекакормячых атр. парнакапытных. З віды: буйвал азіяцкі, або індыйскі (B. arnee), буйвал афрыканскі (B. caffer) і аноа, або буйвал карлікавы (B. depressicornis). Пашыраны адпаведна ў Паўд., Паўн.-Усх. Азіі, Афрыцы на Пд ад Сахары і на в-ве Сулавесі. Жывуць у вільготных, балоцістых лясах, зарасніках па берагах вадаёмаў, буйвал афрыканскі, акрамя таго, на раўнінах і ў гарах. Буйвал азіяцкі прыручаны і выкарыстоўваецца як малочная і рабочая жывёла ў Паўд. Азіі, на Каўказе і ў Закаўказзі, Афрыцы і Паўд. Еўропе (буйвал свойскі).
Даўж. цела 1—2,9 м, хваста 15—90 см, выш. ў карку 62—180 см, маса 150—1200 кг. Тулава цяжкае, грузнае. Есць рогі (каля 2 м). Нараджаюць 1 цяля. Раслінаедныя. Буйвал азіяцкі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАВЕСНІКАПАДО́БНЫЯ, трубканосыя (Procellariiformes або Tubinares),
атрад марскіх птушак. 4 сям.: альбатросы, буравеснікавыя (Procellariidae), качуркавыя (Hydrobatidae), ныраючыя буравеснікі (Pelecanoididae). 23 роды, каля 100 відаў. Пашыраны на ўсіх акіянах і вял. морах. Ёсць у Арктыцы (напр., глупыш і інш.) і Антарктыцы, шмат відаў трапляецца ў паўд.ч. Ціхага акіяна, у т. л. буравеснік стракататворы.
Даўж. 14—150 см, маса 0,04—12 кг, размах крылаў 0,3—3,5 м. Апярэнне чорна-белае або бура-белае. Крылы доўгія, вострыя. Дзюба выцягнутая, на канцы кручкападобная, зверху ноздры ў асобных трубачках. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай. Добра лятаюць, трымаюцца адкрытага мора, на сушы толькі размнажаюцца. Гняздуюцца калоніямі. Яйцы кладуць на зямлю або ў шчыліны паміж камянёў. Кормяцца марскімі беспазваночнымі, рыбай, адкідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУРА́Н»,
савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.
Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл.«Спэйс Шатл».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШ ((Bush) Алан Дадлі) (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.Робсану); песні і інш.
іспанскі канкістадор. У 1528 высадзіўся з экспедыцыяй П.Нарваха на п-ве Фларыда ў Паўн. Амерыцы. Пасля гібелі экспедыцыі быў у палоне ў розных плямён індзейцаў, займаўся знахарствам. За 9 гадоў блуканняў першы з еўрапейцаў ажыццявіў падарожжа праз тэр. сучасных Луізіяны, Тэхаса да р. Рыо-Грандэ і паўн.ісп. фарпостаў каля Каліфарнійскага заліва. У 1537 праз Мексіку вярнуўся ў Іспанію. Быў прызначаны імператарам Карлам V губернатарам Рыо-дэ-Ла-Платы, у 1541 з флотам прыбыў на в-аў Санта-Катарына паблізу ўзбярэжжа Бразіліі і дайшоў праз невядомыя землі да Асунсьёна. Падымаўся па р. Парана да 18°паўд. ш., зрабіў няўдалую спробу дайсці да Андаў. У 1542 захоплены сапернікам-канкістадорам Д.М.Іралам і адпраўлены ў Іспанію. Пакінуў апісанне падарожжа па Паўн. Амерыцы (1555).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЕЎКА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Нёўда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на Пд ад Навагрудка, 178 км ад Гродна, 29 км ад чыг. ст. Наваельня, на скрыжаванні аўтадарог Баранавічы—Навагрудак і Наваельня—Карэлічы. 570 ж., 235 двароў (1996).
Згадваецца ва ўспамінах Ф.М.Еўлашоўскага (1602). У 17 ст. належала Курчам, пазней — Незабытоўскім, набыла статус мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Райчанскай вол. Навагрудскага пав. У 1830 канфіскавана царскім урадам. У 1886 — 126 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Валеўскага раёна. З 25.11.1940 да 1962 у Карэліцкім р-не. У 1970 — 434 жыхары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, Дом быту, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (18 ст.). Каля Валеўкі стаянка эпохі мезаліту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́НЫ (Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІНО́ГІ (Octopoda),
атрад галаваногіх малюскаў. Васьміногаў і зрэдку ўсіх буйных галаваногіх малюскаў наз. спрутамі. 11 сям., каля 40 родаў, 200 відаў. Пашыраны ў марскіх водах да глыб. 8000 м ад Арктыкі да Антарктыкі. Донныя, прыдонна-планктонныя і планктонныя жывёлы. Найб. вядомыя васьміног звычайны (Octopus vulgaris, васьміног глыбакаводны блінападобны (Opistoteuthis depressa), васьміног глыбакаводны бязвокі (Cirrothauma murrayi) і інш.
Даўж. тулава 1—60 см, са шчупальцамі («рукамі») — да 3—6 м (зрэдку да 9,6 м), маса да 50—100 кг (зрэдку да 270 кг). Цела авальнае, мяшэчкападобнае, галава слаба адасоблена ад тулава. 8 «рук» часта аб’яднаны паміж сабой тонкай перапонкай з прысоскамі. У мелкаводных васьміногаў ёсць залоза, з якой пры абароне выпускаюць чарнільную вадкасць. Васьміногі глыбакаводныя маюць органы свячэння. Актыўныя драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНГЕ́РСКАЯ МО́ВА,
адна з фіна-угорскіх моў (угорская галіна). Пашырана ў Венгрыі (афіцыйная мова), а таксама ў сумежных абласцях былой Югаславіі, Аўстрыі, Чэхіі і Славакіі, Румыніі, Украіны (Закарпацкая вобл.). Мае 8 дыялектаў (зах., паўн.-зах., задунайскі, альфёльдскі, дунайціскі, паўд.-ўсх., трансільванскі, сякейскі), якія нязначна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Асн. фанетычныя рысы: супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных і зычных, гармонія галосных, націск на першым складзе. Грамат. лад аглюцінатыўны: паказчыкі ліку, часу, ладу, ступені параўнання далучаюцца да асновы, за імі — афіксы асобы і склону. Назоўнікі скланяюцца (больш за 20 склонаў), грамат. роду няма. У словаўтварэнні шырока выкарыстоўваецца суфіксацыя і словаскладанне. Першыя пісьмовыя помнікі з’явіліся каля 1200. Літ. мова пачала фарміравацца ў 16 ст. (асабліва інтэнсіўнае развіццё з канца 18 ст.). Пісьменства на аснове лацініцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕНЦЬЯ́Н,
горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р. Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс.ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.
Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв.Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.