ПАСТАЛО́ЎСКІ (Дзмітрый Сіманавіч) (5.11.1876, г. Варонеж — 29.5.1948),
адзін з кіраўнікоў рэв. руху на Беларусі. Зарэв. дзейнасць неаднойчы арыштаваны і сасланы. З вясны 1904 агент ЦКРСДРП па Паўн.-Зах. краі, чл. Паўн.Зах. к-таРСДРП. Дэлегат ад Паўн.-Зах.к-та на III з’ездзе РСДРП (1905), выбраны чл.ЦК. У парт. арг-цыях Мінска і Віцебска зрабіў даклады аб рабоце III з’езда РСДРП. З 1905 прадстаўнік ЦКРСДРП у Савеце партыі, афіц. прадстаўнік ЦКРСДРП у выканкоме Пецярб. Савета. З 1908 ад парт. дзейнасці адышоў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 у Дзярж. камісіі заканад. меркаванняў пры СНК РСФСР, з 1932 на юрыд. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДЗЕКАБРЫ́СТАЎ,
тайная рэв.арг-цыядзекабрыстаў. Засн. ў 1821 у Пецярбургу членамі б. дзекабрысцкай арг-цыі «Саюз дабрабыту» (распалася ў пач. 1821) М.М.Мураўёвым, М.С.Луніным, С.П.Трубяцкім, Я.П.Абаленскім, М.І.Тургеневым. У 1823 прыняты статут. Узначальвала т-ва дума з 3 чал. Частка членаў т-ва на чале з Мураўёвым выступала за канстытуцыйна-манархічны федэратыўны дзярж. лад Расіі, радыкальна настроеныя члены на чале з К.Ф.Рылеевым падтрымлівалі рэсп. праграму Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў. Пасля смерці Аляксандра I у абставінах міжцаравання т-ва ўзняло 14(26).12.1825 у Пецярбургу паўстанне. Спыніла існаванне пасля задушэння паўстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХАЛАВІ́ЦКІ (Пахалавецкі, Пахаловіч) Станіслаў, бел. картограф і мастак 2-й пал. 16 ст. Служыў сакратаром у магнатаў ВКЛ, у 1563—66 пры двары жонкі караля Польшчы і вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, потым у скарбовай і кароннай канцылярыях. У час Лівонскай вайны 1558—83 як картограф удзельнічаў у ваен. паходах, за што быў набілітаваны. Склаў карту «Вопіс Полацкага княства...» [выкарыстана картографамі Г.Меркаторам (карта «Літва», 1595) і Т.Макоўскім («Карта Вялікага княства Літоўскага», 1613)], план аблогі Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579 (абодва награвіраваны ў 1580 у Рыме Т.Трэтэрам), выканаў акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579». Верагодна, разам з інж. П.Франкусам працаваў над аксанаметрычнымі выявамі 6 крэпасцей на Полаччыне: Казьян, Красная, Сітна, Сокал, Суша і Туроўля.
вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.
Тв.:
Бел.пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШАВІЦКІ КА́МЕНЬ З Я́МКАМІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 1 км на Пн ад в. Пашавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты. Валун сярэднезярністага граніту рапаківі з уключэннямі крышталёў палявога шпату. Даўж. 1,4 м, шыр. 1 м, выш. 0,4 м, у абводзе 4,3 м, аб’ём 0,3 м³, маса каля 0,8 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з ПдУ Фінляндыі. Мае цэглападобную форму. На верхняй пляцоўцы захаваліся 11 выемак (глыб. да 3 см, у папярочніку да 5 см), якія высечаны чалавекам 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ШПАРТНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць правіл, якія рэгулююць парадак уліку і перамяшчэння насельніцтва пры дапамозе ўвядзення адзінага дакумента, што сведчыць асобу, — пашпарта. Упершыню П.с. ўведзена ў СССР пастановай ЦВК і СНК 27.12.1932. Асн. прынцыпы, якія выкладзены ў палажэнні аб П.с., зацверджаным пастановай СМСССР 28.8.1974, захоўваюцца ў некаторых краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Парадак пашпартызацыі насельніцтва Беларусі рэгламентуецца адпаведным палажэннем, зацверджаным пастановай урада Рэспублікі Беларусь ад 14.7.1993 і ўнесенымі ў яго наступнымі зменамі і дапаўненнямі. Пашпарт пэўнага ўзору і зместу належыць прапісцы па месцы жыхарства грамадзяніна. Кантроль за выкананнем патрабаванняў П.с. ўскладзены на органы міліцыі. Парушальнікі П.с. прыцягваюцца да адм. адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1860,
дагаворы, навязаныя Кітаю ў выніку яго паражэння ў англа-франка-кітайскай вайне 1856—60 і падпісаныя ў Пекіне. 1) Англа-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 24 кастр. У дадатак да Цяньцзіньскіх дагавораў 1858 Кітай абавязваўся выплаціць Вялікабрытаніі 8 млн. лян кантрыбуцыі, адкрыць для яе гандлю г. Цяньцзінь, даць брыт. падданым права вербаваць кітайцаў для працы па-за межамі краіны, уступіць Вялікабрытаніі ч. п-ва Цзюлун (Каўлун).
2) Франка-кіт. канвенцыя аб міры. Падпісана 25 кастр. Паводле яе Францыя атрымала тыя ж правы ў Кітаі і такую ж кантрыбуцыю, што і Вялікабрытанія; франц. місіянеры атрымалі права набываць зямлю для сваіх місій ва ўсіх правінцыях Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛІКАЗА́ЎРЫ (Pelycosauria),
атрад вымерлых найб.стараж. і прымітыўных паўзуноў падкл. зверападобных. Вядомы з сярэдняга карбону (каля 320 млн.г. назад) Еўропы, Паўн. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. 4 падатр., каля 90 відаў. П. вялі водны і паўводны лад жыцця.
Даўж. ад 20 см да 6 м. Чэрап высокі, вузкі. Сківічныя зубы канічныя, загнуты назад. У некат. відаў былі «рогі», для некат. (эдафазаўры) характэрна моцнае развіццё асцявых адросткаў тулаўных пазванкоў (даўж. да 60 см), што ўтваралі «парус», укрыты скурай (магчыма, выконваў функцыю тэрмарэгуляцыі). Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Большасць — драпежнікі, некат. малюскаедныя, насякомаедныя, расліннаедныя. Рэшткі маюць стратыграфічнае і палеагеагр. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕР-ЛАШЭ́З (Pére-Lachaise),
могілкі ў Парыжы [б. маёнтак духоўніка караля Людовіка XIV патэра (франц. père) Лашэза; адсюль назва], дзе пахаваны многія найбуйнейшыя дзеячы культуры (Ж. дэ Лафантэн, Мальер, А.Дадэ, А.Бальзак, П.Ж. дэ Беранжэ, Ф.Шапэн, Дж.Расіні, Э.Дэлакруа, Ф.Ж.Тальма і інш.), ваен. дзеячы (маршалы М.Ней, А.Масена і інш.). 27.5.1871 каля паўн.-ўсх. сцяны могілак расстраляны карнікамі захопленыя ў баі за П.-Л. абаронцы Парыжскай камуны 1871. На гэтым месцы пастаўлены помнік («Сцяна камунараў»), каля якога пахаваны П.Лафарг, М.Тарэз і інш. дзеячы рабочага руху, удзельнікі руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1964 на П.-Л. адкрыты помнік ахвярам фаш. лагера смерці Бухенвальд (скульптар Л.Бансель).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЖМА (Tanacetum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.
У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж.лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.