баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн. брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн. брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,
асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл.Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб. з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор з дзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах.губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб. з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., або больш за 1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап.ч. краіны.
Літ.:
Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;
Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.В.Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час.рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Літ.:
Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;
Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;
Виноградов В.Н. Венгерский поход И.Ф.Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
1) тайная арг-цыя дваранскіх рэвалюцыянераў (пераважна афіцэраў) у 1821—26 на тэр. Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны, створаная з мэтай адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772. Засн. ў маі 1821 каля Варшавы членамі арг-цыі «Нацыянальнае масонства» і велікапольскага Саюза касінераў. Дзейнасць т-ва (каля 150 чал. у 1822) вызначалася статутам. Кіруючы орган — ЦК з 7 чал. на чале з В.Лукасінскім. П.т. падзялялася на 6 тэр. правінцый (7-я прав. — армія), правінцыі — на акругі, акругі — на гміны. Правінцыя Літва (Віленская, Гродзенская, Мінская губ. і Беластоцкая вобл., кіраўнікі кн. К.Радзівіл, І.Вайніловіч, памешчык К.Навамейскі, граф А.Солтан) асн. ўвагу звяртала на прапаганду ў Літоўскім асобным корпусе і арсенал зброі ў Вільні. У маі 1822 арыштаваны кіраўнікі П.т. на чале з Лукасінскім, схільныя да правядзення ў будучым сац. рэформ; членамі ЦК сталі больш памяркоўныя (С.Кжыжаноўскі, А.Пліхта, В.Гжымала). П.т. вяло перагаворы з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое пагаджалася на перадачу будучай польскай дзяржаве бел. зямель. У 1826 у сувязі са справай дзекабрыстаў т-ва выяўлена і разгромлена ўрадам. Арыштаваных ўраджэнцаў Каралеўства Польскага судзіў Польскі Сенат, які вынес ім у 1828 мяккі прыгавор, астатніх, у т. л. ураджэнцаў бел. губерняў (Ю.Гружэўскі, І.Завіша, Я.Ходзька і інш.), рас. Сенат асудзіў на розныя тэрміны катаргі і ссылкі.
2) Легальная аргцыя («Патрыятычны клуб») у Варшаве ў снеж. 1830 — жн. 1831 у час паўстання 1830—31. Аб’ядноўвала радыкальную інтэлігенцыю, карысталася падтрымкай сярэдніх слаёў і гар. нізоў. Старшыня — І.Лялевель. Забаронена дыктатарам паўстання Я.Крукоўскім за прапаганду радыкальных сац. рэформ і крытыку паўстанцкіх улад.
Літ.:
Ольшанский П.Н. Декабристы и польское национально-освободительное движение. М., 1959;
Dylągowa H. Towarzystwo patriotyczne i Sąd Sejmowy (1821—1829). Warszawa, 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТСДА́М (Potsdam),
горад на У Германіі, каляпаўд.-зах. ускраіны Берліна. Адм. ц. зямлі Брандэнбург. Каля 150 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, рачны порт на р. Хафель. Прам-сць: маш.-буд. (буд-ва і рамонт цеплавозаў, рачных суднаў, дакладная механіка і оптыка, эл.-тэхн.), прыладабуд., тэкст., хім.-фармацэўтычная, паліграф., харчасмакавая. Кінастудыя. Астрафіз. абсерваторыя.
Засн. на мяжы 9—10 ст. як слав. паселішча, у пісьмовых крыніцах згадваецца з 993. Пасля 1150 пры Альбрэхце Мядзведзюзасн. зноў як ням. паселішча. З 1317 горад (гар. права з 1345). З 1416 уладанне Гогенцолернаў, з 1660 другая (пасля Берліна) рэзідэнцыя курфюрстаў Брандэнбурга, з 1701 — каралёў Прусіі. У 1838 П. злучаны чыг. лініяй з Берлінам. З 1875 навук.цэнтр. У мясц. палацы Цэцыліенгоф адбылася Патсдамская канферэнцыя 1945. У 1952—90 адм. ц.аднайм. акругі ГДР. У 1945—52 і з 1990 адм. ц. зямлі Брандэнбург. У 1991 засн. Патсдамскі ун-т.
У 17—18 ст. адбудаваны як ваен. горад з палісадамі і манум. варотамі. Моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну, адноўлены. Сярод помнікаў стылю барока: «Галандскі квартал» (1737—42), ратуша (1753), Брандэнбургскія вароты (1770). У палацава-паркавым ансамблі Сан-Сусі спалучэнне позняга барока, ракако і ранняга класіцызму; уключае рэгулярны франц. парк, палац (1745—62, арх. Г. фон Кнобельсдорф, прыбудовы 19 ст.), «Кітайскі чайны домік» (1754—56), карцінную галерэю (1755—62), «Павільён з драконамі» (1770) і інш. Ёсць пейзажны англ. парк з палацам Шарлотэнгоф (1826—29, класіцызм) і «Рымскімі лазнямі» (1828—44, абодва арх. К.Ф.Шынкель). Комплекс палацаў і паркаў П. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Найб. значнае збудаванне 20 ст. — абсерваторыя (вежа Эйнштэйна, 1920—21, арх. Э.Мендэльзон). Музей першабытнай і стараж. гісторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЕ́І,
шляхецкі род герба «Вага» ў ВКЛ. Родапачынальнік Ходзька Каранеўскі, сын якога Тышка за службу ў вял.кн. Казіміра [1440—92] атрымаў некалькі вёсак у Камянецкай вол. Ад імя яго сына Пацея Тышковіча пайшло родавае прозвішча. Валодалі маёнткамі ў Берасцейскім, Трокскім і інш. ваяводствах. Найб. вядомыя:
Адам Львовіч (Іпацій; 1541—1613), уніяцкі мітрапаліт, гл.Пацей I. Леанард Габрыэль (6.11.1632—1.2.1695), ваявода віцебскі з 1686, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Людвік Канстанцін (1664—3.1.1730), пісар польны ВКЛ з 1697, стражнік вялікі з 1698, падскарбі вялікі з 1703, гетман польны ў 1709, гетман вялікі з 1709, адначасова кашталян віленскі з 1709, ваявода віленскі з 1722. Адзін з кіраўнікоў шляхецкага руху супраць усеўладдзя Сапегаў у ВКЛ. У час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Пры падтрымцы Пятра I фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу на Беларусі і ў Літве. Адзін з арганізатараў Віленскай канфедэрацыі 1716. Казімір Аляксандр (14.5.1666—10.6.1728), кашталян віцебскі з 1700 і трокскі з 1703, ваявода віцебскі з 1705, староста рагачоўскі, суражскі і жыжморскі. Антоні (?—16.2.1749), абозны вялікі ВКЛ з 1715, стражнік вялікі ў 1729—48. Аляксандр (? — сак. 1770), падчашы ВКЛ з 1724, кашталян віцебскі з 1739 і трокскі з 1740, ваявода трокскі з 1742, староста рагачоўскі, Людвік (каля 1726 — студз. 1771), абозны вялікі ВКЛ з 1744, стражнік вялікі з 1748, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Леанард (каля 1730—14.7.1774), абозны вялікі ВКЛ з 1752, стражнік вялікі з 1771, староста рагачоўскі і алькеніцкі. Аляксандр Міхал (1774 — да 13.6.1846), абозны вялікі ВКЛ з 1794, удзельнік паўстання 1794. У вайну 1812 чл. Вайсковага к-таВКЛ у Вільні. Чл.Патрыятычнага таварыства, у 1826—27 зняволены. Тэадор (1798—1852), удзельнік паўстання 1830—31, памёр у эміграцыі ў Парыжы. Апошні з роду П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдУеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 4.2.1939. Пл. 43,2 тыс.км². Нас. 1556 тыс.чал. (1997), гарадскога 64%. Цэнтр — г.Пенза. Найб. гарады: Кузнецк, Каменка, Сярдобск, Ніжні Ломаў, Нікольск.
Большую ч.тэр. вобласці займае Прыволжскае ўзв. (выш. да 331 м), парэзанае далінамі рэк, ярамі і лагчынамі, крайнюю зах.ч. — Окска-Данская раўніна (выш. 150—180 м). Карысныя выкапні: фасфарыты, торф, буд. матэрыялы (гліны, мергель і інш.). Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 680 на ПнУ да 550 мм на Пд. Густая сетка дробных рэк бас. Волгі і Дона, гал. рэкі — Сура, Мокша, Хапёр, Варона. Сурскае вадасховішча. Глебы пераважна чарназёмныя (больш за 65%), на ПнУ светла-шэрыя і шэрыя лясныя, па далінах рэк лугава-чарназёмныя і алювіяльныя. Большая ч. вобласці размешчана ў лесастэпавай зоне. Лясы (дуб, бяроза, хвоя, ліпа, клён) і хмызнякі займаюць каля 23% тэр., пашыраны на У, ПнЗ і па далінах рэк. Запаведнік — Прыволжскі лесастэп.
Асн. галіны прам-сці: маш.-буд. (абсталяванне для хім. і тэкст. прам-сці, трубаправодная прамысл. апаратура, кампрэсарнае абсталяванне, дызелі, с.-г. машыны, вылічальная тэхніка, халадзільнікі, веласіпеды, гадзіннікі, электралямпы і інш.), лёгкая (шарсцяныя тканіны, абутак, швейныя і трыкат. вырабы), харч. (цукр., мукамольна-крупяная, масла- і сыраробная, спіртавая, мясная), папяровая, дрэваапр., мэблевая. Вытв-сцьмед. прэпаратаў (антыбіётыкі), піяніна. Буд. матэрыялы, выраб гатунковага посуду, маст. кераміка. Сельская гаспадарка збожжава-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 3 млн.га, з іх 75% пад ворнымі землямі. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, грэчку, проса, цукр. буракі, сланечнік, каноплі. Бульбаводства, агародніцтва, садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушак. Даўж. чыгунак 828 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,6 тыс.км. Асн. чыгункі Ражск—Пенза—Сызрань, Рузаеўка—Пенза—Рцішчава. Гал.трансп. вузел — г. Пенза. Праз тэр. П.в. праходзяць важныя трубаправоды Расіі. Кліматычны курорт Ахуны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУТО́Н,
дзевятая па адлегласці ад Сонца і апошняя з вядомых планет Сонечнай сістэмы. Астр. знак ♇. Адкрыты К.Томба (1930, ЗША). Існаванне П. тэарэтычна памылкова прадказаў амер. астраном П.Ловел (1915) з аналізу ўзбурэнняў, якія П. быццам аказвае на рух планеты Нептун. Вывучэнне арбіты П. паказала, што Ловел памыліўся ў разліках і адкрыццё П. было выпадковым.
Бляск П. 14,7 візуальнай зорнай велічыні (простым вокам не назіраецца). Абарачаецца вакол Сонца па вельмі выцягнутай арбіце з перыядам 247,7 зямнога года і сярэдняй скорасцю 4,7 км/с; перасякае арбіту планеты Нептун. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 39,4 а.а. Мае вял. спадарожнік Харон, параўнальны па памерах з П., таму сістэму П. — Харон наз. падвойнай планетай. Яны знаходзяцца блізка адзін ад аднаго і першапачаткова пры назіранні зліваліся ў адно цела (памеры П. былі завышаныя). Пры дапамозе касм. тэлескопа імя Э.Хабла (1995, НАСА) атрыманы відарысы П. і Харона; вызначаны дыяметры П. — 2320 км і Харона — 1270 км, радыус арбіты Харона 19 130 км; перыяд абарачэння спадарожніка роўны перыяду вярчэння самога П. — 6,387 зямных сутак (сінхронная арбіта). Сярэдняя шчыльнасць П. 2,06∙103кг/м³, Харона 2,18 ∙103кг/м³. Абодва целы складаюцца ў асноўным з лёду; спектраскапічнымі метадамі на паверхні П. выяўлены замёрзлы метан; т-ра паверхні каля -228 °C Маса П. каля 1,79∙1022кг. У 1999 Міжнар.астр. саюз перавёў П. у разрад планет-астэроідаў з прысваеннем парадкавага нумара астэроіда і з захаваннем статуса планеты Сонечнай сістэмы.
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.
А.А.Шымбалёў.
Планета Плутон і яе спадарожнік Харон (касмічны тэлескоп імя Э.Хабла, 1995, НАСА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНАМПЕ́НЬ,
горад, сталіца Камбоджы, на р. Меконг, каля ўпадзення ў яе прытока Танлесап. 984 тыс.ж. (1994). Рачны порт, даступны для марскіх суднаў. Вузел аўтадарог. Чыгункай злучаны з портам Кампонгсаам і Бангкокам (Тайланд). Міжнар. аэрапорт. Гал.паліт., эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: дрэваапр., тэкст., харч. (рысаачыстка, вытв-сць пальмавага алею, цукру і інш.), харчасмакавая, мылаварная, тытунёвая. Прадпрыемствы па суднарамонце, аўтазборцы. ЦЭС. 3 ун-ты. Вышэйшая тэхн. школа. Школа выяўл. мастацтваў і музыкі. Музеі: археалогіі і гісторыі, Каралеўскі палац «Сярэбраная пагада» і інш.
Засн. каля 1372 пад наз. Чадамук. У 1434 кхмерскі кароль Понья Ят перанёс сталіцу з г. Ангкор у Чадамук (пазней стаў называцца П.). Тут пабудаваны гар. ўмацаванні, каралеўскі палац і будыйскія храмы. П. не страціў эканам. значэння і пасля пераносу сталіцы ў гарады Лавек (1528) і Удонг (1623). У 1866 П. зноў стаў сталіцай. Тут былі размешчаны цэнтр. ўстановы франц. адміністрацыі пратэктарата Камбоджы. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі. У 1945 П. занялі франц. войскі на чале з ген. Ф.М.Леклеркам. З 1953 П. — сталіца незалежнай Камбоджы.
Радыяльная структура цэнтра (склалася ў 2-й пал. 19 ст.) спалучаецца з прамавугольнай сеткай прылеглых раёнаў. Цэнтр горада забудаваны віламі, 2—4-павярховымі дамамі еўрап. тыпу з крамамі і канторамі, ускраіны — лёгкімі драўлянымі жылымі дамамі. Самае стараж. збудаванне П. — ват (манастыр) Пном са ступай 15 ст. Сярод пабудоў 19—20 ст.: комплекс Каралеўскага палаца (2-я пал. 19 — пач. 20 ст., цяпер музей), «Сярэбраная пагада», Нац. музей (1917—20), крыты рынак (1936), бальніца (1956—60, рас.арх. Н.Якабсон і інш.), помнік Незалежнасці (1960), зала канферэнцый Чадамук (1961), Нац.спарт. комплекс (усе арх. Ванмаліван), Вышэйшы тэхнал.ін-т (рас.арх. С.Міхайлаў, А.Мачалаў, В.Навумаў; абодва 1962—64).
Каралеўскі палац у Пнампені 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́МІЧЫ,
усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст.тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.
Літ.:
Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.