Існавала ў Брэсце ў 1903—15. Аб’ядноўвала ўрачоў горада (у 1903 — 28 чал., 1907 — 21). Старшыня Л.І.Ястражамбецкі-Дзем’яновіч, віцэ-старшыня К.І.Штарк. Мела статут, які прадугледжваў вывучэнне сан. стану Гродзенскай губ., збор і вывучэнне мед. статыстыкі, публічныя чытанні, выданне папулярных твораў для пашырэння ведаў па агульнай і асабістай гігіене і інш., садзейнічанне мясц. адміністрацыі ў стварэнні сельскіх урачэбных пунктаў і ўладкаванні клінік, узаемны абмен практычнымі назіраннямі за развіццём хвароб і найб. паспяховымі спосабамі іх лячэння і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з 1-й сусв. вайной.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУАСЬЕ́ ((Boissier) П’ер Эдмон) (25.5.1810, г. Жэнева, Швейцарыя — 25.9.1885),
швейцарскі батанік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (1878). Вучыўся ў Жэневе. Навук. працы ў галіне сістэматыкі і фларыстыкі. Па матэрыялах, сабраных у падарожжах па Іспаніі, Грэцыі, М. Азіі, Егіпце, Палесціне і Сірыі, апісаў каля 6 тыс. новых відаў кветкавых раслін і вызначыў 131 новы род. Аўтар «Усходняй флоры» (т. 1—5, 1867—88), у якой прыведзены апісанні і даныя пра геагр. пашырэнне каля 12 тыс. відаў раслін. Паблізу Жэневы для захавання сабранага ім гербарыя і далейшых работ з ім была створана ўстанова — «Гербарый Буасье».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА (Wigand von Marburg),
нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬКО́ЦКІ (Марат Антонавіч) (н. 2.1.1947, в. Блонь Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне радыёфізікі. Д-ртэхн.н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1970). З 1973 у НДІ прыкладных фіз. праблем пры БДУ, з 1995 у ін-це Дзіпрасувязь. Навук. працы па тэорыі і тэхніцы антэн, радыёпразрыстых акон і радыёфіз. вымярэнняў. Распрацаваў метады памяншэння радыёлакацыйнай прыкметнасці антэн, стат. аналізу дыфракцыйных абцякальнікаў і вымяральных сістэм.Дзярж. прэмія Беларусі 1974.
Тв.:
Применение статистических методов для анализа характеристик радиоголографических измерительных систем (у сааўт.) // Вопр. радиоэлектроники. Сер. ОВР. М., 1986. Вып. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Джэймс Гаральд (11.3.1916, г. Хадэрсфілд, Вялікабрытанія — 24.5.1995), дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. Скончыў Оксфардскі ун-т, з 1937 выкладаў там эканоміку. У 1940—44 ва ўрадавым апараце, з 1945 чл. парламента, у 1947—51 міністр гандлю. З 1952 чл. выканкома, з 1963 лідэр Лейбарысцкай партыі. Прэм’ер-міністр у 1964—70 і 1974—76. Эканам. праграма Вільсана — жорсткія абмежавальныя меры для выхаду з фін. крызісу, дэвальвацыя фунта і інш. Пры Вільсане Вялікабрытанія ўступіла ў ЕЭС, узмацніла сувязі з НАТО. Пасля трэцяй перамогі на выбарах 1976 нечакана пайшоў у адстаўку. Працы па эканам. пытаннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНЬЁЛА (Vignola; сапр.Бароцы, Barozzi) Джакама да (1.10.1507, г. Віньёла, Італія — 7.7.1573), італьянскі архітэктар позняга Адраджэння. Вучыўся ў Б.Перуцы і А. да Сангала Малодшага.
Асн. збудаванні Віньёлы ў Рыме: віла папы Юлія III (1550—55), першая авальная ў плане царква Сант-Андрэа (1555), царква гал. езуіцкага ордэна Іль Джэзу (пачата ў 1568; стала ўзорам дляНясвіжскага касцёла езуітаў), 2 малыя купалы на саборы св. Пятра (пачаты ў 1564); палац Фарнезе ў Капрароле каля Вітэрба (1558—73). Аўтар трактата «Правілы пяці ордэраў архітэктуры» (1562).
Да арт. Дж.Віньёла. Інтэр’ер царквы Іль Джэзу ў Рыме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСКАЗІМЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў вымярэння вязкасці. Існуе шмат метадаў і вісказіметраў розных канструкцый для вымярэння вязкасці, што абумоўлена шырокім дыяпазонам значэнняў вязкасці (ад 10−5 Па∙с у газаў да 1012 Па∙с у палімераў) і неабходнасцю яе вымярэння пры нізкіх ці высокіх т-рах і цісках (напр., звадкаваныя газы, расплавы металаў).
Эксперыментальна вязкасць вызначаюць абс. ці адноснымі метадамі. Абс. метадамі вымяраюць датычнае напружанне τ, скорасць зруху γ̇ пры цячэнні даследавальнага рэчыва і вызначаюць вязкасць η = τ/γ̇. Пры вымярэнні адноснымі метадамі карыстаюцца вісказіметрамі, пракалібраванымі па вадкасцях (газах) з вядомай вязкасцю. М.-Р.Пракапчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, Віцебскі тэрэўсат,
агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-ррэв. сатыры.