АНГА́Р (франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛІ́НІ (Каэтан) (1748, Італія — 1816),

архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСЕРМЭ́ ((Ansermet) Эрнест) (11.11.1883, г. Веве, Швейцарыя — 20.2.1969),

швейцарскі дырыжор, кампазітар. У 1915—23 муз. кіраўнік трупы «Рускі балет С.​Дзягілева». Арганізатар і кіраўнік (з 1918) аркестра Раманскай Швейцарыі. Адзін з лепшых інтэрпрэтатараў музыкі франц. імпрэсіяністаў, а таксама І.​Стравінскага (кіраваў першай паст. «Гісторыі салдата», 1918, Лазана, і інш.). Аўтар муз. твораў, кніг «Гутаркі аб музыцы» (1963, рус. пер. 1976); «Артыкулы аб музыцы і ўспаміны» (1971, рус. пер. 1986).

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),

група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет або будуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БА-АФРЫКА́НСКІ МІЖНАРО́ДНЫ БАНК (Arab-African International Bank; ААМБ),

міжнародная фінансавая акцыянерная камерцыйная ўстанова. Засн. ў 1964 як Араба-Афрыканскі банк. Акцыянеры ААМБ: Егіпет, Алжыр, Ірак, Іарданія, Кувейт, Катар, а таксама 2 камерцыйныя банкі — Саюз арабскіх і франц. банкаў (Францыя) і Араба-Афрыканскі банк (Маўрытанія). Месца знаходжання — Каір. ААМБ мае на мэце стаць магутным фін. ін-там на Б. Усходзе і ў Паўн. Афрыцы, здольным пацясніць пазіцыі банкаўскіх устаноў зах. краін.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЛІ́НСКІ (сапр. Халафаў) Гусейн Мамед аглы

(сакавік 1881, Баку — 20.3.1919),

азербайджанскі акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў азерб. прафесійнага т-ра. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1905 у першых азерб. прафесійных трупах. Акцёр трагічнага плана, моцнага тэмпераменту, высокай культуры. Сярод роляў: Гяве («Каваль Гяве» Ш.​Салі), Франц Моор («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Ставіў п’есы класічнага і нац. рэпертуару. Першы азерб. акцёр кіно («У царстве нафты і мільёнаў», 1916).

т. 1, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),

спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРНАНІ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ж.​Л.​Бурнона),

мінерал падкласа складаных сульфідаў, сульфід свінцу, медзі і сурмы, CuPbSbS3. Прымесі жалеза, серабра, цынку і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, кароткапрызматычныя, зярністыя агрэгаты, зерні. Колер бледна-шэры да бясколернага. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Крохкі. Шчыльн. 5,7—5,9 г/см³. Гідратэрмальны мінерал, асацыіруе з бляклымі рудамі, галенітам, пірытам і інш. Руда свінцу, медзі, сурмы. Радовішчы ў ФРГ, Аўстраліі, Мексіцы, ЗША.

т. 3, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗУРЫ́Т (ад франц. azur лазур, блакіт),

мінерал з класа карбанатаў, Cu3[(OH)CO3]2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Мае 53,3% медзі. Утварае шчоткі і друзы пераважна дробных крышталёў, агрэгаты, канкрэцыі, шчыльныя масы, зямлістыя скопішчы. Колер цёмна-сіні, васільковы, блакітны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 3,8 г/см³. Тыповы мінерал зон акіслення меднарудных жылаў. Пры далейшым акісленні ператвараецца ў малахіт. Другасная руда медзі. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сіняй фарбы.

Азурыт.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)