галоўная універсальная навук.б-ка Рэспублікі Беларусь; цэнтр. кнігасховішча; даследчы, метадычны і каардынацыйны цэнтр у галіне бібліятэказнаўства, бібліяграфіі і кнігазнаўства. Засн. ў 1921 як б-каБДУ (гл.Бібліятэка фундаментальная БДУ). У 1922 пераўтворана ў аб’яднаную Бел.дзярж. і універсітэцкую б-ку з Бел. кніжнай палатай; пры б-цы арганізаваны аддзел бел. л-ры і бібліяграфіі, пачалася работа ў галіне рэтраспектыўнай нац. і краязнаўчай бібліяграфіі. 14.5.1926 вылучана ў самастойную Бел.дзярж. б-ку. 10.8.1932 рэарганізавана ў Дзярж. б-ку і бібліяграфічны ін-тБССР, ёй прысвоена імя Леніна. У 1932 кніжны фонд б-кі налічваў больш за 1 млн. адзінак захоўвання. Б-кастала грунтоўнай базай для абслугоўвання навукоўцаў, спецыялістаў розных галін навукі і нар. гаспадаркі; працавалі даведачна-бібліягр. аддзел, абанемент, міжбібліятэчны абанемент, кабінет бібліятэказнаўства. Б-ка адкрыла філіялы ў Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1938), у Мінску пры Доме ўрада; потым на базе гэтых філіялаў створаны Урадавая б-ка (гл.Бібліятэка прэзідэнцкая) і ў 1938 абласныя б-кі (гл. ў арт.Бібліятэка). На пач. 1941 б-кастала цэнтрам метадычнай і бібліягр. работы на Беларусі, яе кніжны фонд налічваў каля 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў 15 тыс. У Вял.Айч. вайну разрабаваны і знішчаны яе фонды і даведачны апарат. Найбольш пацярпеў фонд абавязковага экз. (засталіся толькі 33 тыс. тамоў); цалкам быў вывезены архіў друку БССР, газетны фонд, фонды аддзела бел. л-ры, рэдкіх і старадрукаваных кніг, абанемента, чытальных залаў, спалены разам з л-рай будынак рэзервовага фонду. Уцалела 321 тыс.экз. У 1944 пачалося аднаўленне б-кі. У 1948 яе фонды па колькасным складзе дасягнулі даваен. ўзроўню. З 1956 б-ка з’яўляецца дэпазітарыем матэрыялаў ААН і ЮНЕСКА, з 1975 — універсальным дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь. 19.5.1993 перайменавана ў Нацыянальную б-ку Беларусі. Кніжны фонд (на 1.1.1996) 7,3 млн. адзінак захавання больш чым на 50 мовах свету.
Асаблівую каштоўнасць мае паўмільённы унікальны збор л-ры, выдадзенай на Беларусі з пач. 19 ст. да нашага часу, а таксама ўсіх выданняў і матэрыялаў пра Беларусь, у т. л. і замежных. Зберагаецца 56-тысячны збор рэдкіх выданняў, рукапісаў і старадрукаў. Сярод рукапісных матэрыялаў 16—20 ст. (больш за 1 тыс. адзінак захавання) на славянскіх, заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах вылучаюцца калекцыі: рукапісных кніг, у т. л.бел. паходжання (евангеллі, пралогі, служэбнікі, жыціі святых, зборнікі слоў і павучанняў і інш.), спеўных рукапісаў крукавай і ноталінейнай натацыі, усходніх рукапісаў па граматыцы, філасофіі, праве, мусульманскай тэалогіі і інш.; рукапісы дзеячаў навукі і культуры Беларусі (М.В.Доўнар-Запольскага, Е.Р.Раманава, А.М.Семянтоўскага, У.І.Пічэты, З.Бядулі, Ц.Гартнага, Я.Коласа і інш.). Фонд старадрукаў (больш за 26 тыс. асобнікаў) уключае калекцыю інкунабулаў (44 адз.), у т. л. «Сусветная хроніка» Х.Шэдэля (1493), выданне «Боскай камедыі» Дантэ (1481), першы ням. пераклад грэч. рамана 3 ст. «Гісторыя Апалонія, караля Цірскага» (Аўгсбург, 1471); калекцыю палеатыпаў (каля 200 асобнікаў), у т. л. 16 прыжыццёвых М.Лютэра, выданні венецыянскай друкарні Аладаў (15—16 ст.), галандскіх кнігадрукаў Эльзевіраў (16—18 ст.), друкароў Эцьенаў, Фробенаў, Плантэнаў і інш. У калекцыі кірылаўскага друку захоўваецца адзіны ў Рэспубліцы Беларусь збор выданняў бел. першадрукара Ф.Скарыны — 10 выпускаў «Бібліі» (Прага, 1517—19); выданні В.Гарабурды («Евангелле вучыцельнае», каля 1580), І.Фёдарава («Апостал», Львоў, 1574, і «Біблія», Астрог, 1581); кнігі з друкарні братоў Мамонічаў (16—17 ст.); выданні бел., рус. і ўкр. друкарняў 16—18 ст., у т. л. «Азбука» В.Ф.Бурцава (1634), «Арыфметыка» Л.Магніцкага (1703), «Граматыка...» М.Сматрыцкага (1648). У калекцыі рус. грамадзянскага друку 18 — пач. 19 ст. 10 кніг пятроўскай эпохі, прыжыццёвыя выданні М.В.Ламаносава, М.І.Навікова (у т. л. яго часопісы «Древняя российская вивлиофика», «Живописец» і «Кошелёк»); каштоўныя выданні 19 — пач. 20 ст. з прыватных калекцый П.М.Жуковіча, І.П.Карнілава, У.І.Пічэты, А.П.Сапунова. І.І.Гальдштэйна па гісторыі Беларусі, Літвы і Польшчы; Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука па бел. л-ры, мове і этнаграфіі; першыя выданні твораў В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і інш.; першая нелегальная бел.газ. «Мужыцкая праўда» (выдавалася 1862—63 К.Каліноўскім), першыя легальныя бел. газеты «Наша доля» і «Наша ніва»; першыя сав. газеты на бел. мове, у т. л. «Дзянніца»; рэсп., абласныя, раённыя газеты і часопісы Беларусі ад пачатку іх выдання. Захоўваюцца дакументы і выданні перыяду франц. рэвалюцыі 1789—94; калекцыі лістовак часоў Парыжскай камуны 1871; калекцыя вольнага рус. друку (выданні, забароненыя царскай цэнзурай); першыя і прыжыццёвыя выданні К.Маркса, Ф.Энгельса, Леніна; калекцыі бальшавіцкага друку дакастр. перыяду і выданняў першых гадоў сав. улады; збор падп. і партыз. друку перыяду Вял.Айч. вайны і інш. Вялікая калекцыя кніг з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў. Самая вялікая на Беларусі калекцыя нот (77 тыс.экз.), больш за 100 тыс. адзінак захавання выяўл. матэрыялаў (плакаты, паштоўкі, рэпрадукцыі); каля 30 тыс. аўдыёвізуальных дакументаў, у т. л. грамзапісаў класічнага рэпертуару. У газетным фондзе сабраны ўсе бел. газеты за сав. перыяд (цэнтральныя, рэсп., абласныя), асобныя газеты замежных краін. Б-ка мае амаль 15-тысячны фонд картаў, каля 650 тыс. аўтарэфератаў і мікрафіш дысертацый. З 1990 укараняецца аўтаматызаваная інфарм. сістэма б-кі, дзейнічае электронны каталог. Ствараюцца рэтраспектыўныя базы даных нац. дакумента, рэдкай і старадрукаванай кнігі, нот, выяўленчых, аўдыёвізуальных і інш. дакументаў.
Штогод б-ка абслугоўвае 500 тыс. чытачоў, агульная выдача перавышае 3 млн.экз. Працуюць 14 галіновых і спец. чытальных залаў на 1000 месцаў. Паслугамі міжбібліятэчнага і міжнар. абанемента карыстаюцца каля 1 тыс. б-к у краіне і за яе межамі. Кнігаабменам б-ка звязана з 280 партнёрамі ў 36 краінах свету. Б-ка арганізуе выстаўкі (тэматычныя, юбілейныя, прысвечаныя знамянальным і памятным датам, выстаўкі прагляды; больш за 500 штогод), вядзе н.-д. работу па гісторыі бібліятэчнай справы на Беларусі. Выдае навук.-дапаможную і рэкамендацыйную бібліяграфію, у т. л. «Кніга Беларусі. 1517—1917» (1986), «Бібліяграфія па гісторыі Беларусі: Феадалізм і капіталізм» (1969), «Беларусь у друку XVI — пач. XX ст.» ў 5 кн. (1982—85), нотафанаграфічны паказальнік «Беларуская літаратура ў музыцы (1918—1989)» (1991); з 1960 выдае штомесячны бібліягр. бюлетэнь «Новыя кнігі Беларусі» і інш. У 1929—32 узведзены спец. будынак б-кі (арх. Г.Лаўроў) у стылі канструктывізму. Б-ка мела агульную (на 400-месцаў) і для навук. работнікаў чытальныя залы. У 1961 пабудаваны дадатковы корпус, што палепшыла ўмовы работы чытачоў і захавання фондаў.
Літ.:
Нацыянальная бібліятэка Беларусі: Памятка чытачу. Мн., 1992.
Т.М.Мінчэня.
Бібліятэка нацыянальная Беларусі. У чытальнай зале.Бібліятэка нацыянальная Беларусі. Уваход у галоўны корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта сталаасн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́РЫЯ (Сурыя),
Сірыйская Арабская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Арабія ас-Сурыя), дзяржава ў Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на У з Іракам, на Пд з Іарданіяй, на З з Ізраілем, Ліванам і абмываецца Міжземным морам. Пл. 185,2 тыс.км², у т. л. 1370 км² акупіравана ў 1967 Ізраілем (Галанскія вышыні). Нас. 16,3 млн.чал. (2000). Афіц. мова — арабская. Сталіца — г.Дамаск. Падзяляецца на 18 мухафаз. Нац. свята — Дзень эвакуацыі (17 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент і зацвярджае ўсенародны рэферэндум на 7 гадоў. Вышэйшы орган заканад. ўлады — аднапалатны парламент (250 дэпутатаў), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады, выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большая частка тэр. С. раўнінная ці платопадобная (верхняя частка Месапатамскай нізіны на У, Сірыйская пустыня на ПдУ). На З невял. горныя хрыбты: Эд-Друз (да 1800 м), Антыліван з масівам Эш-Шэйх, або Хермон (выш. 2814 м), Эль-Гарбі (да 1830 м), Ансарыя і інш. Паміж хрыбтом Ансарыя (на З) і гарамі Эз-Завія (на У) тэктанічная ўпадзіна Эль-Габ. Уздоўж Міжземнага м. вузкая нізінная і раўнінная паласа. Карысныя выкапні: нафта, газ, марганцавыя і поліметал. руды, фасфарыты і інш. Клімат на З субтрапічны, міжземнаморскі; на Укантынент., засушлівы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 12 °C, на У 4 °C, ліп. адпаведна 26 і 34 °C. Ападкаў на большай частцы тэр. 100—200 мм, на зах. схілах гор да 1000 мм і больш за год (выпадаюць з ліст. да крас.). Рэк мала. Найб. рэкі: на У — Еўфрат з прытокамі і Тыгр, на З — Эль-Асі. Расліннасць пераважна паўпустынная і пустынная, на З у гарах хмызнякі, лясы (3% тэр.) з вечназялёнага дубу, алепскай хвоі і інш. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь. З драпежнікаў звычайныя паласатая гіена, воўк, шакал, каракал, ліс-фенек; з капытных — антылопы і дзікі асёл. Шмат грызуноў і паўзуноў. Ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць сірыйскія арабы (сірыйцы). Жывуць таксама курды (каля 6,5%, пераважна на У), армяне (каля 3%, у гарадах), выхадцы з суседніх краін, чэркесы, туркмены, цыганы і інш. Мусульман 83% (з іх 82% суніты, 18% шыіты), хрысціян каля 14% (правасл., католікі, мараніты і інш). Сярэдняя шчыльн. 88 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў далінах рэк, у перадгорных аазісах шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км², у пустынях і паўпустынях каля 10 чал. на 1 км² і менш, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі. Натуральны прырост каля 3% за год. У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Дамаск — 1550, Халеб — 1591, Хомс — 644, Латакія — 307, Хама — 229. У сельскай гаспадарцы занята 40% працаздольных, у прам-сці —20%, у абслуговых галінах — 40%. Шмат сірыйцаў працуе ў нафтаздабыўных краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. С. — асяродак стараж. цывілізацый. У паняцце «гістарычная С.», т.зв. Вял. С., да пач. 20 ст. ўключаліся тэр. сучасных С., Лівана, Іарданіі і Ізраіля. Прыналежнасць найб.стараж. яе насельніцтва не вызначана. У сярэдзіне 4-га тыс. да н.э.тэр. С. засялілі народы семіцкага паходжання. Яны заснавалі гарады-дзяржавы, найб. значны з якіх — Эбла — дасягнуў росквіту ў 26—23 ст. да н.э. Каля 2000 да н.э. ў паўд.-зах.ч. С. пасяліліся ханаанеі, на ўзбярэжжы — фінікійцы; каля 1700 да н.э. на тэр. С. з’явіліся амарыты, каля 1500 да н.э. — арамеі, у 12 ст. да н.э. — яўрэі. У 16—13 ст. да н.э. С. — аб’ект барацьбы паміж Стараж. Егіптам, Хецкім царствам і Мітані. У 11—8 ст. да н.э. існавала Дамаскае царства, якое ў 732 да н.э. заваявана Асірыяй, у 612 да н.э. Вавілоніяй. З 539 да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. С. заваяваў Аляксандр Македонскі. Яго пераемнікі Селеўкіды кіравалі С. ў 312—64 да н.э. На працягу наступных 700 гадоў С. была ў складзе Рымскай, потым Візант. імперый. Палесцінская частка Вял. С. — радзіма хрысціянства, якое ў 4 ст.н.э.сталадзярж. рэлігіяй. У 630-я г. С. заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні). З гэтага часу іслам прыняты большасцю насельніцтва, а араб. мова стала адзінай мовай народа С. У 661—750 С. — паліт. і культ. цэнтр Амеядаў халіфата, пасля ўсталявання ў 750 Абасідаў халіфата цэнтр дзяржавы перамясціўся ў Ірак. У 10—11 ст. С. пад уладай розных мусульм. дынастый. У канцы 11 ст. ў С. ўварваліся крыжакі, якія захапілі прыбярэжныя р-ны. У канцы 12 ст. егіпецкі султан Салах-ад-дзін нанёс крыжакам паражэнне і стаў правіцелем б.ч.тэр. С. У 1260—1516 С. пад уладай егіпецкіх мамлюкаў. У 1516 С. заваявалі туркі-асманы, і яна на 400 гадоў увайшла ў склад Асманскай імперыі. Вял.геагр. адкрыцці і новыя марскія шляхі ў краіны Усходу паменшылі значэнне С. як цэнтра транзітнага гандлю. У 2-й пал. 19 ст. ў С. ўзнік культ.-асветніцкі рух «Нахда» («Адраджэнне»), да пач. 20 ст. яна была адным з цэнтраў барацьбы за араб. незалежнасць. У 1-ю сусв. вайну сірыйцы разам з інш.араб. народамі ўзнялі паўстанне супраць туркаў і падтрымалі Вялікабрытанію ў абмен на яе падтрымку ідэі араб. незалежнасці. Але пасля вайны Ліга Нацый падзяліла ў 1920 Вял. С. на мандатныя тэрыторыі паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; да Францыі адышла тэр. сучаснай С. Франц. панаванне, палітыка яе адміністрацыі, скіраваныя на поўнае падпарадкаванне С., выклікалі шэраг паўстанняў. Найб. з іх — Сірыйскае нацыянальнае паўстанне 1925—27 — прымусіла франц. ўлады да ўступак. У маі 1930 выдадзена канстытуцыя, якая абвясціла С. рэспублікай пры захаванні вярх. улады Францыі. Ва ўмовах 2-й сусв. вайны (у чэрв. 1941 брыт. войскі і часткі «Свабоднай Францыі» ген. Ш. дэ Голя выбілі з тэр. С. армію рэжыму «Вішы»), франц. адміністрацыя 27.9.1941 заявіла аб прызнанні незалежнасці С., 23.12.1943 падпісана адпаведнае франка-сірыйскае пагадненне. У жн. 1943 выбраны першы прэзідэнт незалежнай С. — Ш.Куатлі. Суверэннай дзяржавай С. стала пасля вываду франц. і брыт. войск 17.4.1946 — гэты дзень адзначаецца ў С. як нац. свята.
Як і інш.араб. краіны, С. выступіла супраць рашэння ААН пра падзел Палесціны і ўтварэнне дзяржавы Ізраіль, сумесна з імі прыняла ўдзел у араба-ізраільскай вайне 1948—49: Ваен. няўдачы пахіснулі аўтарытэт урада С. У сак. 1949 група афіцэраў здзейсніла дзярж. пераварот, паклаўшы пачатак 20-гадоваму перыяду ваен. пераваротаў. Імкнучыся рэалізаваць ідэю адзінства ўсіх арабаў, С. ў лют. 1958 аб’ядналася з Егіптам у Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (ААР). Спробы кіруючых колаў Егіпта ўсталяваць кантроль над адзінай дзяржавай прывялі ў вер. 1961 да выхаду С. з ААР і абвяшчэнні яе Сірыйскай Араб. Рэспублікай. Ваен. пераварот 8.3.1963 прывёў да ўлады Партыю арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Баасісцкі ўрад перадаў пад кантроль дзяржавы б.ч. прам-сці і знешняга гандлю. У выніку паражэння С. ў араба-ізраільскай вайне 1967 ч. сірыйскай тэр., у т. л. Галанскія вышыні, захоплена Ізраілем. У ліст. 1970 да ўлады ў партыі і краіне прыйшоў ген. Х.Асад (у сак. 1971 ён абраны прэзідэнтам С.). Пасля араба-ізраільскай вайны 1973 С. вярнула ч. акупіраваных тэрыторый, але большая ч. Галанскіх вышынь засталася пад кантролем Ізраіля, які ў 1981 афіцыйна іх анексіраваў. З 1976 С. ажыццяўляе ваен. прысутнасць у Ліване, у 1982 удзельнічала на яго тэр. ў вайне супраць Ізраіля. У 1979 С. асудзіла мірныя дагаворы паміж Егіптам і Ізраілем (гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). У час ірана-іракскай вайны 1980—88 урад С. падтрымаў Іран, а ў час Кувейцкага крызісу 1990—91 сірыйскія войскі ўдзельнічалі ў антыіракскай кааліцыі. Гал. мэта знешняй палітыкі С. — вяртанне Галанскіх вышынь і ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Аднак сірыйска-ізраільскія перамовы 1990-х г. па гэтых пытаннях скончыліся безвынікова. Пасля смерці ў чэрв. 2000 Асада прэзідэнтам стаў яго сын Б.Асад. С. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны С. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1993.
Паліт. партыі: Партыя араб.сацыяліст. адраджэння, узначальвае Прагрэс.нац. фронт (ПНФ), у які таксама ўваходзяць Араб.сацыяліст. саюз, Рух араб. сацыялістаў, Сірыйская камуніст. партыя і інш.; усе арг-цыі, якія не ўваходзяць у ПНФ, забаронены.
Гаспадарка. С. — аграрна-індустр. дзяржава сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт 41,7 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на душу насельніцтва; на сельскую гаспадарку прыпадае каля 28%, на прам-сць — каля 20%, на сферу паслуг — каля 52%. У эканоміцы вядучая роля дзярж. сектара, на долю якога прыпадае каля 50% нац. даходу, 75% кошту прамысл. прадукцыі і 70% асн. сродкаў вытворчасці. Дзяржава цалкам кантралюе сферу фінансаў, Горназдабыўную прам-сць, энергетыку, чыг. і авіяц. транспарт. Прыватны сектар дамінуе ў сельскай гаспадарцы, рознічным гандлі, сферы паслуг, аўтатранспарце, жыллёвым будаўніцтве. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Характэрны сялянскія гаспадаркі, ёсць кааператывы і буйныя дзярж. гаспадаркі. У выніку агр. рэформы буйное землеўладанне абмежавана, памешчыцкія землі выкуплены і размеркаваны за плату сярод сялян. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 6 млн.га, у т. л. каля 1 млн.га арашаецца; каля 8 млн.га (тэр. пустынь і паўпустынь) выкарыстоўваецца пад пашу. Штогод збіраюць 4—5 млн.т пшаніцы, каля 2 млн.т ячменю, 200 тыс.т кукурузы, 300 тыс.т сачавіцы, 1,5 млн.тцукр. буракоў, 400 тыс.т вінаграду, 350 тыс.т апельсінаў, 430 тыс.т памідораў. Асн. земляробчыя раёны на ўзбярэжжы, у далінах рэк, перадгор’ях. Тэхн. культуры (бавоўнік, цукр. буракі і трыснёг, тытунь) вырошчваюць на арашальных землях. Асн. раён пладаводства (абрыкосы, інжыр, цытрусавыя), агародніцтва, вінаградарства, бахчаводства — на ПнЗ. Там жа аліўкавыя гаі. Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўная, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У 1997 пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 905, авечак — 15 000, коз — 1200. Гадуюць таксама вярблюдаў, коней, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—21 млн. курэй). Марское і рачное рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жал. руды, серы, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Штогод здабываюць каля 30 млн.т нафты і 5 млрд.м³ газу. Асн. раёны здабычы на ПнУ (Тэль-Румайлан, Карачук, Сувайдзія і інш.). Электраэнергія (у 1998—17,5 млрд.кВт∙гадз) прыкладна пароўну выпрацоўваецца на ГЭС (буйнейшы Еўфрацкі гідраэнергетычны комплекс) і ЦЭС на нафце і газе. Найбольш прадпрыемстваў харч. і лёгкай прам-сці працуюць на ўласнай сыравіне. Развіты бавоўнаачышчальная, тэкст. і швейная (Дамаск, Халеб, Латакія, Хама, Хомс і інш.), харч. (мукамольная, мясаперапрацоўчая, алейная, вінаробная, цукр., кансервавая, безалкагольных напіткаў; Дамаск, Халеб, Латакія і інш.), гарбарна-абутковая, тытунёвая галіны. Важнае значэнне маюць нафтаперапр. (Баніяс, Хомс, Эль-Камышлы), хім. (Хомс), металургічная (Хама, Хомс), цэм. (Дамаск, Халеб, Хама, Хомс) галіны прам-сці. Ёсць з-ды трактаразборачны (Халеб) і электраматораў (Латакія), ф-кі мінер. угнаенняў (Хомс) і дываноў (Халеб), прадпрыемствы ваен. прам-сці. У Дамаску электракабельны з-д, прадпрыемствы электроннай, фармацэўтычнай і шкляной прам-сці. Шырока развіты саматужны выраб парчы, біжутэрыі, маст. рэчаў з медзі, золата, серабра, дрэва і інш.; апрацоўка скур і ручное дыванаткацтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, трубаправодны. Даўж. чыгунак 1998 км, аўтадарог 41,4 тыс.км, унутр. водных шляхоў (рэкі Еўфрат і Эль-Асі) 970 км, нафтаправодаў 1304 км (у т. л. транзітныя з Ірака і Саудаўскай Аравіі), прадуктаправодаў 515 км. У краіне 134 тыс. легкавых, 219 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, 5 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Дамаску і Халебе. Гал. марскія парты Латакія, Баніяс, Тартус. Выкарыстоўваюцца таксама парты Лівана. У 1998 экспарт склаў 4,2 млрд.дол., імпарт 5,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (каля 40% па кошце), тэкстыль, адзенне і скураныя вырабы (каля 30%), некат. харч. тавары, тытунь і інш.; у імпарце — машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, металы, хімікаты, драўніна. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Францыя, Турцыя, Ліван, інш. арабскія краіны. С. — краіна развітога турызму. Штогод наведвае каля 2 млн. турыстаў пераважна з Турцыі і арабскіх краін. Асн. аб’екты — узбярэжжа Міжземнага м., Дамаск, Халеб, рэшткі ант.г. Тадмар (Пальміра). У 1998 турызм прынёс даход у 1,36 млрд.дол. Грашовая адзінка — сірыйскі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС; каля 320 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) — 8 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 215 тыс.чал., 4650 танкаў, каля 4,7 тыс. баявых машын пяхоты і інш. браніраваных машын, больш за 1,9 тыс. самаходных гармат і гармат на буксірнай цязе, 480 рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА каля 100 тыс.чал., у т. л. ў ППА каля 60 тыс.чал., 589 баявых самалётаў, 72 баявыя верталёты, каля 450 зенітных ракетных комплексаў. У ВМС 6 тыс.чал., 10 баявых караблёў, 18 катэраў, у т. л. 10 ракетных, 24 верталёты.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту вядомы наскальныя выявы ў Дэмір-Капу, каменныя і гліняныя антрапаморфныя статуэткі, ляпная размаляваная кераміка, паселішчы 5—4-га тыс. да н.э. (Угарыт, Тэль-Халаф). На тэр. С. развіваліся стараж.маст. культуры Б. Усходу: вавілона-асірыйская, фінікійская, хецкая і інш. Іх спалучэнне з мясц. традыцыямі надало своеасаблівасць мастацтву стараж. С. — сір. перыяду эліністычнага, рым. [Дура-Еўрапас, Тадмар (Пальміра), Бусра] і ранневізант. (Русафа, Кальб-Лузех) мастацтва. У 4—6 ст. склалася мясц. ранневізант. маст. традыцыя. Культавая архітэктура адметная наватарскімі манум. формамі (манастырскі комплекс Кал’ат-Семан, створаны вакол калоны св. Сімяона Слупніка), дамінуючай стала 3-нефавая базіліка з высокім сярэднім нефам, з аркадамі на нізкіх слупах (Кальб-Лузех), купальныя базілікі розных тыпаў (царква ў Русафе). Выяўл. мастацтва таго часу прадстаўлена разьбой па камені і косці, мазаікамі падлог, экспрэсіўнай кніжнай мініяцюрай (Евангелле Рабулы). Пасля араб. заваявання (7 ст.) С. — адзін з цэнтраў станаўлення арабскай культуры. У часы праўлення Амеядаў пачалася стылістычная адаптацыя стараж. мастацтва і дойлідства да сярэдневяковай маст. стылістыкі ісламу. У архітэктуры на аснове стараж.-рым. і візант.буд. вопыту распрацаваны тып шматкалоннай мячэці, перабудаванай з хрысц. базілікі. Захоўваліся запазычанні з ордэрнай сістэмы, канструкцыі арачных і купальных перакрыццяў. У інтэр’еры храма цэнтр. месца заняў вял. двор, завершаны з супрацьлеглага боку галерэяй на аркадах; у гал. сцяне рабілася свяшчэнная ніша — міхраб. Узорнай сталаАмеядаў мячэць у Дамаску. Свецкая рэзідэнцыя халіфа (палац у пустыні) мела выгляд крэпасці, абнесенай абарончымі сценамі, з квадратным дваром пасярэдзіне. Фасад палаца меў брамы, завершаныя зубчастымі байніцамі, машыкулямі (замак у Каср аль-Хейр аль-Гарбі). У аздабленні будынкаў захаваліся элініст. і ранневізант. традыцыі (мазаікі мячэці Амеядаў), зарадзілася сістэма арнаменту — арабескі. У 10 ст. сфарміравалася аблічча сярэдневяковага араб. горада з падзелам на ўмацаваныя кварталы. З’явіліся кварталы-кірмашы з крытымі вуліцамі, караван-сараі, медрэсэ (ан-Нурыя ў Дамаску), марыстаны (бальніцы; Нур-ад-дзіна ў Дамаску), лазні з купаламі. На тэр. С. захаваліся руіны крыжацкіх замкаў (Крак-дэ-Шэвалье). Пры Айюбідах (з 1187) высокага тэхн. ўзроўню дасягнулі і фартыфікацыйныя збудаванні (цытадэлі ў Дамаску, Халебе). Пашырыліся формы ярусных мінарэтаў, аздабленне сцен нішамі, арнаментальнымі рамамі. У пластычных мастацтвах развіваліся арнамент і каліграфія. У 13—14 ст. дасягнула росквіту кніжная мініяцюра (рукапісы «Каліла і Дымна» і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаліся кераміка з размалёўкай люстрам, маст. вырабы са шкла (з эмалевымі размалёўкамі) і металу, аздобленыя чаканкай, сярэбранай інкрустацыяй і гравіроўкай, разьба па дрэве (міхрабы, мінбары), маст. тканіны. У асманскі перыяд (1516—1918) мастацтва развівалася пад уплывам тур. дойлідства: мячэці квадратныя ў плане, з вял. сферычным купалам, 4 мінарэтамі па вуглах (мячэць Такія Сулейманія ў Дамаску, 16 ст., арх. Сінан), паліхромная кераміка з буйным кветкавым узорам. Асабліва пышным стаў арх. дэкор. Набылі пашырэнне 1-камерныя маўзалеі «цюрбе». Для традыц.нар. жылля на Пд ужывалі блокі з вулканічнай лавы, на Пн будавалі купальныя жытлы з цэглы-сырцу. У нар. мастацтве пашыраны натуралізаваны расл. арнамент на кераміцы, тканінах, метале, ткацтва бязворсавых дываноў з характэрнымі для пэўнай мясцовасці арнаментам і колеравай гамай. Узнікла інкрустацыя па дрэве серабром, перламутрам і вярблюджай косцю (мінбары, столікі, скрынкі і інш.). У 1920—30-я г. будавалі ў духу еўрап. стыляў, ішла мэтанакіраваная рэканструкцыя гарадоў. У 1950-я г. ўзмацніліся пошукі аб’яднання сучасных канструкцый з нац. формамі (арх. Вахбі аль-Харыры і інш.). Мастакі С. (Т.Тарык, М.Кірша, М.Джалаль) успрынялі традыцыі еўрап.рэаліст. мастацтва, франц.акад. школы і імпрэсіянізму. Адзін з вядучых манументалістаў С. — А.М.Шама (вучань рас. мастака А.Дайнекі). Сярод найб. значных мастакоў 2-й пал. 20 ст.: Л.Каялі, А.Катраміз, Х.Замрык, Н.Набаа, А.Нашваці, І.Хімат, Н.Шаўра і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва: вышыўка шоўкам, серабром, золатам па аксаміце, воўне і бавоўне, пляценне з каляровай саломы, апрацоўка металу, дрэва, інкрустацыя перламутрам, косцю, каляровымі пародамі дрэва, кераміка.
Літ.:
Новейшая история арабских стран Азии, 1917—1985. М., 1988;
Сирийская Арабская Республика. М., 1997;
Корнилов В. Секретная война: Хроника сирийской кампании 1941 г. // Крылья Родины. 1994. № 7—8;
Яшкин Г.П. Под жарким солнцем Сирии // Воен.-ист. журн. 1998. № 4;
Сидорова Н.А., Стародуб Т.Х. Города Сирии. М., 1979;
Богданов А.А. Художники Сирии. М., 1981.
М.С.Вайтовіч, Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Сірыі.Да арт.Сірыя. Міжземнаморскае ўзбярэжжа.Да арт.Сірыя. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Сірыя. Старая крэпасць у г. Хомс.Да арт.Сірыя. Мініяцюра «Ушэсце святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.Сірыя. Мячэць Амеядаў у Дамаску.Да арт.Сірыя. Керамічныя ваза і збанок з Ракі. 13 ст.Сірыя. Цытадэль у г. Халеб. 13—16 ст.Сірыя. Традыцыйныя жытлы ў г. Халеб.Да арт.Сірыя. Т.Тарык. Савет халіфа аль-Мамуна. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЦЦЁ,
філасофскае паняцце, якім абазначаюць аб’ектыўную рэальнасць існавання ўсіх матэрыяльных і духоўных з’яў. Складанасць вызначэння гэтага паняцця абумоўлена мноствам прадметаў рэальнасці, разнастайнасцю іх якасцяў і прыкмет. У прыватнасці, аб’екты рэчаіснасці падзяляюцца на матэрыяльныя і духоўныя, жывыя і мёртвыя, прыродныя і сац.; яны могуць мець прыкметы адзінкавага і агульнага, істотнага і неістотнага, магчымага і сапраўднага. Спалучэнне гэтых прыкмет і вызначае рознае тлумачэнне прыроды быцця. Найперш быццё абазначае факт існавання пэўнага прадмета ў межах пэўнай прасторы і часу. Па-за гэтымі рамкамі настае смерць, разбурэнне, знішчэнне прадмета, адбываецца яго пераход з быцця ў небыццё. У гэтым значэнні быццё набывае абсалютнае, а небыццё адноснае значэнне. Але быццё разумеецца і як субстанцыя, аснова свету і яго асобных, канкрэтных рэчаў. Пад быццём разумеюць таксама сутнасць аб’ектаў — сукупнасць агульных, значных прыкмет аб’ектаў. Пры такім падыходзе быццё падзяляецца на рэальнае і ідэальнае. Рэальнае — гэта спалучэнне агульных, істотных прыкмет пэўнага класа прадметаў, якія зноў і зноў утвараюцца ў працэсе іх узнікнення і існавання. Тым самым агульныя прыкметы прадметаў набываюць статус абсалютнага быцця, канкрэтная рэч характарызуецца паняццем адноснага быцця. Акрамя таго, існасць (а разам з ёю і быццё) можа пераўтварацца і ў ідэальную форму, г. зн. у форму паняцця. Напр., стол можа існаваць у рэальнасці (стол — аб’ект) і ў ідэальнай рэчаіснасці як паняцце (стол — ідэя). Г. зн., што ў ідэальнай форме быцця магчымасць і рэчаіснасць як бы зліваюцца ў сваім дыялект. адзінстве, набываючы нейкі першасны субстанцыйны сэнс. Ідэя таго ж стала (як і любая іншая ідэя) становіцца вечнай, абсалютнай, нязменнай і характарызуе, з пункту гледжання аб’ектыўных ідэалістаў, сапраўднае быццё, сапраўдную рэальнасць, а канкрэтны прадмет (той жа стол) уяўляе сабой як бы копію гэтай ідэі, яе пераходны злепак, або небыццё. Таму, паводле Платона, у ідэальным свеце ёсць толькі быццё і няма небыцця, а ў свеце канкрэтных рэчаў ёсць толькі небыццё і няма быцця. Яшчэ больш складаны характар набывае праблема быцця, калі яна пераносіцца ў галіны гнасеалогіі і сацыялогіі, таму што тут гаворка ідзе пра магчымасць адлюстравання быцця, пра спецыфіку чалавечага быцця (Платон, М.Хайдэгер). Тут ідэальнасць становіцца не толькі сэнсам адлюстравання, але і элементам існавання; самаперажыванне быцця набывае характар быційнай характарыстыкі, а паняцце небыцця становіцца сімвалам невядомага канца, асэнсаванне якога таксама надае асаблівую афарбоўку чалавечаму быццю.
Філосафы розных эпох істотна разыходзіліся ў азначэнні сутнасці быцця і небыцця, па-рознаму вызначалі іх суадносіны. Напр., прадстаўнікі стараж.-грэч. мілецкай школы лічылі, што ёсць толькі быццё, якое вызначаецца зыходнымі элементамі (стыхіямі) свету (зямля, вада, паветра, агонь). Геракліт сцвярджаў, што быццё і небыццё — гэта адно і тое ж і адначасова не адно і тое ж. Парменід лічыў, што ёсць толькі быццё, а небыцця няма. Паводле Платона, чалавек існуе адначасова ў фізічным і духоўным, вонкавым і ўнутраным сусветах, таму неабходна адрозніваць быццё эмпірычнае (пераходнае) і сапраўднае (вечнае). Для Г.Гегеля быццё ёсць ідэальнае, божае, а прырода — другаснае быццё ідэі. Ф.Ніцшэ лічыў, што ніякага абсалютнага быцця няма, быццё — гэта вечны ланцуг паўтораў. Прадстаўнікі дыялект. матэрыялізму зыходзілі з таго, што быццё вечнае і першаснае ў адносінах да свядомасці, вызначае яе функцыянаванне і развіццё, хоць сама свядомасць здольна не толькі адлюстроўваць быццё, але і аказваць уздзеянне на яго.
Літ.:
Доброхотов А.Л. Категория бытия в классической западной европейской философии. М., 1986;
Проблемы познания социальной реальности. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна сталаназ. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл.Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ ТЭО́РЫЯ ПО́ЛЯ,
рэлятывісцкая квантавая тэорыя элементарных часціц і іх узаемадзеянняў; адзін з асн. раздзелаў тэарэт. фізікі, у якім вывучаюцца агульныя законы будовы матэрыі на мікраўзроўні. У К.т.п. кожнаму тыпу элементарных часціц як першасных крыніц і пераносчыкаў фундаментальных узаемадзеянняў ставіцца ў адпаведнасць сваё другасна-квантаванае поле (гл.Другаснае квантаванне), якое апісваецца аператарнай хвалевай функцыяй Ψ (гл.Аператары, Хвалевая функцыя). Кампаненты Ψ пры замене каардынат прасторы—часу згодна з патрабаваннямі спец.адноснасці тэорыі пераўтвараюцца паводле прадстаўленняў групы Лорэнца (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Функцыі свабодных палёў Ψ0 раскладаюцца на плоскія хвалі дэ Бройля, якія апісваюць станы з вызначанай энергіяй і імпульсам:
, дзе K = p/h, p — 4-мерны вектар энергіі-імпульсу часціцы, h — Планка пастаянная, x — вектар каардынат-часу, Cn і — аператары паглынання і выпрамянення часціц у нейкім n-м стане. Аператары задавальняюць перастановачным суадносінам камутацыі (антыкамутацыі) і адпавядаюць часціцам цэлага (паўцэлага) спіна — базонам (ферміёнам), якія падпарадкоўваюцца Бозе—Эйнштэйна (Фермі—Дзірака) статыстыцы. У К.т.п. кожнай часціцы адпавядае антычасціца, а квантаванае поле з’яўляецца сістэмай часціц і антычасціц. Тут няма закону захавання ліку часціц: пры ўзаемадзеянні яны могуць узаемна пераўтварацца адны ў другія (адны часціцы паглынаюцца, другія нараджаюцца). Стан квантаванага поля, у якім колькасць рэальных часціц роўная нулю, наз. вакуумам (гл.Вакуум у квантавай тэорыі поля).
Першай К.т.п. сталаквантавая электрадынаміка. Яе ідэі і метады былі распаўсюджаны на ўсе элементарныя часціцы і выкарыстаны пры пабудове квантавапалявых тэорый слабага (Э.Фермі, 1934) і моцнага (І.Я.Там, Дз.Дз.Іваненка, Х.Юкава, 1932—35) узаемадзеянняў, якія, аднак, не вытрымалі выпрабавання часам. Таму значнае развіццё атрымалі аксіяматычны і іншыя падыходы ў К.т.п. Аднак толькі на падставе універсальнага дынамічнага прынцыпу калібровачнай інварыянтнасці пабудаваны сучасныя калібровачныя квантавапалявыя тэорыі электраслабага ўзаемадзеяння (С.Вайнберг, Ш.Глэшаў, А.Салам, 1967—71) і моцнага ўзаемадзеяння — квантавая хромадынаміка (М.Гел-Ман, Вайнберг, Салам і інш., 1973), якія забяспечылі дастаткова добрую згоду тэорыі эксперыментам. Першаснымі крыніцамі гэтых узаемадзеянняў сталі лептоны і кваркі, а іх пераносчыкамі — кванты адпаведных калібровачных палёў: фатон, 3 слабыя вектарныя базоны і 8 глюонаў. Далейшае развіццё К.т.п. звязваецца з канцэпцыяй адзінай тэорыі поля, суперсіметрыі, рашотак, струн, мембран і інш. Метады К.т.п. шырока выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела, оптыцы і спектраскапіі, квантавай электроніцы і інш.
На Беларусі пытанні К.т.п. распрацоўваюцца з 1944 у БДУ, пазней у Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі (да пач. 1990-х г. пад кіраўніцтвам Ф.І.Фёдарава). Пабудавана агульная каварыянтная тэорыя рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку, распрацаваны метад праекцыйных аператараў, з дапамогай уведзенай вектарнай параметрызацыі групы Лорэнца вырашаны многія пытанні рэлятывісцкай кінематыкі (Фёдараў, А.А.Богуш, Ю.А.Курачкін і інш.).
Літ.:
Боголюбов Н.Н., Ширков Д.В. Введение в теорию квантованных полей. М., 1957;
Федоров Ф.И. Проективные операторы в теории элементарных частиц // Журн. эксперимент. и теорет. физики. 1958. Т. 35, вып. 2;
Яго ж. Группа Лоренца. М., 1979;
Швебер С. Введение в релятивистскую квантовую теорию поля: Пер. с англ.М., 1963;
Ченг Т.-П., Л и Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц: Пер. с англ.М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА НА́ЦЫЙ (англ. League of Nations, франц. Société des Nations),
першая ў гісторыі міжнар. арганізацыя па развіцці супрацоўніцтва паміж народамі і забеспячэнні міру і бяспекі ў свеце; існавала ў 1919—46. Утворана пасля 1-й сусв. вайны па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта ЗША Т.В.Вільсана на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. Яе Статут быў уключаны ў Версальскі мірны дагавор 1919 і інш. дагаворы Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Заснаванне Л.Н. было спробай стварэння сістэмы калект. бяспекі. Першапачаткова членамі сталі 42 дзяржавы, у лік якіх уваходзілі краіны, што ўдзельнічалі ў вайне на баку Антанты або далучыліся да яе (апрача ЗША і Хіджаза) і 13 запрошаных нейтральных дзяржаў. ЗША не ўвайшлі ў Л.Н., але іх прадстаўнік удзельнічаў у пасяджэннях у якасці назіральніка. Пазней, у 1920—34, у склад Л.Н. прынята яшчэ 21 дзяржава, у т. л. Германія (1926) і СССР (1934). У 1926—42 з Л.Н. выйшлі 16 краін, у т. л. Бразілія (1926), Германія (1933), Японія (1933), былі выключаны Італія (1937, за вайну супраць Эфіопіі) і СССР (снеж. 1939, за вайну супраць Фінляндыі). Кіруючымі органамі Л.Н. (знаходзіліся ў г.Жэнева) былі: Асамблея (уключала ўсіх членаў, збіралася штогадова), Савет і пастаянна дзеючы Сакратарыят на чале з ген. сакратаром (Э.Друманд у 1919—33; Ж.Авенал у 1933—46). Савет Л.Н. складаўся з 5 пастаянных членаў (Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія; месца, што было прадугледжана Статутам для ЗША, заставалася незанятым) і 4 непастаянных, што выбіраліся Асамблеяй на азначаны тэрмін. У 1926 пастаянным членам Савета стала Германія. Пазней у складзе і колькасці членаў Савета таксама адбываліся змены. Пры Сакратарыяце Л.Н. дзейнічалі аўт. органы: Міжнар.арг-цыя працы, Пастаянная палата міжнар. правасуддзя і інш. Усе рашэнні Асамблеі і Савета, акрамя працэдурных пытанняў, прымаліся толькі пры ўмове аднагалосся, што абумовіла бяссілле Л.Н. пры вырашэнні міжнар. спрэчак і канфліктаў. Статут Л.Н. прадугледжваў абмежаванне ўзбраенняў, узаемную гарантыю тэр. цэласнасці членаў лігі, вырашэнне спрэчак паміж дзяржавамі трацейскім разглядам, калектыўныя захады (эканам. і ваен. санкцыі) супраць агрэсараў. Ліга займалася большасцю актуальных у перыяд яе дзейнасці паліт. праблем, у т. л. спрэчкай Літвы і Польшчы за Вільню (1920), пагранічнымі спрэчкамі Албаніі з Грэцыяй і Югаславіяй (1921). Мацнейшыя дзяржавы Еўропы (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) карысталіся механізмамі Л.Н. для ажыццяўлення свайго эканам. і паліт. панавання ў свеце, барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухамі. У першыя гады існавання Л.Н. была адным з цэнтраў дзейнасці супраць бальшавізму ў Расіі. Прадугледжаная Статутам Лігі мандатная сістэма дазволіла дзяржавам-пераможцам у 1-й сусв. вайне (Вялікабрытанія, Францыя і інш.) пад выглядам мандатных тэрыторый фактычна падзяліць паміж сабой б. калоніі Германіі і некаторыя тэрыторыі б. Асманскай імперыі. У той жа час Л.Н. аказалася няздольнай перашкодзіць захопу Недждам Хіджаза (1925), спыніць агрэсію Японіі супраць Кітая (з 1931), Італіі супраць Эфіопіі (1935—36) і Албаніі (1939), прадухіліць анексію Германіяй Аўстрыі (1938) і расчляненне Чэхаславакіі (1938—39) і, у рэшце рэшт, прадухіліць развязванне Германіяй у вер. 1939 2-й сусв. вайны. З канца 1939 дзейнасць Л.Н. фактычна спынілася, фармальна яна ліквідавана ў крас. 1946 рашэннем спец. Асамблеі. Вопыт Л.Н. быў выкарыстаны пры стварэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Літ.:
Афанасьева О. Краткий очерк истории Лиги Наций. [М.], 1945;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,
1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.
2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл.Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.
Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г.Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.І.Пічэта, У.М.Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел.пед. ун-та імя М.Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, шэрагу пед. і інш.ВНУ рэспублікі.
Літ.:
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Тойнби А.Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;
Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;
Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;
Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр.Т. 1—3. М., 1986—92;
Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ.М., 1992;
История Европы: Пер. с фр.Мн.;
М., 1996;
Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),
жанр сатырычнай літаратуры (гл.Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.
П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле), памфлет (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.Пушкін, І.Дзмітрыеў, А.Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.Маякоўскі, Дз.Бедны і інш.
У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.Купала, Я.Колас, А.Александровіч, П.Трус, М.Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.Барадуліна, В.Віткі, А.Вольскага, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, С.Дзяргая, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, П.Макаля, М.Мятліцкага, М.Скрыпкі, Я.Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.Адамчыка, П.Васючэнкі, А.Вырвіча, А.Глобуса, у п’есах А.Ждана, С.Кавалёва, А.Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.
Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.