АЗО́НЧЫК (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мядзельскім р-не ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). З 1922 працаваў на сельскай гаспадарцы, з 1939 у органах НКУС. У жн. 1941 арганізаваў партыз. дыверсійную групу, якая дзейнічала ў складзе атрада імя Будзённага, саснеж. 1943 камандзір атрада «Патрыёт» і нач. асобага аддзела брыгады імя Будзённага. У 1944—57 на сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́ПІ (Okapia johnstoni),
парнакапытнае млекакормячае сям. жырафаў. Жыве ў Афрыцы ў вільготных трапічных лясах бас.р. Конга. Рэдкая жывёліна.
Даўж. цела каля 2 м, выш. ў карку да 1,2 м, маса каля 250 кг. Афарбоўка карычняватая са светлымі папярочнымі палосамі на нагах. Морда выцягнутая, вушы вялікія, у самца 2 невял. рагі, рагавыя чахлы на канцах рагоў штогод зменьваюцца. Корміцца лісцем. Цяжарнасць 14—15, лактацыя 6 месяцаў. Трымаюць у заапарках, дзе паспяхова размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж (франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся састараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫЯ (італьян. avaria),
1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.
2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПАРАГІ́Н,
H2NOCOOH2CHNH2COOH, монаамід аспарагінавай кіслаты; заменная амінакіслата. Мал. м. 132,12. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе. Упершыню атрыманы са спаржы (Asparagus), адсюль назва. Уваходзіць у састаў бялкоў (багатыя аспарагінам бялкі ў вял. колькасці ўтвараюцца пры прарошчванні насення бабовых) і знаходзіцца ў свабодным стане ў вадкасцях і тканках раслін і жывёл. Разам з глутамінам аспарагін — растваральнае аміназмяшчальнае рэзервовае злучэнне для біясінтэзу бялкоў у многіх раслін. Пры ўтварэнні аспарагіну з аспарагінавай к-ты ў арганізме звязваецца таксічны аміяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІМЕТА́Л [ад бі... + метал(ы)],
матэрыял з двух трывала злучаных слаёў розных металаў ці сплаваў. Найб. пашыраны біметал са сталі з меддзю, нікелем, іх сплавамі і алюмініем. Вырабляюць адначасовай пракаткай ці прасаваннем двух металаў, заліўкай легкаплаўкага металу па тугаплаўкім ці апусканнем вырабу з тугаплаўкага металу ў расплаў лёгкага, гальванічным спосабам, наплаўкай метадам эл. ці плазмавага нагрэву, зваркай выбухам. Выкарыстоўваюць для павелічэння трываласці, гарачаўстойлівасці канструкцый, зніжэння іх масы, як спец. матэрыялы ў машынабудаванні, электра-, радыё- і цеплатэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТЭ́З ГЕМАРАГІ́ЧНЫ,
прыроджаныя ці набытыя хваробы крыві, асн. прыкмета якіх павышаныя крывацёк і кровазліццё. Развіццё Д.г. звязваюць з паталогіяй кампанентаў згусання крыві (плазмавых і тромбацытарных), узмацненнем фібрынолізу, наяўнасцю антыкаагулянтаў ў крыві, павышэннем пранікальнасці сасудаў ці анамаліяй іх сценак. Прыкметы: кровазліццё пад скуру, у суставы, мышачныя гематомы, крывацёкі (страўнікава-кішачныя, нырачныя, са слізістых абалонак і інш.), крывацёк з пупочнай ранкі пры нараджэнні дзіцяці, калі прарэзваюцца ці мяняюцца зубы, схільнасць да інфекц. хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІКО́ВАЕ ДРЭ́ВА (Syzygium aromaticum),
вечназялёнае дрэва сям. міртавых. Пашырана на Малукскіх а-вах, культывуецца ў многіх трапічных краінах. На Беларусі вырошчваюць ў аранжарэі Цэнтр.бат. сада АН.
Дрэва сярэдняй выш., са скурыстым супраціўным лісцем. Кветкі дробныя, белыя або ружовыя, сабраныя ў кустападобныя суквецці. Плод ягадападобны, аднанасенны. Усе часткі расліны маюць у сабе гваздзіковы алей, які выкарыстоўваюць у парфумерыі, медыцыне, мікраскапічнай тэхніцы, таксама з’яўляецца крыніцай для атрымання ваніліну. Высушаныя бутоны гваздзіковага дрэва (гваздзіка) выкарыстоўваюць як прыправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА ДАНІ́ЛЫ СА СЦЯПА́НАМ»,
ананімны твор бел. л-ры сярэдзіны 19 ст. Упершыню апубл. П.В.Шэйнам у час. «Русская старина» (1886, т. 49). Напісана напярэдадні сялянскай рэформы 1861, у маст.-публіцыстычнай форме рэалістычна паказвала бяспраўнае жыццё сялянства, эксплуатацыю яго памешчыкамі. У творы выявіліся бунтарскія настроі сялянскіх мас. Сваё вызваленне яны спадзяюцца атрымаць ад «цара-бацюхны», але разумеюць, што цар заадно з панамі. Дэмакратызм, праўдзівасць, прастата і даходлівасць, жывая мова робяць твор яркім узорам нар. л-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́СТАНБЕРЫ (англ. Glastonbury),
помнік археалогіі, умацаванае паселішча апошніх вякоў да н.э. на аднайм. возеры ў графстве Сомерсет (Англія). Размяшчалася на драўлянай платформе, замацаванай у торфе, было абкружана драўляным частаколам. У выніку раскопак выяўлена больш за 60 круглых жытлаў з глінянай і драўлянай падлогай. Добра захаваліся драўляныя вырабы: кошыкі, выдзеўбаны човен, фрагменты колаў са спіцамі, келіхі, зробленыя на такарным станку, кадушкі, арнаментаваныя ў стылі латэн. Ёсць звесткі пра ткацкую, керамічную, кавальскую вытворчасць.