умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎНЯ́НКА, ваўнянка ружовая,
ваўнуха (Lactarius torminosus),
шапкавы базідыяльны грыб з роду млечнік сям. сыраежкавых. Пашырана ў Еўропе, Усх. Азіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце групамі ў лясах разных тыпаў, асабліва ў бярэзніках (утварае з бярозай мікарызу). Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліпені—кастрычніку.
Шапка дыям. 4—10 см, пукатая, потым шырокалейкападобная, з падагнутым уніз пушыстым краем, чырванавата-ружовая, з выразнымі канцэнтрычнымі зонамі, сухая або слізкаватая, лямцава-валасістая. Мякаць шчыльная, светла-крэмавая, з белым едкім млечным сокам, са слаба смалістым пахам. Пласцінкі прырослыя або зыходзячыя, белаватыя, потым жаўтавата-ружаватыя. Ножка цыліндрычная, пустая, святлейшая за шапку. Ядомы грыб (спажываецца салёны пасля вымочвання або адварвання). У некаторых краінах (Германіі, Польшчы) лічыцца ядавітым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАМЕ́Й-ПАБЯДЗІ́НСКІ (сапр.Верамей) Мікалай Сцяпанавіч
(1898, в. Кавальцы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.11.1939),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Невельскую настаўніцкую семінарыю, Пражскі электратэхн. ін-т (1929). З 1919 чл.Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), з 1922 — Бел.рэв. арг-цыі (БРА), з 1923 — КПЗБ. Супрацоўнічаў з бел. рабоча-сял. пасольскім клубам «Змаганне». У 1930 ЦККПЗБ накіраваў яго ў БССР. Быў арганізатарам і дырэктарам энергет. ін-та ў Мінску (1930). З 1931 у польск. секцыі Камінтэрна ў Маскве; з канспіратыўных меркаванняў яму дадзена прозвішча Пабядзінскі. 18.8.1933 арыштаваны і высланы ў г. Арцёмаўск Хабараўскага краю, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯ́ЛА-ПАДЛЯ́СКА (Biała Podliaska),
горад на УПольшчы, на р. Кшна. Адм. ц.Бельскападляскага ваяводства. 55,6 тыс.ж. (1993). Прам-сць: шарсцяная, швейная, мэблевая, трансп. машынабудаванне, электратэхн., харч., буд. матэрыялаў. Гандл. цэнтр (міжнар. кірмашы «Усход—Захад» і інш.). Вузел дарог на чыгунцы і аўтатрасе Варшава—Брэст. Турызм. Філіял Варшаўскай акадэміі фіз. выхавання. Акруговы музей. Помнікі архітэктуры: касцёлы 16—18 ст., рэшткі палаца Радзівілаў (1622), сістэма абарончых бастыёнаў (17 ст.) і інш.
Упершыню ўпамінаецца як горад у 1522, уласнасць Радзівілаў. З 1628 у Бяла-Падлясцы філіял Кракаўскай акадэміі. Адзін з цэнтраў паўстання 1863—64. У 2-ю сусв. вайну ў Бяла-Падлясцы гета (1941—42), лагер сав. ваеннапалонных (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»
(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),
збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА,
вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з вакальнай, харэаграфічнай і аркестравай груп і аб’ядноўвае ў выступленнях розныя віды і жанры муз. і харэагр. мастацтва. Група нумароў часта ўтварае тэматычную вак.-харэагр. кампазіцыю, звычайна з элементамі тэатралізацыі. Вядзе гісторыю ад Ансамбля песні і танца Расійскай Арміі імя А.В.Аляксандрава (з 1928), набыў папулярнасць у многіх краінах («Мазоўша» і «Шлёнск» у Польшчы; «Слук» у Чэхіі; «Кола» ў Югаславіі і інш.). На Беларусі вядомы: Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (гл.Дзяржаўны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь), Ансамбль песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, ансамбль «Белыя росы», шматлікія самадзейныя калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНСА́МБЛЬ ПЕ́СНІ І ТА́НЦА УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Існуе з 1938, да 1992 наз. Ансамбль песні і танца Бел.ваен. акругі. Арганізатар і першы маст. кіраўнік А.Усачоў. З 1949 базіруецца ў Мінску. У складзе ансамбля мужчынскі хор, танц. група і эстрадна-сімф. аркестр. Маст. кіраўнік і гал. дырыжор У.Ермалаеў (з 1994), гал. хормайстар Б.Кір’янаў, сярод салістаў А.Кузняцоў, У.Яскевіч і інш.
У рэпертуары ваен.-патрыят. творы, рус. і зарубежная класіка, сучасная эстрадная музыка, бел., рус. і ўкр.нар. песні і танцы, творы бел. кампазітараў, вак.-харэагр. кампазіцыі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1978. Гастраліраваў у Францыі, Германіі, Польшчы і інш.
«Траецкая кадрыля» ў выкананні Ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.