РАДЗІВІ́Л Багуслаў (3.5.1620, г. Гданьск, Польшча — 31.12.1669),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын віленскага кашталяна Я.​Радзівіла (гл. ў арт.

Радзівілы). Вучыўся ў Кейданах, Вільні, Гронінгене і Утрэхце (Нідэрланды), Парыжы. З 1637 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, у 1638—46 харунжы ВКЛ, з 1646 канюшы ВКЛ. Ад Яна Казіміра атрымаў пасаду генерала каралеўскай гвардыі, камандаваў палкамі ў польскім войску і войску ВКЛ. У 1652 дамогся ў караля магдэбургскага права для сваіх гарадоў Слуцка (паўторна) і Капыля. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнічаў у баявых дзеяннях, у т. л. аблозе Магілёва ў лют.—маі 1655. З пачаткам Паўночнай вайны 1655—60 у ліп. 1655 разам з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам вёў перагаворы са шведскім каралём Карлам X Густавам, якія скончыліся падпісаннем Кейданскага дагавора 1655. 8.10.1656 на чале брандэнбургскіх, шведскіх войск і сваіх атрадаў у бітве пад Просткамі (Прусія) пацярпеў паражэнне ад войска польнага гетмана ВКЛ В.​Гасеўскага, быў паранены і ўзяты ў палон. Вызвалены ў выніку паражэння Гасеўскага 22.10.1656 пад Філіпавам каля Сувалак і перайшоў на службу да брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма — сваяка па матчынай лініі. 14.10.1657 прызначаны генеральным губернатарам (намеснікам) і камандуючым брандэнбургскай арміяй у Прускім герцагстве. Пасля смерці бацькі быў уладальнікам Слуцкага і Капыльскага княстваў, трымаў Мазырскае, Бранскае, Барскае староствы. У Слуцку сабраў архіў, б-ку, дзе зберагаліся каштоўныя рукапісы, у т. л. Радзівілаўскі летапіс. Збіраў творы мастацтва. Складаў рэлігійныя гімны. Аўтар замалёвак з панарамамі бел. гарадоў, эскізаў і праектных чарцяжоў збудаванняў. Пасля смерці яго ўладанні перайшлі да дачкі Людвікі Караліны.

А.​П.​Грыцкевіч.

Б.Радзівіл. Гравюра Я.​Фалька паводле малюнка Д.​Шульца. 1654.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс. чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт. Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.​Рымша, Г.​Пельгрымоўскі, С.​Рысінскі, А.​Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІ Міхал Клеафас (7.10.1765, Гузаў каля Варшавы — 15.10.1833),

дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, літаратар. З роду Агінскіх. З 1789 надзвычайны пасол у Галандыі, выконваў дыпламат. місію ў Лондане. У 1791 у Магілёве прысягнуў Кацярыне II, чым захаваў маёнткі ва ўсх. Беларусі. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791. Пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі 1792 эмігрыраваў у Прусію, яго маёнткі былі канфіскаваны; вяртанне на радзіму і зварот маёмасці былі абумоўлены яго ўступленнем у канфедэрацыю. Дэпутат Чатырохгадовага (1788—92) і Гродзенскага (1793) соймаў. У 1793—94 падскарбі вял. літоўскі. У час паўстання 1794 увайшоў у склад Найвышэйшай літ. рады. Сфарміраваў на свае сродкі батальён стралкоў і камандаваў ім у некалькіх бітвах. У жн. 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга (цяпер Даўгаўпілс). Змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля задушэння паўстання жыў у Вене, Венецыі, Парыжы. У 1802 вярнуўся ў свой маёнтак Залессе каля Смаргоні. У 1810 атрымаў званне сенатара. Прапанаваў імператару Аляксандру I праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі (гл. Агінскага план 1811). Пасля адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1823 жыў у Італіі. Вядомы як кампазітар. Ігры на фп. вучыўся ў Ю.​Казлоўскага, на скрыпцы — у Дж.​Б.​Віёці. Кампазітарскую дзейнасць пачаў у 1790-я г. стварэннем маршаў і баявых песень, пашыраных сярод паўстанцаў 1794. Аўтар папулярных паланэзаў, у т. л. паланэза ля-мінор «Развітанне з Радзімай», фп. п’ес, рамансаў, адметных лірызмам, меладычнасцю, нар.-песеннымі традыцыямі, а таксама аднаактовай оперы «Зеліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» на ўласнае лібрэта (1799). Агінскаму належаць трактат «Лісты пра музыку» (1828, выд. на польск. мове ў 1956), «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (т. 1—4, 1826—27, на франц. мове).

Літ.:

Бэлза И. Михал Клеофас Огиньский. 2 изд. М., 1974.

А.​А.​Саламаха.

Міхал Клеафас Агінскі.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.

Існаваў у г. Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.​Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр. дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр. дзярж. гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́», «Витебская старина»,

зборнік дакументаў па гісторыі Віцебшчыны і Полаччыны 11—19 ст. Падрыхтаваў і выдаў у Віцебскай губ. друкарні бел. гісторык А.П.Сапуноў. З 6 запланаваных тамоў выдадзены 3. У 1-м т. (1883) матэрыялы пра Віцебск з 1021 па 1883: урыўкі з летапісаў, Віцебскі летапіс, інвентары горада, дагаворы, граматы віцебскіх і полацкіх князёў, стат. звесткі пра насельніцтва, законы рас. ўрада, якія датычылі горада і губерні, дакументы пра Траецкі манастыр, прывілеі Віцебску на магдэбургскае права 1597 і 1644, Віцебскае паўстанне 1623, вайну 1812 і інш. У 2-м і 3-м т. меркавалася змясціць дакументы па гісторыі Полацка і інш. гарадоў і мясцовасцей губерні. Ва ўступе да т. 4 (1885) змешчаны «Кароткі нарыс барацьбы Маскоўскай дзяржавы з Літвой і Польшчай у XIV—XVII ст.» Сапунова. У 1-й яго частцы — дакументы пра заняцце Полацка і наваколля ў 1563 войскамі рус. цара Івана IV; вызваленне Полацка і Полаччыны ў 1579 бел.-літ. і польскім войскамі на чале з каралём Стафанам Баторыем; у 2-й частцы — дакументы часоў вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—67. У т. 5 (1888) дакументы Полацкай епархіі ад яе ўзнікнення да 1772, матэрыялы пра далучэнне паўн.-ўсх. часткі Беларусі да Расіі. У пачатку тома змешчаны «Кароткі нарыс гістарычнага лёсу Полацкай епархіі ад старажытнага часу да паловы XIX ст.», дзе ёсць звесткі пра скасаванне уніяцкай царквы, далучэнне яе да рас. правасл. царквы і правядзенне Полацкага царкоўнага сабора 1839. У т. 6 меркавалася змясціць гіст. нарыс пра Віцебскую губ., дадаткі, паказальнікі. Выданне багата ілюстравана (карты, малюнкі помнікаў архітэктуры, факсіміле рэдкіх рукапісных кніг, партрэты гіст. асоб і інш.). Большасць дакументаў апублікавана ўпершыню, арыгіналы асобных з іх не зберагліся. Не ўсе дакументы надрукаваны цалкам, некаторыя дадзены ў перакладзе.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 4, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх. І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.

Т.​В.​Габрусь, А.​А.​Ярашэвіч.

Глыбоцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.​Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.​Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.​Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.​Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.

Літ.:

Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ЎЛЯ,

горад у Гомельскай вобл., прыстань на правым беразе р. Прыпяць. Цэнтр Нараўлянскага р-на. За 125 км ад Гомеля, 25 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы — Оўруч. Аўтадарогамі злучана з Мазыром, Ельскам. 7,4 тыс. ж. (2000).

Вядома з 18 ст. як прыватнае мястэчка. Належала Аскеркам. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Расійскай імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1800 каля Н. працавалі гута, вінакурны завод. У 1897 у Н. 1,1 тыс. ж., школа, царква. З крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з ліп. 1924 у БССР, цэнтр раёна Мазырскай акругі. Працавалі агароднінасушыльная ф-ка, 5 гарбарных з-даў, паравы млын. У 1931 арганізавана суднабудаўнічая арцель, пабудаваны суднарамонтны з-д, кандытарская ф-ка «Чырвоны мазыранін», лесазавод. З 27.9.1938 гар. пасёлак у Палескай вобл., 4,7 тыс. ж. (1941). У Вял. Айч. вайну 27.8.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 600 чал. 29—30.8.1943 партызаны правялі Нараўлянска-Шчакатаўскую аперацыю 1943. Вызвалена 30.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў выніку Нараўлянскай аперацыі 1943 сумесна з партызанамі 27-й Нараўлянскай брыгады імя Кірава. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1959—4,8 тыс. ж., у 1970—6,6 тыс. ж. У снеж. 1962 — студз. 1965 у Ельскім р-не. З 3.11.1971 горад. Горад і раён моцна пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, частка іх насельніцтва пераселена.

Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», сумеснае прадпрыемства «Нордэкс», малаказавод, хлебазавод), буд. матэрыялаў прам-сці, з-д гідраапаратуры, дрэваперапрацоўчы камбінат, Райаграпрамтэхніка, лясгас, камбінат быт. абслугоўвання. Нараўлянскі этнаграфічны музей. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль. Каля Н. — паселішча бронзавага веку.

Да арт. Нароўля. Школа-інтэрнат (былы сядзібны дом 19 ст.).

т. 11, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПСА,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на ўсх. беразе воз. Опса, на аўтадарозе Браслаў—Відзы. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПдЗ ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 53 км ад чыг. ст. Друя. 777 ж., 253 двары (2000). Пагранічная камендатура. Сярэдняя школа, школа-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Курган Бессмяротнасці на магіле ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл св. Яна Хрысціцеля (пач. 20 ст.), сядзіба (1904). За 3 км ад вёскі курганны могільнік балта-слав. насельніцтва 8—11 ст.

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1500 як уладанне смаленскага кн. Глазыні. У 1-й пал. 16 ст. велікакняжацкі двор і цэнтр воласці, з 2-й пал. 16 ст. мястэчка, цэнтр староства, якое, паводле інвентара 1779, падзялялася на 5 войтаўстваў. У мястэчку былі парафіяльная школа (з 1777), касцёл, 2 вадзяныя млыны, карчма, вінакурны завод, панскі двор з сядзібным домам і гасп. пабудовамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) О. ў складзе Рас. імперыі. З 1823 уладанне Плятэраў. У сярэдзіне 19 ст. цэнтр воласці Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., у 1859—163 ж. У 1864 (паводле інш. звестак у 1866) заснавана нар. вучылішча. У 1916 з Друі ў О. пракладзена вузкакалейка. З 1921 О. ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Навагрудскага ваяв. Дзейнічалі школа, дом для сірот, касцёл, сінагога, пошта, крамы, млын, каап. малачарня. У 1931 у О 907 ж., 153 двары. З 1939 у БССР, з 1940 вёска, цэнтр сельсавета ў Браслаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў О. больш за 200 жыхароў. 22.4.1944 партызаны брыгады «Спартак» разграмілі ў О. гарнізон ворага.

К.​С.​Шыдлоўскі.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 15—20 ст. у ВКЛ (называўся Новагародскім пав.), Рас. імперыі, Польскай Рэспубліцы. Цэнтр — г. Навагрудак (Новагародак). У 1-й пал. 16 ст. тэр. павета фактычна супадала з тэр. Навагрудскага ваяводства, у складзе якога павет знаходзіўся з 1507. Паводле прывілея вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста ад 30.4.1565 упершыню вызначаны межы Н.п., які стаў адным з 3 паветаў ваяводства. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) Н.п. уключаны ў склад Рас. імперыі; быў у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай, з 1842 у Мінскай губ. У сярэдзіне 19 ст. пл. павета 976 кв. міль, або 457,7 тыс. дзесяцін. У 1861 складаўся з 24 валасцей, 111 сельскіх грамад; нас. 135 435 чал. (самы густанаселены павет Мінскай губ.). Паводле веравызнання правасл. 71%, католікаў 23,58, іудзеяў 4,98, мусульм. 0,43%. Паводле сац. складу сельскіх саслоўяў 83,7%, гараджан 7,3, ваенных 4,3, дваран 4,4, духоўных асоб 0,4%. У 1866 у Н.п. працавала 57 прамысл. прадпрыемстваў: 34 вінакурныя, 15 цагельных, 5 шкіпінарных, 3 піваварныя. У 1900 у павеце 19 ф-к і з-даў з агульнай колькасцю 276 рабочых. У 1891 у павеце 29 царк.-прыходскіх, 33 нар. вучылішчы. З лют. 1919 Н.п. у складзе Літ.-Бел. Рэспублікі. У крас. 1919 акупіраваны польскім войскам. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у Польшчы, у Навагрудскім ваяв. У 1921 пл. 2930,2 км², 12 гмін, насельніцтва 109 820 чал., з іх беларусаў 58,8%, палякаў 35,4, яўрэяў 5,5%. 91,3% насельніцтва жыло ў вёсках. Налічвалася 846 гаспадарак асаднікаў (1933). Дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы мясц. сыравіны і прадуктаў сельскай гаспадаркі, буйнейшае — шклозавод «Нёман». З 1939 павет у БССР, 2.12.1939 уключаны ў Баранавіцкую вобл. 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.

М.​П.​Гайба.

т. 11, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)