МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане I стала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд. ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст. тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах. ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт. Румынія і Малдова (рэспубліка).

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДРЭСЭ́ (араб.),

сярэдняя і вышэйшая мусульм. навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач. мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.

Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.​Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).

С.​А.​Сергачоў.

Медрэсэ Шыр-Дор у Самаркандзе. 1619—35.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКА́ЛЬ ((Pascal) Блез) (19.6.1623, г. Клермон-Феран, Францыя — 19.8.1662),

французскі матэматык, фізік і філосаф, адзін з заснавальнікаў гідрастатыкі. Атрымаў дамашнюю адукацыю, з дзяцінства выявіў выдатныя матэм. здольнасці. Навук. працы па арыфметыцы, тэорыі лікаў, алгебры, тэорыі імавернасцей, механіцы, філасофіі. Сфармуляваў метад поўнай матэм. індукцыі, знайшоў агульную прыкмету падзельнасці цэлых лікаў. Прапанаваў спосаб вылічэння бінаміяльных каэфіцыентаў (трохвугольнік П.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (гл. Паскаля тэарэма). Сканструяваў першую лічыльную машыну (1641 або 1642). Адкрыў адзін з асн. законаў гідрастатыкі (гл. Паскаля закон), эксперыментальна пацвердзіў існаванне атм. ціску (1648) і даказаў, што ён памяншаецца з вышынёй, выявіў гідрастатычны парадокс. З 1655 жыў у манастыры янсеністаў у Пор-Раялі. Аўтар філас. трактатаў і сатырычных твораў. Ў філас. творах развіваў думкі аб трагічнасці і кволасці чалавека, які знаходзіцца паміж двума бяздоннямі — бясконцасцю і мізэрнасцю (чалавек — «чарацінка, якая мысліць»). Шлях спасціжэння таямніц быцця і выратавання чалавека ад адчаю бачыў у хрысціянстве. Адыграў значную ролю ў фарміраванні франц. класічнай прозы. Яго імем названа мова праграмавання — паскаль і адзінка ціску — паскаль.

Тв.:

Рус. пер. — Трактат о равновесии жидкостей // Начала гидростатики. 2 изд. М.; Л., 1933;

Из мыслей // Ларошфуко Фр. де, Паскаль Б., Лабрюйер Ж. де. Суждения и афоризмы. М., 1990.

Літ.:

Стрельцова Г.Я. Блез Паскаль. М., 1979;

Тарасов Б.Н. Паскаль. 2 изд. М., 1982;

Щитцова Т.В. К истокам экзистенциальной онтологии: Паскаль, Киркегор, Бахтин. Мн., 1999.

А.​І.​Болсун.

Б.Паскаль.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),

французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.​Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.​Рымскага-Корсакава, А.​Барадзіна, асабліва М.​Мусаргскага (з І.​Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел. т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.

Літ.:

Крейн Ю. Симфонические произведения М.​Равеля. М., 1962;

Мартынов И. М.​Равель. М., 1979;

Равель в зеркале своих писем: Пер. с фр. Л., 1988.

В.​У.​Мазанік.

М.Равель.

т. 13, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),

польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.​Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.

Тв.:

Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;

Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.

Літ.:

Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;

Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБАЛЕ́НКА (Раман Карпавіч) (15.10.1907, в. Сабалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1975),

бел. пісьменнік. Скончыў Гомельскі пед. тэхнікум (1929), вучыўся ў Гомельскім пед. ін-це (1933—35). Працаваў у рэдакцыях газет, час. «Маладосць», у 1957—66 нам. гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». Друкаваўся з 1928. Аўтар паэмы «Брагінь» (1935); зб-каў вершаў «З родных крыніц» (1950), «Мая эстафета» (1954); кніг прозы «Жменя зярнят» (1957), «Сустрэчы» (1958), «Блакітнае ззянне» (1959), «Каралінцы» (1960), «З пройдзеных дарог» і «Паляўнічыя боты» (гумарыст. апавяданні, абедзве 1962), «Незамужняя ўдава» (1965), «Пад дажджом і сонцам» (1966), «Спатканне пасля разлукі» (1971), «Роздум у дарозе» (1973); кнігі нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і культуры «Колерамі вясёлкі» (1975). Аповесці «Юнацтва ў дарозе» (1956—60), «Выпрабаванне сталасці» («Іду ў жыццё», 1961), «Былое застаецца ў сэрцы» (1963) склалі трылогію «Іду ў жыццё» (1968). У творах паказваў людзей працавітых, адданых сваёй справе, сумленных, шчырых, выкрываў вытокі бездухоўнасці, мяшчанства. Лепшыя творы адметныя складанасцю псіхал. канфліктаў, прасякнуты высокім маральным пафасам. Іх мова сакавітая, нар., насычаная спецыфічнай дыялектнай ці прафес. лексікай.

Тв.:

Выбр. творы Т. 1—2. Мн., 1967—68;

Выбранае. Мн., 1977;

Творы. Т. 1—2. Мн., 1983.

Літ.:

Карпаў У. Раман Сабаленка // Полымя. 1963. № 7;

Александровіч С. Згадваючы далёкае і блізкае // Там жа. 1967. № 10;

Шамякіна Т. След у літаратуры // Там жа 1977. № 10.

Г.​С.​Шупенька.

Р.К.Сабаленка.

т. 14, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАЛО́ССЕ»,

заходнебел. літ.-навук. часопіс. Выдаваўся ў 1935—39 у Вільні на бел. мове штоквартальна. Меў бібліягр. аддзел «Кнігапіс», вёў хроніку культ. жыцця ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчаў матэрыялы па бел. гісторыі, сац. псіхалогіі, этнаграфіі, культуры, краязнаўстве, мова- і літ.-знаўстве. З’яўляўся гал. трыбунай бел. інтэлектуальнага асяродка ў Зах. Беларусі ў 2-й пал. 1930-х г. Сваімі праграмнымі ўстаноўкамі садзейнічаў нац. адраджэнню, пашырэнню грамадска-культ. базы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У часопісе супрацоўнічалі М.​Шкялёнак (рэдактар), Я.​Шутовіч (адказны рэдактар, з 1937 рэдактар-выдавец), Н.​Арсеннева, В.​Багдановіч, М.​Васілёк, А.​Луцкевіч, М.​Машара, У.​Самойла, М.​Танк, В.​Таўлай, Р.​Шырма і інш. Ідэйнае аблічча часопісу надаваў А.​Станкевіч, які выступаў з публікацыямі па пытаннях нац. адраджэння, пра газ. «Мужыцкая праўда», «Гоман», Ф.​Скарыну, Б.​Эпімаха-Шыпілу і інш., з рэцэнзіямі на кнігі. Упершыню ў бел. друку ўзняў пытанне пра выкарыстанне псіхааналізу ў літ.знаўстве, разглядаў нац. самасвядомасць як фактар псіхічнага і духоўнага здароўя асобы. Выступаў з крытыкай рас. і польск. гісторыкаў, якія, фетышызуючы вайск. і дзярж. моц б. шляхецкай Рэчы Паспалітай і самадзяржаўнай Расіі, прыніжалі культуру ВКЛ. Сцвярджаў самабытнасць шляху бел. сялянства пасля адмены прыгоннага права. Публікаваў маст. творы зах.-бел. пісьменнікаў, перадрукоўваў творы пісьменнікаў БССР. Змяшчаў артыкулы пра Ф.​Шаляпіна, Ш.​Руставелі, М.​Рэрыха і інш. Выйшла 20 кніжак. Спыніў дзейнасць у сувязі з набліжэннем 2-й сусв. вайны.

У.​А.​Калеснік.

Вокладка часопіса «Калоссе». 1935.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,

прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.

Літ.:

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.

В.​В.​Краснова.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙЯ ПІСЬМО́,

арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г. вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.​Кнарозаў.

Літ.:

Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;

Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;

Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.

Пісьмо Майя. Старонка дрэздэнскага рукапісу.

т. 9, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)