устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.
Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.
Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬНОЎБО́РАЧНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для ўборкі і першаснай апрацоўкі лёну-даўгунцу. Да іх адносяцца лёнаўборачныя камбайны, ільноцерабілкі, падборшчыкі-ачэсвальнікі, пераварочвальнікі і ўспушвальнікі льностужак, рулонныя прэс-падборшчыкі трасты.
Ільноўборачны камбайн — прычапны да трактара «Беларусь», бывае з вязальным апаратам або з рассцілачным шчытом. Адначасова цярэбіць лён, ачэсвае насенныя галоўкі, звязвае льносаломку (ачасаныя сцёблы) у снапы або рассцілае яе стужкай па полі, збірае ачасаныя галоўкі ў прычэп. Насенныя галоўкі сушаць актыўным вентыліраваннем або з дапамогай сушыльнай устаноўкі, перапрацоўваюць на малатарні-веялцы. Ільноцерабілка (звычайна франтальная навясная) вырывае лен і рассцілае яго стужкаю на полі. Падборшчыкі-ачэсвальнікі падымаюць прасохлыя стужкі лёну, ачэсваюць насенныя галоўкі, пераварочваюць ачасаныя сцёблы, рассцілаюць іх зноў на льнішчы і збіраюць ачасаныя галоўкі ў бункер. Ворах ад падборшчыка-ачэсвальніка возяць трактарнымі прычэпамі або аўтамабілямі на перапрацоўку на малатарні-веялцы. Для паскарэння прасыхання льносаломы выкарыстоўваюць пераварочвальнік або ўспушвальнік стужак. Рулонны прэс-падборшчык трасты падбірае трасту і звязвае яе ў кіпы-рулоны. Складаецца з падборачнага барабана, вязальнага апарата, прэс-камеры. Пры выкарыстанні падборшчыкаў, якія падбіраюць і звязваюць трасту ў снапы, апошнія абмалочваюць ільномалатарнямі. Яны ачэсваюць снапы, пераціраюць галоўкі, выдаляюць насенне, папярэдне ачышчаюць яго. Завяршае тэхнал. працэс перапрацоўка трасты на валакно з дапамогай ільнотрапальных і кудзелепрыгатавальных машын (гл.Ільноапрацоўчыя машыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЦЬ,
традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел.нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз.свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.
Ю.А.Якімовіч.
Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА ВЫКА́ЗВАННЯЎ,
прапазіцыянальная логіка, раздзел логікі, у якім вывучаюцца лагічныя сувязі паміж простымі і складанымі выказваннямі. Простае (атамарнае) выказванне не ўключае ў сябе іншыя выказванні і разглядаецца як пераменная, якая прымае або ісціннае, або няісціннае значэнне. Канкрэтны змест і ўнутр. структура выказванняў пры гэтым не разглядаюцца. Складанае выказванне складваецца з іншых выказванняў пры дапамозе ўзаемазвязаных лагічных (прапазіцыянальных) звязак. Так, злучэнне двух выказванняў з дапамогай звязкі «і» дае складанае выказванне (кан’юнкцыю), якое з’яўляецца ісцінным, толькі калі абодва гэтыя выказванні ісцінныя. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай звязкі «або» (дыз’юнкцыя), ісціннае, калі хаця б адно з гэтых двух выказванняў ісціннае. Складанае выказванне, утворанае з дапамогай «не» (адмаўленне), ісціннае, калі толькі зыходнае выказванне няісціннае. Складанае выказванне, атрыманае з двух выказванняў з дапамогай звязкі «калі, то» (імплікацыя), ісціннае ў 3 выпадках: абодва гэтыя выказванні ісцінныя, абодва яны няісцінныя; першае з выказванняў (за словам «калі») няісціннае, а другое (за словам «то») ісціннае, імплікацыя з’яўляецца няісціннай, толькі калі першае з яе выказванняў ісціннае, а другое няісціннае. Мова Л.в. уключае бясконцае мноства пераменных (P, g, r, ... Pi, gi, ri, якія ўяўляюць сабой выказванні), і асаблівыя сімвалы для лагічных звязак: & — кан’юнкцыя («і»), ∨ — дыз’юнкцыя («або»), ¬ — адмаўленне («не» або «няправільна, што»), → — імплікацыя («калі, то»), ↔ — эквівалентнасць («калі і толькі калі»). Л.в. можа быць прадстаўлена таксама ў форме лагічнага злічэння, у якім задаецца спосаб доказу некаторых выказванняў.
Літ.:
Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБО́РШЧЫК,
прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.
Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.
В.М.Кандрацьеў.
Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗ... (франц. dés... ад..., раз...), прыстаўка, якая абазначае знішчэнне, выдаленне, спыненне або адсутнасць чаго-н., напр., дэзінфекцыя, дэзінфармацыя.