раздзел прыкладной ядз. фізікі, які займаецца вымярэннем і вывучэннем іанізавальных выпрамяненняў і эфектаў узаемадзеяння іх з рэчывам. На аснове рэгістрацыі выпрамянення метадамі Д. атрымліваюць таксама інфармацыю аб крыніцах выпрамянення, іх ізатопным складзе і размеркаванні ў прасторы, апрамененым целе. Тэхн. сродкамі Д. з’яўляюцца дазіметрычныя прылады (дазіметры).
Пачала развівацца ў сувязі з неабходнасцю стварэння радыяцыйнай бяспекі чалавека, потым набыла важнае значэнне ў фіз., хім. і радыебіял. даследаваннях, радыяцыйнай тэхналогіі, ахове навакольнага асяроддзя. Раздзел Д., звязаны з вызначэннем эквівалентнай дозы выпрамянення, наз.эквідазіметрыяй; метады вымярэння актыўнасці радыеактыўных крыніц складаюць аснову радыеметрыі; даследаванні біял. ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на клетачным і малекулярным узроўнях выклікалі ў 1960-я г. інтэнсіўнае развіццё мікрадазіметрыі, якая займаецца пытаннямі мікраскапічнага размеркавання энергіі пры ўзаемадзеянні выпрамянення з рэчывам. Гл. таксама Дозы выпрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́МБА (галанд. dam),
гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе насыпу, будовай аналагічнае земляной плаціне. Бываюць напорныя і безнапорныя. Выкарыстоўваюцца для аховы ад затаплення і падтаплення с.-г. угоддзяў, населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў (Д. абвалавання), для рэгулявання рэчышчаў, прадухілення іх размываў, адкладання наносаў (рэгулявальныя Д.).
Д. абвалавання будуюць з мясц. грунтоў, яны могуць умацоўвацца каменным накідам, бетоннымі або жалезабетоннымі плітамі, мець проціфільтрацыйныя ядро або экран з гліністых грунтоў ці поліэтыленавай плёнкі, дрэнаж. Рэгулявальныя Д. будуюць з каменнага накіду, каркасна-каменных канструкцый, фашын і інш. (гл.Рэгуляцыйныя збудаванні). На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Д. робяцца пры буд-ве вадасховішчаў і водных сістэм (напр., на Вілейска-Мінскай воднай сістэме).
Г.Г.Круглоў.
Папярочныя профілі дамбаў абвалавання з экранам з грунтавога матэрыялу (1), з ядром (2) і з экранам з поліэтыленавай плёнкі (3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫ́ЧНАЯ ПЛО́СКАСЦЬда паверхні ў пункце,
плоскасць, у якой ляжыць датычная прамая да кожнай лініі на паверхні, праведзенай праз гэты пункт.
Калі паверхня вызначана ўраўненнем F(x, y, z) = 0, дзе F(x, y, z) — дыферэнцавальная функцыя, ураўненне Д. п. да гэтай паверхні ў яе пункце M0(x0, y0, Z0) мае выгляд (F′x)0 (x−x0) + (F′y)0(y−y0) + (F′z)0 (z−z0) = 0, дзе (F′x)0, (F′y)0, (F′z)0 — частковыя вытворныя функцыі F(x, y, z) у пункце M0. Д.п. да паверхні σ у пункце M0 характарызуецца тым, што адлегласць h ад гэтай плоскасці да зменнага пункта М паверхні σ пры імкненні М да M0 з’яўляецца бясконца малой у параўнанні з адлегласцю MM0.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎНА ХВАРО́БА,
храмасомная хвароба, пры якой адставанне ў разумовым і фіз. развіцці спалучаецца са своеасаблівым вонкавым выглядам хворых і недастатковасцю функцый залоз унутр. сакрэцыі (найчасцей шчытападобнай залозы). Апісана англ. урачом Л.Даўнам у 1866. У хворых на Д.х. колькасць храмасом у клетках 47 замест 46 (3 замест 2 храмасом 21-й пары). Прыкметы: паменшаныя памеры галавы, вузкія вочныя шчыліны, косы разрэз вачэй, скурныя складкі каля ўнутр. вуглоў вачэй, плоскі твар са скулавымі дугамі, кароткі нос з шырокім пераноссем, дэфармаваныя вушы, тоўсты язык, рэдкія зубы, паўадкрыты рот. Ужо на першым годзе жыцця назіраецца адставанне ў развіцці псіхікі (гл.Алігафрэнія) і рухальных навыкаў. Дзеці пазней пачынаюць сядзець і хадзіць; тонус іх мышцаў парушаны, аб’ём рухаў у суставах павялічаны, палавыя органы недаразвітыя. Лячэнне малаэфектыўнае. Навучанне ў спец. школах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВОР,
1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст. адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сцьс.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІТРУ́К (Праскоўя Фёдараўна) (15.10.1899, в. Ліскі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.12.1978),
удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў бежанцах у Арэхава-Зуеве. Чл.КПЗБ з 1924. У 1926—33 сакратар Гродзенскага акругкома КПЗБ, працавала ў Пінскім, Баранавіцкім, Беластоцкім, Брэсцкім, Віленскім і Кракаўскім акругкомах КПЗБ (парт.псеўд.Маруся, Надзя, Вера, Галубок і інш.). У 1925—26 вучылася ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ прыЦККП(б)Б у Мінску, у 1929—31 — у Камуніст. ун-це нац. меншасцей імя Ю.Ю.Мархлеўскага ў Маскве. У 1933 арыштавана польск. ўладамі і асуджана на 10 гадоў турмы. Дэп.Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1939—41 і 1945—55 на сав. рабоце ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАЯ СЛУ́ЖБА,
від працоўнай дзейнасці. якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафес. аснове ў дзяржаўным апараце. У Рэспубліцы Беларусь праходжанне Дз.с. рэгламентуецца Канстытуцыяй, Законам «Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце» ад 23.11.1993, інш. нарматыўнымі актамі. Права на Дз.с. маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь незалежна ад сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адносін да рэлігіі, паліт. поглядаў. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць прыцягвацца для работы ў дзярж. апараце як кансультанты ці эксперты. Да дзяржслужачых адносяцца асобы, якія займаюць у прадугледжаным заканадаўствам парадку пасады ў дзярж. апараце, надзелены адпаведнымі паўнамоцтвамі і атрымліваюць за сваю працу заработную плату. Асн. правы і абавязкі дзярж. служачых, правілы іх паводзін, парадак праходжання і спынення Дз.с. рэгулююцца заканадаўствам. Пры пэўных абставінах дзярж. служачыя маюць права на адстаўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.