АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),

дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.

Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз. брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл. Алмазная прамысловасць).

Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).
Да арт. Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.​А.​Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.​В.​Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАМА́СТЫКА (ад грэч. onomastikos які адносіцца да наймення),

1) сукупнасць уласных імёнаў (анімія).

2) Раздзел мовазнаўства, які вывучае паходжанне, развіццё, структуру, функцыянаванне і пашырэнне ўласных імёнаў. Анамастыка падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з катэгорыямі аб’ектаў, што носяць уласныя імёны: антрапаніміка (вывучае ўласныя асабовыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы людзей, імёны-мянушкі, псеўданімы), тапаніміка, тэаніміка (імёны багоў, міфал. істот), зааніміка (клічкі жывёл), касманіміка (назвы зон касм. прасторы, галактык і сузор’яў), астраніміка (назвы асобных нябесных целаў) і інш. У залежнасці ад моўных асаблівасцяў уласных імёнаў вылучаюць анамастыку літаратурную і дыялектную, рэальную і паэтычную (або маст. тэкстаў), сучасную і гіст., тэарэт. і прыкладную. Анамастычны матэрыял — своеасаблівы хавальнік шматлікіх, часта не зафіксаваных інш. крыніцамі фактаў гісторыі, культуры і мовы народа. Уласнымі імёнамі вучоныя цікавіліся з даўніх часоў, але як навука анамастыка сфарміравалася ў 1930-я г. У 1949 у Бельгіі створаны Міжнар. анамастычны камітэт пры ЮНЕСКА (з 1950 выдае час. «Onoma»). У развіццё анамастыкі зрабілі ўклад бел. мовазнаўцы Я.​М.​Адамовіч, Л.​А.​Акаловіч, М.​В.​Бірыла, В.​П.​Лемцюгова, М.​Р.​Суднік, Г.​К.​Усціновіч, І.​Я.​Яшкін.

Літ.:

Бірыла М.В., Лемцюгова В.П. Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах. Мн., 1973;

Перспективы развития славянской ономастики. М., 1980.

т. 1, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСНІ́ЦЫ (Rhodococcum vitis-idaea),

від кветкавых раслін сям. верасовых. Пашыраны ў халодных і ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.

Шматгадовазялёная кусцікавая расліна выш. 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Мае эндатрофную мікарызу. Лісце дробнае, шчыльнае, скурыстае, бліскучае, суцэльнае і суцэльнакрайняе, эліпсоіднае. Кветкі званочкавыя, бледна-ружовыя, са слабым пахам, сабраныя ў густыя кароткія паніклыя гронкі на канцах леташніх парасткаў. Плады — шарападобныя ярка-чырвоныя або бела-ружовыя ягады, ядомыя, з прыемным кісла-салодкім смакам (ураджайнасць 150—200 кг/га). Каштоўная харч., кармавая (для звяроў і птушак), дубільная, меданосная, дэкар. і лек. (мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак) расліна, мае бялкі, вугляводы, арган. к-ты (бензойная, яблычная, лімонная, воцатная, мурашыная, шчаўевая і інш.), цукры (цукроза, фруктоза, глюкоза), пекціны, мінер. і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны С, B9, РР, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і інш. З лек. мэтай ужываюць лісце і спелыя ягады. Ягады спажываюць свежыя і мочаныя, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, для квашання капусты, як гарнір да мясных страў, з іх гатуюць варэнне, джэм, павідла, марынады, кісель, сок, сіроп, морс, бруснічную ваду, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю.

Брусніцы.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.​Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.​Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.​Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́КАН ((Bacon) Фрэнсіс) (22.1.1561, Лондан — 9.4.1626),

англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве I. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук. індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводле паліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).

Тв.:

The works. Vol. 1—14. London, 1857—74;

Рус. пер. — Соч. Т. 1—2. 2 Изд. М., 1977—78.

В.​М.​Пешкаў.

т. 3, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬТЭ́Р [Voltaire; сапр. Аруэ (Arouet) Мары Франсуа; 21.11.1694, Парыж — 30.5.1778],

французскі пісьменнік і філосаф, адзін з прадстаўнікоў франц. Асветніцтва. Ранняя лірыка прасякнута эпікурэйскімі і антыклерыкальнымі матывамі. Сталая проза розная па тэмах і жанрах: філас. аповесці «Кандыд, або Аптымізм» (1759), «Прастадушны» (1767), трагедыі ў стылі класіцызму «Брут» (1731), «Танкрэд» (выд. 1761), сатырычная паэма «Арлеанская нявінніца» (1735, выд. 1755), публіцыстыка, гіст. творы. Светапогляд яго супярэчлівы. Выступаючы прыхільнікам механікі і фізікі Ньютана, ён прызнаваў існаванне Бога-творцы, схіляўся да атаясамлівання Бога («вялікага геаметра») і прыроды. Дзейнасць яго звязана з барацьбой супраць рэліг. нецярпімасці і цемрашальства, крытыкай феад.-абсалютысцкай сістэмы, заганаў цывілізацыі. Асн. творы: «Філасофскія пісьмы» (1733), «Трактат пра метафізіку» (1734), «Нарыс пра норавы і дух народаў...» (1756), «Філасофскі слоўнік» (1764—69). Яго творчасць значна паўплывала на развіццё сусветнай, у т. л. беларускай, філас. думкі. На Беларусі і ў Літве творы Вальтэра пачалі пашырацца з сярэдзіны 18 ст. ў франц. арыгіналах і ў перакладах. У тэатрах Вільні, Нясвіжа і інш. гарадоў ставіліся яго п’есы.

Тв.:

Рус. пер. — Орлеанская девственница;

Магомет: Филос. повести. М., 1971;

Философские сочинения. М., 1988.

Літ.:

Державин К.Н. Вольтер. М., 1946;

Вольтер: Ст. и материалы. М.; Л., 1948;

Кузнецов В.Н. Вольтер и философия французского просвещения XVIII в. М., 1965;

Акимова А.А. Вольтер. М., 1970.

Вальтэр.

т. 3, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСАЛІТЭ́Т (франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),

сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст. юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.

В.​Л.​Насевіч.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАР (ад лац. vector вядучы, нясучы),

1) накіраваны адрэзак пэўнай даўжыні. Абазначаецца лац. літарамі тлустага шрыфту a, A (AB — калі пачатак вектара ў пункце A, канец у пункце B) ці светлага шрыфту з рыскай або стрэлкай над імі: a_, a→, AB___, AB⟶. Даўжынёй (модулем) вектара наз. даўжыня адрэзка AB і абазначаецца AB ці |AB⟶|.

Два вектары роўныя, калі яны паралельныя ці аднолькава накіраваныя і маюць аднолькавую даўжыню. Вектар, пачатак і канец якога супадаюць, наз. нуль-вектарам, даўжыня яго роўная нулю. Яму не прыпісваецца ніякі напрамак. Вектар, даўж. якога роўная адзінцы, наз. адзінкавым. На плоскасці ці ў прасторы ўсякі вектар можа быць паказаны накіраваным адрэзкам, адкладзеным ад пачатку каардынат. Таму вектар можна задаваць трыма сапраўднымі лікамі (x, y, z) — праекцыямі вектара на восі прамавугольнай сістэмы каардынат (каардынатамі вектара). У n-мернай прасторы вектар вызначаецца як упарадкаваная сістэма n сапраўдных лікаў (x1, x2, ..., xn).

З дапамогай вектара ў матэматыцы, фізіцы і механіцы апісваюцца сілы, скорасці, паскарэнні і інш. велічыні, зададзеныя лікам і напрамкам. Гл. таксама Вектарнае злічэнне.

2) У пераносным сэнсе — пэўны кірунак у якой-н. сферы дзейнасці ці адносін (напр., у палітыцы, эканоміцы і г.д.).

А.​А.​Гусак.

Вектар OM з праекцыямі x, y, z; i, j, k — орты прамавугольнай дэкартавай сістэмы каардынат.

т. 4, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)