у старажытнагрэч. міфалогіі адзін з тытанаў, сын Урана і Геі. Па навучанні маці кастрыраваў Урана, каб спыніць яго род, заняў трон і ўзяў за жонку сястру Рэю. Паводле прадказання Геі, яго павінен быў звергнуць сын, таму калі ў Рэі нараджаліся дзеці, К. адразу ж глытаў іх. Рэя падманула мужа і замест народжанага Зеўса падклала яму спавіты камень, які і праглынуў К. Зеўс вырас і прымусіў бацьку вярнуць астатніх дзяцей, якія склалі пакаленне алімп. багоў, а К. і тытанаў скінуў у тартар. Культ К. быў асабліва папулярны ў Алімпіі і Афінах, дзе ў яго гонар спраўлялі святкаванні (кроніі). У рым. міфалогіі яму адпавядае Сатурн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУК (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1954, в. Згурск Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фалькларыст. Канд.філал.н. (1985). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1975). З 1979 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1992 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1998 прарэктар Бел.АМ. Даследуе бел. фальклор, нар. культуру, бел.нар. каляндар і інш. Аўтар манаграфій «Усходнеславянскія казкі пра жывёл» (1992), «Следам за сонцам: Беларускі народны каляндар: свята, абрады, паэзія» (1994), сааўтар прац «Магія слова чароўнага», «Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць» (абедзве 1995), «Народная культура і сучасная школа» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖАДЗЮ́БЫ (Loxia),
род птушак сям. ўюрковых атр. вераб’інападобных. 3 віды: К.-яловік (L. curvirostra), К.-сасновік (L. pytyopsittacus) і К. белакрылы (L. leucoptera). Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Цэнтр, Амерыцы, Паўн.-Зах. Афрыцы. Жывуць у хвойных лясах. На Беларусі трапляюцца ўсе віды.
Даўж. да 20 см, маса да 58 г. Апярэнне самцоў буравата-чырв., самак — зеленаватае. Дзюба вял., жоўтая, яе верхняя і ніжняя ч. перакрыжаваныя (адсюль назва). Кормяцца насеннем з шышак елкі. хвоі і інш., насякомымі. Трымаюцца невял. чародкамі, у час гнездавання — парамі. Гнёзды на дрэвах. Нясуць 2—5 яец 1—2 разы за год.
Да арт.Крыжадзюбы. Крыжадзюб-яловік (1 — самец; 2 — самка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з г. Крычаў Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 — пач. 18 ст. Выраблялі з чырв. гліны паліваны сталовы посуд, кафлю, дэкар.арх. ўпрыгожанні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытв-сці. У 16—18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай («мураўлёнай») кафлі пераважалі геам. і расл. арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. У пач. 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст.
М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.
Да арт.Крычаўская кераміка. Тэракотавая кафля з выявай букета. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭВЕ́ТКІ (Natantia),
падатрад беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, пераважна ў тропіках і субтропіках, ёсць прэснаводныя. На Беларусі акліматызавана (1982, ахаладжальныя вадаёмы Бярозаўскай ДРЭС) К. ўсходняя субтрапічная рачная (Macrobrachium nipponense).
Даўж. 2—30 см. Брушка значна даўжэйшае за галавагрудзі. Пярэднія ногі (2—3 пары) узброены клюшнямі. Брушныя канечнасці служаць для плавання, выношвання ікры (у самак) і ў якасці капулятыўнага органа (у самцоў). Некаторыя К. мяняюць афарбоўку цела, сярод глыбакаводных ёсць формы, якія свецяцца. Кормяцца водарасцямі, воднымі беспазваночнымі, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Раздзельнаполыя. Аб’екты промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КТЫРЫ́ (Asilidae),
сямейства прамашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Больш за 5500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў стэпах і пустынях. На Беларусі найб. трапляюцца К. гарбаты, або ляфрыя гарбатая (Laphria gibbosa), К. жоўты (L. flavia), К. шэршнепадобны (Asilus crabroniformis), ястрабніцы празрыстакрылая (Dioctria hyalipennis) і рыжая (D. mfipes). Жывуць на ўзлесках, высечках, уздоўж дарог.
Даўж. да 50 мм. Галава шырокая, рухомая. Вочы вял., брушка доўгае. Ногі і цела (у многіх відаў) укрыта валаскамі і шчацінкамі. Драпежнікі, кормяцца жукамі, пчалінымі, саранчовымі. Лічынкі жывуць у глебе, гнілой драўніне, кормяцца пераважна лічынкамі жукоў, інш. насякомых, ёсць расліннаедныя. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДА́САВА (Надзея Сяргееўна) (н. 19.9.1932, в. Дзякавічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел.самадз. мастачка. Другая жонка Я.Запрудніка. У 1944 з сям’ёй старэйшага брата выехала ў Германію. З 1950 у ЗША. Жыве ў г. Самэрсэт (штат Нью-Джэрсі), працавала лабаранткай у мед. школе. Адна з арганізатараў выставак бел. мастацтва і ўмельства ў г. Саўт-Рывер (з 1974), уваходзіць у кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Працуе ў тэхніцы акварэлі і алейнага жывапісу, У творчасці адлюстроўвае маляўнічыя бел. краявіды, узаемадзеянне чалавека з прыродай — «Сланечнік» (1970-я г.), <-Бярозы» (1976), «Васількі» (1989) і інш. Творы ўпрыгожваюць бел. цэрквы і культ.-грамадскія цэнтры за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТЫ,
урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУСБССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСКО́ВА,
архітэктурна-мастацкі ансамбль 18 ст. ў Маскве. Былая загарадная рэзідэнцыя графаў Шарамецевых, з 1960 у межах Масквы. Уключае класіцыстычныя драўляны палац (1769—75, пад кіраўніцтвам арх. К.І.Бланка, у інтэр’еры больш за 60 мармуровых статуй і бюстаў 18 ст.), рэгулярны парк з дэкар. скульптурай і павільёнамі — «Галандскі» (1749—51) і «Італьянскі» (1754—55, арх. Ю.І.Калагрываў, Ф.С.Аргуноў) домікі, «Грот» (1755—75), «Аранжарэя» (1761—64, абодва арх. Аргуноў), «Эрмітаж» (1765—67, пры ўдзеле арх. Бланка) і інш. З 1918 музей (з 1938 Музей керамікі і «Сядзіба Кускова XVIII стагоддзя»).
Літ.:
Баранова О. Кусково: Иллюстрированный очерк. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр.Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.