род кветкавых раслін сям. гераніевых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, таксама ў Аўстраліі і М. Азіі. Як эфіраалейную расліну культывуюць П. ружовую (P. roseum) — складаны гібрыд многіх відаў, пад назвай «герань» вырошчваюць у пакоях і аранжарэях. На Беларусі інтрадукаваны 4 віды П.: буйнакветная (P. grandiflorum), духмяная (P. graveolens), занальная (P. zonale), паўзучая (P. peltatum).
Травы або паўкусты, часта з крухмаланоснымі клубнямі. Лісце супраціўнае з прылісткамі, лопасцевае або перыста-рассечанае, звычайна з залозістым апушэннем. Кветкі няправільныя, белыя, ліловыя, чырв., ружовыя, фіялетавыя, простыя ці махрыстыя, у пазушных парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Эфіраалейныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЬТЫГЕ́РА (Peltigera),
род ліставатых лішайнікаў сям. пельтыгеравых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, большасць у тропіках і субтропіках Паўд. паўшар’я. На Беларусі 10 відаў. Найб. вядомыя П.: бураватая (P. rufescens), пухірыстая (P. aphthosa), сабачая (P. canina), шматпальцавая (P. polydactyla). У Чырв. кнігу занесена П. гарызантальная (P. horizontalis). Трапляюцца на глебе, каля асновы ствалоў, на пнях у лясах, на лугах.
Слаявіна буйналопасцевая (дыяметрам 3—30 см). Зверху шэрая або карычневая, пладовыя целы (апатэцыі) размешчаны па краі лопасцяў. Знізу — светлая з жылкамі, на якіх знаходзяцца рызіны (органы прымацавання да субстрату). Сумкі 6—8-споравыя. Споры бясколерныя або карычневыя Фікабіёнт — водарасць пераважна з роду насток.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НАЧКІ (Phylloscopus),
род птушак сям. валасянкавых атр. вераб’інападобных. 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, 1 від пранікае на Аляску. Жывуць у лясах, гаях, лесапарках, садах. Гняздуюцца на зямлі, часам на кустах. На Беларусі 4 пералётныя віды: П.-вяснічка (Ph. trochilus, нар. назва будаўнічок), П.-жаўтаброўка, або П.-трашчотка (Ph. sibilatrix), П. зялёная (Ph. trochiloides) і П.-цянькоўка (Ph. collybitus).
Даўж. да 14,5 см, маса да 12,5 r. Апярэнне пераважна няяркае, бураватае або зеленаватае, ніз цела жаўтаваты; у некат. над вокам светлая палоска. Кормяцца насякомымі, павукамі, часам ягадамі. Нясуць да 8 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),
надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусінайб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.
Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт.Кляшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРО́З, несапраўдная мучністая раса,
хвароба раслін, якая выклікаецца паразітычнымі грыбамі з роду перанаспора. Пашкоджвае лісце, суквецці, плады і інш. Пашыраны ўсюды. На Беларусі на П. часцей хварэюць цыбуля, буракі, капуста, рэдзька, бабовыя. З інш.с.-г. культур шкодзіць вінаграду, агуркам, сланечніку, тытуню. Значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расліннымі рэшткамі), можа разносіцца ветрам, вадой. На зялёных ч. раслін утвараюцца плямы з шэраватым мучністым налётам на ніжнім баку. У хворых раслін дэфармуюцца тканкі, запавольваецца рост. Меры барацьбы: чаргаванне культур, апырскванне фунгіцыдамі, унясенне фосфарных і калійных угнаенняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНАЯ АПРАЦО́ЎКА ВО́ЎНЫ,
комплекс тэхнал. працэсаў па падрыхтоўцы воўны-сыравіны да далейшай перапрацоўкі. Адбываецца на спец. прадпрыемствах воўнаапрацоўчай прам-сці — фабрыках па П.а.в. (на Беларусі ў пас. Ільіч Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.). Асн. этапы: сартаванне, трапанне, мыццё, высушванне.
Пры сартаванні атрымліваюць аднародныя па тэхн. якасцях партыі воўны. Сартаваная воўна на трапальных агрэгатах разрыхляецца, і пазбаўляецца мех. прымесей. Мыюць воўну ў мыйных агрэгатах цёплым (40—48 °C) мыльна-содавым растворам, выдаляюць тлушчапот, мінер. прымесі, адціскаюць, разрыхляюць і высушваюць пры т-ры 50—60 °C. Пры парушэннях рэжымаў П.а.в. ўзнікаюць заганы воўны: зніжэнне трываласці, пругкасці, эластычнасці, страта бляску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЖМА (Tanacetum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і.
У Забайкаллі і Манголіі ўтвараюць піжмавыя стэпы. На Беларусі 1 дзікарослы від — П. звычайная, або дзікая рабінка (T. vulgare), стараж.лек. расліна. Трапляецца на палях, у хмызняках, каля дарог і жылля. Інтрадукавана П. паўночная (T. boreale).
Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя або ўзыходныя. Лісце перыстарассечанае ці чаргаванае з кропкавымі паглыбленнямі, апушанае. Кветкі жоўтыя, трубчастыя, у кошыках, сабраных у шчыткападобныя суквецці, радзей адзіночныя. Плод — сямянка. Траву П. выкарыстоўваюць у харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці (заменнік карыцы, мускатнага арэху). Харч., лек., інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЧУ́К (Мікалай Рыгоравіч) (4.2.1921, в. Ізюмава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 12.1.1978),
Герой Сав. Саюза (1945), Засл. лётчык-выпрабавальнік (1969). Скончыў Бабруйскі аэраклуб (1940), Армавірскую ваен. авіяшколу (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1954). Ў Чырв. Арміі з 1940. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Зах. і 3-м Бел. франтах. Удзельнік вызвалення Смаленшчыны, Беларусі, баёў ва Усх. Прусіі. Камандзір знішчальнай эскадрыллі маёр П. за час вайны зрабіў 307 баявых вылетаў, збіў 22 самалёты ворага, адзін з іх тараніў у 1943 у раёне г. Ельня (Расія), 2 — у групавых баях. Да 1975 у Сав. Арміі. Аўтар кн. «У паветры — Які» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫ́ШКА (Фёдар Барысавіч) (1.3.1898, г. Дубровіца Ровенскай вобл., Украіна — 1.12.1991),
дзеяч рэв. руху ў Зах.Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў арміі, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. З 1924 сакратар Дубровіцкага, з 1926 Баранавіцкага, Пінскага, Брэсцкага, Гродзенскага, Віленскага акр. к-таў КПЗБ. У 1928 арыштаваны і зняволены ў турму на 6 гадоў. З 1934 у СССР, вучыўся ў аспірантуры Камуніст. ун-та нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага. З 1936 чл.ЦККраявога сакратарыята ЦККПЗБ. У 1938 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турэмнага зняволення. У Вял.Айч. вайну ў Чырв. Арміі. У 1944—56 на сав. і парт. рабоце. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАЖЭ́РКІ (Laspeyresiini),
трыба (шэраг родаў) матылёў сям. ліставёртак. Каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, асабліва шматлікія ў лясах Еўразіі. Многія віды — шкоднікі. На Беларусі каля 30 відаў; найб. шкодныя слівавая пладажэрка, яблыневая пладажэрка, П. арэхавыя (Laspeyresia amplana, L. splendana), гарохавая (L. nigricana), гарошкавая (Grapholitha dorsana).
Размах крылаў да 25 мм; пярэднія цёмныя са стракатым малюнкам, заднія больш светлыя, аднатонныя. Вусені ад чырванавата-ружовага да светлага колеру, з цёмнай галавой; развіваюцца ў пладах (адсюль назва), насенні, кары, парастках і каранях раслін. Часам да П. адносяць матылёў трыбы кахіліны, асобныя віды агнёвак і некат. інш. матылёў.