ПА́РТЫЯ [франц. parti ад лац. pars (partis) частка, група],
1) палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа, іншых сац. груп і слаёў, аб’ядноўвае найб. актыўных іх прадстаўнікоў і кіруе барацьбой для дасягнення пэўных мэт.
2) Група людзей, аб’яднаных для якой-н. мэты; атрад (напр., П. геолагаў).
3) Пэўная колькасць прадметаў, тавару.
4) Гульня (у шахматы, шашкі, карты і пад.) да пэўнага выніку.
т. 12, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІВЕ́ННЕ,
змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.
т. 12, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНАМО́ЦТВА,
права адной асобы (прадстаўніка) ажыццяўляць здзелкі ад імя другой (прадстаўленага), тым самым ствараць, змяняць або спыняць правы і абавязкі прадстаўленага. Паводле цывільнага права Рэспублікі Беларусь можа быць заснавана на даверанасці, заканадаўстве або акце ўпаўнаважанага на тое дзярж. органа ці органа мясц. кіравання і самакіравання, а таксама вынікаць з абставін, у якіх дзейнічае прадстаўнік (напр., прадавец у краме, касір і да т.п.).
т. 12, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ПРАХО́Д,
паўночны марскі шлях паміж Атлантычным і Ціхім ак. праз моры і пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага. Упершыню пройдзены з У на З у 1903—06 нарв. экспедыцыяй Р.Амундсена на судне «Іоа» (з 3 зімоўкамі), у 1944 — за адну навігацыю Г.Ларсенам на тым жа судне. Большую ч. года ўкрыты лёдам. У адрозненне ад Паўн.-Усх. праходу (гл. Паўночны марскі шлях) малаасвоены.
т. 12, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧАТКО́ВАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
першая ступень агульнай школьнай адукацыі, мэта якой — засваенне вучнямі агульнаадук. ведаў, якія забяспечваюць развіццё пазнавальных здольнасцей і сац. зносін, а таксама фарміраванне асн. навыкаў навуч. дзейнасці. Змест, метады і формы арг-цыі П.а. залежаць ад яе сац. значэння і месца ў сістэме адукацыі. П.а. вучні атрымліваюць у пач. класах агульнаадук. школы, або ў пачатковай школе як самаст. навучальна-выхаваўчай установе.
т. 12, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛО́ТАС (Pelotas),
горад на Пд Бразіліі, у штаце Рыу-Гранды-ду-Сул. Засн. ў канцы 18 ст. Каля 300 тыс. ж. (1999). Порт на канале Сан-Гансалу, паблізу ад увахода ў лагуну Патус. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, жывёлагадоўля, пчалярства). Цэнтр харчасмакавай прам-сці (мясахаладабойні, піваварэнне). Прадпрыемствы лёгкай, тэкст., дрэваапр. прам-сці. 2 ун-ты.
т. 12, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),
пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.
т. 12, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАЛО́КА, Цяплуха,
рака, левы прыток р. Правая Лясная (бас. Зах. Бута), у Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. і Польшчы. Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 155 км². Пачынаецца з балотнага масіву і цячэ па тэр. Белавежскай пушчы, вусце на мяжы з Польшчай. У верхнім цячэнні наз. Саломенка. На рацэ вадасх. Белавежская Пушча. Ад вытоку да пункта за 2 км ніжэй вадасховішча рэчышча каналізаванае.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА НА ПАРУ́КІ,
прававы інстытут вызвалення ад крымінальнай адказнасці за злачынства, якое не ўяўляла вял. грамадскай небяспекі, а асоба, якая яго ўчыніла, магла быць выпраўлена без выкарыстання крымін. пакарання. Адной з неабходных умоў магчымасці П.н.п. была наяўнасць хадайніцтва грамадскай арг-цыі або прац. калектыву, якія паручыліся за правапарушальніка. Існавала ў 1961—94. З-за неэфектыўнасці гэты ін-т выключаны з КК Рэспублікі Беларусь.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФАРА́ТАР (ад лац. perforo прасвідроўваю, праколваю),
1) прыстасаванне для прабівання (перфарацыі) адтулін у матэрыяле ў працэсе стварэння перфарацыйнай карты альбо перфарацыйнай стужкі і запісу лічбавай ці алфавітна-лічбавай інфармацыі. Выкарыстоўваецца ў сістэмах апрацоўкі інфармацыі, апаратуры перадачы даных, тэхн. сродках сувязі.
2) Машына для прабівання адтулін, напр., у кінастужцы, дыяграмнай паперы.
3) Пнеўматычная ці эл. машына для свідравання шпураў; свідравальны малаток.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)