расійская артыстка балета, балетмайстар, сцэнарыст. Нар.арт. Расіі (1984). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1953). У 1954—76 у Вял. т-ры; характарная танцоўшчыца. Сярод партый: Апантаная («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Лёс («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына), Індыйская лялька («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Мерседэс («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Фані («Сцежкаю грому» К.Караева); характарныя танцы ў многіх балетах. Здымалася ў кіна- і тэлефільмах. Яе танец вылучаўся пластычнасцю, псіхал. пранікнёнасцю. З 1960-х г. працуе з У.Васілёвым як балетмайстар і сцэнарыст, з 1977 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар Дзярж.т-ра класічнага балета (з Васілёвым). Для іх спектакляў характэрны востраканфліктная драматургія, сталая рэжысура, спалучэнне класічнага танца і сучаснай пластыкі. Сярод пастановак: «Стварэнне свету» А.Пятрова (1971), «Аповесць пра Рамэо і Джульету» (1980) і «Папялушка» (1993) С.Пракоф’ева, «Лебядзінае возера» (1988) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага, «Пацалунак феі» Стравінскага (1989), «Дама з камеліямі» на муз. Дж.Вердзі—П.Сальнікава (1995), «Цудоўны мандарын» Б.Бартака (1996). Дзярж. прэмія СССР 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Віталь Віталевіч) (н. 23.12.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. і расійскі дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956), з 1971 выкладае ў ёй (з 1992 праф.). З 1956 дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і муз. кіраўнік фінскага драм.т-ра, з 1960 выкладчык Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1962—71 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Беларусі, адначасова педагог Бел. кансерваторыі. Сярод твораў, выкананых на Беларусі ўпершыню пад яго кіраўніцтвам: 8-я і 13-я сімфоніі Дз.Шастаковіча, «Вясна свяшчэнная» і «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, опера «Разумніца» К.Орфа, 10-я сімфонія і «Песня аб зямлі» Г.Малера, «Ваенны рэквіем» Б.Брытэна, сцэн. араторыя «Жанна д’Арк на кастры» А.Анегера. Інтэрпрэтаваў сімфоніі Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Я.Глебава, Дз.Смольскага, кантату «Беларускія песні» і канцэрт для кантрабаса зарк. А.Багатырова, вак.-сімф. паэму «Попел» С.Картэса і інш. творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай зпач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦЯРЫ́НА IАляксееўна
(15.4.1684, каля г. Алуксне, Латвія — 17.5.1727),
расійская імператрыца [1725—27]. Дачка бел. прыгоннага селяніна-католіка С.Скаўронскага, які перасяліўся з Мінскага ваяв. ў Ліфляндыю; да прыняцця праваслаўя мела імя Марта. У час Паўн. вайны 1700—21 пры ўзяцці рас. войскамі ў вер. 1702 г. Марыенбург (цяпер Алуксне) трапіла ў палон. З 1705 неафіцыйная, з 1712 афіцыйная жонка Пятра I. Нарадзіла 8 дзяцей, з якіх выжылі 2 дачкі — Ганна (1708—28) — герцагіня гольштэйнская, маці рас. імператара Пятра III, і Лізавета (1709—62) — будучая імператрыца Лізавета Пятроўна. Каранавана ў 1724. Пасля смерці Пятра I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым, які пры ёй фактычна кіраваў дзяржавай. У яе цараванне створаны Вярхоўны тайны савет, адкрыта рас.АН у Пецярбургу (1725).
Літ.:
Андреев В. Представители власти в России после. Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г.Мн., 1990;
Буганов В.И. Екатерина 1 // Вопр. истории. 1994. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, у якім вывучаюцца ўласцівасці сістэм тоесных мікрачасціц. Дала магчымасць тлумачыць многія фіз. з’явы, якія з пункту гледжання класічнай фізікі нельга было тлумачыць, напр., Планка закон выпрамянення абсалютна чорнага цела, электраправоднасць, цеплаёмістасць цвёрдых цел, звышцякучасць, звышправоднасць.
З квантавай механікі вынікае, што энергія такой сістэмы мае дыскрэтныя значэнні, а хвалевыя функцыі, якія апісваюць розныя станы сістэмы мікрачасціц сіметрычныя (гл.Бозе—Эйнштэйна статыстыка) або антысіметрычныя (гл.Фермі—Дзірака статыстыка) адносна перастановак часціц. В.Паўлі даказаў, што тып К.с. вызначаецца спінам часціц: часціцы з паўцэлым спінам (напр., электроны, нейтрына, пратоны) падпарадкоўваюцца К.с. Фермі—Дзірака (ферміёны), з цэлым спінам (напр., фатоны, альфа-часціцы) — Бозе—Эйнштэйна (базоны). Пры высокіх т-рах квантавыя эфекты неістотныя і формулы размеркавання часціц (пры адсутнасці знешніх палёў) пераходзяць у класічнае Максвела размеркаванне. Пры дастаткова нізкіх т-рах амаль усе ніжнія станы ферміёнаў будуць запоўненымі (выраджаны фермі-газ); базоны пры гэтых умовах імкнуцца перайсці ў стан з нулявым імпульсам (Бозе—Эйнштэйна кандэнсацыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́ТКА (Клімент Васілевіч) (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс.нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́КАНЕН ((Kekkonen) Урха Калева) (3.9.1900, г. Піелавесі, Фінляндыя — 31.8.1986),
палітычны і дзярж. дзеяч Фінляндыі. Д-рюрыд.н. (1936). Скончыў Хельсінкскі ун-т (1926). У 1926—56 чл. і адзін з лідэраў партыі Агр. саюз. У 1936—56 дэп., у 1946—47 віцэ-старшыня, у 1948—50 старшыня парламента. У 1939—40 выступаў супраць задавальнення тэр. прэтэнзій СССР, у 1944 супраць вайны зСССР. Міністр юстыцыі (1936—37, 1944—46), унутр. спраў (1937—39, 1950—51), замежных спраў (1952—53, 1954). У 1950—53, 1954—56 прэм’ер-міністр, у 1956—81 прэзідэнт Фінляндыі. Адзін з заснавальнікаў пасляваен. міралюбівага курсу Фінляндыі, у т. л. на супрацоўніцтва зСССР («лінія Паасіківі—Кеканена»), у 1970-я г. падтрымліваў палітыку разрадкіміжнар. напружанасці, адзін з арганізатараў Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе («Хельсінкскі працэс»).
Тв.:
Рус.пер. — Финляндия: путь к миру и добрососедству: Статьи, речи, письма, 1943—1978 гг.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМЕ́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 70 км на Пн ад г.п. Астравец, 272 км ад Гродна, 75 км ад чыг. ст. Гудагай. 730 ж., 280 двароў (1998).
Вядомы з 1644 як сяло маёнтка Свіраны, які ў 17—18 ст. належаў Сангушкам, Данілевічам, Корвін-Пятроўскім, Прушынскім. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Свянцянскага пав. Віленскай губ. У 1886—143 ж., 21 двор. З 1922 у Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв.З 1939 у БССР, у 1940—59 цэнтр сельсавета Свірскага р-на, у 1959—62 у Некрашунскім і Падольскім с/с Астравецкага р-на. У 1962—65 у Ашмянскім р-не. З 1965 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на. У 1971—521 ж., 189 двароў.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны і быт. абслугоўвання камбінаты, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Кемелішкаўскі касцёл Нараджэння Дзевы Марыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІГН (Уладзімір Людвігавіч) (літ.псеўд.Дзедлаў; 27.1.1856, г. Тамбоў, Расія — 16.6.1908),
рускі пісьменнік. Сын Л.І.Паўлоўскай. З 1860 амаль увесь час жыў на Беларусі ў вёсках Дзедлава і Фёдараўка (Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). Аўтар апавяданняў, рэцэнзій і нарысаў, якія друкаваў у газ. «Неделя», час. «Русское богатство», «Наблюдатель», «Вестник Европы» і інш. Падарожнічаў па Італіі, Егіпце, Сірыі, Турцыі, Расіі, уражанні склалі зб-кі «Прыгоды і ўражанні ў Італіі і Егіпце. Нататкі пра Турцыю», «Здалёк. Лісты з дарогі» (абодва 1887), «Вакол Расіі. Партрэты і пейзажы» (1895). У 1892—1904 перапісваўся і сустракаўся з А.Чэхавым. У аповесці «Сашачка» (1892) канфлікт народнікаў-васьмідзесятнікаў з народнікамі-шасцідзесятнікамі. Аўтар зб-каў «Мы. Эцюды» (1889; аўтабіягр.), «Лірычныя апавяданні» (1902), «Проста апавяданні» (1904), кн. «Кіеўскі Уладзімірскі сабор і яго мастацкія творцы» (1901), «Школьныя ўспаміны» (1902). У цыклах нарысаў «Аблава (Беларускія сілуэты)» (1878), «Перасяленцы і новыя мясціны» (1894), «Панарама Сібіры» (1900) з любоўю і павагай пісаў пра Беларусь, сялян-беларусаў. Памёр у Рагачове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),
прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.
Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці звідэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.
А.П.Ткачэнка.
Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.Да арт.Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.