БАРЫ́САЎСКАЯ БІ́ТВА 1812,

баі паміж рус. 3-й Зах. арміяй (галоўнакамандуючы адм. П.​В.​Чычагоў) і напалеонаўскімі войскамі за авалоданне г. Барысаў і мостам цераз р. Бярэзіна 21—23.11.1812 у вайну 1812. Асн. групоўка войскаў Напалеона адступала ад Оршы, армія Чычагова рухалася з боку Мінска. Агульная колькасць франц. гарнізона складала каля 5 тыс. чал. пры 20 гарматах. 21 ліст. рус. авангард (каля 4,5 тыс. чал. пры 36 гарматах) атакаваў перадмаставое ўмацаванне. У выніку жорсткага бою рус. войскі да канца дня цалкам авалодалі Барысавам. 22 ліст. армія Чычагова (каля 32 тыс. чал. пры 180 гарматах) увайшла ў горад. Але Чычагоў не зрабіў належных захадаў па назіранні за праціўнікам, у выніку франц. корпус Удзіно 23 ліст. ўварваўся ў Барысаў. Чычагоў не змог арганізаваць абарону і адступіў. 25 ліст. ў Барысаў прыбыў Напалеон. Страты за 21 — 23 ліст. ў рускіх склалі 3 тыс. чал., у французаў — каля 5 тыс. чал., горад быў разбураны і выпалены. Вынік Барысаўскай бітвы — часовы пераход ініцыятывы да Напалеона, баі каля вёсак Студзёнка і Брылі, пераправа напалеонаўскага войска цераз Бярэзіну.

В.​В.​Антонаў.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДЛЕ́Р ((Baudelaire) Шарль) (17.4.1821, Парыж — 31.8.1867),

французскі паэт. Папярэднік франц. сімвалізму. Друкаваўся з 1840 (вершы, брашуры «Салон 1845 года», «Салон 1846 года»). Удзельнік Рэвалюцыі 1848, выдаваў дэмакр.-рэсп. газету «Le salut public» («Грамадскі ратунак»). Расчараваўшыся ў выніках рэвалюцыі, адышоў ад палітыкі, асудзіў «бунт» як грэх. Выпрацаваў новую канцэпцыю асобы, прычыны пакутаў «чалавечай душы» бачыў не толькі ў навакольным свеце, але і ў самім чалавеку. У кн. «Кветкі зла» (1857, дап. выд. 1861, 1869) трагічная карціна свету, ахопленага шаленствам разбурэння, анархія бунтарства, сум па гармоніі, пошукі ідэалу спалучаюцца з прызнаннем непераможнасці зла, эстэтызацыяй заганаў вял. горада. Аўтар зб. артыкулаў пра франц. мастацтва і л-ру «Рамантычнае мастацтва» (1868), трактата пра наркотыкі «Штучны рай» (1860), «Маленькіх паэм прозай» («Парыжскі сплін», 1869), артыкулаў пра творчасць Э.​По і перакладаў яго твораў. На бел. мову вершы Бадлера перакладалі Ю.​Гаўрук, У.​Жылка, З.​Колас, С.​Ліхадзіеўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Маленькія паэмы прозай // Далягляды. Мн., 1983;

Рус. пер. — Цветы Зла. Ростов н/Д, 1991.

Літ.:

Нольман М. Шарль Бодлер: Судьба. Эстетика. Стиль. М., 1979.

Ш.Бадлер.

т. 2, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Й (ням. Hoboe ад франц. hautbois літар. высокае дрэва),

1) духавы язычковы муз. інструмент. Уяўляе сабой драўляную канічную трубку (даўж. 59—61 см) з падвойнай трысцінкай і невял. раструбам. Мае больш за 20 пальцавых адтулін з сістэмай клапанаў. Дыяпазон b—a​3 (b​3, h​3). Выкарыстоўваюць як сольны, ансамблевы і арк. інструмент. Адрозніваюць ням. (з больш шчыльным гугнявым гукам) і франц. (з больш шырокімі тэхн., тэмбравымі і дынамічнымі магчымасцямі) сістэмы канструкцыі. Асн. разнавіднасці: малы габой, габой д’амур, англійскі ражок (альтовы, або тэнаровы габой). Інструменты тыпу габоя здаўна бытавалі ў розных народаў. Узнік у 17 ст. ў выніку ўдасканалення стараж. нар. інструмента шалмея, пашыранага ў Зах. Еўропе з 13 ст. Сучасны габой з клапанным механізмам створаны ў пач. 20 ст. На Беларусі вядомы з 2-й пал. 18 ст. Муз. творы для габоя ёсць у бел. кампазітараў Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, Г.​Гарэлавай, Л.​Захлеўнага, П.​Падкавырава і інш. Сярод бел. габаістаў М.Баркоўскі, Г.Забара, Б.Нічкоў, С.Сяргеенка, В.Фралоў і інш. 2) Арганны рэгістр язычковай групы.

Габой.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д ((David) Жак Луі) (30.8.1748, Парыж — 29.12.1825),

французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму ў франц. мастацтве. У 1766—74 вучыўся ў Парыжы ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (чл. акадэміі з 1784), у 1775—80 вывучаў ант. мастацтва ў Рыме. Дзеяч франц. рэвалюцыі 1789—94, чл. якабінскага Канвента; стварыў Нац. музей у Луўры. Яго творы вылучаюцца яскравым увасабленнем прынцыпаў класіцызму: «Клятва Гарацыяў» (1784), «Смерць Сакрата» (1787), «Ліктары прыносяць Бруту целы яго сыноў» (1789) і інш. У часы рэвалюцыі ствараў партрэты, карціны пра вядомыя гіст. падзеі сучаснасці: «Клятва ў зале для гульні ў мяч» (1791), «Забіты Лепелецье» і «Смерць Марата» (абедзве 1793). Вял. рэаліст. сілай вызначаюцца партрэты: «Аўтапартрэт» (1794), «Зяленіўшчыца» (1795). З 1804 Давід — прыдворны мастак Напалеона I; маляваў дэкар.-эфектныя парадныя партрэты і карціны («Напалеон пры пераходзе праз Сен-Бернар», 1800, «Каранацыя Жазефіны», 1805—07, і інш.). Пасля рэстаўрацыі манархіі Бурбонаў быў вымушаны пераехаць у Брусель. У Давіда вучыліся А.Гро, Ф.Жэрар, Ж.А.Д.Энгр і інш. мастакі.

Літ.:

Кузнецова И.А. Луи Давид М., 1965.

А.​М.​Пікулік.

Ж.Л.Давід. Сафо і Фаон. 1809.
Ж.Л.Давід. Аўтапартрэт. 1794.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДА-ЗАБЛО́ЦКІ (Заблоцкі-Лада) Тадэвуш Гіляравіч [27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага р-на Віцебскай вобл.жн. 1847], паэт. Пісаў на польск., рус., франц. і, магчыма, бел. мовах. Скончыў Віцебскую гімназію. З 1831 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, член тайнага студэнцкага т-ва, зблізіўся з В.​Бялінскім. У 1833 выключаны з ун-та, высланы на радзіму, зняволены ў Віцебскай турме; у 1837 сасланы ў Таганрог. З 1838 на Каўказе, служыў у Каўказскім асобным корпусе, кіраўнік на саляных капальнях. Там пазнаёміўся з груз., азерб., рус. пісьменнікамі і асветнікамі; перакладаў іх творы на польск., франц., рус. мовы. Выступаў як паэт-рамантык. У творах у алегарычнай форме заклікаў да барацьбы супраць самадзяржаўя. Паэтызаваў прыгажосць Віцебшчыны (паэмы «Ваколіцы Віцебска», вершы «Да Дзвіны», «Да Лучосы», «Даўжанскае возера», «Вілія»), Каўказа («Алазанская даліна»), У 1845 выдаў на польск. мове зб. «Паэзія». У рукапісах пакінуў «Матэрыялы да гісторыі славянскай цывілізацыі і літаратуры». На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.​Бітэль, У.​Мархель, К.​Цвірка.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 484—487.

А.​В.​Мальдзіс.

Т.Г.Лада-Заблоцкі.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПСТВА,

рэлігійна-палітычны цэнтр каталіцызму, які ўзначальвае nana рымскі. Узнікла ў 5 ст. на базе Рым. епіскапства. У 756 атрымала ад караля франкаў Піпіна Кароткага землі вакол Рыма і папа стаў свецкім гасударам, уладальнікам Папскай вобласці і інш. тэрыторый. У сярэднія вякі П. вяло барацьбу за перавагу царк. улады над свецкай. У 14 ст. П. знаходзілася пад уладай франц. кароны; у 1309—1377 рэзідэнцыя пап знаходзілася ў франц. г. Авіньён. У канцы 15 — пач. 16 ст. антыфеад. рух, Рэфармацыя, утварэнне самастойных пратэстанцкіх цэркваў аслабілі ўплыў П. У 16 ст. П. ўзначаліла контррэфармацыю. У канцы 16 — пач. 17 ст. П. рабіла намаганні па распаўсюджванні каталіцызму на Беларусі, Украіне і ў Расіі (гл. Брэсцкая унія 1596). У 1870 у сувязі з уключэннем Рыма ў склад італьян. дзяржавы Папская вобласць была ліквідавана. Пазбаўлены свецкай улады папа абвясціў сябе «вязнем Ватыкана». Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 папа зноў стаў свецкім правіцелем — кіраўніком дзяржавы Ватыкан. П. і каталіцкая царква знаходзяцца ў дачыненні адно да аднаго, але не з’яўляюцца тоеснымі; у асобных краінах інтарэсы П. і царквы не заўсёды супадаюць.

т. 12, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ МО́ВЫ,

мовы міжнац. (міжэтнічных) і міждзярж. зносін. Падзяляюцца на мовы натуральныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца рэальнай, але другаснай у адносінах да іх асн. выкарыстання ў ролі нацыянальнай мовы, і штучныя, для якіх функцыя М.м. з’яўляецца першаснай, але не заўсёды рэалізаванай, паколькі не ўсе такія мовы выкарыстоўваюцца ў практыцы міжнар. зносін. Склад М.м. з цягам часу мяняецца. У старажытнасці ў народаў Д. Усходу М.м. была вэньянь (стараж.-кіт. мова), у стараж. дзяржавах Заходняй Азіі ў розныя эпохі выкарыстоўваліся шумерская, акадская і арамейская мовы. Стараж.-грэч. мова стала агульнай мовай эліністычнага свету, лац. мова — разнамоўнай Рым. імперыі; у сярэдневяковай Еўропе абедзве мовы выступалі ў функцыі М.м. У 16—17 ст. найб. пашыраная ў свеце М.м. — партугальская, у 18 ст.франц., у 2-й пал. 19 ст. — англійская. Найб. шырока ўжывальныя М.м., якія маюць статус афіцыйных і рабочых моў ААН (англ., араб., ісп., кіт., рус., франц.), лічацца сусв. мовамі.

Літ.:

Белл Р.Т. Социолингвистика: Цели, методы и пробл: Пер. с англ. М., 1980;

Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;

Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 1996.

Н.​Б.​Мячкоўская.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАНА́САЎ ((Atanassoff) Сірыл) (н. 30.6.1941, Пюто, каля Парыжа),

французскі артыст балета. Вучыўся ў балетнай школе пры Парыжскай оперы, з 1957 у трупе гэтага т-ра. Танцоўшчык героіка-рамант. плана. Яго выкананню ўласцівы эмацыянальнасць і элегантнасць. Сярод партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Шчаўкунок, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Франц («Капелія» Л.​Дэліба), Цар Іван («Іван Грозны» на муз. С.​Пракоф’ева), у балеце «Агон» І.​Стравінскага. Прэмія В.​Ф.​Ніжынскага (Парыж, 1975).

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),

асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.

т. 3, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІДА́ЛЬ ДЭ ЛА БЛАШ ((Vidal de la Blache) Поль) (22.1.1845, г. Пезнас, Францыя — 5.4.1918),

французскі географ; заснавальнік франц. геагр. школы. Даследаванні ў галіне фіз. геаграфіі і геаграфіі насельніцтва. Аўтар вял. атласа па геаграфіі і гісторыі свету (карты па стараж., сярэдніх вякоў і новай гісторыі, геаграфіі мацерыкоў і краін). Навук. працы абагульнены ў кн. «Прынцыпы геаграфіі чалавека» (1922). Па яго ідэі і пад яго кіраўніцтвам пачата падрыхтоўка шматтомнай працы па сусветнай геаграфіі.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)