МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),
перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формыМ., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫНІ́ЗМ (італьян. marinismo),
літаратурны кірунак у еўрап. (пераважна італьян.) барока. Пачынальнік — італьян. паэт Дж.Марына. Адметныя рысы — пластычнасць, музыкальнасць, жывапіснасць дэталяў, мудрагелістая метафарычнасць, гульня слоў, парадаксальнасць мыслення, імкненне да складанай і дасканалай формы. Для М. характэрна таксама спалучэнне звышэмацыянальнасці з інтэлектуальнай перанасычанасцю, напружанай трагічнасці з геданізмам, рэзкая кантрастнасць, што вынікала з антынамічнасці светаўспрымання і вобразнага мыслення. Найб. вядомыя паэты-марыністы: К.Акіліні, Дж.Прэці, Дж.Артале. М. паўплываў на Дж.Дона і англ. паэтаў-кавалераў («каралінская школа»), на франц. прэцыёзную л-ру (В.Вуацюр, М. дэ Скюдэры), на л-ру ліберцінажу (Т. дэ Віо, С.Сірано дэ Бержэрак), на т.зв. другую сілезскую школу ў Германіі (К.Г. фон Гофмансвальдаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТАПАТЫ́Я (ад грэч. mastos грудзі, сасок + pathos пакута, хвароба),
паталагічны стан малочнай залозы ў жанчын; шэраг гіперпластычных змен у тканках малочнай залозы пад уплывам гарманальных парушэнняў; перадракавы працэс. Найчасцей узнікае ва ўзросце 40—50 гадоў (у 30—40%), асабліва ў жанчын з парушэннямі функцый яечнікаў, хваробамі шчытападобнай залозы і інш. хваробамі. Адрозніваюць дыфузную і вузлавую формы. Дыфузная пашкоджвае частку ці ўсю залозу, або абедзве залозы. Сімптомы: балючасць, парушэнне і зацвярдзенне тканак, асабліва перад менструацыяй. Вузлавая форма лакальнага характару ў выглядзе адзінкавых ці некалькіх вузлоў з выразнымі контурамі, пры прашчупванні вузлоў балючасць. Лячэнне тэрапеўт., пры прагрэсіраванні аператыўнае (асабліва вузлавых форм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМАРФО́Зу раслін,
відазмяненне асн. органаў пры змене іх функцый або ўмоў функцыянавання. Выпрацоўваецца і замацоўваецца ў працэсе эвалюцыі. Напр., у многіх травяністых раслін парастак спачатку знаходзіцца на паверхні глебы і мае зялёнае асімілюючае лісце, потым траціць яго, утварае прыдаткавыя карані, заглыбляецца ў глебу і ператвараецца ў падземны орган — карэнішча. Так адбываецца сапраўдны М. аднаго органа ў другі са зменай формы і функцыі. У большасці выпадкаў змяняюцца зачаткі, а не дарослыя органы. М. парасткаў — карэнішча, клубні, цыбуліны, мясістыя сцёблы кактусаў, кладодыі ў спаржы, вусікі ў вінаграду, калючкі ў глогу; лісця — утварэнне лускавінак (пупышкавых, цыбульных, прыкветкавых); каранёў — паветраныя карані ў архідэй, клубні ў вяргіні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКСБО́РДЭР (ад англ. mix змешваць + border аблямоўка),
шматрадковая мяшаная пасадка кветкава-дэкаратыўных раслін, падабраных так, каб іх цвіценне працягвалася з ранняй вясны да позняй восені. Ствараюць у выглядзе шырокіх (1,2—4 м) палос уздоўж жывых агароджаў, кветнікаў, будынкаў, дарожак і інш. Адрозніваюць М. аднабаковыя (расліны задняга плана найб. высокія) і двухбаковыя (высокія расліны ў цэнтры). Выкарыстоўваюць у зялёным будаўніцтве. Расліны падбіраюць па тэрмінах аблісцення і цвіцення, выш. (0,3—2 м), вонкавым выглядзе, спалучэнні колераў; высаджваюць палосамі ці ў выглядзе невял. груп, плям, геам. фігур. Дадаткова могуць выкарыстоўвацца малыя арх.формы (вазы, скульптуры, фантаны і інш.). Найб. эфектны М. з 2-га года пасадкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫТ,
інфекцыйная хвароба коней, якая характарызуецца ліхаманкай, запаленнем падсківічных лімфавузлоў і слізістых абалонак носа і глоткі. Пашыраны ўсюды, найб. у краінах з умераным і халодным кліматам. Хварэюць пераважна маладыя (да 5 гадоў) жывёлы ў халодны перыяд. Узбуджальнік — мытны стрэптакок, які перадаецца з выдзяленнямі хворых і бактэрыяносьбітаў (перахварэлых і здаровых). Заражэнне адбываецца праз страўнікава-кішачны тракт, радзей аэрагенным ці палавым шляхам. Формы цячэння: тыповая (т-ра да 41 °C, слізіста-гнойныя выдзяленні з носа, кашаль, балючае ацяканне падсківічных лімфавузлоў, іх нагнаенне і ўскрыццё), метастатычная, або ўскладненая (абсцэсы таксама ў інш. лімфавузлах, мозгу, суставах, унутр. органах), генітальная (запаляюцца палавыя органы і блізкія да іх лімфавузлы), абартыўная (лёгкая, без нагнаенняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЕВА (Наталля Мікалаеўна) (н. 18.6.1950, Мінск),
бел. вучоны, педагог. Д-рпед.н. (1993), праф. (1995). Скончыла Мінскі пед.ін-т замежных моў (1972). З 1972 у БПІ, з 1974 у Ваен. акадэміі (з 1994 заг. кафедры). З 1998 заг. кафедры рамана-герм. моў БДУ, адначасова праф.Ваен. акадэміі. Навук. працы па сучасных інфарм. тэхналогіях вывучэння замежных моў, на аснове крэатыўных методык. Распрацавала нетрадыцыйныя формы і метады навучання, накіраваныя на ўдасканаленне пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.
Тв.:
Творчество в процессе обучения иностранным языкам. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,
узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),
сукупнасць тэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн.вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́П (грэч. polypus літар. мнаганогі),
паталагічнае ўтварэнне, якое ўзвышаецца над паверхняй слізістых абалонак (верхніх дыхальных шляхоў, жан. палавых органаў, страўнікава-кішачнага тракту, прыдатачных пазух носа і інш.). Перадпухлінны працэс, напр., паліпоз тоўстай кішкі — аблігатны перадрак. Адрозніваюць пухлінны — адэнаматозны П. (напр., страўніка, кішэчніка), дысгарманальны (эндаметрый), запаленчага (гіперпластычны, алергічны) і дызантагенетычнага паходжання (напр., ангіяматозны), П. няяснай этыялогіі. Памеры ад некалькіх міліметраў да некалькіх сантыметраў, бываюць рознай формы і кансістэнцыі, з гладкай дольчатай ці варсістай паверхняй. Напр., адэнаматозны П. складаецца ў асноўным з залозістай тканкі, дысгарманальны і запаленчы — са злучальнай. Бывае плацэнтарны П., які ўзнікае ў матцы пасля цяжарнасці. П. могуць нагнойвацца, пакрывацца язвамі, кроватачыць. Лячэнне хірургічнае.