ВАЛЬКО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч (3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́ЧНЫ КАЛЕ́КТАР,

спецыялізаванае кнігагандлёвае прадпрыемства для забеспячэння бібліятэк новымі выданнямі. Створаны ў 1920 у Расійскай Федэрацыі, потым на ўсёй тэр. СССР для бясплатнага размеркавання кніг сярод б-к. З 1931 камплектаванне б-к стала платнае, вялося на аснове дагавораў з б-камі з улікам іх тыпу, профілю, складу абслугоўваемага насельніцтва. Асн. задача: дапамога ў камплектаванні фондаў б-к шляхам збору заказаў на л-ру па тэматычных планах выд-ваў. Бібліятэчныя калектары вывучаюць попыт б-к, праводзяць бібліягр. агляды кніг, сустрэчы з аўтарамі і выдаўцамі.

На Беларусі бібліятэчныя існавалі ва ўсіх абл. цэнтрах у структуры абл. кнігагандлю. З 1991 у сувязі са скарачэннем у некаторых гарадах кнігагандлю бібліятэчныя калектары становяцца самаст. ўстановамі або ліквідуюцца.

Т.​І.​Папова.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВА́ЛА-ШВЯЙКО́ЎСКІ Іван Сямёнавіч (кастр. 1787—22.5.1845),

дзекабрыст. З дваран Смаленскай губ. Вучыўся ў Маск. універсітэцкім пансіёне. З 1801 на вайск. службе, палкоўнік (1825). Удзельнік кампаніі 1805—07 супраць Францыі, рус.-тур. вайны 1806—12, вайны 1812, замежных паходаў 1813—14. З жн. 1825 камандзір Смаленскага пях. палка. Служыў у Бабруйску, дзе ў 1823 уступіў у Паўд. т-ва. Ажыццяўляў сувязі з Паўн. і Польскім патрыят. т-вамі. З С.​І.​Мураўёвым-Апосталам і М.​П.​Бястужавым-Руміным распрацаваў Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. Прыхільнік царазабойства, аднак у час паўстання Чарнігаўскага палка (снеж. 1825) адмовіўся прыняць у ім удзел. Засуджаны па справе дзекабрыстаў да 20 гадоў катаргі 22.8.1826, 10.7.1839 вызвалены і адпраўлены на пасяленне ў Табольскую губ.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

назва лёгкай пяхоты ў шэрагу армій еўрап. краін з 18 ст.; па традыцыі назва захоўвалася для некат. пяхотных часцей і злучэнняў і ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. С.в. мелі на ўзбраенні штуцэры, вінтоўкі, а таксама аблегчаны рыштунак. Аналагічныя па прызначэнні войскі рас. арміі спачатку называліся егерскімі; у 1833—56 існавалі Віцебскі 13-ы егерскі полк, Полацкі 14-ы егерскі полк і інш. Першыя асобныя стралк. батальёны сфарміраваны ў 1830-я г., потым — стралк. палкі, брыгады і дывізіі. У СССР у складзе сухапутных войск С.в. існавалі з 1918 да пач. 1960-х г. У сувязі з аснашчэннем С.в. сучаснай тэхнікай у 2-й пал. 1950-х г. створаны мотастралк. злучэнні, з 1963 — мотастралковыя войскі.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭГУСІГА́ЛЬПА (Tegucigalpa),

горад, сталіца Гандураса, на Пд краіны, у даліне р. Чалутэка. 950 тыс. ж. (2000). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (алейная, піваварная, спіртагарэлачная, тытунёвая), тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., мэблевая, керамічная. Ун-т (з 1847). Акадэмія Гандураса, Гандураская акадэмія геаграфіі і гісторыі. Нац. музей. Арх. помнікі 18 ст. (касцёлы, палацы і інш.).

У старажытнасці на тэр. Т. быў індзейскі (ацтэкскі) горад, на месцы якога ў 1579 у сувязі з адкрыццём пакладаў серабра іспанцы заснавалі свой горад. У 18 ст. з распрацоўкай новых радовішчаў серабра, золата і мармуру Т. пачала хутка развівацца. Пасля абвяшчэння Гандураса незалежнай рэспублікай (1838) горад вёў барацьбу за статус сталіцы з г. Камаягуа. У 1880 Т. стала сталіцай, абодва гарады былі адміністрацыйна аб’яднаны.

т. 16, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАЗІЧАСЦІ́ЦЫ,

элементарныя ўзбуджэнні, з дапамогай якіх у статыстычнай фізіцы апісваюць станы вадкасцей і цвёрдых цел. Напр., кванты гукавых ваганняў крышталічнай рашоткі (фаноны), кванты спінавых хваль у ферамагнетыках (магноны). Маюць цэлы або паўцэлы спін. Паводзіны К. вызначаюцца законамі квантавай механікі.

Паняцце «К.» ўзнікае ў сувязі з квантава-мех. апісаннем калектыўнага руху атамаў у рэчыве (іх нельга атаясамліваць з рэальнымі часціцамі). Паводле карпускулярна-хвалевага дуалізму элементарныя ўзбуджэнні можна апісваць як К., якія рухаюцца ў целе і маюць пэўныя энергіі, імпульсы і спіны. Пры нізкіх т-рах узбуджаныя станы цела апісваюцца невялікім лікам устойлівых К., якія слаба ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і іх сукупнасць можа разглядацца як ідэальны газ.

Л.​І.​Камароў.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.​П.​Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.​В.​Пранягін) і імя Варашылава (І.​С.​Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭСІ́ЎНЫ БЛОК» у Расіі,

аб’яднанне шэрагу фракцый 4-й Дзярж. думы і Дзярж. савета («прагрэсісты», акцябрысты, кадэты і інш., усяго больш за 300 чал., у т. л. 236 з 422 дэпутатаў Думы) у 1915—17. Утвораны ў жн. 1915 пасля шэрагу паражэнняў рас. арміі на франтах 1-й сусв. вайны і ў сувязі з ростам грамадскай незадаволенасці ў краіне. Практычную работу вяло бюро з 25 чал. (П.​М.​Жлюкоў, В.В.Шульгін, А.​І.​Шынгароў і інш.). Дзеля дасягнення перамогі ў вайне і прадухілення наспяваючай рэвалюцыі «П.б.» патрабаваў стварэння адказнага перад Думай урада і ўключэння ў яго сваіх прадстаўнікоў для правядзення ліберальных рэформ. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 лідэры «П.б.» ўдзельнічалі ў Часовым урадзе 1-га складу.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́НЦІ Яўген Ігнатавіч (1866—17.3.1931),

удзельнік рэв. руху ў Беларусі і Расіі. Скончыў Паўлаўскае пях. вучылішча ў Пецярбургу (1887), служыў у Троіцкім пях. палку ў Вільні. У 1889 звольнены са службы, з 1892 вёў прапаганду ў с.-д. гуртках у Вільні. З 1893 у Маскве, наладзіў сувязі з кіраўнікамі марксісцкага гуртка, у 1894 выдаў першыя ў Маскве с.-д. лістоўкі; чл. Цэнтр. групы па прапагандзе сярод рабочых, якая стала ядром Маскоўскага рабочага саюза. У 1895 выехаў у Зах. Еўропу для наладжвання сувязей з групай «Вызваленне працы». Пасля вяртання арыштаваны і сасланы ў Архангельск. З 1899 чыг. служачы ў Мінску, прадстаўнік гар. арг-цыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1905 арыштаваны, у далейшым ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1923—25 працаваў каморнікам у Мінску.

С.​В.​Пазняк.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,

першаптушка (Archaeopteryx),

самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.

Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.

Археаптэрыкс.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)