КРЭ́ЎСКАЯ У́НІЯ 1385,

дзярж. саюз паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай, заключаны 14.8.1385 у Крэўскім замку. Акт К.у. — дакументальнае зацвярджэнне вял. князем ВКЛ Ягайлам папярэдне прынятых абавязацельстваў перайсці ў каталіцтва і ахрысціць паводле лацінскага абраду ўсіх язычнікаў-літоўцаў, а таксама стварыць дзярж. саюз (унію) ВКЛ і Кароны Польскай. У акце зафіксавана таксама абяцанне польскіх паслоў ад імя сваёй дзяржавы аддаць кн. Ягайлу ў жонкі малалетнюю каралеву Ядвігу, а з ёю і польскую карону. Акт падпісалі Ягайла, князі Скіргайла, Лугвен, Карыбут, Вітаўт. Агульным гал. фактарам саюзу была барацьба абедзвюх дзяржаў з Тэўтонскім ордэнам, небяспека з боку якога ўзмацнілася і пагражала стратай зямель Польшчы і ВКЛ. Польская шляхта хацела спыніць ваенныя канфлікты з ВКЛ з-за Валыні, а каталіцкая царква — мірным шляхам ахрысціць апошні язычніцкі народ у Еўропе. 2.2.1386 на з’ездзе польскай шляхты ў Любліне Ягайлу абралі каралём Польшчы. Ён прыбыў у Кракаў, прыняў са сваімі братамі каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. 18.2.1386 Ягайла ажаніўся з Ядвігай, а 4.3.1386 быў каранаваны. Абедзве дзяржавы аб’ядноўваў адзін манарх (праўда, ненадоўга), але кожная з іх захоўвала сваю сістэму кіравання, праводзіла самаст. палітыку. Працягам К.у. была Віленска-Радамская унія 1401. Аддаленыя вынікі К.у. — даволі трывалы дзярж. саюз (трымаўся на персанальнай уніі) ВКЛ і Польшчы на працягу 14—16 ст., да заключэння Люблінскай уніі 1569, паступовае збліжэнне дзярж. інстытутаў ВКЛ і Польшчы, а таксама культ. збліжэнне вярхоў грамадства. Дзякуючы саюзу ўдалося ліквідаваць пагрозу з боку Тэўтонскага ордэна, перамагчы яго ў Грунвальдскай бітве 1410, адкрыць гандл. шляхі ў Зах. Еўропу. На ўсходзе ВКЛ з дапамогай Польшчы ўдалося стрымліваць націск з боку Маскоўскай дзяржавы. Адным з вынікаў уніі быў шырокі дыпламатычны выхад ВКЛ у Еўропу, а таксама культ. збліжэнне з інш. краінамі Еўропы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НЕ (саманазва хай),

нацыя, асн. насельніцтва Арменіі (2,7 млн. чал.). Усяго ў краінах СНД 4,1 млн. чал. (1979). Жывуць таксама ў ЗША, Францыі, Іране і інш. Агульная колькасць 54 млн. чал. (1987). Гавораць на армянскай мове. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне-манафісіты.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЦЫ́ДНАСЦЬ,

здольнасць хім. рэчываў (бактэрыцыды), фіз. і біял. фактараў (т-ра, іанізавальнае выпрамяненне, дзеянне ферментаў) выклікаць гібель бактэрый. Уласціва таксама сываратцы крыві, слязам, сліне, малаку, страўнікаваму соку, скуры чалавека і жывёлы. Бактэрыцыднасць раслін абумоўлена рэчывамі — фітанцыдамі, якія выкарыстоўваюцца ў лячэбнай практыцы.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА ВЫШЫ́НЯЎ,

сістэма вызначэння абсалютных адзнак паверхні Зямлі, прынятая з 1942 у б. СССР, у т. л. на тэр. Беларусі. Пункт адліку — нуль на футштоку ў г. Кранштат, які супадае з сярэднім шматгадовым узроўнем Балтыйскага м. (гл. таксама Абсалютная вышыня).

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РЫКІ,

электрычныя сігналы, створаныя радыёхвалямі, што выпрамяняюцца пры разрадах маланкі. Пры радыёпрыёме ўспрымаюцца як шоргаты ці посвісты. Даследаванні атмасферыкаў дазваляюць выявіць механізм распаўсюджвання звышдоўгіх эл.-магн. хваляў, а таксама ўласцівасці самых ніжніх і надзвычай высокіх слаёў іанасферы, дзе атмасферыкі распаўсюджваюцца.

т. 2, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРУЛЯВЫ́, гірарулявы,

электранавігацыйная прылада для аўтам. ўтрымання карабля на зададзеным курсе, а таксама для змены курсу. Асн. часткі — курсапаказальнік (звычайна гіракомпас) і звязаная з ім сістэма сачэння. Дзеянне аўтарулявога заснавана на аўтам. уключэнні рулявога прыстасавання пры адхіленні карабля ад курсу.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕ́ЛІЙ (ад апа... + грэч. hēlios Сонца),

найбольш аддалены ад Сонца пункт арбіты планеты або інш. цела, што абарачаецца вакол Сонца. Адлегласць Зямлі ад Сонца ў афеліі 152 млн. км (у пач. ліпеня). Процілеглы пункт арбіты — перыгелій. Гл. таксама Апагей, Перыгей.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕДУІ́НЫ (араб.),

качавыя арабы-жывёлаводы (гал. чынам вярблюдагадоўцы) Аравійскага п-ва і Паўн. Афрыкі. У еўрап. л-ры бедуінамі называюць таксама паўкачавых арабаў, якія сумяшчаюць жывёлагадоўлю з земляробствам. У грамадскім ладзе бедуінаў суіснуюць рысы рода-племянной арганізацыі і патрыярхальна-феад. адносін.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРМА́НЦЫ (саманазва мранма),

нацыя, асн. насельніцтва М’янмы, б. Бірма (больш за 30 млн. чал.). Жывуць таксама ў Індыі, Кампучыі, Лаосе і інш. Агульная колькасць 30,28 млн. чал. (1987). Гавораць на бірманскай мове. Паводле рэлігіі пераважна будысты; захоўваюцца і дабудысцкія вераванні.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)