ДЭСТРУ́КЦЫЯ (ад лац. destructio разбурэнне, парушэнне),
1) парушэнне нармальнай структуры чаго-н., напр., дэструкцыя ландшафтаў, дэструкцыя палімераў; парушэнне або разбурэнне структуры ўсталяваных эканам., вытв. сувязей у нар. гаспадарцы, устаноўленага парадку і духоўных асноў дзяржавы, іншых утварэнняў, нежыватворчы працэс у розных галінах дзейнасці і пазнання.
2) Высвятленне асноў філас. палажэнняў, адно з цэнтр. паняццяў фундаментальнай анталогіі М.Хайдэгера, якое адыграла ў ёй канструктыўную ролю. Пад Д. ён разумеў аналіз («разбор») гіст. асаблівасцей розуму і выяўленне перадумоў чалавечага існавання. Для гэтага, лічыў Хайдэгер, дастаткова ажыццявіць 3 адпаведныя аперацыі: рэдукцыю, або вяртанне ад існага да быцця агульных форм узаемадзеяння аб’ектаў; канструкцыю быцця; дэструкцыю традыцыі, якая ўвасабляе аб’ектываванае навук.-тэарэт. разуменне свету, адначасовае выкарыстанне і сціранне традыц. метафізічных паняццяў. З хайдэгераўскай Д. супастаўныя больш пазнейшыя і часткова залежныя ад яе канцэпцыі «генеалогіі» ў неаніцшэянстве, «археалогіі ведаў» у М.П.Фуко, дэструкцыі ў Ж.Дэрыда, «дэзабструкцыі» ў Ф.Везена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІААНІ́ТЫ,
члены рыцарскага ордэна, заснаванага крыжаносцамі ў Палесціне ў пач. 12 ст. І. называюцца таксама гаспітальерамі, ад іерусалімскага шпіталя св. Іаана (дома для паломнікаў) — першай рэзідэнцыі ордэна. Статут І. зацверджаны папам рымскім у 1113. І. абслугоўвалі крыжаносцаў і паломнікаў, неслі ваен. службу. У 12—13 ст. ордэн уяўляў магутную ваенна-паліт. сілу, меў падраздзяленні ў многіх краінах свету. У канцы 13 ст. крыжаносцы былі выцеснены з Усходу. У 1291 І. перасяліліся на Кіпр, у пач. 14 ст. — на в-аў Родас (адсюль назва радоскія рыцары), у 1530 — на в-аў Мальта (Мальтыйскі ордэн). У канцы 18 ст. ордэн страціў свой уплыў і магутнасць. У 1834 рэзідэнцыя І. перанесена ў Рым. Арганізацыі І. існуюць у Англіі, Германіі, Швейцарыі, Швецыі і інш. (каля 8 тыс.чал., пераважна арыстакратаў). У Бубіконе (Швейцарыя) існуе адзін з прапагандысцкіх цэнтраў І. — Рыцарскі дом (музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ТКІНА (Марыя Лявонаўна) (н. 3.5.1932, г. Смаленск, Расія),
бел. спартсменка і трэнер (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1960), засл. трэнер БССР (1971), засл. дз. фіз. культуры БССР (1973). Скончыла Бел.ін-тфіз. культуры (1957). Чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 200 м і ў эстафеце 4 × 100 м (1954, Берн), у бегу на 400 м (1958, Стакгольм; 1962, Бялград). Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы ў бегу на 200 м (1958, Стакгольм). Пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 400 м (1965, г. Касель, ФРГ), матчаў СССР—ЗША (1957), СССР—ФРГ (1958), СССР—Англія (1962, 1964). Чэмпіёнка СССР у бегу на 100 м (1960—63), 200 м (1954, 1956—58, 1960—62), 400 м (1958—60, 1963—65), у эстафеце 4 × 100 м (1964). 11-разовая рэкардсменка свету, рэкардсменка СССР у бегу на 400 м. З 1967 трэнер Бел. савета «Дынама». З 1991 Прэзідэнт Бел. саюза спартсменаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖАНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Анатолеўна) (н. 27.8.1950, в. Лясішча Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. У 1980—82 на Бел. тэлебачанні, з 1984 у газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1967. У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усе паст. 1996), зб-кі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М.Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ. кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Яўген Яўстафіевіч) (29.11. 1908, Баку — 14.7.1980),
бел. жывапісец і графік. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1935—36). У 1942—44 у Маскве, супрацоўнічаў у перыяд. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну» і час. «Партызанская дубінка». З 1944 у Мінску. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. станковай графікі, экслібрыса. Творчай манеры ўласцівы свабода і абагульненасць пісьма, дакладнасць кампазіцыі і партрэтных характарыстык, тонкая перадача колеравага багацця свету, унутр. дынаміка. Сярод работ: партрэты «Беларус» (1935), маці (1945), дзеячаў мастацтва Беларусі М.Філіповіча (1946), Б.Платонава (1947), М.Станюты (1963), І.Сарокіна (1972), аўтапартрэт (1980); пейзажы «Белавежская пушча» і «Вязынка» (1947), «Паўночная Венецыя» (1962), «Мірскі замак» (1968), «Зіма ў Мінску» (1977); нацюрморты «Кнігі» (1945), «Веснавыя кветкі» (1977); творы працоўнай і гіст. тэматыкі «Дажынаюць» (1931), «Зямля» (1943), «Міцкевіч у Гурзуфе» (1956), «Кастусь Каліноўскі перад пакараннем» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙПЦЫГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Германіі. Засн. ў 1409 у г. Лейпцыг. У гады фаш. дыктатуры (1933—45) ун-т быў закрыты. У 1946 аднавіў работу. Ф-ты: права, тэалогіі, гіст., філал., адукацыі, мастацтва і ўсходніх дысцыплін, біял., вет., мед., эканам., сац. навук і філасофіі, матэматыкі і камп’ютэрных дысцыплін, фармацэўтычных дысцыплін і псіхалогіі, хіміі і мінералогіі, фізікі і навук аб Зямлі. У 1995 у Л.у. больш за 18,5 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць ін-ты, лабараторыі, н.-д. ўстановы, б-ка (з 1543; больш за 4,2 млн. тамоў), музеі (муз. інструментаў, медыцыны і прыродазнаўства, стараж.свету, егіпталогіі, манет і манускрыптаў), бат. сад, радыёстанцыя. У розны час у ім вучыліся У. фон Гутэн, Т.Мюнцэр, Г.В.Лейбніц, Г.Э.Лесінг, А.М.Радзішчаў, І.В.Гётэ, І.Г.Фіхтэ., Ф.Шлегель, В.Р.Вагнер, Ф.Ніцшэ і інш.; выкладалі К.Людвіг (у яго лабараторыі працаваў І.П.Паўлаў), А.В.Кольбе, В.Вунт, В.Ф.Оствальд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНІ́ЦТВА,
вытворча-тэрытарыяльная адзінка ў лясной гаспадарцы. Можа ўваходзіць у склад лясгаса або леспрамгаса. На замацаванай за ім тэрыторыі дзярж. ляснога фонду ажыццяўляе мерапрыемствы па вырошчванні, выкарыстанні і ахове лясоў, кантралюе работу лесанарыхтоўшчыкаў, дапамагае калгасам і саўгасам у арганізацыі і вядзенні гаспадаркі ў іх лясах, адпускае лес на пні і лесаматэрыялы, арганізуе і кантралюе нарыхтоўку грыбоў, ягад, лек. раслін, сена і інш.Асн.тэр. адзінка Л. — лясны квартал. Л. падзяляюцца на тэхн. ўчасткі (аб’езды), апошнія — на абходы. Адказны за вядзенне гаспадаркі ў Л. — ляснічы, у тэхн. участку — участковы тэхнік-лесавод, у абходзе — ляснік. На Беларусі (1999) 720 Л. сярэдняй пл. 9,25 тыс.га, у складзе якіх 1941 тэхн. ўчастак і 10,6 тыс. абходаў. Сярэдняя пл.тэхн. ўчастка 3,4 тыс.га, абходу — 630 га. У Л. могуць арганізоўвацца лясныя гадавальнікі, пункты па нарыхтоўцы і перапрацоўцы грыбоў і ягад. Л. ёсць у лясной гаспадарцы Расіі, многіх інш. краін свету.