АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА, Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР),

у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Д-ШАХ ДУРАНІ́ (каля 1721—1773),

заснавальнік незалежнай афганскай дзяржавы (Дуранійскай дзяржавы). Служыў у іран. шаха Надзір-шаха, пасля смерці якога (1747) на чале афг. Атрадаў пайшоў у Афганістан, дзе аб’яднаў усе афг. плямёны. З 1747 шах Афганістана. У 1748—57 заваяваў Пенджаб, Кашмір, Сірхінд, Сінд, Харасан, Балх, Белуджыстан, у 1761 у бітве пры Паніпаце нанёс паражэнне маратхам.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДКА́ЗНАСЦЬ у тэхніцы,

уласцівасць вырабу захоўваць працаздольнасць на працягу некаторага часу ці пры выкананні пэўнага аб’ёму работы без вымушаных перапынкаў у зададзеных умовах эксплуатацыі. Для вырабаў, якія не падлягаюць рамонту ці замяняюцца пасля першага парушэння працаздольнасці, паказчыкамі безадказнасці могуць быць імавернасць безадказнай работы, інтэнсіўнасць адказаў і інш.; для рамонтапрыдатных вырабаў — напрацоўка на адказ, імавернасць безадказнай работы. Гл. таксама Надзейнасць.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́НА ((Aguino) Карасон) (н. 25.1.1933, прав. Тарлак, Філіпіны),

дзярж., паліт. і грамадскі дзеяч Філіпін. Атрымала вышэйшую філал. і юрыд. адукацыю ў Нью-Йорку і Маніле. У 1980—83 у эміграцыі ў ЗША з мужам Б.​Акіна, лідэрам апазіцыі рэжыму Ф.Маркаса. Пасля забойства мужа (1983) узначаліла апазіцыю. У лют. 1986—крас. 1992 прэзідэнт Філіпін.

А.​А.​Чалядзінкі.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГЛАБІ́ДЫ,

дынастыя араб. эміраў

[800—909] у Іфрыкіі (Паўн. Афрыка). Заснавальнік — Ібрахім Ібн аль-Аглаб [800—812],

нам. абасідскага халіфа Харун ар-Рашыда. Аглабіды стварылі фактычна незалежную дзяржаву са сталіцай у Кайруане, захапілі Сіцылію, Калабрыю, вялі рэліг. барацьбу з харыджытамі, змагаліся са створаным імі імаматам Тахерт (паўд. ч. Іфрыкіі). Пасля падзення дынастыі Аглабідаў улада перайшла да Фатымідаў (гл. Фатымідаў халіфат).

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУ́Л-ХАМІ́Д II (21.9.1842—10.2.1918),

турэцкі султан [1876—1909]. Пад націскам Мідхата-пашы ў 1876 увёў канстытуцыю, аднак неўзабаве распусціў парламент і ўстанавіў дэспатычны рэжым. Інспіраваў армянскія пагромы, разню грэкаў на Крыце і інш., за што атрымаў мянушку Крывавы султан. Пасля Младатурэцкай рэвалюцыі 1908 быў вымушаны аднавіць канстытуцыю 1876. 27.4.1909 арыштаваны младатуркамі за ўдзел у контррэв. перавароце. Памёр у стамбульскай турме.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАЛЕ́НСКІ (Яўген Пятровіч) (6.10.1796, г. Наваміргарад, Украіна — 26.2.1865),

дзекабрыст. Князь, сын тульскага губернатара. Паручнік лейб-гвардыі Фінляндскага палка. Чл. «Саюза працвітання». Адзін з заснавальнікаў Паўночнага таварыства дзекабрыстаў, з 1823 чл. яго думы. Рэспубліканец. Нач. штаба паўстання на Сенацкай плошчы 14.12.1825. Прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Пасля амністыі 1856 жыў у Калузе. Удзельнічаў у падрыхтоўцы сял. рэформы 1861. Аўтар «Успамінаў».

т. 1, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСІ́ДЫ,

дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў Багдадзе ў 750—1258 (гл. Абасідаў халіфат). Паходзіць ад Абаса, дзядзькі Мухамеда. Заснавальнік дынастыі Абу-ль-Абас ас-Сафах [750—754], які скінуў Амеядаў. Найб. буйныя прадстаўнікі — Мансур [754—775], Харун ар-Рашыд [786—809], Мамун [813—833]. Пасля захопу Буідамі ў 945 Багдада Абасіды пазбаўлены свецкай улады. Апошні з Абасідаў аль-Мустасім [1242—58] у час нашэсця манголаў пакараны смерцю.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФО́НС XIII (Alfonso; 17.5.1886, Мадрыд — 28.2.1941),

кароль Іспаніі [1886—1941]. З дынастыі Бурбонаў. Сын Альфонса XII. Да 1902 правіў пры рэгенцтве сваёй маці Марыі Крысціны Аўстрыйскай. У 1-ю сусв. вайну захоўваў нейтралітэт краіны. Пасля перамогі на выбарах рэспубліканцаў эмігрыраваў (крас. 1931). У 1936 падтрымаў паўстанне нацыянал-фаш. сіл супраць рэспублікі. Адрокся ад прастола на карысць свайго сына Хуана.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Пётр) (Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.​Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)