НУКЛО́НЫ (ад лац. nucleus ядро),

агульная назва для пратонаў і нейтронаў, з якіх складаецца атамнае ядро. У адносінах да ядзерных сіл пратоны і нейтроны маюць падобныя ўласцівасці, таму іх можна разглядаць як 2 розныя «зарадавыя» станы адной і той жа часціцы — Н. Гл. таксама Ізатапічная інварыянтнасць.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЦЭЛЯ́РНАЯ ГАСПАДА́РКА,

сямейна-індывідуальная сялянская гаспадарка. Асн. форма вядзення натуральна-спажывецкай вытв-сці пры рабаўладальніцкім ладзе і феадалізме. З развіццём капіталізму П.г. ўцягнулася ў сістэму таварна-грашовых адносін і ператварылася ў дробную таварную гаспадарку. Звычайна вядзецца на невялікіх участках (парцэлах — адсюль назва) уласнай або арандаванай зямлі.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),

кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.

т. 13, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІ ВО́СТРАЎ,

назва некалькіх астравоў у морах Паўн. Ледавітага і Ціхага акіянаў. Найб. значныя: у архіпелагу Нардэншэльда ў Карскім м. (даўж. каля 38 км, шыр. да 14 км, палярная станцыя з 1935) і Р.в. у зал. Пятра Вялікага Японскага м. (даўж. 18 км, шыр. да 13 км).

т. 13, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́КША (яп. дзінрыкіся, ад дзін чалавек + рыкі сіла + ся вазок),

чалавек, які перавозіць пасажыраў, запрогшыся ў лёгкую двухколавую каляску; таксама ў Японіі (з 1867) і некат. краінах Усх. і Паўд. Азіі, у Паўд. Афр. Рэспубліцы назва каляскі, якая з 1930-х г. мадыфікавана ў веласіпед-каляску (педыкеб).

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫСА́К,

агульная назва рысістых парод коней, асноўны алюр якіх — рысь. Выведзены ў 18—19 ст. з мэтай забеспячэння трансп. патрэб: амерыканская стандартбрэднай парода, арлоўская рысістая парода, руская рысістая парода і інш. Адрозніваюцца сярэдняй масіўнасцю, расцягнутасцю корпуса, энергічным тэмпераментам. Выкарыстоўваюцца ў конным спорце, іпадромных скачках.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 13, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯТЫ́ НОС,

назва некалькіх мысаў на ўзбярэжжы Паўн. Ледавітага ак.: на паўд. беразе м. Лапцевых, пры ўваходзе ў прал. Дзмітрыя Лапцева, Саха (Якуція); на Ціманскім беразе Баранцава м. (Архангельская вобл. Расіі); на Кольскім п-ве, на беразе Баранцава м., паміж Церскім і Мурманскім берагамі (Мурманская вобл. Расіі).

т. 14, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СЛА́ЎНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

прынятая ў гіст. л-ры назва бяскроўнага дзярж. перавароту 1688—89 у Англіі (звяржэнне караля Якава II Сцюарта, абвяшчэнне каралём Вільгельма III Аранскага пры абмежаванні каралеўскай улады), які канчаткова адхіліў абсалютызм як форму праўлення і ўсталяваў у краіне канстытуцыйную манархію. Гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ, сметнікавыя куры (Megapodiidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).

Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Веліканогія куры: 1 — кустовая індычка; 2 — плямістая курыца.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛА,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі гал. персанаж свята летняга сонцастаяння, магчыма, бажаство (гл. Купалле). К. называлі ляльку або чучала (жанчыны ці мужчыны); у бел. рытуалах К. наз. таксама Марай, у рус. песнях — ведзьмай (у рытуалах «ведзьму», конскі чэрап або косці жывёлы спальваюць на вогнішчы). У час свята К. топяць у вадзе. Назва К., магчыма, паходзіць ад агульнаіндаеўрап. кораня «куп» або «коп», галоўны сэнс якога — «укупе», «разам», і паказвае на яднанне (сукупленне) людзей з прыродай і аднаго з адным. Верагодна таксама, што гэтая назва паходзіць ад дзеясловаў «купаць», «кіпець», (роднасна лац. cupido, Купідон — імкненне, палкасць), паказвае на суадносіны купальскіх рытуалаў з агнём (зямным і нябесным) і вадой, што выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. Тры віды чароўных траў і кветак у купальскіх песнях суадносяцца з матывамі трох змей і трох дачок К.

т. 9, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)