СЕРТО́РЫЙ (Квінт) (Quintus Sertorius, каля 122—72 да н.э.),
рымскі палкаводзец. Удзельнік войнаў супраць кімвраў і тэўтонаў (105, 102), легат у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., прыхільнік Марыя і Цыны ў іх барацьбе з Сулам у час грамадз. войнаў 88—82 да н.э. У 83—81 да н.э. прэтар Блізкай Іспаніі (рым. правінцыя на ўсх. узбярэжжы Іспаніі). З 80 да н.э. ўзначаліў барацьбу іберыйскіх плямён супраць Рыма, ператварыў Іспанію ў цэнтр антысулаўскай апазіцыі. Аб’яднаў пад сваёй уладай амаль усю Іспанію, атрымаў шэраг перамог надрым. палкаводцамі Метэлам і Гнеем Пампеем. Забіты змоўшчыкамі з ліку сваіх прыбліжаных, якія шукалі прымірэння з Рымам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,
паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах.ч.паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ МЕТЭАРЫ́Т,
жалезны метэарыт, які ўпаў 12.2.1947 у заходніх адгор’ях Сіхатэ-Алінскага хрыбта.
Выпаў у выглядзе метэарытнага дажджу, які ўтварыўся ад драбнення асн. масы на выш. 4—5 кмнад Зямлёй. Падзенне суправаджалася ўспышкамі святла і выбухамі. Найбольшыя яго экзэмпляры ўтварылі кратэры дыяметрам ад 4 м да 28 м, дробныя рассеяліся на плошчы каля 3 км². Агульная маса метэарытнага рэчыва прыкладна 70 т, маса асколкаў і асобных экзэмпляраў, знойдзеных на плошчы падзення, 37 т, найбольшы з іх 1745 кг. Складаўся з жалеза (93%), нікелю (6%) і невял. колькасці фосфару, кобальту, серы і медзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНІ́РАВАННЕ (ад англ. scan разгортваць; праглядаць) у медыцыне, метад даследавання асаблівасцей анат. будовы і размяшчэння ўнутр. органаў, шкілета, выяўлення пухлін (іх метастазаў) і інш. Адрозніваюць радыеізатопнае С. (шляхам графічнай рэгістрацыі размеркавання ў арганізме радыефармацэўтычнага прэпарата з дапамогай аўтам. рэгістравальных прылад — сканераў, якія ажыццяўляюць парадковае перамяшчэнне дэтэктара надч. цела, што даследуецца) і ультрагукавое (з выкарыстаннем ультрагуку). Пры радыеізатопным С. выпрамяненне радыеізатопаў рэгіструецца і пераўтвараецца спец. электронным прыстасаваннем у штрыхавыя адзнакі на паперы (утвараецца чорна-белая або каляровая сканаграма). Пры аналізе сканаграм выяўляюць ачагі (участкі) залішняга або недастатковага назапашвання прэпарата, якія характарызуюць павышаную або паніжаную функцыян. актыўнасць органа, тканкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,
рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:
Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.Купала. «А зязюлька кукавала...»)
адзін з кіраўнікоў апрычніны Івана IV Грознага у Рас. дзяржаве 16 ст., актыўны арганізатар апрычнага тэрору. Набыў вядомасць і ўплыў у 1569, калі ўдзельнічаў у следстве над стрыечным братам Івана IV кн. У.А.Старыцкім і ў яго смяротным пакаранні. У снеж. 1569.задушыў б. мітрапаліта Піліпа Колычава, у студз. 1570 кіраваў разгромам Ноўгарада, дзе забіў тысячы жыхароў. У 1571 вёў следства аб прычынах паражэння рус. войск у баі з ардой крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Загінуў у баі ў час Лівонскай вайны. З яго імем гіст. традыцыя звязвае жорсткасці, забойствы і смяротныя пакаранні часоў Івана IV.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы з вял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) з паўд. боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДА́К (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 28.2.1966, в. Туркі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1990). З 1991 у час. «Бярозка». Друкуецца з 1979. У зб-ках вершаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995) — лірычныя перажыванні, трывожны роздум над жыццём сучасніка, экалагічнымі праблемамі, фалькл. матывы. У кн. для бацькоў і выхавацеляў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995) праз вершы, казкі, апавяданні вядзе з малымі даходлівую гаворку пра агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да Радзімы, дабрыню, пашану да ўсяго жывога. Выдаў зб. вершаў для дашкольнікаў «Мы купілі кракадзіла» (1995, з В.Шніпам). На многія яго вершы напісалі песні кампазітары Э.Ханок, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́Н (Баранаў) Сяргей
(27.9.1892, в. Віцькі Гродзенскага р-на — 1937?),
бел. грамадскі і культ. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны. Чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Узначальваў гродзенскае т-ва дапамогі ахвярам 1-й сусв. вайны. У 1919 старшыня Бел.нац.к-та ў Гродне, заснавальнік і выкладчык Гродзенскай бел. гімназіі. Займаўся каап. дзейнасцю. У час выбараў у польскі сейм (1922) балаціраваўся ад блока нац. меншасцяў. Арыштаваны польскімі ўладамі і на суд. працэсе над удзельнікамі бел. эсэраўскага падполля ў Беластоку ў 1923 прыгавораны да 8 гадоў турэмнага зняволення. Пасля адбыцця пакарання ў канцы 1920-х г. эмігрыраваў у СССР, дзе ў 1930-я г. рэпрэсіраваны.