слова, запазычанае з польскай мовы. У бел. мову пачалі пранікаць з канца 14 ст. Працэс актыўнага папаўнення слоўніка бел. мовы П. працягваўся да 1930-х г. Запазычанне іх адбывалася 2 шляхамі: вусным (у выніку зносін беларусаў з палякамі як з суседнім народам і з прадстаўнікамі польск. народа, што жылі на Беларусі) і пісьмовым (праз пераклады твораў з польск. мовы на бел.). Сярод П. выдзяляюцца грамадска-паліт. тэрміны («айчына», «братэрства»), ваен. («моц», «палкоўнік»), бытавыя словы («пярсцёнак», «сукенка»), прастамоўныя («быдла», «лямант»). Праз польск. мову ў бел. лексіку прыйшла значная колькасць слоў з інш. моў (лац. «колер», ням. «карэта»). Лексіцы польск. паходжання ў сучаснай бел. мове ўласцівыя: спалучэнні «ен» («эн»), «ён»(«он»), «ан» на месцы насавых галосных ę, ą («парэнчы», «маёнтак», «вандроўка»); «-дл-» («кавадла», «страшыдла»); «-лу-» паміж зычнымі («слуп», «тлусты»); суфіксы «-іск-а» («вятрыска»); «-унак» («пакунак»); «-ізн-а» («бялізна»); цвёрдае вымаўленне зычных перад галоснымі «е» («э»): «бэз», «пэўны»; «я» («а») на месцы ўсх.-слав. «е» («э»): «жалязка», «бляск»; гук «ц» (на месцы «ч»): «цудоўны» (рус. «чудесный»), «цурацца» (рус. «чуждаться»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМАЛО́ГІЯ (ад лац. pomum плод + ...логія),
навука пра сарты пладовых і ягадных раслін; раздзел пладаводства. Вывучае марфал., біял., агратэхн. асаблівасці ў розных глебава-кліматычных і эканам. умовах, гасп. якасці і паходжанне сартоў з мэтай адбору лепшых для селекцыі і вытв. вырошчвання, займаецца іх класіфікацыяй, пытаннямі раянавання, інтрадукцыі. Цесна звязана з батанікай і селекцыяй.
Засн. ў канцы 18 ст. А.Ц.Болатавым. Уклад у развіццё П. зрабілі І.У.Мічурын, В.В.Пашкевіч, М.В.Рытаў, Л.П.Сімірэнка, А.С.Грабніцкі, С.С.Рагозін, таксама ням. вучоныя І.Г.К.Обердык, А.Дыль, К.Кох, Э.Лукас і інш.
На Беларусі станаўленне П. (з канца 19 ст.) звязана з працамі Рытава, Пашкевіча, А.Р.Валузнёва, А.М.Іпацьева, А.Я.Сюбарава, Э.П.Сюбаравай, якія сабралі унікальныя калекцыі сартоў. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1925—30-х г. у Бел.НДІ пладаводства (гал. каардынатар, мае каля 3000 сортаўзораў пладовых і ягадных культур), таксама ў Гродзенскім занальным НДІ сельскай гаспадаркі, на Брэсцкай дзярж.абл.с.-г. доследнай станцыі і дзярж. сортаўчастках у кожнай вобласці.
Літ.:
Пашкевич В.В. Общая помалогия, или Учение о сортах плодовых деревьев. Л.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
установа ордэна езуітаў у Мінску ў 1657—1773. У 1657—86 місія, у 1686—1714 рэзідэнцыя, у 1714—73 калегіум. Засн. смаленскім біскупам Г.Сангушкам. У 2-й пал. 17—18 ст. зямельныя і грашовыя падараванні мінскім езуітам рабілі Т. і Е.Улоўскія, Ц.П. і К.К.Бжастоўскія, М.Агінскі і інш., былі атрыманы прывілеі ад каралёў Рэчы Паспалітай Міхала Вішнявецкага і Аўгуста III. Да канца 17 ст. пабудавана школа, у 1700—10 — касцёл Ісуса, Марыі і Барбары. У 1733 пачаў будавацца мураваны корпус калегіума (закончаны ў 2-й пал. 18 ст.). З 1678 былі адкрыты класы граматыкі, з 1729 чытаўся курс філасофіі. Для бедных вучняў існавала бурса (інтэрнат); не пазней 1737 дзейнічала аптэка. У 1773 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў калегіум закрыты і перададзены Адукацыйнай камісіі. Касцёл пераўтвораны ў парафіяльны, у 1798—1869 быў кафедральным саборам Мінскай рымска-каталіцкай епархіі, у 1951 пераабсталяваны пад будынак ДСТ «Спартак», у 1997 зноў адкрыты пасля рэстаўрацыі як кафедральны касцёл Дзевы Марыі. Вучэбныя і жылыя карпусы значна перабудаваны для грамадскіх патрэб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЯРЭ́ЖНАЯ,
бераг ракі, канала, штучнага ці натуральнага вадасховішча, мора, умацаваны сцяной з каменю, бетону, цэменту, дрэва і інш., а таксама вуліца, якая ідзе ўздоўж такога берага. Аб’ект гідратэхнікі і архітэктуры. Развіліся ў выніку ўдасканалення канструкцый (драўляных, звычайна слупавых, і каменных), што ўмацоўвалі берагі абарончых равоў феад. замкаў і гарадоў. Пашыраны з сярэдзіны 18 ст. ў буйных еўрап. гарадах. Уздоўж Н. пракладвалі вуліцы, бульвары, на іх рабілі прычалы, спускі і з’езды да вады, аглядныя пляцоўкі, альтанкі, пазней пляжы. Н. адыгрываюць важную ролю ў аб’яднанні значных па плошчы гар. тэрыторый у адзіны арх. ансамбль (Н. рэк Сены ў Парыжы, Тэмзы ў Лондане, Нявы, Фантанкі, Мойкі, Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу, Масквы-ракі і Яўзы ў Маскве і інш.). На Беларусі ствараліся з канца 18 ст. ў буйных палацава-паркавых комплексах (Н. ўздоўж каналаў у Альбінскім палацава-паркавым ансамблі, 1780-я г.). Н., што будуюцца з сярэдзіны 20 ст., становяцца месцамі адпачынку (Н. р. Свіслач і Сляпянскай воднай сістэмы ў Мінску і інш.).
С.А.Сергачоў.
Набярэжная ракі Свіслач у Мінску.Набярэжная Крукава канала ў Санкт-Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л. т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс.нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХА́ЛІШКІ,
вёска ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Вілія, на аўтадарозе Вільнюс—Полацк. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на ПнУ ад г.п. Астравец, 280 км ад Гродна, 41 км ад чыг. ст. Гудагай. 791 ж., 297 двароў (1998).
Вядомы з канца 15 ст. як паселішча Вілія кн. Радзівілаў, потым Пронскіх, Кенішкаў і інш. Назва М. ад уладальнікаў Міхальскіх. У 1528 у М. 71 двор. У 1604 куплены Бжастоўскімі, якія ў 1622 заснавалі тут кляштар аўгусцінцаў. З 1669 праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Віленскага пав. У 1885—843 ж., 62 двары, касцёл, сінагога, яўр. школа, бровар, таргі па нядзелях. У 1921—39 у Польшчы, у Віленскім ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Астравецкага р-на (у 1962—65 у Смаргонскім р-не).
Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ТАЛЬСКІЯ РУЧНІКІ́,
традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць ткачыхі ў в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Вядомы з канца 18 ст. Даўжыня М.р. 210—240 см, шыр. 30—33 см. Ткуць «у елачку» пераборнай тэхнікай у 4 ніты, снуюць у 8—10 пасмаў. Традыц. колер узораў — чырвоны з чорным, пазней з сінім, зялёным. Кампазіцыя ручнікоў 2 відаў: у адным па аснове праходзяць 2—3-каляровыя, пазней 4-каляровыя палоскі-коскі, у другіх — па ўтку шмат каляровых арнаментальных палосак («затканыя беражкамі»), што перасякаюцца з каляровымі палоскамі асновы. Даўней іх аснова і ўток былі з ільняных нітак, а ўзор натыкалі горынню; у наш час ткуць з ільняных, баваўняных нітак, а ўзор натыкаюць мулінэ, ірысам. Па канцах ручнікоў арнаментальны малюнак («у зборы», «у кветкі», «у лісты», «у жучкі») займае 7—8 см. Заканчваюцца традыц. ручнікі карункамі, якія плялі з нітак асновы ўручную (цяпер вяжуць кручком). У 1977 у в. Моталь створаны ткацкі цэх Пінскай ф-кі маст. вырабаў.
М.П.Жабінская.
Да арт.Мотальскія ручнікі. В.Лукашэвіч. Ручнік. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай’ уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліць царк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кдеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.