АРАФУ́РСКАЕ МО́РА (англ. Arafura Sea),

у Індыйскім ак., паміж Аўстраліяй, Новай Гвінеяй і а-вамі Танімбар і Кай (Інданезія). Пл. 1017 тыс. км². Сярэдняя глыб. каля 200 м, найб. 3680 м. Утварае вялікі зал. Карпентарыя. У паўн. частцы Арафурскага мора — а-вы Ару і інш. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра вады ад 25 да 28 °C. Салёнасць 34—35‰. Прылівы паўсутачныя, выш. 2,5—7,5 м. Здабыча жэмчугу, лоўля крабаў. Порт Дарвін (Аўстралія).

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКА́ДЗІЯ,

клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.

т. 1, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БКА, бабка-павітуха,

у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГЕ́ЛЬСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

халоднае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., каля зах. берагоў Паўд. Афрыкі. Паўн. галіна Заходніх Вятроў цячэння, накіравана з ПдУ на ПнЗ. Скорасць 1—2 км/гадз. Т-ра вады на паверхні летам ад 19 °C на Пд да 26 °C на Пн, зімой адпаведна ад 15 да 22 °C. Непасрэдна каля берагоў пад уплывам падняцця водаў з глыбіняў т-ра падае ніжэй за 15 °C зімой і ніжэй за 12 °C летам.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІКЛА́ГА, баклага,

бандарны выраб; у беларусаў і інш. слав. народаў двухдонная пляскатая пасудзіна на 5—10 л для дастаўкі вады, квасу і інш. напіткаў. Рабілася з дубовых сцягнутых абручамі клёпак, у 1,5—2 разы карацейшых за дыяметр днішча; у адной клёпцы была адтуліна, затыкалася коркам. Пераносілі на рэмені, што мацаваўся ў спец. гнёздах (вушках). Шырока бытавалі на Беларусі амаль да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Біклага. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 3, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУДМЕХАНІЗА́ЦЫЯ»,

Дзяржаўны канструктарска-тэхналагічны інстытут «Аграбудмеханізацыя» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1986 у Мінску на базе праектна-канструктарскага бюро (з 1965), да 1992 — Усесаюзны канструктарска-тэхнал. ін-т буд. механізацыі.

Асн. кірункі дзейнасці: стварэнне сродкаў механізацыі буд.-мантажных работ, у т. л. па ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС; распрацоўка бетонамяшальных установак і комплексаў, вагавых дазатараў вады, цэменту і напаўняльнікаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці сценавых блокаў павышанай дакладнасці.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВАДНЕ́ННЕ,

сукупнасць гідратэхнічных мерапрыемстваў па забеспячэнні вадой бязводных і малаводных раёнаў. Ажыццяўляецца праз асваенне мясц. рэсурсаў вады, перакідкай яе па каналах і трубаправодах, буд-вам рэзервовых вадаёмаў і інш. Абвадненне развіта ў Сярэдняй Азіі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі і інш. На тэр. Беларусі абвадненне выкарыстоўваюць на дажджаванне сельгасугоддзяў, патрэбы прамысл. і камунальнай гаспадаркі, супрацьпажарныя мэты. Комплексна выкарыстоўваюць вадасховішчы Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае і інш.

Да арт. Абвадненне. Вадавод з р. Амудар’я ў стэп.

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБА́С, паўзун (Anabas testudineus),

рыба атрада акунепадобных. Водзіцца ў стаячых і слаба праточных вадаёмах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

Даўж. да 25 см. Цела буравата-зялёнае, бруха жаўтаватае. Можа жыць без вады каля 8 гадзін. З дапамогай хваста, грудных плаўнікоў і шыпоў шчэлепных накрывак поўзае па сушы. Дыхае атм. паветрам з дапамогай спец. надшчэлепнага органа. У сухі сезон упадае ў спячку, закопваючыся ў глей. Драпежнік. Аб’ект мясц. промыслу, разводзяць у сажалках.

Анабас.

т. 1, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЭЯ́,

рака, левы прыток Амура, у Хабараўскім краі і Амурскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Даўж. 623 км. Пл. басейна 70,7 тыс. км². Утвараецца пры зліцці Правай Бурэі і Левай Бурэі. У верхнім цячэнні горная рака, у сярэднім пераразае адгор’і хр. Турана і цячэ ў вузкай даліне, у нізоўях цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне. Асн. прытокі: Німан, Туюн (справа), Ургал, Тырма (злева). Сярэдні расход вады 940 м³/с. Сплаўная. Суднаходства на 197 км ад вусця.

т. 3, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДО́ХРЫШЧА, Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне,

адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)