НА́ЦІСК, акцэнт,

выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),

сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў​⌒жа», «прачытаць​⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.

Літ.:

Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;

Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;

Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;

Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;

Выгонная Л.Ц. Інтанацыя. Націск. Арфаэпія. Мн., 1991.

А.​І.​Падлужны.

т. 11, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЗЕВІЧ (Леапольд Іванавіч) (12.6.1895, фальварак Кур’янаўшчына, цяпер Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 1938?),

бел. паліт. і грамадскі дзеяч, пісьменнік. Брат Ч.​І.​Родзевіча. Вучыўся ў Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду (1923—24). З 1910 у Вільні, уключыўся ў бел. культ.-асв. і грамадскі рух. Удзельнічаў у Беларускім музычна-драматычным гуртку, выступаў у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. У 1917 мабілізаваны ў армію. У час польск. акупацыі 1919—20 працаваў пісарам Бел. вайсковай камісіі ў Мінску. З прыходам сав. улады ў апараце Наркамата земляробства БССР, потым пераехаў у Вільню. У 1921—23 кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй, рэдагаваў газ. «Беларускі звон», «Наша будучыня». У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), чл. яе ЦК. У 1923 арыштаваны польск. ўладамі. Адзін з ініцыятараў аб’яднання БРА з КПЗБ; з 1923 чл. ЦК КПЗБ. З 1924 сакратар Гродзенскага акр. к-та КПЗБ. У 1925—33 рэдактар газ. «Чырвоны сцяг», час. «Бальшавік». На II канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) далучыўся да сэцэсіі. З восені 1925 у Мінску, кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, быў рэдактарам «Бюлетэня ЦК КПЗБ», членам Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 арыштаваны па справе т.зв. Бел. нац. цэнтра. Да 1938 знаходзіўся ў Саратаве. У 1938 паўторна арыштаваны (дакладныя дата і месца смерці невядомы). Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар драм «Блуднікі» (1912, надрук. ў 1960), «Пакрыўджаныя» (1916, надрук. ў 1921), вадэвіляў, у т. л. «Збянтэжаны Саўка» (1921), «Багаты і бедны» (1922), паэт. зб-каў «Беларусь» (1922), «На паняволеных гонях» (1928) і інш.

Літ.:

Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965. №9;

Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997. №3. Bergman A. Leopold Rodziewich // Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej Warszawa, 1984.

А.​М.​Вабішчэвіч.

Л.І.Родзевіч.

т. 13, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЧ (Ян) (Іван) Станіслававіч (парт. псеўд. Борскі, Сымон, Казік; 15.6.1902, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці — 8.1.1943),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—25). Чл. Кампартыі Чэхаславакіі з 1923, чл. КПЗБ з 1926. З 1926 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Кааптаваны ў ЦК КПЗБ, яго прадстаўнік пры ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады і палітрэдактар газет БСРГ «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа» і інш. Канд. у чл. ЦК Кампартыі Польшчы. 23.12.1928 арыштаваны, прыгавораны да 15 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з вер. 1932 у СССР. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АН БССР. У 1933 беспадстаўна рэпрэсіраваны. Памёр у Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобл.). Рэабілітаваны ў 1956.

У.​І.​Адамушка.

Я.С.Бабровіч.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.​К.​Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл. Бабруйскі «кацёл»). Войскі Чырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.

Да арт. Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́ЎСКІ ((Ossowski) Лешак) (1.4.1905, Варшава — 10.2.1996),

польскі мовазнавец, славіст, даследчык бел. мовы. Д-р усходнеслав. філалогіі (1945), праф. (1964). Вышэйшую адукацыю атрымаў у Пазнанскім і Ягелонскім ун-тах. Заг. кафедры рус. мовы Вроцлаўскага (з 1946) і рус. філалогіі Пазнанскага (1964—75) ун-таў. Аўтар навук. прац па слав. дыялекталогіі, анамастыцы, гісторыі бел. мовы, у т. л. «Моўныя праблемы Палесся» (1936), «З беларускай фанетыкі...» (1938), «Пераход «ы» ў «у» пасля губных у некаторых паўднёва-беларускіх гаворках» (1934) і інш. Даследаваў храналогію дзекання і цекання, гісторыю асобных марфал. формаў слоў, прасочваў сувязі Палесся з Валынню, спрабаваў вызначыць укр.-бел. моўную мяжу, бел.-польскія моўныя кантакты.

Тв.:

Studia slawistyczne. Wrocław etc., 1992.

Літ.:

Колесаў У.В., Пазухін Р.В. Беларусістыка і славістыка ў працах прафесара Лешка Асоўскага // Бел. лінгвістыка. Мн., 1977. Вып. 11.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАНО́ВІЧ Аляксандр Антонавіч, паліт. дзеяч пач. 20 ст. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1897). Паручнік інжынерных войскаў. Стварыў Гродзенскі воінскі саюз для барацьбы супраць бальшавікоў. Пасля кастр. 1917 узначальваў у Петраградзе Цэнтр. к-т аб’яднаных грамадскіх арг-цый Гродзенскай губ., які ў ліп. 1918 разагнаны бальшавікамі. У снеж. 1918 у Кіеве вёў дзейнасць супраць урада БНР. У студз. 1919 у Адэсе ўступіў у Бел. нац. цэнтр (БНЦ), прапанаваў яму прыняць на сябе функцыі Часовага краёвага ўрада Беларусі (21.1.1919 прапанова адхілена). 26.1.1919 спрабаваў падмануць БНЦ: паведаміў, што ў Слоніме 13.1.1919 адбыўся Усебел. з’езд, які абраў дырэкторыю на чале з Бахановічам. Выключаны з БНЦ і высланы з Адэскай акругі. Пазней у Вене называў сябе «прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі», прасіў дапусціць яго на мірную канферэнцыю ў Парыжы.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА І МУЗЕ́Й ІМЯ́ ФРАНЦІ́ШКА СКАРЫ́НЫ ў Лондане,

грамадска-культ. асяродак беларусаў і беларусістаў у Англіі. Афіц. адкрыты ў асобным будынку ў 1971, з 1979 мае статус незалежнай навук. установы як «уласнасці ўсіх беларусаў». Аб’ядноўвае бел. эмігрантаў і англ. навукоўцаў-беларусістаў. Існуе пераважна на добраахвотныя ахвяраванні. Аснову б-кі склалі прыватныя зборы бел. святароў Ч.​Сіповіча і Л.​Гарошкі. Займае 8 пакояў, захоўвае каля 45 тыс. тамоў кніг, камплектаў газет і часопісаў. Экспануюцца ўзоры бел. нар. ткацтва і вышыўкі, с.-г. і хатнія прылады. Б-ка вядзе выдавецкую дзейнасць, штогод арганізуе курсы лекцый па беларусазнаўстве, сустрэчы з гасцямі з Беларусі. Узначальвае б-ку рада з дзеячаў бел. эміграцыі і англ. вучоных. Старшыня рады (з 1971) А.Надсон.

А.​В.​Мальдзіс.

Будынак Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане.

т. 2, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (БСДРП),

арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да крас. 1918. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвенскай арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), налічвала каля 700 чл. — рабочых і маракоў Балт. флоту. У выканаўчы камітэт уваходзілі А.​Р.​Чарвякоў, І.​В.​Лагун, Ю.​У.​Памецка, У.​В.​Скарынка, А.​Х.​Усціловіч (Усціновіч) і інш. Вяла паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Члены БСДРП бралі ўдзел у Кастр. узбр. паўстанні, у рабоце Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. У студз. 1918 БСДРП удзельнічала ў стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома), яго камісарам прызначаны А.​Р.​Чарвякоў. У крас. 1918 на аснове БСДРП створана бел. секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)