МЕГАБІЯЦЭНО́З (ад мега... + біяцэноз),
сукупнасць папуляцый біял. відаў і біягенных рэчываў, якія ствараюць пэўную экасістэму. Уключае прадуцэнтаў, кансументаў і рэдуцэнтаў у межах біягеацэнозу, сучаснае жывое рэчыва і рэчыва папярэдніх эпох, якія разам з біягенамі пастаянна або перыядычна (выпадкова) прымалі ўдзел у стварэнні, развіцці і функцыянаванні пэўнай экасістэмы (біяцэнозу); цяпер не існуюць, але ў пераўтвораным стане працягваюць уплываць на яе існаванне.
т. 10, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛА́НЖ (ад франц. mélange сумесь),
1) у хіміі сумесь канцэнтраваных азотнай і сернай кіслот пры іх суадносінах па аб’ёме прыблізна 9:1. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сернай к-ты вежавым спосабам.
2) Замарожаная сумесь яечных жаўткоў і бялкоў (яечны М.). Выкарыстоўваюць пераважна ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў.
3) Змяшэнне ў пражы валокнаў, афарбаваных у розныя колеры, а таксама тканіна, вырабленая з такой пражы.
т. 10, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),
1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.
2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл. Меніскавыя сістэмы).
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРА́НА (Merano),
кліматабальнеалагічны курорт у Італіі, на ПнЗ ад г. Бальцана. Вядомы з 19 ст. Клімат вельмі мяккі зімой, сухі субтрапічны летам. Шмат крыніц мінер. вод, у т. л. радонавых. Лечаць хваробы органаў дыхання, апорна-рухальнай і перыферычнай нерв. сістэм, скуры, мочапалавой сістэмы. Бальнеа-фізіялячэбніцы, пансіянаты, атэлі. Буйны цэнтр турызму. Месца правядзення міжнар. кінафестываляў, шахматных турніраў. Шмат арх. помнікаў.
Я.В.Малашэвіч.
т. 10, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРСЕРЫЗА́ЦЫЯ [ад імя англ. вынаходніка Дж.Мерсера (J.Merceir; 1791—1866)],
1) першая стадыя тэхнал. працэсу вытв-сці віскозы. Ажыццяўляюць апрацоўкай цэлюлозы водным растворам гідраксіду натрыю. Пры М. ўтвараецца шчолачная цэлюлоза, адначасова адбываецца набраканне цэлюлозы і растварэнне яе нізкамалекулярных фракцый.
2) Апрацоўка баваўняных і цэлюлозных тканін водным растворам гідраксіду натрыю. Надае тканінам бляск, павышае гіграскапічнасць, мех. трываласць і паляпшае іх здольнасць афарбоўвацца.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6 г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6 Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
т. 10, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРЗА́ (ад перс. амір-задэ — сын эміра, прынц),
1) у Іране тытул членаў манаршага дома (ставіцца пасля імя) або чыноўнік, сакратар (ставіцца перад імем).
2) У цюркскіх мусульманскіх народаў з 13 ст. М. (часцей варыянт мурза) наз. буйныя феадалы, кіраўнікі асобных ордаў і родаў. У бел. татар М. — прадстаўнік шляхецкага саслоўя. У некат. выпадках слова «М.» стала часткай прозвішча, напр., Мурзы-Мурзічы.
т. 10, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛІ́НАВА, Грабеніцкае возера,
у Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мошна, за 7 км на Пн ад г.п. Лёзна. Пл. 0,28 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 420 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 3,75 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, параслі хмызняком. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі. На Пн упадае ручай.
т. 10, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Н [ад грэч. mys (myos) мышца],
бялок скарачальных валокнаў мышцаў. Малекула М. складаецца з 2 поліпептыдных ланцугоў, якія скручаны ў спіраль. Мал. м. каля 500 000. Складае 40—60% мышачных бялкоў. З бялком мышцы актынам утварае актаміязін — асн. бялок скарачальнай сістэмы мышцаў. Валодае адэназінтрыфасфатазнай актыўнасцю: ператварае хім. энергію АТФ у мех. энергію мышачнага скарачэння. Уваходзіць таксама ў састаў скарачальных структур інш. эўкарыётных клетак.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЛО́ГІЯ (ад мія... + ...логія),
раздзел анатоміі, які вывучае будову мышачнай сістэмы. Сістэм. апісанне анатоміі мышцаў зрабіў А.Везалій. На Беларусі даследаванні ў галіне М. праводзяцца ў мед. ін-тах, Акад. фіз. культуры і спорту, Ін-це фізіялогіі Нац. АН (А.С.Дзмітрыеў) і інш. Вывучаюцца пытанні развіцця, гісталагічнай будовы, тапагр. анатоміі, гістахіміі, біяхіміі, фізіялогіі мышачнай сістэмы, яе дзейнасці ў розных умовах.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)