дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).
Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.
Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).
Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн.г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.
Барбадас — чл.ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац.дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс.т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн.м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд.кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс.т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс.км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,
расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».
«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.
29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.
Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва«Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.
Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.
Літ.:
Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;
Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;
Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а ягогал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн.т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Ягосусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (эканам.),
каштоўны высакародны метал; першы метал, які чалавек стаў выкарыстоўваць для сваіх патрэб. Ёсць звесткі пра здабычу З. і выраб з яго прадметаў у Егіпце (4100—3900 да н.э.), Індыі, Індакітаі (2000—1500 да н.э.) і інш. Як адзін з найб. каштоўных металаў З. выконвае функцыі ўсеагульнага эквіваленту пры абмене тавар — грошы, бо ў параўнанні з інш. таварамі яно валодае шэрагам пераваг: трываласцю, якаснай аднароднасцю, падзельнасцю, партатыўнасцю (высокай вартасцю пры невял. аб’ёме і вазе), зручнасцю ў захоўванні, адноснай рэдкасцю ў прыродзе. З. ў форме зліткаў захоўваецца ў якасці залатога запасуцэнтр. банкаў, шырока выкарыстоўваецца для вырабу манет, у радыёэлектроніцы, касм. тэхніцы, прыладабудаванні, ювелірнай справе, медыцыне.
У якасці грошай З. выкарыстоўвалася яшчэ за 1500 гадоў да н.э. ў Кітаі, Індыі, Егіпце, дзяржавах Месапатаміі, у 8—7 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі. У 7 ст. да н.э. ў Лідыі пачалася чаканка першых у гісторыі манет. У Кіеўскай Русі чаканка манет з З. і серабра пачалася ў 10 ст. У час мангола-татарскага нашэсця ў рас. княствах мела хаджэнне манг. «ценьга», ад якой і паходзіць рус. назва грошай (деньги). У старажытнасці і ў сярэдневякоўі разам з З. функцыі грошай выконвалі медзь і серабро. У Расіі ў пач. 19 ст. была пачата распрацоўка радовішчаў З. на Урале і ў Сібіры. У сярэдзіне 19 ст. багатыя радовішчы З. адкрыты ў ЗША (Каліфорнія), Аўстраліі, у 1880 — у Паўд. Афрыцы. Рост сусв. здабычы З. паскорыў выцясненне абясцэненага серабра і стварыў умовы для пераходу большасці краін да залатога монаметалізму ў яго класічнай форме золатаманетнага стандарту, які ўпершыню быў уведзены ў Вялікабрытаніі ў 1821 (гл.Залаты стандарт). Традыцыйна ў якасці сусв. грошай З. выступала як усеагульны эквівалент для разлікаў спачатку асобных рынкаў, а потым і краін. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 усе краіны адышлі ад залатога стандарту, усталявалася сістэма неразменных на З. крэдытных грошай (банкнот). Але З. застаецца грашовым металам і працягвае выконваць функцыі страхавога фонду, грашовага абарачэння і рэгулятара велічыні цыркулюючай грашовай масы.
У адпаведнасці з рашэннямі Брэтан-Вудскай канферэнцыі (1944) рэзервовай валютай для разліку краін — членаў створанага на гэтай канферэнцыі Міжнар. валютнага фонду (МВФ) разам з З. прызнаны долар ЗША. З’явілася своеасаблівая біметалічная сістэма (гл.Біметалізм), якая ў канчатковым выніку вядзе да выцяснення З. і замены адных грошай другімі. Нягледзячы на фіксаваную афіц. цану ў 35 дол. за тройскую унцыю З., рыначная цана З. ў 1972 склала 58 дол., а ў 1974—159,3 дол. за унцыю. Ямайская канферэнцыя 1975 абвясціла канчатковае зняцце З. з міжнар. абарачэння. Асн. валютай становяцца крэдытныя грошы, т.зв.спец. правы запазычвання (Special Drawing Rights), у якасці рэзервовых валют побач з доларам ЗША аб’яўлены ням. марка, франц. франк, англ. фунт стэрлінгаў. МВФ распрадаў свой залаты запас, а ўсе яго члены атрымалі эквівалентную долю СДР. У 1975 З. яшчэ захоўвала свае пазіцыі як маштаб цэн, як мера вартасці. СДР прыраўноўвалася да З. і як сродак утварэння скарбаў з прычыны таго, што краіны, якія выкупілі З. ў МВФ, папоўнілі ім свае валютныя рэзервы. Такім чынам, цяпер функцыі сусв. грошай адыгрываюць крэдытныя грошы, а ў краінах ЕС — агульнаеўрапейскія грашовыя адзінкі ЭКЮ, у якасці рэзервовых валют выступаюць банкноты ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Японіі. У СССР да сярэдзіны 1980-х г. рубель прыраўноўваўся да пэўнай колькасці З., вагавае ўтрыманне рубля складала 0,86 г З. Цяпер рубель (рас. і бел.) прыраўноўваецца да долара па курсавой суадносіне, якая ўстанаўліваецца курсавых суадносінах, якія ўстанаўліваюцца з улікам попыту і прапановы на грашовым рынку. Асн. пастаўшчыкі З.: Паўд.-Афр. Рэспубліка, Расія, Канада, ЗША, Гана, Бразілія, Аўстралія, Японія. Рынкі З. ў Лондане, Цюрыху, Парыжы, Бейруце, Токіо, Сінгапуры, Нью-Йорку і інш.
Літ.:
Марфунин А.С. История золота. М., 1987;
Самуэльсон П. Экономика: Пер. с англ.Т. 2. М., 1993;
Долан Э.Дж., Линдсей Д.Е. Макроэкономика: Пер. с англ. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ННЕ,
спецыфічная функцыя арганізаваных сістэм прыроды, грамадства, вытв.-тэхн. сферы, якая забяспечвае іх жыццядзейнасць, мэтанакіраваную дынаміку развіцця, рэалізацыю канкрэтных праграм і практычных задач. У сац. сферы К. прадугледжвае свядомую дзейнасць грамадскіх інстытутаў і асобных індывідаў, накіраваную на рэгуляванне стыхійных і ўсвядомленых, аб’ектыўных і суб’ектыўных пачаткаў, мэтазгоднае ўладкаванне грамадскіх адносін. Адрозніваюць К. стыхійнае, што выступае як вынік уздзеяння на грамадства разрозненых сіл, масы выпадковых, адзінкавых актаў (напр., рынак), і свядомае, якое ажыццяўляецца грамадскімі інстытутамі і арг-цыямі. Праблемы сац. К. прыцягвалі да сябе ўвагу на ўсіх этапах развіцця чалавецтва, ім адводзілася вядучае месца ў сістэме поглядаў Канфуцыя, Арыстоцеля, Н.Макіявелі, Г.Гегеля, К.Маркса, У.І.Леніна і інш. Сучасныя зах. тэарэтыкі (Дж.Бёрнхем, Д.Бел, Дж.Голбрэйт і інш.) бачаць у К. сілу, здольную пазбавіць грамадства ад уласцівых яму сац. заган і павысіць яго жыццяздольнасць, выступаюць за пашырэнне сферы дзярж. планавання, кантролю, прагназавання.
К дзяржаўнае — адна з форм дзярж. дзейнасці, якая забяспечвае рэалізацыю дзярж. улады праз адпаведныя кіраўнічыя органы. У ім прымаюць удзел усе дзярж. органы, якія ажыццяўляюць унутр. і знешнія функцыі дзяржавы. Сістэма гэтых органаў, размеркаванне паміж імі кіраўніцкай кампетэнцыі, устанаўленне ступеняў падначальвання вызначаюцца канстытуцыяй, законамі і інш. прававымі актамі. У штодзённай дзейнасці гэтыя органы (у межах іх кампетэнцыі) забяспечваюць рэалізацыю законаў (выканаўчая дзейнасць), выконваюць уладныя дзеянні, неабходныя для падтрымання грамадскага парадку і дзярж. дысцыпліны (распарадчая дзейнасць). Існуюць дзярж. органы, асн. прызначэнне якіх — паўсядзённае ажыццяўленне К. дзяржаўнага ў агульнадзярж. маштабе або ў пэўным рэгіёне, у эканоміцы, асвеце, ахове здароўя, ахове ўнутр. і знешняй бяспекі і інш. сферах. Дзейнасць такіх выключна кіраўніцкіх органаў па сваім змесце адрозніваецца ад дзейнасці заканадаўчай, судовай, пракурорска-нагляднай і ў цэлым таксама можа разглядацца як К. дзяржаўнае.
Цэнтр. органам К. дзяржаўнага ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў К. дзяржаўнага і інш. органаў выканаўчай улады. Структура Урада, паводле Канстытуцыі, вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, які таксама прымае рашэнне аб адстаўцы Урада або яго членаў, утварае, ліквідуе і рэарганізуе Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. органы К. дзяржаўнага, ажыццяўляе іх узаемадзеянне.
К. вытворчасцю — мэтанакіраванае ўздзеянне на калектывы людзей для арганізацыі і каардынацыі іх дзейнасці ў працэсе вытворчасці. Уключае прынцыпы, функцыі і метады, тэорыю кіраўніцкіх рашэнняў, арганізац. структуру, тэхн. сродкі і тэхналогію, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Навука аб К. вытв-сцю пачала нараджацца ў перыяд простай кааперацыі працы. Навук. асновы К. як важны элемент грамадскай матэрыяльнай вытв-сці, што вынікае з падзелу і кааперацыі працы, склаліся ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Іх распрацавалі прадстаўнікі т. зв. школы навук. менеджменту А.Фаёль, Г.Эмерсан, Ф.Тэйлар, Г.Форд і інш. Інтэнсіўнае павелічэнне аб’ёмаў прамысл. вытв-сці, машынізацыя працы, канкурэнцыя, унутр. і знешняя інтэграцыя ў межах пэўнай арг-цыі (фірма, завод, фабрыка), неабходнасць эканоміі часу і рэсурсаў прадвызначылі ўзнікненне сучаснага менеджменту з уласцівым яму адзінствам навукі, мастацтва, тэхнікі і тэхналогіі. Мэтанакіраваныя ўздзеянні, што ўплываюць на падбор і расстаноўку, навучанне і ацэнку дзейнасці, рух кадраў прадпрыемства, адносяць да К. працоўнымі рэсурсамі. Яно мае важнае значэнне для ўсіх калектываў (незалежна ад формы ўласнасці) — дзярж і прыватных, прамысл. і с.-г., камерцыйных і некамерцыйных, тых, што дзейнічаюць у сферы паслуг, займаюцца здабычай прадметаў працы або іх апрацоўкай.
Асн. элементам мэтанакіраванага ўздзеяння кіруючай сістэмы на аб’ект К., у якім сфармуляваны мэты дзеяння і праграма яе рэалізацыі, з’яўляецца кіраўніцкае рашэнне. Гэта творчыя і адначасова валявыя дзеянні суб’екта К., яны ажыццяўляюцца на падставе ведаў аб’ектыўных законаў функцыянавання кіруемай сістэмы і аналізу інфармацыі пра яе становішча. Кіраўнік (менеджэр) павінен выбраць найлепшы варыянт дзеянняў з мноства магчымых у дадзеных умовах гаспадарання, каб выканаць абавязкі, абумоўленыя яго пасадай. Рашэнні складаюць аснову працэсу К. (прадпрыемствам, вытв-сцю), прымаюцца на ўсіх узроўнях і групуюцца па розных прыкметах. Спецыфіка кіраўніцкіх рашэнняў у галіне эканомікі заключаецца ў тым, што яны павінны кіраваць дзейнасцю асобных выканаўцаў і прац. калектываў, занятых у вытв-сці і К., і тым самым вызначаць сучаснае і будучае развіццё аб’екта К. (прадпрыемства, цэха і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў ягоэксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА (Пімен Емяльянавіч) (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, за нац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г.яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛСУ́ДСКІ ((Piłsudski) Юзаф Клемент) (5.12.1867, маёнтак Зулова Свянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Залавас, Літва — 12.5.1935),
польскі паліт., дзярж. і ваен. дзеяч; лідэр руху за аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў пач. 20 ст. Маршал Польшчы (1920). Скончыў Віленскую гімназію (1885), вучыўся ў Харкаўскім ун-це. Зблізіўся з народнікамі, у 1887 арыштаваны ў Вільні і сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. У 1893 вярнуўся ў Вільню і далучыўся да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Сродкамі барацьбы за вызваленне Польшчы лічыў масавы рабочы і нац. рух прыгнечаных народаў Рас. імперыі. Свае погляды прапагандаваў праз газ. «Robotnik» («Рабочы»), якую рэдагаваў да другога арышту (1900). Адзін з заснавальнікаў баявой арг-цыі ППС (1905). Пасля расколу партыі (1906) засяродзіўся на падрыхтоўцы кадраў будучай польск. арміі, наладзіў супрацоўніцтва з аўстр. генштабам (1909). Адыгрываў вядучую ролю ў стварэнні паўваен. польскіх арг-цый у Галіцыі. У пач. 1-й сусв. вайны па яго загадзе польскія стралкі спрабавалі ўзняць антырас. паўстанне ў Каралеўстве Польскім (жн. 1914). Камандаваў 1-й брыгадай легіёнаў польскіх (да ліп. 1916). Стварыў сакрэтную Польскую арганізацыю вайсковую. Уваходзіў у Часовую дзярж. раду ў Варшаве (са студз. 1917), кіраваў яе вайск. камісіяй. Зразумеўшы бесперспектыўнасць арыентацыі на Аўстра-Венгрыю і Германію, летам 1917 заклікаў сваіх прыхільнікаў у «Польскіх узбр. сілах» адмовіцца ад прысягі гэтым дзяржавам, за што 22.7.1917 зняволены ў Магдэбургскай крэпасці. У ліст. 1918 вызвалены і вярнуўся ў Варшаву. 11.11.1918 атрымаў ад рады вайск. ўладу, 14.11.1918 рада перадала яму поўную ўладу і самараспусцілася; П. стаў «начальнікам» (кіраўніком) дзяржавы (зацверджаны Устаноўчым сеймам 20.2.1919). Сваёй гал. мэтай лічыў усталяванне бяспечнага месца Польшчы ў Еўропе пасля 1-й сусв. вайны. Карыстаючыся аслабленнем Расіі, імкнуўся адцясніць яе на У. Дзеля гэтага прапагандаваў ідэю федэратыўнага саюза з Польшчай дзяржаў, што ўтвараліся на тэр. былой Рэчы Паспалітай. 22.4.1919 у Вільні ў звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» заявіў аб супольнай працы з насельніцтвам краю. 18—19.9.1919 быў у Мінску. У 1920 кіраваў польскімі войскамі пры абароне Варшавы (гл.Варшаўская аперацыя 1920). Знясіленне Польшчы прымусіла П. адмовіцца ад федэратыўных планаў, але дамогся ўключэння ч.тэр. Беларусі і Украіны ў склад Польшчы ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 (гл.Заходняя Беларусь). У кастр. 1920 ініцыіраваў «бунт» Літ.-бел. дывізіі на чале з ген. Л.Жалігоўскім, у выніку якога захоплена Віленшчына. Створаная тут Сярэдняя Літва ў 1922 далучана да Польшчы. Падтрымліваў антысав. выступленне ген. С.Булак-Балаховіча на Палессі (ліст. 1920). П. не ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1922 і саступіў пасаду кіраўніка дзяржавы абранаму прэзідэнту Г.Нарутовічу, у 1923 адмовіўся ад інш.дзярж. пасад. 12.5.1926 здзейсніў дзярж. пераварот пад заклікам «санацыі» («аздараўлення») дзяржавы. У выніку ім устаноўлены аўтарытарны «санацыйны рэжым» з фіктыўнай уладай прэзідэнта, з абмежаванымі паўнамоцтвамі сейма і фактычна неабмежаванай уладай самога П. Ен займаў пасады ген. інспектара арміі і ваен. міністра, а ў кастр. 1927 — чэрв. 1928 і ў жн.—снеж. 1930 — і кіраўніка ўрада. Жорстка душыў камуніст. рух, бел. і ўкр.нац. рух. Пад яго кіраўніцтвам закладвалася палітыка «раўнавагі» Польшчы паміж двума яе вял. суседзямі: 25.7.1932 заключаны дагавор аб ненападзе з СССР, 26.1.1934 — Дэкларацыя аб непрымяненні сілы з Германіяй (гл.Германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе). У Польшчы фарміраваўся культ П. як стваральніка і абаронцы польскай дзяржавы. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. у Польшчы адбыўся рэнесанс культу П. У яго гонар названы вуліцы, плошчы, устаноўлены помнікі ў многіх гарадах краіны.
Тв.:
Pisma zbiorowe. T. 1—11. Warszawa, 1989—91;
Myśli, mowy i rozkazy. Warszawa, 1989;
Рус.пер. — Война 1920 г. // Тухачевский М. Поход за Вислу;
Пилсудский Ю. Война 1920 г.М., 1992.
Літ.:
Михутина И.В. Майский переворот 1926 г. в Польше // Сов. славяноведение. 1989. № 6;
Наленч Д., Наленч Т. Юзеф Пилсудский: Легенды и факты: Пер. с пол. М., 1990;
Коўкель І.І. «Беларускае пытанне» ў палітыцы Польшчы (1918—1920) // Гістарычная навука і гістарычная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь: Новыя канцэпцыі і падыходы. Мн., 1994. Ч. 1;
Астрога В., Скалабан В. Пілсудскі ў Менску: Хроніка аднаго візіту // Спадчына. 1998. № 4;
Garlicki A. Józef Piłsudski, 1867—1935. 2 wyd. Warszawa, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,
паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).
Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.Я.Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс.чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.К.Панько і ген. сакратаром С.І.Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.
ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.П.Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.
Літ.:
Баптизм и баптисты. Мн., 1969;
Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;
Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛТЫКО́Ў-ШЧАДРЫ́Н (Міхаіл Яўграфавіч) (сапр.Салтыкоў; літ.псеўд. Н.Шчадрын; 27.1.1826, с. Спас-Вугал Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 10.5.1889),
рускі пісьменнік, крытык, публіцыст дэмакр. кірунку. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1844). Служыў чыноўнікам у Пецярбургу. Светапогляд С.-Ш. складваўся пад уплывам В.Бялінскага, М.Гогаля, А.Герцэна, ідэй петрашэўцаў і франц. утапічнага сацыялізму. Друкаваўся з 1841 (вершы). Першыя аповесці «Супярэчнасці» (1847) і «Заблытаная справа» (1848) сталі прычынай высылкі аўтара ў Вятку (1848—55), дзе С.-Ш. служыў чыноўнікам губернскага праўлення. Пасля вяртання ў Пецярбург служыў у Мін-ве ўнутр. спраў (1856—58), віцэ-губернатарам у Разані, пазней у Цверы (1858—62), з 1864 — у сістэме Мін-ва фінансаў у Пензе, Туле, Разані. У 1868 выйшаў у адстаўку. У 1863—65 супрацоўнік час. «Современник», з вер. 1868 член рэдакцыі і актыўны супрацоўнік, з 1877 адказны рэдактар час. «Отечественные записки» да забароны гэтага выдання ў 1884. У цыкле сатыр. нарысаў і апавяданняў «Губернскія нарысы» (1856—57), «Нявінныя апавяданні» (1857—63), «Пампадуры і пампадуршы» (1863—74), «Гісторыя аднаго горада» (1869—70), «Паны ташкентцы» (1869—72), «Дзённік правінцыяла ў Пецярбургу» (1872), «Добранамераныя прамовы» (1872—76), «За мяжой» (1880—81), рамане «Паны Галаўлёвы» (1875—80) і інш. паказаў крызіс прыгоннага ладу, дасціпна крытыкаваў бюракратыю, прыстасавальніцтва, маральную дэградацыю дваранства, рэакц. сутнасць і амаралізм прускага мілітарызму і паказной парламенцкай дэмакратыі. Сатырычны талент С.-Ш. ярка выявіўся ў апошніх творах; «Казкі» (1882—86, асобнае выданне 1884 нелегальна пад назвай «Казкі для дзяцей немалога ўзросту», легальна выд. 1887; частка казак апубл. пасмяротна), «Дробязі жыцця» (1886—89), «Пашахонская даўніна» (1887—89), дзе пісьменнік выкарыстаў прыёмы памфлета і гратэску, убачыў сваю эпоху ў кантрастных і трагічных тонах. Аўтар камедый «Смерць Пазухіна» (1857, забаронена; паст. 1893), «Цені» (1862—65, не завершана; паст. 1914), публіцыстычнага цыкла «Наша грамадскае жыццё» (1864), літ.-крытычных артыкулаў.
Творчасць С.-Ш. паўплывала на станаўленне камічнага жанру ў бел. л-ры, творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча, Ядвігіна Ш., К.Крапівы, развіццё публіцыстыкі, драматургіі, тэатр. мастацтва. У бел. крытыцы і літ.-знаўстве яго спадчына разглядалася як важнае звяно сацыяльна ангажыраванай маст. культуры ў кірунку крытычнага рэалізму. Газ. «Минский листок» убачыла ў ім выдатнага мысліцеля і асветніка. Супрацоўнік газ. «Голос провинции» М.Караліцкі адзначаў актуальнасць выкрывальніцкай творчасці С.-Ш. для сучаснасці. Газ. «Гомельская мысль» у артыкулах «З мінулага», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын», «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын. Да 25-годдзя з дня смерці» паведаміла новыя факты з жыцця пісьменніка, адзначыла ўплыў Бялінскага, Дабралюбава і Някрасава на станаўленне яго светапогляду. Да традыцый С.-Ш. часта звярталася бел.сав. крытыка 1930-х г. як аргумента пры абгрунтаванні рэаліст. метаду. Бел. друк у 1930-я г. адзначыў 50-годдзе з дня смерці С.-Ш. ў арт. «Вялікі сатырык» М.Дабрыніна і інш. публікацыях. Апублікаваны бібліягр. даведнік «М.Я.Салтыкоў-Шчадрын» (1939). У 1950—70-я г.бел.літ.-знаўцы Дз.Палітыка, І.Ішчанка, Н.Сніцарава даследавалі важныя аспекты літ., сац.-філасофскай і журналісцкай спадчыны С.-Ш. У дарэв. час мясцовыя і прыезджыя тэатр. трупы паказвалі п’есы С.-Ш. ў Мінску, Гродне, Віцебску, Магілёве, Гомелі і інш. У Брэсце ў 1883 паказана інсцэніроўка «Паны Галаўлёвы». На бел. мову яго творы перакладалі К.Чорны («Казка аб заўзятым начальніку...», 1936), У.Ляўданскі (кн. «Выбраныя апавяданні», 1948), Я.Шарахоўскі («Казкі», 1953), В.Вітка («Паны Галаўлёвы», 1956), Х.Жычка (казка «Кісель», 1976) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—20. М., 1965—77.
Літ.:
Салтыков-Щедрин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1975;
Политыко Д.А. Великий русский писатель-сатирик М.Е.Салтыков-Щедрин. Мн., 1955;
Ищенко И.Т. Пародии Салтыкова-Щедрина. Мн., 1973;
Бушмин А.С. Художественный мир Салтыкова-Щедрина: Избр. тр.Л., 1987;
Николаев Д.П. Смех Щедрина: Очерки сатир. поэтики. М., 1988;
Ауэр А.П., Борисов Ю.Н. Поэтика символических и музыкальных образов М.Е.Салтыкова-Щедрина. Саратов, 1988;
Салтыков-Щедрин и русская литература. Л., 1991;
М.Е.Салтыков-Шедрин: пробл мировоззрения, творчества, языка. Тверь, 1991;
Герасимович М.М. Уроки М Е.Салтыкова-Щедрина. Мн., 1993.