ЗАХО́ДНІЯ РУМЫ́НСКІЯ ГО́РЫ, Апусені (Munţii Apuseni),
частка горнай сістэмы Карпат на З Румыніі. Абмежаваны на З Сярэднедунайскай раўнінай, на Пн — далінай р. Самеш, на У — Трансільванскім плато, на Пд — далінай р. Мурэш. Вылучаюць цэнтр. платопадобны горны масіў Біхар (выш. да 1848 м), вапняковыя горы Траскэў (да 1370 м) і Металіч (да 1438 м), на З хрыбты Кодру (1112 м), Зэранд і Пэдура-Краюлуй (ніжэй за 1000 м), на Пн — хрыбты Месеш, Плапіш і Фэджэт. Складзены з гранітаў, крышт. сланцаў, вапнякоў і вулканічных парод. Радовішчы каляровых металаў (золата, серабро, поліметалы, ртуць), здабыча мармуру. андэзіту, вапняку. Букавыя, дубовыя і хваёвыя лясы, лугі.
т. 7, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРЫ́ДЫ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 23.2.1904, г. Саратаў, Расія),
кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), Герой Сац. Працы (1990). З 1932 рэжысёр «Саюзтэхфільма», потым «Мастэхфільма» («Цэнтрнавукфільм»). Праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфістаў (э 1966). Многія навук.-папулярныя фільмы заснаваны на навук. назіраннях за прыродай і пабудаваны ў форме аповесцей, казак: «У пясках Сярэдняй Азіі» (1943), «Лясная быль» (1950), «У льдах акіяна» (1953), «Сцежкай джунгляў» (1959), «Зачараваныя астравы» (1965), «Лясная сімфонія» (1967), «Здаравяка» (1982, разам з М.Клдыяшвілі) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, Дзярж. прэмія Расіі 1969. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1946, 1962, 1965), Карлавых Варах (1950) і інш.
т. 7, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МАН ((Zeman) Карэл) (3.11.1910, г. Острамерж, Чэхія — 1989),
чэшскі рэжысёр; адзін з заснавальнікаў чэхаславацкага лялечнага фільма. Засл. арт. ЧССР (1960). Скончыў школу маст. рэкламы ў Парыжы (1928). Сярод фільмаў: «Калядны сон» (1945), «Падарожжа ў першабытную эпоху» (1956, Дзярж. прэмія ЧССР 1957), «Тайна вострава Бэк-Кап» паводле Ж.Верна (1958, Дзярж. прэмія ЧССР 1959), «Барон Мюнхгаўзен» (1962), «Хроніка блазна» (1964), «Казкі тысяча і адной ночы» (1975), «Казкі пра Гонзіка і Маржэнку» (1981) і інш. Характэрны пошукі новых стылістычных прыёмаў, спалучэнне пластычных сродкаў мультыплікацыйнага і ігравога кіно. Прэмія Міру за дасягненні ў галіне кінамастацтва (1959), прызы на міжнар. кінафестывалях у Кане, Венецыі, Карлавых Варах і інш.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБРЫХ (Sembrich) Марчэла [сапр. Каханская (Kochańska) Марцаліна; 18.2.1858, Вішнёўчык, Галіцыя, цяпер Украіна — 11.1.1935], польская спявачка (каларатурнае сапрана). У 1869—73 вучылася ў Львоўскай, у 1875—77 удасканальвалася ў Венскай кансерваторыі па класе фп. Спевам вучылася (па парадзе Ф.Ліста) у Дж.Б.Ламперці ў Мілане. Гастраліравала ў Еўропе і ЗША. Карысталася сусв. вядомасцю. Яе голас вылучаўся вял. дыяпазонам, рэдкай выразнасцю. У 1898—1909 салістка т-ра «Метраполітэн-опера». Выканала больш за 40 партый у операх В.А.Моцарта, Дж.Расіні, В.Беліні, Дж.Вердзі, Р.Вагнера. З 1924 выкладала ў Муз. ін-це Кёртыс у Філадэльфіі і ў Джульярдскай школе ў Нью-Йорку.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКАЯ РЭФО́РМА ІВА́НА IV,
рэформа мясц. кіравання ў Рус. дзяржаве. Праведзена ў пач. 1550-х г. у асобных землях, у 1555—56 — у агульнадзярж. маштабе. Замест намеснікаў і валасцеляў, якія «карміліся» непасрэдна за кошт насельніца, з ліку найб. заможных пасадскіх людзей і сялян выбіраліся на 1—2 гады адпаведна земскія старасты і земскія цалавальнікі, а ў дапамогу ім — земскія судзейкі (суддзі), дзячкі, соцкія і пяцідзесяцкія. Земскія старасты ўзначальвалі земскія ізбы, пад кантролем дзярж. адміністрацыі кіравалі цяглым насельніцтвам і зборам падаткаў з яго, разам з судзейкамі карысталіся абмежаванай суд. уладай. Рэформа завяршыла фарміраванне мясц. кіравання на саслоўна-прадстаўнічых пачатках і ўзмацніла цэнтралізацыю дзяржавы.
т. 7, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМНЕЗЯЛЁНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны ўмераных шырот, якія зімуюць з зялёным лісцем. Адрозніваюць: уласна З.р. (пераважна адналетнікі і некат. шматгадовыя расліны — метлюжок цыбульны, віды эрэмурусу і інш.), у якіх зялёнае лісце перазімоўвае пад снегам і адмірае вясной пасля ўтварэння новага, і летне-зімнезялёныя расліны (суніцы, кісліца, многія лугавыя злакі), якія захоўваюць зялёнае лісце круглы год, але працягласць жыцця кожнага іх ліста (у адрозненне ад вечназялёных раслін) менш за 1 год. На Беларусі з З.р. растуць: у лясах — суніцы лясныя, падлеснік еўрапейскі, кісліца звычайная, дабраполь жоўты, падалешнік еўрапейскі; на лугах — панікніца рачная, гарлянка паўзучая, аўсяніца (лугавая і чырвоная), цімафееўка лугавая, вострыца дзірваністая, некат. асокі.
т. 7, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛА́КАВЫЯ МУ́ХІ (Chloropidae),
сямейства караткавусых круглашоўных насякомых атр. двухкрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у траве на лугах, узлесках, балотах. Большасць лічынак жыве ўнутры сцёблаў злакаў і асок, на суквеццях, утвараюць галы. На Беларусі каля 100 відаў, найб. вядомыя з родаў шведскіх мух (Oscinella), зеленавочак (Chlorops), мераміз (Meromyza).
Даўж. 1—8 мм. Цела шэрае, чорнае, зеленаватае або жоўтае з чорнымі палосамі. За год 1—5 генерацый. Лічынкі большасці З.м. расліннаедныя, могуць пашкоджваць сцёблы і насенне злакаў; ёсць сапрафагі; некат. драпежныя, жывуць у яйцавых коканах павукоў, багамолаў, у глебе на каранёвых тлях і інш. Некат. віды ў тропіках — пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл.
т. 7, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНЫЯ»,
грамадска-палітычны рух, які выступае супраць забруджання навакольнага асяроддзя, шкодных наступстваў атамнай энергетыкі, за скарачэнне ваен. бюджэтаў, дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Узнік у пач. 1970-х г. у Зах. Еўропе. У ФРГ у 1980 «З.» аформіліся ў партыю. З 1984 існуе Еўрап. партыя «З.», у якую ўвайшлі аб’яднанні з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, ФРГ і Францыі. З канца 1980-х г. рух узнік і ў краінах Усх. Еўропы. «З.» патрабуюць забараніць і знішчыць хім. і бактэрыялагічную зброю, ліквідаваць ядзерныя арсеналы ў Еўропе. Рух падтрымлівае каля 8—12% насельніцтва ў краінах Еўропы. З 1992 на Беларусі дзейнічае Беларуская партыя зялёных.
т. 7, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНАЯ ЛІ́ГА, Ірландская нацыянальная зямельная ліга (Irish National Land League),
масавая арг-цыя ірл. сялян і гар. беднаты ў канцы 19 ст. Створана ў 1879 у Дубліне М.Дэвітам і Ч.С.Парнелам. Налічвала каля 200 тыс. членаў, мела аддзяленні ў ЗША. Арыентавалася на памяркоўную праграму гамрулераў (гл. Гомруль). У барацьбе ірл. сялян супраць лендлордаў і англ. каланіяльных улад выкарыстоўвала байкот, радыкальная частка З.л. выступала за нацыяналізацыю зямлі, што павінна было прыспешыць адарванне Ірландыі ад Англіі. У 1881 ліга распушчана, яе кіраўнікі арыштаваны. У 1882 на месцы З.л. створана Ірл. нац. ліга, але і яна распушчана. С.-г. законы, прынятыя ў 1881 і пазней, часткова ўлічылі патрабаванні З.л.
т. 7, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,
зямельныя органы ў Расіі ў 1917—18. Створаны Часовым урадам пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Пры міністры земляробства быў утвораны Галоўны З.к., на месцах дзейнічалі губ., пав., валасныя к-ты. Паводле палажэння яны ствараліся «для падрыхтоўкі зямельнай рэформы», на самай жа справе выкарыстоўваліся для барацьбы з сял. рухам па захопу памешчыцкіх зямель. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 Сав. ўрад выкарыстаў нізавыя З.к. для правядзення ў жыццё Дэкрэта аб зямлі. 1.1.1918 распушчаны Галоўны З.к. Усерас. з’езд З.к., які засядаў разам з сял. секцыяй 3-га Усерас. з’езда Саветаў у студз.—лют. 1918, выказаўся за ліквідацыю іх як самаст. органаў. Вясной 1918 распушчаны ці рэарганізаваны ў зямельныя аддзелы Саветаў.
т. 7, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)