ДЗЯНІ́САЎ Аляксандр Пятровіч

(н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),

акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ Міхаіл Іванавіч

(21.11.1900, в. Трасцянка Саратаўскай вобл., Расія — 11.1.1971),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Нар. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў Саратаўскай кансерваторыі (1925—28), оперным класе Бел. муз. тэхнікума (1928—30), Бел. студыі оперы і балета (1930—33) у А.Баначыча. У 1933—58 (з перапынкам, у 1941—43 у Ерэванскім оперным т-ры) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета БССР. У 1958—64 маст. кіраўнік Бел. філармоніі, у 1964—70 выкладчык Бел. кансерваторыі. Дэбютаваў партыяй Эскамільё ў оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1932). Валодаў моцным прыгожым голасам, сцэн. абаяльнасцю. Створаныя ім вобразы адметныя адухоўленасцю, маст. выразнасцю. тонкім густам, пачуццём меры. Лепшыя вобразы ў нац. рэпертуары: Змітрок і Апанас («Міхась Падгорны» і «Алеся» Я.Цікоцкага), Кастусь («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Кузьміч («У пушчах Палесся» А.Багатырова); у класічным — Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Анегін, Ялецкі. Мазепа («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Мазепа» П.Чайкоўскага), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Траякураў («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Рыгалета, Жэрмон («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі). У канцэртным рэпертуары значнае месца займалі бел. нар. песні, творы бел. кампазітараў.

Літ.:

Пукст Р Натхнёны спявак // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Б.С.Смольскі.

М.І.Дзянісаў.
М.Дзянісаў у ролях Дэмана (злева) і Гразнога.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ Павел Ферапонтавіч

(н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ Эдзісон Васілевіч

(6.4.1929, г. Томск, Расія — 23.11.1996),

расійскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1990). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас кампазіцыі В.Шабаліна), з 1958 выкладаў у ёй (праф. з 1993). У творчасці дамагаўся сінтэзу сучасных сродкаў кампазіцыйнай тэхнікі (свабоднай серыйнасці, алеаторыкі) і муз. стылістыкі мінулага. Сярод твораў: оперы «Пена дзён» (1981, паст. 1986), «Чатыры дзяўчыны» (1986), балет «Споведзь» (паст. 1984); вак.-інстр. творы, у т.л. Рэквіем (1980); сімфоніі (1982, 1987); «Свеце ціхі» для хору а капэла (1988); творы для інструментаў з аркестрам, у т.л. 10 канцэртаў (1972—86); камерна-інстр. і вак. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар кн. «Ударныя інструменты ў сучасным аркестры» (1982), «Сучасная музыка і праблемы эвалюцыі кампазітарскай тэхнікі» (1986). Старшыня Асацыяцыі сучаснай музыкі (Масква, з 1990).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́СКАВІЧЫ,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на У ад горада і 23 км ад чыг. ст. Ганцавічы. 271 км ад Брэста. 1817 ж., 887 двароў (1997). Лясніцтва. Меліярац. ўпраўленне асушальна-арашальных сістэм. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Царква.

т. 6, с. 142

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадская і літ. газета. Выдавалася з 14.11.1916 да 13.1.1917 у Петраградзе штодзённа на бел. мове. Рэдактар-выдавец З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны). Асвятляла гіст. мінулае, культ. здабыткі Беларусі, эканам. і паліт. становішча ў 1-ю сусв. вайну. Выступала за права народаў нац. меншасцей Расіі на свабоду і самастойнасць, за развіццё нац. культуры, асветы, друку. Адстойвала правы бел. народа на нац. адраджэнне, навучанне на роднай мове, заснаванне нац. навуч. устаноў (арт. Ц.Гартнага «Аб беларускім універсітэце», «Яшчэ раз аб беларускім універсітэце»), выступала за ўнармаванне бел. правапісу (нарыс Э.Будзькі «Думкі да граматыкі»). Змяшчала маст. і публіцыстычныя творы Ц.Гартнага, К.Буйло, М.Гарэцкага, Я.Дылы, А.Паўловіча, Х.Чарнышэвіча, Ф.Шантыра і інш. Спыніла існаванне з-за фінансавых і цэнзурных цяжкасцей. Выйшла 7 нумароў.

С.В.Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.Гартны, І.Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.Коласа, Гартнага, М. і Г.Гарэцкіх, Я.Дылы, Дварчаніна, Я.Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.В.Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНШЧЫ́К,

1) у мінулыя часы ў шэрагу армій (герм., аўстра-венг., італьян., франц., рас. і інш.) салдат (матрос), які знаходзіўся пры генерале, адмірале, афіцэру або ваен. чыноўніку ў якасці прыслугі. У Расіі Дз. з’явіліся пры цару Міхаіле Фёдаравічу і прызначаліся для выканання розных даручэнняў на адзін дзень (адсюль назва); з канца 17 ст. пастаянная прыслуга. На караблях рас. ВМФ абавязкі Дз. фактычна выконваў веставы.

2) Афіцэр світы Пятра I, які выконваў яго асобыя даручэнні.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРА́ЖНЯ, Дзяражанка,

рака ў Клімавіцкім і Касцюковіцкім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток р. Беседзь (бас. Дняпра). Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 312 км2. Пачынаецца за 1 км на Пн ад в. Дзяражня Клімавіцкага ρ-на. Цячэ па паўд.-ўсх. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, месцамі забалочаная, ніжэй трапецападобная шыр. да 2 км, адкрытая, лугавая. Рэчышча ад вытоку на працягу 8,3 км каналізаванае, ніжэй звілістае.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРА́ЧКА,

расліна, гл. ў арт. Маруна.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)