«ДЗЯ́ДЗЬКА АНТО́Н»,

перакладны твор бел. л-ры 19 ст. Пераклад зроблены з польск. агітацыйнай брашуры «Бацька Шыман», якая з’яўляецца перапрацоўкай рус. публіцыстычнай брашуры А.Іванова (В.Варзара) «Хітрая механіка» (Цюрых, 1874). Выдадзена ў 1892 М.Абрамовічам у Тыльзіце (на тытуле для канспірацыі пазначана Вільня) пад назвай «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем...». Да тыльзіцкага выдання мела дачыненне інтэрнац. студэнцкая арг-цыя ў Маскве (уваходзілі Абрамовіч, В.Вароўскі, Н.Чарноцкі і інш.). Пераклад разлічаны на бел. чытача. Твор напісаны ў форме навук.-папулярнай гутаркі па палітэканоміі, удала спалучае агітацыйную публіцыстыку і маст. прозу. Апавядальнік Антон, які раней настаўнічаў, працаваў на ф-ках, абураецца, што мужык жыве «ў бядзе, голадзе дый холадзе», аналізуе аграрнае пытанне, стан нар. асветы, выдаткі на цара і царскую сям’ю, дзярж. апарат, армію, заклікае бел. сялян браць прыклад з рускіх, якія выступаюць супраць цара. Гутарка заканчваецца заклікам (у польскім арыгінале яе няма): «А цяпер — проціў цара і яго чыноўнікаў пойдзем!» Ранейшым варыянтам «Дз.А.» з’яўляецца «Старая прысказка», выдадзеная К.Гучкоўскім у 1887 у Львове (канфіскавана паліцыяй, вядомы экз. зберагаецца ў Цэнтр. гіст. архіве Украіны ў Львове). У 1903 выдадзены ў Лондане новы пераклад і новая апрацоўка брашуры пад назвай «Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы ідуць» (перавыд. ў Пецярбургу ў 1907, забаронена цэнзурай). Аўтарства твора доўгі час памылкова прыпісвалася А.Гурыновічу.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX стагоддзя: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.

Літ.:

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 77—82, 118, 122, 155;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. 2 выд. Мн., 1984.

В.У.Скалабан.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗЬКАВА́ННЕ,

у беларусаў звычай аддаваць дзяцей шляхты на выхаванне ў сялянскую сям’ю. Быў пашыраны ў канцы 16—18 ст. і выкліканы жаданнем выхаваць у дзяцей станоўчыя фіз. і духоўныя якасці простага народа: працавітасць, сілу, вынослівасць, непераборлівасць у ядзе і адзенні, любоў да зямлі.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЗЮ́ШКА Уладзімір Іосіфавіч

(14.2.1905, Мінск — 30.3.1973),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1949), нар. арт. СССР (1971). Сцэн. дзейнасць пачаў як акцёр-аматар. У 1923—37 акцёр у т-ры У.Галубка (БДТ-3). З 1937 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Характарны, самабытны акцёр з яркім нац. каларытам; адзін з найб. буйных дзеячаў бел. т-ра. Яго творчасць вызначалася глыбінёй спасціжэння нар. характару, уменнем псіхалагічна абгрунтаваць учынкі герояў, надаць ролі выразную сцэн. форму. Асаблівы поспех меў у нац. рэпертуары: Сцяпан Крыніцкі («Паўлінка» Я.Купалы), Мірон Бокуць («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Ксаверый («Кацярына Жарнасек» М.Клімковіча), Пытляваны («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы; Дзярж. прэмія СССР 1952), Язэп («Салавей» З.Бядулі), Моцкін («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Крушына («Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона; і ў кіно). З інш. яркіх вобразаў: Іларыён («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Месны, Вакуленка («Фронт», «Калінавы гай» А.Карнейчука), Пімен («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна), Дон Джэром («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана). Здымаўся ў кіно («Несцерка», «Паўлінка», «Запомнім гэты дзень») і тэлевізійных пастаноўках («Людзі на балоце» паводле І.Мележа, «Прымакі» Я.Купалы) і інш.

У.І.Дзядзюшка.
У.Дзядзюшка ў ролі Крушыны (злева).

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДКІ́

(Agrimonia),

род кветкавых раслін сям. ружавых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 3 дзікарослыя віды: Дз. аптэчныя, або звычайныя (A. eupatoria), валасістыя (A. pilosa) і высокія, або пахучыя (A. procera). Растуць у шыракалістых і шыракаліста-хваёвых лясах, на сухіх схілах, у хмызняках і інш. У Цэнтр бат. сад Нац. АН інтрадукаваны 2 віды, з якіх найб. перспектыўныя як лек. і фарбавальныя расліны Дз. азіяцкія (А. asiatica).

Шматгадовыя залозіста-апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцябламі і кароткімі карэнішчамі. Лісце чаргаванае, няпарнаперыстае. Кветкі дробныя, двухполыя, 5-членныя, жоўтыя, у доўгіх коласападобных гронках. Плод — 1—2-арэшак, укрыты кручкападобнымі шчацінкамі (адсюль бел. назва роду), з дапамогай якіх ён чапляецца да шэрсці жывёл і вопраткі людзей. Лек., эфіраалейныя, дубільныя, фарбавальныя і дэкар. расліны.

Г.У.Вынаеў.

Дзядкі аптэчныя.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДКО́Ў Ігар Аляксандравіч

(11.4.1934, г. Смаленск, Расія — 27.12.1994),

рускі крытык і літ.-знавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1957—76 у газ. «Северная правда» (Кастрама). Літ. дзейнасць пачаў у 1958. Даследаваў сучасную прозу. Аўтар кн. «Васіль Быкаў» (1980), у якой падрабязна прааналізаваў творчасць бел. пісьменніка, рэцэнзій на аповесці В.Быкава «Дажыць да світання» і «Пайсці і не вярнуцца», раман «Карнікі» А.Адамовіча.

Тв.:

Возвращение к себе. М., 1978;

Во все концы дорога далека. Ярославль, 1981.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДО́К Вольга Анатолеўна

(21.12.1906, г. Гомель — 10.10.1974),

бел. скульптар. Вучылася ў Ленінградзе ў Вышэйшым маст.-прамысл. ін-це (1924—26) і Ін-це пралет. выяўл. мастацтва (1926—31). Працавала ў станковай і манум. скульптуры. Аўтар кампазіцый «Партызанка» (1947), «Даярка» (1950), «Юнацтва» (1963), «Парыў» (1964); барэльефаў Д.Ібаруры (1949), Дз.І.Мендзялеева (1955), В.А.Моцарта (1956), жаночага партрэта (1970) і інш.

В.Дзядок. Даярка. 1950.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯДЫ́,

народны памінальны абрад у беларусаў, рытуальная вячэра ў памяць памерлых родзічаў. Дзядамі называлі таксама дзень, калі адбываўся абрад, і нябожчыкаў, якіх ушаноўвалі. Паходзяць ад дахрысц. ўсх.-слав. звычаю трызны; звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысц. культу. Дз. спраўлялі ў пэўныя дні 3—4 і больш разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці) вясною і ўвосень. Галоўнымі былі змітраўскія Дз. (асяніны) — у суботу перад Змітравым днём (26 кастр. с. ст.), на радаўніцу, а таксама перад масленіцай, сёмухай. На Дз. гатавалі святочныя і абрадавыя стравы (абавязковымі былі куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса). Паводле звычаю ад кожнай з іх сімвалічна адкладвалі ў асобны посуд нябожчыкам. У наш час Дз. (Дзень памяці) адзначаюць 2 лістапада.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖА́, дзежка,

хлебніца, бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш. слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.

В.С.Цітоў.

Дзяжа.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖНЁВА МЫС,

паўднёва-ўсходні край мацерыка Еўразія на Чукоцкім п-ве, у Берынгавым праліве (66°05′ паўн. ш., 169°40′ зах. д.). Ізаляваны плоскавяршынны горны масіў выш. да 741 м, які строма абрываецца да мора. Названы ў 1879 Н.А.Э.Нордэншэльдам у гонар рус. землепраходца С.І.Дзяжнёва, які ўпершыню абагнуў з Паповым (Ф.Аляксеевым) мыс у 1648. Маяк-помнік Дзяжнёву. На Дз.м. населены пункт Уэлен.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖНЁЎ Сямён Іванавіч

(каля 1605—73),

рускі землепраходзец. На пач. 1640-х г. разам з М.Стадухіным і інш. ўдзельнічаў у паходах па Крайняй Поўначы Сібіры; спусціўся па р. Індыгірка да паўн. Ледавітага ак., потым па моры дасягнуў р. Калыма, адтуль у 1648 з Паповым (Ф.Аляксеевым) праплыў вакол Чукоцкага п-ва і адкрыў праліў паміж Азіяй і Амерыкай. Імем Дз. названы мыс і хрыбет на Чукотцы, бухта ў Берынгавым м.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)