ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в. Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.​Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.

Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.​Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 5, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ШАЎ (Rzeszów),

горад на ПдУ Польшчы, на р. Віслак. Адм. ц. Жэшаўскага ваяв. 159 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вытв-сць авіяц. рухавікоў, эл.-тэхн. абсталявання, прыладабудаванне), харчовая (мясакамбінат, плодакансервавыя з-ды). З-д тэхн. фарфору. Політэхн. ін-т, Вышэйшая пед. школа. Тэатры, філармонія. Музей, маст. галерэя.

У 11—12 ст. пасяленне, пазней памежны горад Сандамірскай зямлі. У пач. 14 ст. захоплены галіцкімі князямі, зноў уключаны ў склад Польшчы Казімірам III Вялікім. Гар. правы з 1354. Дасягнуў росквіту ў канцы 16—1-й пал. 17 ст., важны гандл.-рамесны цэнтр на шляху з Кракава ў Расію (адбываліся кірмашы). Ў 17—19 ст. у Ж. існаваў калегіум піяраў. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у складзе Аўстрыі (1772—1918). Ў 2-ю сусв. вайну пад ням.-фаш. акупацыяй.

Захаваліся арх. помнікі: парафіяльны касцёл (1-я пал. 15 ст., у стылі готыкі, перабудаваны ў 1754 у стылі барока); кляштар бернардзінцаў з касцёлам у стылі маньерызму (1624—29; кляштар перабудаваны ў 19 і 20 ст.); кляштар піяраў (1624—29; дабудаваны ў 1702—07, арх. Тыльман Гамерскі) з барочным касцёлам (1642—49); калегіум (1703—04, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1835 і ў 2-й пал. 19 ст.); сінагогі Старога горада (17 ст.) і Новага горада (1705—10; адноўлена ў 1954—63); стараж. замак з барочнай вежай колішняга палаца (1620); бастыённыя фартыфікацыі (1-я пал. 17 ст.); палац Любамірскіх (пач. 18 ст., арх. Тыльман Гамерскі (?); перабудаваны ў 18 ст., арх. Т.​Белоцы, і ў 20 ст.).

т. 6, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЛІЧЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рутка. На аўтадарозе Навагрудак—Мінск. За 185 км ад Гродна, 42 км ад чыг. ст. Гарадзея на лініі Мінск—Баранавічы. 7,8 тыс. ж. (1998).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1395. У 15 ст. двор вял. князёў ВКЛ у Навагрудскім пав. У 1505 разрабаваны крымскімі татарамі. З 1594 вядомы як мястэчка. З 2-й чвэрці 17 ст. ўладанне кн. Радзівілаў. З 2-й пал. 17 ст. ў К. дзейнічала шпалерня (гл. Карэліцкія шпалеры). У 1655 у час вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай разбураны шведамі. У 1706 у час Паўн. вайны 1700—21 зноў спалены шведамі. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1833—62 дзейнічала Карэліцкая цукровая мануфактура. У 1897—2559 ж., школа, царква, сінагога, лячэбніца, гасцініца, паштовая станцыя. У 1-ю сусв. вайну моцна разбураны, акупіраваны герм. войскам. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Карэліцкага раёна, вёска. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3747 ж. З 30.4.1958 гар. пасёлак. У 1962—65 у Навагрудскім р-не. У 1971—3,7 тыс. жыхароў.

Ільнозавод. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, базавая і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Карэліцкі раённы краязнаўчы музей «Зямля і людзі». Вайсковыя могілкі, Мемар. комплекс сав. воінам і партызанам, помнік землякам. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).

т. 8, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т САРМА́ЦКІ,

від партрэта, характэрны для мастацтва Рэчы Паспалітай, пераважна часоў барока (16—18 ст.). Узнікненне звязана з комплексам светапогляду і культуры сарматызму (у бел.-літ. магнатэрыі пераважала паданне пра іх паходжанне ад патрыцыяў Стараж. Рыма). Спалучаў рысы параднага, рыцарскага і труннага (гл. Партрэт пахавальны) партрэтаў і прадстаўлены шырокім спектрам твораў — ад падобных да рэпрэзентатыўных зах.-еўрап. партрэтаў позняга рэнесансу і барока да народна-прымітыўнага мастацтва. У мастацтве Беларусі і Украіны шмат пераймаў ад фармальна-эстэт. асноў іканапісу, што абумовіла плоскаснасць трактоўкі аб’ёмаў, лінеарнасць малюнка, вял. плоскасці яркіх колеравых паверхняў, акцэнтаванне дэкар. элементаў і фактуры каштоўных тканін, адсутнасць святлоценявых эфектаў. Адметныя рысы П.с. — павышаная ўвага да пратакольнай дакладнасці партрэтнай характарыстыкі, адлюстраванне персанажа ў парадным адзенні, пышныя драпіроўкі, спалучэнне паэтычна-ўрачыстай рэтраспектыўнасці вобраза з інфарматыўнымі элементамі (выявы гербаў, атрыбутаў улады ці духоўнага сану, надпісы пра партрэтаванага і інш.). Стваральнікамі П.с. былі пераважна ананімныя цэхавыя мастакі (партрэты Міхаіла Барысавіча, мяжа 16—17 ст.; роду Весялоўскіх, 1630—40-я г.; А.​Астроўскага, 1-я пал. 17 ст.; І.​Завішы, 1732; Я.​Вішнявецкага, 3-я чвэрць 17 ст., і інш.), але захаваліся і імёны некат. жывапісцаў: І.​Шрэтэр (працаваў у 1641—85, аўтар партрэта К. і М. Радзівілаў, 1646), Д.​Шульц [1615—83; аўтар партрэтаў Радзівілаў (у т. л. Я.​Радзівіла, 1612—55) і Пацаў].

Літ.:

Тананаева Л.И. Сарматский портрет: Из истории пол. портрета эпохи барокко. М., 1979;

Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.

Б.​А.​Лазука, А.​Ю.​Хадыка.

Партрэт сармацкі. Партрэт Я.​Вішнявецкага. 3-я чвэрць 17 ст.

т. 12, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛА,

гарадскі пасёлак у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., прыстань на р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні р. Ула. За 27 км на ПнЗ ад Бешанковіч, 80 км ад Віцебска, 17 км ад чыг. ст. Лоўжа на лініі Віцебск—Полацк; аўтадарогамі злучана з Бешанковічамі, Лепелем, Ушачамі. 1,2 тыс. ж. (2002).

Вядома з 14 ст. ў Полацкім княстве, з 16 ст. мястэчка ў Полацкім ваяводстве ВКЛ. Належала Кішкам, потым Жабам. У Інфлянцкую вайну 1558—82 паводле загаду Івана IV Грознага пабудаваны Ульскі замак. 6.1.1564 пад У. адбылася Ульская бітва 1564. У 1577 атрымала магдэбургскае права і герб: у чырв. полі замак з вежай пасярэдзіне. У 16—18 ст. належала кн. Быстрыцкім, Лукомскім, Ржэцкім, Патоцкім, Рэутам, А.​Д.​Меншыкаву Паводле інвентара 1764, у горадзе да 600 ж., 187 двароў Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) У. ў складзе Рас. імперыі. гандл. мястэчка, цэнтр воласці Лепельскага пав., прыстань, 2 гарбарныя і піваварны з-ды, млын, школа. У канцы 19 ст. каля 2,5 тыс. ж., больш за 200 дамоў, царква, касцёл, 48 крам. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Ульскага раёна. З 1938 гар. пасёлак. З ліп. 1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1931—46 і з 1956 у Бешанковіцкім р-не.

Працуюць хлебапякарня, сярэдняя школа, прафес.-тэхн. вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзіцячы сад, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Рака Ула ў ніжнім цячэнні.

т. 16, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАСІДЫ́ЗМ (ад стараж.-яўр. хасід — набожны),

рэлігійна-містычны рух у іудаізме. Узнік у 1-й пал. 18 ст. на Валыні, Падоллі, Галіцыі і пашырыўся па ўсёй Рэчы Паспалітай, а пазней і сярод сусв. яўрэйства. У аснове веравучэння Х. — спалучэнне элементаў рабінізму і Кабалы (іудзейскай містыкі). Яго заснавальнік І.​Бешт (1700—60) прапанаваў вернікам містычны спосаб пазбегнуць роспачы і заняпаду без скрупулёзнага выканання абрадаў і глыбокага вывучэння Талмуда, як таго патрабавалі рабінска-кагальныя вярхі.

На Беларусь Х. пранік у 1770-я г. і сустрэў супраціўленне з боку прыхільнікаў традыц. рабіністычнага іудаізму. Першым прапаведнікам Х. стаў рабін з прыгарада Пінска Карлін (Каралін; А.​Карлінскі), які засн. тут 1-ю хасідскую абшчыну. Пазней пад кіраўніцтвам Ш.​Залмана з Лёзна, духоўнага правадыра бел.-літ. хасідаў, былі праведзены рэформы ў рэліг. дагматыцы і абраднасці і заснаваны новы, больш рацыянальны кірунак ў Х. — Хабад. Буйныя цэнтры Х. ўзніклі ў Століне, Ляхавічах, мяст. Адмур Гродзенскай губ. і інш. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі хасіды атрымалі больш свабоды для прапаганды свайго вучэння. У 1804 рас. ўрад выдаў «Палажэнне», у якім прызнаў існаванне ў рас. яўрэйстве 2 кірункаў, узаконіў іх, і Х. заняў легальнае месца ў рэліг. жыцці яўрэяў Беларусі. У наш час паслядоўнікі Хабада — «Любавіцкія хасіды» (назва ад мяст. Любавічы Магілёўскай губ., цяпер у Смаленскай вобл. Расіі, дзе жылі нашчадкі Залмана), якіх узначальвае дынастыя Шнеерсонаў; з 1940 маюць цэнтр у Нью-Йорку.

Літ.:

Бершадский С. Литовские евреи. СПб., 1883;

Герасімава І.П. Прадпасылкі і станаўленне хасідызму на Беларусі // Нацыянальная палітыка расійскага самадзяржаўя на Беларусі ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. Мн., 1995.

І.​П.​Герасімава.

т. 16, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛО́ГІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

спецыяльная гіст. навука, якая вывучае гіст. меры (даўжыні, масы, плошчы, аб’ёмаў сыпкіх і вадкіх рэчываў і інш. велічынь у іх развіцці. Задачы М.г. — вызначэнне суадносін адзінак розных велічынь паміж сабой і іх сувязі з адзінкамі метрычнай сістэмы мер.

Распрацоўка М.г. у Зах. Еўропе пачалася з трактатаў юрыстаў і купцоў 14—15 ст., у якіх сістэматызаваліся звесткі пра меры для патрэб гандлю. У трактатах землямераў выкладаліся спосабы вымярэння даўжыні і паверхні («Кульмская геаметрыя»). У 16 ст. з’явіліся матэм. працы па метралогіі («Майстэрскае лічэнне» К.​Рудольфа). Уласна М.г. прысвечана праца Г.​Агрыкалы «Пяць кніг пра меры і вагі рымлян і грэкаў» (1550). У цяперашні час дзейнічае міжнар. камісія па М.г., з 1975 склікаюцца кангрэсы па гэтай навуцы.

На Беларусі метралагічныя працы з’явіліся ў 16 ст. ў сувязі з правядзеннем валочнай памеры. У 18 ст. пытанні М.г. распрацоўвалі гісторыкі Ф.​Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, С.​Богуш-Сестранцэвіч. З прыняццем у канцы 18 ст. ў Францыі метрычнай сістэмы мер і паступовым яе пашырэннем па еўрап. краінах з’явілася патрэба ў суаднясенні даўніх мер Рэчы Паспалітай з новымі. Гэтаму прысвечаны працы А.​Сапегі «Табліцы суадносін новых французскіх мер і вагі з літоўскімі і польскімі» (1802) і А.​Хадкевіча «Табліцы суадносін даўніх мер і вагі французскіх і каронна-літоўска-польскіх з мерамі і вагамі новымі і прынятымі ў Францыі» (1811). У 19 ст. М.г. Рэчы Паспалітай распрацоўвалі І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі. У канцы 19 — пач. 20 ст. меры феад. Беларусі вывучалі А.​М.​Семянтоўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​І.​Пічэта. Пытанням бел. М.г. прысвечаны працы Дз.​Л.​Пахілевіча, З.​Ю.​Капыскага, П.​Р.​Казлоўскага, А.​П.​Грыцкевіча, Я.​К.​Анішчанкі, Л.​А.​Малчанавай, К.​У.​Скурата, польскіх даследчыкаў Л.​Калянкоўскага, У.​Пацехі, Р.​Мяніцкага, В.​Кулі, С.​Александровіча, Г.​Дунін-Вансовіч, Я.​Юркевіча. Важныя працы па стараж.-рус. і рас. феад. метралогіі належаць П.​Р.​Буткову, Дз.​І.​Празароўскаму, Ф.​І.​Петрушэўскаму, А.​І.​Нікіціну, І.​І.​Каўфману, Л.​У.​Чарапніну, В.​Л.​Яніну, Б.​А.​Рыбакову, А.​І.​Каменцавай, М.​А.​Шасцьіну, І.​Э.​Клейненбергу.

Даўнія бел. меры. Меры даўжыні. Міля = 5 вёрст; вярста = 798 сажняў = 1559,7 м; вярста вялікая = 1000 сажняў = 1948,8 м; сажань = 194,88 см; шнур = 75 локцяў = 10 прутоў (прэнтаў) = 100 прэнцікаў = 48,7 м; локаць = 64,96 см; стапа = 12 цаляў = 32,5 см; цаля = 2,7 см; гоні (гон) = 80—100 м. Меры плошчы. Валока = 30 маргоў = 9000 кв. прутоў = 67 500 кв. локцяў = 21,36 га; морг = 3 кв. шнуры = 0,71 га; шнур = 100 кв. прутоў = 0,237 га; прэнцік = 0,237 м Меры аб’ёму. Бочка віленская = 4 чвэрці = 8 асьмін = 72 вялікія гарцы = 144 малыя гарцы = 406,7 л (для сыпкіх рэчываў) і 406,54 л (для вадкасці); гарнец малы (шынковы) = 2,8237 л; гарнец вялікі (цэхавы) = 5,6474 л; чвэрць (карэц) = ​1/4 бочкі = 2 асьміны = 36 гарцаў = 102 л; кварта = ​1/4 гарца = 0,7057 л; мядніца = 12 гарцаў = 33,84 л. Меры масы (вагі). Беркавец = 5 камянёў = 200 фунтаў = 74,96 кг; камень = 40 фунтаў = 14,993 кг; фунт = 32 лоты = 374,8 г; пуд = 40—50 фунтаў; бязмен = 5—6 фунтаў = 1,87—2,24 кг; кантар = 100 фунтаў 37,48 кг; грыўна = 195,5 г. Адзінкі лічэння. Капа = 60; саха (валы, нарогі для сох) = 2; пасма (у ткацтве) = 30 нітак; лібра = 25 аркушаў паперы; рэз = 20 лібраў = 500 аркушаў паперы; тузін = 12; фаска = 500. У розных мясцовасцях Беларусі ў розныя часы існавалі свае меры, якія адрозніваліся ад вышэй названых.

Літ.:

Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мн., 1974;

Каменцева Е.И. Историческая метрология. М., 1978.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1794 у Польшчы, Беларусі і Літве,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.​Малахоўскага, К.​Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац. ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.​Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл. «Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял. франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.​Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл. Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.

На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр. ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.​К.​Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.​В.​Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.​Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.​Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял. франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АН СССР. 1953. Т. 7;

Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1;

Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.​Арлоўскага.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)