СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,

сукупнасць метадаў, што выкарыстоўваюць для захавання комплексу ўласцівасцей палімераў і палімерных матэрыялаў пры іх перапрацоўцы, працяглым захоўванні і эксплуатацыі. Асн. спосаб С.п. — увядзенне стабілізатараў.

Паводле механізму дзеяння стабілізатараў адрозніваюць ланцуговую (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі) і неланцуговую стабілізацыю. Ланцуговая С.п. (ланцуговае інгібіраванне) звязана з дэзактывацыяй актыўных цэнтраў ланцуговага працэсу; назіраецца пры тэрмаакісляльнай дэструкцыі палімераў пры 250—300 °C, калі стабілізатары (напр., фенолы, аміны, нафтолы) абрываюць ланцугі акіслення. Неланцуговая С.п. скіравана на дэзактывацыю рэчываў, што прымаюць удзел у любых рэакцыях, якія прыводзяць да старэння палімераў. Часам С.п. дасягаецца змяненнем надмалекулярнай структуры палімера (т.зв. структурная стабілізацыя) з дапамогай спец. дабавак, тэрмічнай апрацоўкі матэрыялу і шляхам мех. ўздзеяння (арыентацыі).

Літ.:

Грасси Н., Скотт Дж. Деструкция и стабилизация полимеров: Пер. с англ. М., 1988.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУНА́ ў тэорыі ваганняў,

тонкая, гібкая, моцна нацягнутая нітка з раўнамерна размеркаванай па даўжыні шчыльнасцю.

Пры ўзбуджэнні С., напр. ударам ці шчыпком, адбываюцца вагальныя рухі, пры якіх усе ўчасткі С. зрушваюцца ў папярочным напрамку. Кожнае ваганне С. можна выявіць у выглядзе сумы яе гарманічных уласных ваганняў, частоты якіх f залежаць ад яе даўжыні l, плошчы сячэння S, сілы нацяжэння Q, шчыльнасці матэрыялу р, а таксама ад умоў замацавання канцоў. Для С., замацаванай на цвёрдых апорах, 𝑓n = n 2l Q ρS , дзе n — цэлы лік, адпаведны нумару гарманічнай складальнай. Зададзенае ў пачатковы момант размеркаванне зрушэнняў (спосаб узбуджэння С.) вызначае спектр узбуджаных уласных ваганняў. С. з’яўляецца самай простай вагальнай сістэмай з размеркаванымі параметрамі; ёй карыстаюцца для вывучэння ваганняў больш складаных мех., акустычных і эл. сістэм.

т. 15, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫТА́НАВЫЯ СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове тытану. Характарызуюцца высокай мех. трываласцю. нізкай цеплаправоднасцю, невялікім каэф. лінейнага расшырэння, высокай каразійнай устойлівасцю ў некат. (мінер. к-ты, разбаўленыя растворы шчолачаў) хім. асяроддзях і марской вадзе (перавышаюць усе тэхн. сплавы); добра сумяшчальныя з жывой тканкай.

Паводле структуры большасць Т.с. — цвёрдыя растворы на аснове крышт. мадыфікацый тытану (α і β-Ti); бываюць адна- і двухфазныя. Найб. пашыраны двухфазныя сплавы з (α + β)-структурай, якія вызначаюцца найб. высокімі ў параўнанні з усімі метал. сплавамі значэннямі ўдзельнай трываласці. Атрымліваюць Т.с. легіраваннем тытану алюмініем, ванадыем. малібдэнам, марганцам, хромам і інш. элементамі. Выкарыстоўваюць пераважна ў авія-, ракета- і суднабудаванні, крыягеннай тэхніцы, для вырабу хім. і металургічнага абсталявання, пратэзаў у хірургіі.

Літ.:

Цвиккер У. Титан и его сплавы: Пер. с нем. М., 1979;

Металлография титановых сплавов. М., 1980.

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́НІПАЛЬ,

горад у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Баранавічы, чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы. За 15 км на ПнУ ад г. Дзяржынск, 22 км ад Мінска. 11,6 тыс. ж. (2002).

Вядомы з пач. 19 ст. як фальварак Самахвалавіцкай вол. Мінскага пав., уласнасць Багдашэўскіх. У 1871 пабудаваны чыг. прыпынак Чэчын, пазней стаў чыг. ст. Токараўка, з канца 19 ст. наз. Ф., чыгуначнікі якой 14.11.1917 дапамаглі рэвалюцыянеру-сацыялісту В.​А.​Пралыгіну правесці ў Мінск браняпоезд. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут філіял Маладзечанскага лагера смерці. З 29.4.1984 гар. пасёлак, з 22.6.1999 горад.

Працуюць з-ды жалезабетонных маставых канструкцый, доследна- і рамонтна-мех.; Дзяржынская бройлерная птушкафабрыка, Мінская нафтабаза. 2 сярэднія і муз. школы, Дом культуры, б-ка, паліклініка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.

т. 16, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЗІКА СЕГНЕТАЭЛЕ́КТРЫКАЎ,

раздзел фізікі дыэлектрыкаў, які вывучае ўласцівасці сегнетаэлектрыкаў. Тэорыя сегнетаэл. з’яў грунтуецца на агульнай тэорыі фазавых пераходаў, дынамічнай тэорыі сегнетаэлектрычнасці, дынамічнай тэорыі крышталічнай рашоткі і інш.

Да яе асн. эксперым. даследаванняў адносяць: вывучэнне залежнасцей характарыстык (даменнай і крышталічнай структуры, дыэлектрычнай пранікальнасці, палярызаванасці, сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса, фазавых пераходаў, эл.-мех. і цеплавых уласцівасцей і інш.) сегнетаэлектрыкаў, сегнетаэлектрыкаў-паўправаднікоў, піраэлектрыкаў, сегнетаэластыкаў і інш. крышталёў ад розных знешніх умоў (т-ры, напружанасці прыкладзенага эл. поля, гама-выпрамянення, іоннай імплантацыі і інш.).

На Беларусі даследаванні па Ф.с. пачаліся ў 1950-я г. ў АН і сістэматычна вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел. пед. ун-це і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Сегнетаэлектрычнасць.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 16, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВА́ЛЕВАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

лінейнае аднароднае дыферэнцыяльнае ўраўненне з частковымі вытворнымі, якое апісвае распаўсюджванне хваль у асяроддзі.

Дая аднароднага і ізатропнага асяроддзя і малых (гарманічных) узбурэнняў Х.ў. мае выгляд: Δu = 1 c2 ∙ ∂2u ∂t2 = 0 , дзе Δ = ∂2 ∂x2 + ∂2 ∂y2 + ∂2 ∂z2 — Лапласа аператар, x, y, z — прасторавыя дэкартавы каардынаты, u = u (x, y, z, t) — функцыя, якая характарызуе ўзбурэнне асяроддзя ў пункце з каардынатамі x, y, z у момант часу t, c — параметр з размернасцю скорасці. Х.ў. апісвае амаль усе малыя ваганні ў размеркаваных мех. сістэмах (падоўжныя гукавыя ваганні ў газе, вадкасці і цвёрдым целе, папярочныя ваганні струны, хвалі на паверхні вады), а таксама многія эл.-магн. і аптычныя з’явы. У квантавай механіцы Х.ў. наз. Шродынгера ўраўненнем.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНА ЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы, якія характарызуюцца высокай устойлівасцю да дзеяння хімічна актыўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў, акісляльнікаў і інш.). Іх устойлівасць вызначаецца саставам, структурай, порыстасцю і інш. Падзяляюцца на метал. і неметал. (неарган., арган. і кампазіцыйныя).

Да метал. Х.ў.м. належаць сплавы на аснове жалеза (сталі і чыгуны), легіраваныя хромам, нікелем, марганцам і інш., некат. каляровыя металы (медзь, алюміній, тытан, цырконій) і іх сплавы. Найб. Х.ў.м. з’яўляюцца высакародныя металы. Сярод неарган. Х.ў.м. адрозніваюць прыродныя (базальт, граніты, даламіт, мармур, вапняк, кварцыты) і штучныя (сіталы тэхн., борасілікатнае і кварцавае шкло, эмалі, кераміка). Да Х.ў.м. арган. паходжання належаць прыродныя матэрыялы (драўніна, бітумы, асфальт) і сінтэтычныя (пластмасы. гума, графітапласты і інш.). Кампазіцыйныя Х.ў.м. маюць напаўняльнікі з неарган. рэчываў і сувязныя з арган. Х.ў.м.; вызначаюцца высокімі мех. трываласцю, цеплаўстойлівасцю, нізкай цеплаправоднасцю.

т. 17, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЗВА,

дэфект скуры або слізістай абалонкі і падлеглых тканак. У чалавека бываюць Я. вострыя і хранічныя, адзінкавыя і множныя, сімптаматычныя, трафічныя, ракавыя і інш. Узнікаюць пры мясц. дзеянні шкодных фактараў (кіслоты, шчолачы, лякарствы; тэрмічныя ўздзеянні — апёкі, абмаражэнне; іанізавальныя выпрамяненні; мех. пашкоджанні і інш.) і ў выніку нейратрафічных расстройстваў.

Вострая Я. звычайна неглыбокая, акруглай або авальнай формы; хранічная мае прыўзнятыя, шчыльныя краі, зрэдку амазалелыя. Сімптаматычныя Я. (страўніка і дванаццаціперснай кішкі) бываюць стрэсавыя. эндакрынныя, медыкаментозныя (напр., аспірынавая), спецыфічныя (пры сіфілісе, туберкулёзе). Трафічныя Я. ўзнікаюць пры варыкознай хваробе, хранічных інтаксікацыях (напр., цыроз печані). пролежнях і інш. Часам з утварэннем Я. распадаюцца ракавыя пухліны (першасна-язвавая форма раку). Зажыўленне звычайна запаволенае. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае. У жывёл на Я. найб. хварэе маладняк. Гл. таксама Язвавая хвароба.

І.​М.​Семяненя.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГІ́Н Уладзімір Барысавіч (н. 18.6.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне рэсурснай механікі машын. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў БПІ (1971), Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1999). З 1974 у Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац. АН Беларусі (з 1998 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэорыі і метадах разліку рэсурсу мех. сістэм мабільных машын. Стварыў метадалогію вызначэння памераў канстр. элементаў на аснове патрабаванняў па безадказнасці і даўгавечнасці ўсёй сістэмы (рэсурснае праектаванне). Распрацаваў тыпавыя дынамічныя модулі для схематызацыі і разліку вярчальных, паступальных і паступальна-вярчальных сістэм мабільнай тэхнікі. Прапанаваў метадалогію імавернаснага разліку машыны, як рэсурсна-функцыянальнай сістэмы.

Тв.:

Анализ и синтез планетарных коробок передач автомобилей и тракторов. Мн., 1987 (разам з І.​С.​Цытовічам, В.​У.​Грыцкевічам);

Динамика, надежность и ресурсное проектирование трансмиссий мобильных машин. Мн., 1995.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́Н Фёдар Данілавіч (н. 7.6.1929, с. Селявінцы Вінніцкай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі. Д-р тэхн. н. (1992), праф. (1994). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1958). З 1960 у БПІ, з 1964 у Бел. ін-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па даследаванні ўстойлівасці радыёэлектронных сродкаў лятальных апаратаў пры шматфактарных уздзеяннях і забеспячэнні іх надзейнасці. Кіраваў распрацоўкай і ўкараненнем радыёэлектронных сістэм для выпрабаванняў лятальных аб’ектаў, у т. л. радыётэхн. сістэмы даследавання кліматычных, мех., акустычных і інш. уздзеянняў на касм. карабель «Буран».

Тв.:

К расчету динамических характеристик систем, работающих по принципу сравнения фаз (разам з Б.​Я.​Раманіхіным) // Изв. вузов. Энергетика. 1966. № 9;

Оптимизация схемных и конструктивных решений согласующих усилителей с большим входным сопротивлением (разам з А.​С.​Сямёнавым, Г.​У.​Давыдавым) // Радиотехника и электроника. 1976. Вып. 6.

т. 18, кн. 1, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)