ВАЎЧО́К (Марка) (сапр.Вілінская-Марковіч Марыя Аляксандраўна; 22.12.1834, с. Екацярынінскае Ліпецкай вобл., Расія — 10.8.1907),
украінская і руская пісьменніца. Жонка ўкр. фалькларыста і этнографа А.В.Марковіча. Пісала на ўкр., рус. і франц. мовах. Выдавала час. «Переводы лучших иностранных писателей» (1871—72, Пецярбург). У зб-ках «Народныя апавяданні» (1857) і «Апавяданні з народнага рускага побыту» (1859) рэалістычна адлюстроўвала жыццё прыгонных сялян да рэформы 1861. У аповесцях і раманах на рус. мове («Глухі гарадок», 1862; «Жывая душа», 1868; «Цёплае гняздзечка», 1873, і інш.) выкрывала гніласць дзярж. ладу царскай Расіі, высмейвала прадажнае чыноўніцтва, інтэлігентаў-філантропаў, бурж. лібералаў. Збірала ўкр. і рус. фальклор. Пераклала на рус. мову 15 раманаў Ж.Верна, творы Х.К.Андэрсена, Б.Пруса, А.Брэма, Ч.Дарвіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СЦІ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ»,
навуковы часопіс. Выдаецца з 1940 у Мінску ў 7 серыях (у 1942—46 не выходзіў). Напачатку агульны часопіс для ўсіх аддзяленняў АН Беларусі, у 1956 падзелены на серыі: грамадскіх (з 1992 гуманітарных), біял. і фізіка-тэхн. Навук. з 1963 выходзіць серыя с.-г.Навук. з 1965 — фізіка-матэм., хім.Навук. з 1968 — фізіка-энергет.навук. Серыі гуманіт., біял. і с.-г. навук выходзяць на бел. мове, астатнія на бел. і рус. мовах. Серыя гуманіт. навук мае спец. раздзелы: «Гісторыя», «Філасофія і сацыялогія», «Мастацтвазнаўства, этнаграфія, фальклор», «Літаратуразнаўства», «Мовазнаўства», «Права», «Эканоміка». Часопіс асвятляе пытанні развіцця навукі, змяшчае матэрыялы навук. даследаванняў і вынікі работ ін-таў АН Беларусі, н.-д. ін-таў і ВНУ рэспублікі, а таксама рэцэнзіі, хронікі, юбілейныя артыкулы пра вядучых вучоных рэспублікі, інфармацыю пра навук.жыццёАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,
газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш.нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ.«Витебский вестник».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццёгруз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́О (Dario) Рубэн [сапр.Гарсія Сармьента
(García Sarmiento) Фелікс; 16.11.1867, г. Сьюдат-Дарыо, Нікарагуа — 6.2.1916], нікарагуанскі паэт, журналіст, буйнейшы прадстаўнік т.зв. лацінаамер. мадэрнізму. Быў консулам Нікарагуа ў Парыжы (1893—98),
паслом у Іспаніі (1908—10), карэспандэнтам. Вядомасць прынеслі зб-кі «Рыфы» і «Рыфмы» (абодва 1887), «Блакіт» (1888), «Язычніцкія псалмы» (1896). Лірыка Д. вызначаецца пантэісцкім бачаннем свету, культам прыгажосці, музычнасцю і пластычнасцю: зб-кі «Песні жыцця і надзеі» (1905), «Паэма восені і іншыя вершы» (1910) і інш. Яго эсэістыка спрыяла засваенню лацінаамерыканскай еўрап. культуры і ўсведамленню нац. самабытнасці (зб-кі «Сучасная Іспанія», 1901, «Увесь палёт», 1912, і інш.). У вершах і публіцыстыцы адлюстраваліся рэзкае непрыманне каштоўнасцей бурж. грамадства, абарона права на паліт. незалежнасць. Аўтар мемуарнай прозы («Гісторыя маіх кніг», 1913, «Жыццё Рубэна Д., расказанае ім самім», 1915, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯ́ЦІН (Яўген Іванавіч) (1.2.1884, г. Лебядзянь Ліпецкай вобл., Расія — 10.3.1937),
рускі пісьменнік. Скончыў Пецярбургскі політэхн.ін-т (1908). У гратэскна-сатыр. аповесці «Павятовае» (1913) паказаў непрыгляднае правінцыяльнае жыццё. За антываен. накіраванасць аповесці «На кулічках» (1914) прыцягваўся да суда. Гал. твор — раман-антыутопія «Мы» [1920, апубл. на англ. (1924) і франц. (1929) мовах, на рус. мове — ў 1988]. У фантаст.-алегарычных казках-прытчах «Пячора» (1920), «Мамай» (1921), п’есе «Агні святога Дамініка» (1923), гіст. трагедыі «Атыла» (1928) праводзіў думку пра рэальную магчымасць дэградацыі чалавецтва да пячорнага стану. У 1931 эмігрыраваў, з 1932 жыў у Парыжы. Аўтар публіцыстычнага даследавання «Масква—Пецярбург» (1933), рамана «Біч Божы» (1938, незакончаны), кнігі артыкулаў і ўспамінаў пра сучаснікаў «Твары» (1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІІ МЯСЦО́ВЫХ САВЕ́ТАЎ ДЭПУТА́ТАЎ,
дапаможныя органы мясц. кіравання і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь і ў некат. краінах СНД. Гал. іх мэты: папярэдні разгляд і падрыхтоўка пытанняў, якія адносяцца да ведання мясц. Саветаў, правядзенне ў жыццё рашэнняў Саветаў і вышэйстаячых дзярж. органаў. Адрозніваюць камісіі пастаянныя і часовыя. Пастаянныя камісіі выбіраюцца на сесіях Саветаў па прапанове старшыні Савета (абл., гар., раённых; у сельскіх Саветах пастаянныя камісіі могуць не ўтварацца) з дэпутатаў гэтых Саветаў. Колькасць камісій, іх склад і арганізацыя заканадаўствам не рэгламентаваны. Звычайна пастаянныя камісіі выбіраюцца ў складзе старшыні, яго намесніка, сакратара і не менш як 2 чл. камісіі. Рэкамендацыі пастаянных камісій падлягаюць разгляду адпаведнымі дзярж. і грамадскімі органамі і арг-цыямі. Пастаянныя камісіі дзейнічаюць на працягу ўсяго тэрміну паўнамоцтваў Савета. Для вырашэння канкрэтных пытанняў могуць стварацца і часовыя камісіі, якія спыняюць сваё існаванне пасля выканання ўскладзеных на іх даручэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ІЧАЎ (Леў Сяргеевіч) (н. 16.5.1936, г. Разань, Расія),
бел. пісьменнік. Скончыў БПІ (1960). З 1953 працаваў у буд. установах, выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (1967—76), газ. «Звязда», на кінастудыі «Беларусьфільм», у час. «Нёман», Тэатры юнага гледача, газ. «Известия» (да 1986). Друкуецца з 1958. Піша на бел. і рус. мовах. У п’есах «І выхавай сына» (паст. 1967 пад назвай «Мала сказаць — люблю»), «Зорныя ночы» (паст. 1977 пад назвай «Трэцяга не дадзена»), «Слова гонару» (1982), «І на ўсе часы» (1985), «Апанаванасць» (1989), аповесці «Двое на востраве» (1994) ставяцца актуальныя маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Аўтар эсэ «Таямнічасць і дакор Багдановіча» (1991), крытычных і публіцыстычных артыкулаў, вершаў, інсцэніровак для радыё, кінасцэнарыяў дакумент. фільмаў. Стваральнік, кіраўнік і рэжысёр аўтарскага камернага т-ра (1998, паст. п’есы «Яна і Ён» пра Я.Купалу, аўтарскія «Што наша жыццё», «Бацька Мінай» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАСЛА́ВАЎ (Георгі Славаў) (12.1.1904, г. Першамай, Балгарыя — 26.1.1980),
балгарскі пісьменнік. Акад.Балг.АН (1961). Нар. дз. культ. Балгарыі (1963). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1919. Першы зб.апавяд. «Беспрытульнікі» (1926). У зб-ках «Жалейка плача» (1927), «На варце» (1932), «На два франты» (1934), «Вясковыя гісторыі» (кн. 1—2, 1946—50), аповесцях «Селькор» (1933), «Танга» (1948), раманах «Дурман» (1938), «Нявестка» (1942), «Простыя людзі» (кн. 1—6, 1952—75) жыццёбалг. вёскі. Аўтар п’ес «Габеравы» (1955), «Камень у балота» (1959), зб.літ.-крытычных арт. «Блізкія і знаёмыя» (1968), прозы для дзяцей і юнацтва. Дзімітраўская прэмія 1950 і 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.Нікіфаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Нявестка. Мн., 1966;
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Андреев В.Д. Георгий Караславов: Критико-биогр. очерк. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́САС (Іонас Пятровіч) (20.3.1912, Вільня — 3.4.1975),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. Засл. дз.
культ. Літ. ССР (1962). З 1930 сакратар Літоўскага бюро ЦККПЗБ, рэдактар нелегальных камуніст. выданняў «Barikada» («Барыкада»), «Bediãvis» («Бязбожнік»), легальнай газ. «Žinios» (Паведамленні»), літ.-маст. выданняў. У 1932, 1934—35 зняволены польск. ўладамі ў турму. У 1940—41 рэдактар польскай газ. «Prawda Wileńska» («Віленская праўда»). У 1942—44 у 16-й Літ. дывізіі Чырв. Арміі. З 1944 нам. рэдактара літоўскай газ. «Tiesa» («Праўда»), з 1955 гал. рэдактар час. «Komunistas» («Камуніст»). З 1959 старшыня праўлення Саюза журналістаў Літ. ССР і сакратар праўлення Саюза журналістаў СССР. З 1961 гал. рэдактар час. «Mosklas ir gyvenimas» («Навука і жыццё»). Аўтар успамінаў і прац па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Гавораць камяні Вільнюса» (1963), «Бурныя вёсны» (т. 1—2, 1978—79).