КРАНІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. kranion чэрап + ...графія),
метад рэнтгеналагічнага даследавання чэрапа ў розных праекцыях. Пры К. робяць аглядныя (бакавыя, пярэдне-заднія, заднія, аксіяльныя, паўаксіяльныя) і прыцэльныя (для ўдакладнення стану асобных участкаў чэрапа — насавых, скулавых касцей, соскападобных адросткаў, сківіцы і інш.) здымкі, выяўляюць інтрацэрэбральныя кальцынаты пры таксаплазмозе, цыстыцэркозе, абвапнаванні ў пухлінах галаўнога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),
паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАБІЁНТЫ [ад грэч. limnē возера + біёнт(ы)],
расліны і жывёлы, якія жывуць у кантынентальных вадаёмах з запаволеным водаабменам (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Расліны падзяляюць на макрафіты і мікрафіты, у жывёл вылучаюць 3 асн. групы: зоабентас (лічынкі насякомых, малашчацінкавыя чэрві, малюскі, ракападобныя), зоапланктон (калаўроткі, ракападобныя) і нектон (рыбы). Гл. таксама Лімнафільныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСО́МІЯ (ад мана... + грэч. sōma цела),
адсутнасць у храмасомным наборы клетак арганізма адной з парных храмасом. М. — вынік парушэнняў пры разыходжанні парных (гамалагічных) храмасом, прычына некаторых спадчынных хвароб (гл.Храмасомныя хваробы). Клетка ці арганізм, у якіх храмасома адна, наз. манасомікам. М. можа сустракацца і ў норме, напр., у самцоў некаторых конікавых адна палавая храмасома.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНІ́ЗМ [ад грэч. melas (melanos) чорны],
павелічэнне колькасці цёмнаафарбаваных асобін у папуляцыі. Чорная, карычневая, шэрая або рыжая афарбоўка вонкавага покрыва жывёл залежыць ад наяўнасці меланіну. Узнікае на генет. аснове і можа быць выкарыстаны натуральным адборам, калі цёмныя формы атрымліваюць перавагу перад светлымі, напр., узнікненне цёмных форм матылёў пры натуральным адборы ў забруджаных месцапражываннях (індустрыяльны М.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТЭ́РЫІ (ад грэч. mystērion тайна, таінства),
тайныя рэліг. абрады (шэсці, заклінанні, оргіі і інш.), у якіх удзельнічалі толькі пасвячоныя — місты. Звычайна ілюстравалі пашыраныя міфы пра багоў і багінь. У Стараж. Егіпце адбываліся М. Ісіды і Асірыса, у Вавілоне — Тамуза, у Стараж. Грэцыі — Элеўсінскія, Арфічныя, Самафракійскія, у Стараж. Рыме — Вакха (Дыяніса), Атыса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЗЫ (ад грэч. musai),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дочкі Зеўса і Мнемасіны; спачатку багіні спеваў, пазней паэзіі, мастацтваў, навук. М. было 9: Кліо — апякунка гісторыі, Талія — камедыі, Мельпамена — трагедыі, Еўтэрпа — лірычнай паэзіі, Эрато — любоўнай эратычнай паэзіі, Тэрпсіхора — танцаў, Палігімнія — гімнаў, Каліопа — эпічнай паэзіі і навукі, Уранія — астраноміі. У пераносным сэнсе М. (муза) — творчае натхненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІСПА́СТ (грэч. polyspaston ад polyspastos які нацягваецца многімі вяроўкамі),
грузападымальнае прыстасаванне з некалькіх рухомых і нерухомых блокаў, што агінаюцца канатам (тросам, вяроўкай). Дае значны выйгрыш у сіле. Выкарыстоўваецца як рабочы орган у грузападымальных машынах, а таксама самастойна на буд. і мантажных пляцоўках. Пры неабходнасці П. аб’ядноўваюць з лябёдкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛА́СГІ (грэч. Pelasgoi),
старажытнае насельніцтва Грэцыі, якое жыло на Балканскім п-ве, зах. ўзбярэжжы М. Азіі, а-вах Эгейскага м., у Фесаліі, Эпіры і на Крыце. Гамер называў П. саюзнікамі траянцаў. Паводле Герадота, яны насялялі Атыку, Халкідыку і Фракію. Гісторыкі лічаць, што П. былі індаеўрапейскага паходжання і адыгралі значную ролю ў этнічным ўтварэнні грэкаў.