ДРУК ПАДПО́ЛЬНЫ ў Вялікую Айчынную вайну,

выданні, якія выпускалі ЦК КП(б)Б, падп. абласныя, міжраённыя, раённыя, парт. і камсамольскія к-ты, партыз. фарміраванні на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі. Асвятляў становішча на франтах, працу і жыццё насельніцтва ў тыле ворага, міжнар. падзеі. Першымі падп. выданнямі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні. З канца 1941 у Мінску падп. група А.​А.​Маркевіча друкавала лістоўкі, у студз.—жн. 1942 — малафарматную газ. «Патриот Родины» (выйшла 8 нумароў). Першым нелегальным друкаваным выданнем быў «Вестник Родины» Мінскага падп. гаркома КП(б)Б. Значнай з’явай у Д.п. быў выхад у маі—вер. 1942 4 нумароў газ. «Звязда» тыражом больш за 10 тыс. экз. (адноўлены ў студз. 1943). На тэр. Віцебскай вобл. ў прыфрантавой паласе друкавалася газ. «Віцебскі рабочы». У 1942 друкарскім спосабам выдаваліся 6 раённых, 1 міжраённая газета — органы Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падп. райкомаў КП(б)Б. Для ўзмацнення прапагандысцкай работы 15.12.1942 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнне стварыць у снеж. 1942 — студз. 1943 10 абл. і 50 раённых падп. друкарняў. У 1943—44 пачалі выходзіць абл. камсамольска-маладзёжныя газеты «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодежная правда» Вілейскага падп. абкомаў ЛКСМБ. Паліторганы партыз. фарміраванняў, у т. л. партыз. брыгад «Разгром», «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага, 16-я Смаленская, выдавалі больш за 120 шматтыражных газет. Свае газеты выдавалі антыфашысцкія камітэты. У 1942—43 выходзілі 134 газеты. Усяго за перыяд акупацыі на тэр. Беларусі выдавалася больш за 160 газет. З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падп. газет вагаўся ад некалькіх соцень да тысячы і больш экз., розным быў і іх фармат. Падпольна друкаваліся і распаўсюджваліся звароты ЦК КП(б)Б і ўрада рэспублікі, паліторганаў Чырв. Арміі да насельніцтва, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, у партыз. фарміраваннях — рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі; распаўсюджваліся і газеты, што выдаваліся ў сав. тыле «Савецкая Беларусь», «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», час. «Беларусь». У падп. газетах часта друкаваліся надзённыя творы бел. пісьменнікаў.

Літ.:

Адамовіч В.С. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліягр. паказ. Мн., 1975;

Друк Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941—1945) // Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979.

Т.​Л.​Напрэеў.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез. Ірыян),

в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс. км² (паводле інш. даных — 771,9 тыс. км²). Нас. больш за 5 млн. ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах. ч. — тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх. — тэр. дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на З пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн. ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд. ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд. ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.​М.​Міклуха-Маклай.

т. 11, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПІСТАРХІ́ДЫ (Opisthorchiadae),

сямейства гельмінтаў класа смактуноў; паразіты рыб, паўзуноў, птушак, млекакормячых і чалавека. У сусв. фауне 29 родаў, больш за 100 відаў. На Беларусі 4 віды. Найб. пашыраны апістарх кашэчы (Opistorchis felineus) — узбуджальнік апістархозу.

Даўж. каля 1 см. Развіваюцца ў прамежкавых (малюскі), дадатковых (карпавыя рыбы) і канчатковых гаспадароў (рыбаедныя жывёлы і чалавек).

Да арт. Апістархіды. Апістарх кашэчы (павялічаны).

т. 1, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫКО́Н (ад грэч. orthos прамы + eikōn выява),

перадавальная тэлевізійная трубка з назапашваннем зараду і счытваннем відарыса павольнымі (каэфіцыент другаснай эмісіі < 1) электронамі. Распрацаваны амер. інжынерамі А.​Розам і Х.​Ямсам (1939). Прыкладна ў 20 разоў больш адчувальны за іканаскоп; характарыстыка «святло—сігнал» лінейная ва ўсім дыяпазоне ўстойлівай работы. Выкарыстоўваецца ў тэлевізійных перадавальных камерах. Гл. таксама Суперартыкон.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКІ́НСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ РАЁН,

размешчаны на Апшэронскім п-ве з прылеглай акваторыяй Каспійскага м., у Азербайджане. Прамысл. распрацоўка з апошняй трэці 19 ст. Да 1951 — 1-е месца ў СССР па здабычы нафты. Больш за 80 радовішчаў нафты і газу, паклады да глыб. 4500 м. Асн. радовішчы «Нафтавыя Камяні», Бахар, Сангачалы-мора, Бібі-Эйбат, Сураханы і інш. Цэнтр — г. Баку.

т. 2, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАНЦЫ́,

ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.

Астанец на месцы былых гор у Манголіі.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЛАНТЫ́ЧНАЯ МАГІСТРА́ЛЬ»,

1) мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Бостан—Філадэльфія—Вашынгтон—Савана—Маямі, якая злучае ПнУ ЗША з узбярэжжам Мексіканскага зал. Агульная працягласць больш за 2,2 тыс. км.

2) Мерыдыянальная двухпутная чыг. магістраль Мантэвідэо (Уругвай) — Курытыба — Сан-Паўлу — Рыо-дэ-Жанейра — Салвадор — Рэсіфі (Бразілія), якая злучае Уругвай з паўд. і ўсх. штатамі Бразіліі. Агульная працягласць 3,6 тыс. км.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСІГЕМАГЛАБІ́Н,

HbO2, злучаны з кіслародам гемаглабін. Пераносіць кісларод ад органаў дыхання да тканак і вызначае ярка-чырвоны колер артэрыяльнай крыві. На ўтварэнне і дысацыяцыю HbO2 у арганізме ўплывае канцэнтрацыя вуглякіслага газу (CO2), pH і інш. фактары. Чым больш даступны кісларод для жывёліны, тым меншая роднасць гемаглабіну яе крыві да кіслароду (напр., у наземных жывёл яна меншая, чым у водных).

т. 1, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАВЕ́РДЫ,

кафедральны сабор 1-й чвэрці 11 ст., помнік груз. сярэдневяковага дойлідства. Пабудаваны за 20 км на ПнЗ ад г. Тэлаві. Выцягнутае ўверх збудаванне, у плане — падоўжаны крыж; у сяродкрыжжы купал на высокім барабане (рэканструяваны ў 15 ст.). Грандыёзная ўнутр. прастора (выш. больш за 42 м). Дэкор скупы. У 1960-я г. раскрыта размалёўка 15 ст.

Сабор Алаверды.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНІ́ШЧА,

прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)