МЕДАВА́Р ((Medawar) Пітэр Браян) (28.2.1915, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 2.10.1987),
англійскі біёлаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1949). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939), працаваў у ім. З 1947 праф. Бірмінгемскага, з 1951 — Лонданскага ун-таў. У 1962—71 дырэктар Нац. ін-та мед. даследаванняў у Лондане. Навук. працы па росце і старэнні арганізма, яго рэакцыях на перасадку тканак ( у т. л. імунарэакцыях), трансплантацыйных антыгенах і антылімфацытарных сываратках. Адкрыў з’яву набытай імунаталерантнасці і ўзнавіў яе ў эксперыменце. Нобелеўская прэмія 1960 (разам з Ф.М.Бёрнетам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖНА,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 18 км на ПдУ ад г.п. Расоны. Пл. 1,34 км², даўж. каля 3,6 км, найб.шыр. 550 м, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 11 км. Пл. вадазбору 15 км². Схілы катлавіны выш. 7—8 м, участкамі на ПнУ і З да 3 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі пясчаныя, пад хмызняком, на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе пясчанае, месцамі ілістае, глыбей дно выслана сапрапелем. Упадаюць 4 ручаі, сцёк па пратоцы ў Дрысу рэгулюецца шлюзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Андрэй Іосіфавіч) (1914, в. Колбава Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1936), Харкаўскае ваен.-паліт. вучылішча (1941). У Вял.Айч. вайну на фронце з 1941. Нам. камандзіра па палітчасці артыл. дывізіёна капітан М. вызначыўся на Украіне ў баях за г. Бахмач, дзе паспяхова кіраваў стральбой 4 гармат. 26.9.1943 з групай разведчыкаў пераправіўся цераз Дняпро на Пн ад Кіева, дзе карэкціраваў агонь дывізіёна, у выніку якога знішчаны мінамётная і процітанкавая батарэі, 4 кулямётныя кропкі, шмат жывой сілы праціўніка. М. загінуў у баі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІКАЎ (Мікалай Пракопавіч) (20.12.1908, в. Быкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 20.6.1982),
расійскі вучоны ў галіне буд. механікі і тэорыі формаўтварэння метал. канструкцый. Акад.АНСССР (1979). Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1934). З 1933 у Цэнтр. навукова-даследчым і праектным ін-це буд. металаканструкцый у Маскве (з 1944 дырэктар). Навук. працы па тэорыі формаўтварэння і кампаноўцы стальных канструкцый ядз. рэактараў і метадах іх разліку, вывучэнні шматслойных звышмагутных сферычных пасудзін ціску, аўтаматызаваным праектаванні металаканструкцый. Ленінская прэмія 1975, Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950, 1951, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬНІЧЭ́НКА (Эдуард Міхайлавіч) (н. 20.10.1939, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне стаматалогіі. Д-рмед.н. (1988), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966), з 1972 працуе ў ім (з 1979 заг. кафедры). Навук. працы па захворваннях слізістых абалонак поласці рота, эпідэміялогіі і прафілактыцы карыесу, дзіцячай стаматалогіі.
Тв.:
Заболевания пародонта и слизистой оболочки полости рта у детей. М., 1983 (разам з Т.Ф.Вінаградавай, В.П.Максімавай);
Вирус простого герпеса и его роль в патологии человека. Мн., 1986 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁБІУС ((Möbius) Аўгуст Фердынанд) (17.11.1790, г. Бад-Кёзен, Германія — 26.9.1868),
нямецкі матэматык і астраном. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це (1809—13), з 1816 праф. гэтага ун-та і дырэктар астр. абсерваторыі. Навук. працы па геаметрыі, алгебры і тэорыі лікаў. Увёў у праектыўную геаметрыю аналіт. метады даследавання, прапанаваў барыцэнтрычную сістэму каардынат. Стварыў новую класіфікацыю крывых і паверхняў. Устанавіў існаванне аднабаковай паверхні (гл.Мёбіуса ліст), што адыграла важную ролю ў тапалогіі.
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969. С. 224—227.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖГАЛАКТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прастора паміж галактыкамі разам з матэрыяй, якая ў ёй знаходзіцца (разрэджаны газ, касмічныя прамяні, эл.-магн., у асноўным рэліктавае выпрамяненне і інш. У М.а. выяўлены вял. воблакі атамарнага вадароду, не звязаныя з галактыкамі; яны маюць форму дыскаў і змяшчаюць да 1014 сонечных мас газу. Магчыма, воблакі з’яўляюцца асяроддзем, у якім фарміруюцца скопішчы галактык. Ад шчыльнасці М.а. можа залежаць характар эвалюцыі Сусвету (гл.Касмалогія), але дакладнае значэнне шчыльнасці пакуль не вызначана (па некат. меркаваннях яно меншае за 10−29г/см³).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ЖАНО́ЧЫ ДЗЕНЬ 8 САКАВІКА́,
дзень міжнар. салідарнасці жанчын у барацьбе за эканам., сац. і паліт. роўныя правы з мужчынамі. Рашэнне аб штогадовым святкаванні М.ж.д. прынята ў 1910 на 2-й Міжнар. канферэнцыі жанчын-сацыялістак у Капенгагене (Данія) па прапанове К.Цэткін. Упершыню праводзіўся ў 1911 у Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі і Даніі. У Расіі ўпершыню праведзены ў 1913, у Беларусі — у 1914. У СССР з 1965 паводле рашэння Вярх. Савета СССР непрацоўны дзень; захаваў такі статус пад інш. назвамі і ў многіх краінах СНД, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ЭЛЕКТРАСУ́ВЯЗІ (МСЭ; International Telecommunication Union),
міжнародная спецыялізаваная арганізацыя, якая садзейнічае ўдасканаленню і рацыянальнаму выкарыстанню сродкаў электрасувязі (тэлегр., тэлеф. і радыё). Засн. ў 1865. Да 1932 наз.Міжнар. тэлеграфны саюз, з 1947 спецыялізаваная ўстанова ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева. Асн. мэты: каардынацыя ў міжнар. маштабе дзейнасці краін і транснац. карпарацый у галіне эксплуатацыі, мадэрнізацыі і стварэння новых тэлекамунікацый, размеркаванне паміж дзяржавамі радыёчастот і іх рэгістрацыя, распрацоўка мер па ліквідацыі перашкод пры рабоце радыёстанцый і інш. Члены МСЭ больш за 160 дзяржаў (1990), у т. л. Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСПАРЫ́ДЫІ (Microsporidia),
атрад (паінш. класіфікацыях тып, клас) прасцейшых кл. кнідаспарыдый. Больш за 70 родаў, 900 відаў. Унутрыклетачныя паразіты жывёл, пераважна членістаногіх і рыб. У цытаплазме клеткі жывёлы-гаспадара размнажаюцца бясполым шляхам (простае дзяленне і шызаганія). Пасля палавога працэсу (аўтагамія) утвараюцца споры (спораганія). Споры (даўж. да 10 мкм) пераважна авальныя, маюць спіральна скручаную трубку, якая забяспечвае пранікненне паразіта ў тканкі новага гаспадара. Выклікаюць захворванні — мікраспарыдыёзы (напр., М. роду назема). Больш за 300 відаў паразітуюць на шкодных для чалавека членістаногіх і могуць выкарыстоўвацца як біял. сродак барацьбы з імі.