вымерлая млекакормячая жывёла сям. аленевых атр. парнакапытных. Вядомы з сярэдняга і верхняга плейстацэну і ранняга галацэну Еўразіі і Паўн. Афрыкі. Асабліва многа шкілетаў знойдзена ў тарфяніках Ірландыі, на стаянках чалавека каменнага веку ў сярэдніх і паўд. шыротах, у т. л. ў Крыме і на Паўн. Каўказе, цэлыя шкілеты — на тэр. Разанскай і Екацярынбургскай абласцей Расіі. На Беларусі рэшткі аленя велікарогага выяўлены каля Смаргоні і в. Вейна (Магілёўскі р-н).
Буйная жывёла з вялізнымі (больш за 4 м у размаху) лапатападобнымі рагамі з некалькімі адросткамі. Вонкава нагадваў лань. Жыў на вільготных лугах па берагах рэк і балотаў, пазбягаў лясоў, у ледавіковыя эпохі адступаў на Пд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
энергетычныя аб’екты (электрастанцыі, падстанцыі, лініі электраперадач, цеплавыя сеткі, кацельныя), звязаныя агульным рэжымам у бесперапынным працэсе вытв-сці, ператварэння і размеркавання эл. і цеплавой энергіі. На тэр.б.СССР фарміраванне пачалося ў 1956—59. Да пач. 1990-х г. завершана падключэнне большай ч.аб’яднанай электраэнергетычнай сістэмы да агульнай сеткі ліній электраперадач напружаннем 220, 330, 500 і 750 кВ. У 1991 адзіная энергетычная сістэма аб’ядноўвала 92 энергет. сістэмы (выраблена каля 1490 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі). На пач. 1992 магутнасць 790 электрастанцый адзінай энергетычнай сістэмы складала больш за 288 тыс. МВт. Беларуская энергетычная сістэма тэхналагічна ўваходзіць у паўн.-зах. рэгіён адзінай энергетычнай сістэмы б.СССР і звязана лініямі з Літоўскай, Смаленскай, Пскоўскай, Бранскай і Украінскай энергасістэмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,
травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯНЁК,
рака на Пн Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), вярхоўе — у Краснаярскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. 2292 км, пл.бас.каля 220 тыс.км². Пачынаецца і цячэ па Сярэдне-сібірскім пласкагор’і, у нізоўях — па Паўд.-Сібірскай нізіне. Упадае ў Алянёцкі заліў мора Лапцевых, утвараючы дэльту. У верхнім цячэнні парожыстая, даліна месцамі мае выгляд цясніны. У сярэднім цячэнні даліна пралягае сярод хвалістай мясцовасці. Асн. прытокі: Арга-Сала, Бур (злева), Сілігір (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Паводка з чэрв. да верасня. Ледастаў з канца вер.—кастр. да канца мая — 1-й пал. чэрвеня. У верхнім цячэнні перамярзае са студз. да красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 1210 м³/с. Суднаходная ў нізоўях. Багатая рыбай (рапушка, омуль, муксун, нельма і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс.чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета
(каля 610—546 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.
клас мохападобных. Уключае 2 сям. — антацэротавыя (4 роды) і натаціласавыя (1 род). Каля 300 відаў. Пашыраны ў трапічных і ва ўмерана цёплых краінах. Першапасяленцы вільготных аголеных глебаў; у тропіках растуць на галінках, лісці і адмерлых раслінах. На Беларусі адзінае сям. антацэротавых з 2 родамі — антацэрас і феацэрас.
Стараж. група імхоў, якія, магчыма, існуюць з верхняга палеазою. Спалучае асобныя прыкметы пячоначнікаў, імхоў, сасудзістых раслін і водарасцяў. Лічыцца прамежкавым звяном паміж астатнімі мохападобнымі і сасудзістымі раслінамі. Прыкметы: неабмежаваны рост спарафіта, наяўнасць пласціністых храматафораў з пірэноідам і тыповых для вышэйшых раслін вусцейкаў у гаметафіта.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978;
Водоросли, лишайники и мохообразные СССР. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст.каляв. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЦЫ́ЛУС, чашачка,
шароўка (Ancylus),
род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сям. катушак. 3—4 віды. Найб. вядомы анцылусы рачны (A. fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўн. Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўж. 5, выш. 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветр. дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біял. ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (A. lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАЎКІ (Cetoniinae),
падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.