ДО́БРЫ БОР,

археалагічная стаянка нёманскай культуры каля в. Добры Бор Баранавіцкага р-на. Выяўлены 12 агнішчаў, 5 ям (3 з іх. магчыма, паўзямлянкі).

Знойдзены абломкі ляпных вастрадонных і пласкадонных гаршкоў, крамянёвыя зброя і прылады працы (лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і інш.), шліфаваныя каменныя сякеры з адтулінамі Непадалёку ад вёскі выяўлены сляды мезалітычнага паселішча, стаянкі неаліту і бронзавага веку.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́НАР (ад лац. dono дару),

чалавек, які добраахвотна дае кроў ці тканкі для лячэння хворых. Адрозніваюць Д. крыві, плазмы, стандартных эрытрацытаў, імуннай плазмы, касцявога мозгу і інш. Д. могуць быць здаровыя, фізічна развітыя людзі пасля 18 гадоў. Пры цяжарнасці, лактацыі, менструацыі, прафілакт. прышчэпках кроў не бяруць. Здаровым людзям донарства не шкодзіць. Паказчык па Беларусі: 45—48 Д. на 1 тыс. чалавек.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Бярвенка (выцякае з возера), за 34 км на ПнЗ ад г. Шчучын. Пл. 0,5 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 680 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Схілы катлавіны выш. да 10 м, пад лесам, на ПнУ і ПнЗ месцамі разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, месцамі сплавінныя. Дно выслана сапрапелем.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Астроўніца (выцякае з возера), за 26 км на ПнУ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,21 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 220 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. У возера ўпадаюць ручаі з азёр Астроўна і Мелкае.

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАСЕЛЯВА́ННЕ (ад ням. drosseln душыць; скарачаць),

працяканне вадкасці, пары або газу праз мясц. гідрадынамічнае супраціўленне патоку (звужэнне трубаправода, вентыль, кран і інш.). Суправаджаецца змяншэннем ціску, калі паток не выконвае знешняй работы і адсутнічае цеплаабмен з навакольным асяроддзем. Пры Д. рэальных газаў адначасова змяняецца т-ра (гл. Джоўля—Томсана эфект). Выкарыстоўваецца для ахалоджвання і звадкавання газаў, вымярэння і рэгулявання расходу вадкасці і газаў.

т. 6, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХЕНЛОХ (Drachenloch),

пячора ва ўсх. ч. Швейц. Альп, на Пд ад Бодэнскага воз. (Швейцарыя). Размешчана на выш. 2445 м. У мусцьерскую эпоху была месцам пражывання паляўнічых-неандэртальцаў (больш за 50 тыс. г. таму назад). У Д. выяўлены рэшткі вогнішча, каменныя і касцяныя прылады, шматлікія косці пячорнага мядзведзя і складзеныя з вапняковых пліт «скрыні», у якіх, верагодна, захоўвалі найб. каштоўныя часткі мядзведжых туш.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАВЫ́ ЦІСК,

дадатковы ціск, што ўзнікае ў вадкім або газападобным асяроддзі пры праходжанні ў ім гукавой хвалі; асн. характарыстыка гуку. Гукавая хваля выклікае ў асяроддзі згушчэнні і разрэджванні, якія і ствараюць дадатковыя змены ціску ў адносінах да яго сярэдняга значэння. Пры значным гукавым ціску можа парушацца суцэльнасць вадкасці (гл. Кавітацыя). Вымяраецца ў паскалях. Гукавы ціск трэба адрозніваць ад ціску гуку.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І СУГЛІ́НКАЎ,

у Гродзенскай вобл., за 6,5 км на ПнЗ ад г.п. Дзятлава. Пластавы паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Гліны і суглінкі светла- і жаўтавата-шэрыя, шчыльныя, вязкія, пластычныя, карбанатныя, з зернямі жвіру. Разведаныя запасы 4,2 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,1—15,7 м, ускрышы 0,3—8 м. Гліны і суглінкі прыдатныя на выраб аглапарыту.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́ШКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Бярэзіна, за 35 км на ПдУ ад г. Докшыцы. Пл. 0,67 км2, даўж. 1,7 км, найб. шыр. 700 м, даўж. берагавой лініі каля 4,1 км. Пл. вадазбору 11,9 км². Схілы катлавіны выш. 20—25 м (на ПнЗ 5—8 м), параслі лесам, на Пн разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі.

т. 6, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМЕЙКІ́Т (ад прозвішча бел. геолага І.І.Дамейкі),

мінерал, прыродны арсенід медзі, Cu3As. Крышталізуецца ў кубічнай і гексаганальнай сінганіях з т-рай пераходу 225 °C. Агрэгаты шчыльныя, пупышка- і гронкападобныя. Колер серабрыста-белы, шэры, з жаўтавата-бурай пабегласцю. Бляск металічны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 7,5 г/см³. Крохкі. Гідратэрмальнага паходжання, асацыіруе з самароднымі меддзю, серабром, сульфідамі медзі і арсенідамі нікелю, кобальту і інш.

т. 6, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)