ЛІ́ЧБАВАЯ ПРЫЛА́ДА,
вымяральная прылада, у якой вынікі вымярэнняў неперарыўнай велічыні (напружання, сілы току, эл. супраціўлення і інш.) аўтаматычна ператвараюцца ў дыскрэтныя сігналы і адлюстроўваюцца ў выглядзе лічбаў на лічбавым індыкатары або перадаюцца для апрацоўкі і захоўвання ў ЭВМ.
Адліковыя прыстасаванні Л.п. бываюць электронныя, светлавыя, на вадкіх крышталях і інш. Найб. пашыраны Л.п. з электронным адліковым прыстасаваннем на лічбавых індыкатарных лямпах (пераважна газаразрадных індыкатарах). Вызначаюцца высокім хуткадзеяннем, дакладнасцю, незалежнасцю (аб’ектыўнасцю) паказанняў ад становішча назіральніка. Выпускаюцца лічбавыя вальтметры, частатамеры, амперметры, масты вымяральныя, манометры і інш.
т. 9, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНКЕ́ВІЧ (Сяргей Аляксандравіч) (н. 29 4.1934, Кішынёў),
малдаўскі скрыпач, дырыжор, кампазітар. Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1957) і дырыжыравання (1958). З 1955 у сімф. аркестры Малд. філармоніі, з 1958 1-ы скрыпач, маст. кіраўнік і гал. дырыжор аркестра малд. нар. інструментаў «Флуераш». Аўтар твораў для аркестра нар. інструментаў, у т. л. «Туга цыгана», «Інверціта Ігната», «Ліпканская сырба», «Памяці В.Хары», песень, музыкі да кінафільмаў, апрацовак малд. нар. песень. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія Малдовы 1967.
т. 9, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯНЬКО́Ў (Вячаслаў Іванавіч) (1.10. 1915, г. Алматы, Казахстан — 14.8. 1969),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарнай мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1961), праф. (1967). Скончыў Алма-ацінскі вет. ін-т (1941). З 1966 заг. аддзела Бел. н.-д. вет. ін-та. Навук. працы па патагенезе, імунітэце і прафілактыцы яшчуру, бруцэлёзу, вібрыёзу, інфекц. атрафічнага рыніту і анаэробных інфекцыях жывёл. Прапанаваў тыпаспецыфічныя сывараткі і вакцыны для дыягностыкі і прафілактыкі інфекц. энтэратаксеміі.
Тв.:
Анаэробные желудочно-кишечные заболевания молодняка сельскохозяйственных животных. Мн., 1974 (разам з В.А.Ляньковай).
т. 9, с. 426
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСУ́Н, лесавік,
вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах. Яго ўяўлялі ў выглядзе вялізнага (у рост дрэва) старога чалавека з белым, як бяроста, тварам, з вял. вачыма, у звярынай шкуры. Л. мог, нібыта, паказваць грыбныя і ягадныя мясціны, наганяць у бок паляўнічага звяроў і птушак, выбіраць бортнікам месца для ўстаноўкі калод, а таксама наганяць на чалавека страху, прымусіць яго блукаць на адным месцы. Вобраз Л. страціў рэліг. значэнне ў пач. 20 ст.
М.Ф.Піліпенка.
т. 9, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЗАВО́Д МЕТАЛІ́ЧНЫХ ВЫ́РАБАЎ.
Створаны ў 1932 у Магілёве як арцель-металакамбінат прамкааперацыі па вытв-сці метал. посуду і чыгуналіцейных вырабаў шырокага ўжытку. Арцель складалася з цэхаў: ліцейнага, метызнага, дахавазагатовачнага, рамонтна-мех. і па вырабе канькоў. З 1965 ложкавы з-д, з 1971 з-д тэхн. аснасткі, з 1981 з-д металавырабаў (у склад яго ўвайшоў Клімавіцкі з-д металавырабаў). З 1993 ВА «Ольса». Асн. прадукцыя (1999): мэбля (на аснове металапрофіляў з палімерным пакрыццём) для адпачынку, навуч. і мед. устаноў і інш.
т. 9, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) навучальная ўстанова ў 1913—18 у Магілёве. Засн. 1.7.1913. Рыхтаваў настаўнікаў вышэйшых пач. вучылішчаў. Прымаліся асобы з сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 3 гады. Пераўтвораны ў Магілёўскі пед. ін-т (гл. Магілёўскі універсітэт).
2) Навуч. ўстанова ў 1937—53 пры Магілёўскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, гісторыі, матэматыкі і фізікі, геаграфіі для 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Аб’яднаны з Магілёўскім пед. ін-там.
т. 9, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАЦЕПЛАВЫ́Я З’Я́ВЫ,
змены цеплавога стану рэчыва пры зменах яго магн. стану (намагнічванні ці размагнічванні). Назіраюцца ва ўсіх рэчывах. М.з. ў некаторых парамагнетыках выкарыстоўваюцца для атрымання звышнізкіх т-р (гл. Магнітнае ахаладжэнне).
Тлумачыцца зменамі ўнутранай энергіі цела пры адпаведных зменах магн. стану. Найб. значныя М.з. ў фера-, антыфера- і ферымагнетыках і іх характар залежыць ад працэсаў намагнічвання ў гэтых матэрыялах. Адрозніваюць М.з. пры адыябатычным намагнічванні і размагнічванні, калі адбываюцца змены т-ры, і ізатэрмічныя М.з., пры якіх некаторая колькасць цеплаты выдзяляецца (ці паглынаецца).
т. 9, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ НАФТАПЕРАПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.
Будаўніцтва пачата ў 1971 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1975 пушчана першая ўстаноўка па перапрацоўцы нафты, у 1977 пачала працаваць бітумная ўстаноўка. З 1994 адкрытае акц. т-ва ў складзе рас.-бел. адкрытага акц. т-ва «Нафтагазавая кампанія «Слаўнафта». Працуе на бел. нафце і з нафтаправода «Дружба». Вядзецца рэканструкцыя для больш глыбокай перапрацоўкі нафты і павышэння якасці нафтапрадуктаў. Асн. прадукцыя (1999): аўтамаб. бензіны, рэактыўнае паліва, мазут, дызельнае паліва, вакуумны газойль, пячное паліва, бітумы нафтавыя, звадкаваны газ, сера тэхнічная.
т. 9, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙКО́П,
горад у Расіі, адм. ц. Адыгеі, на р. Белая (прыток р. Кубань). Чыг. станцыя, аэрапорт. Засн. ў 1858. 177,3 тыс. ж. (1996). Маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне лесасплаўнае, для прадпрыемстваў сувязі, металарэзныя станкі і інш.), мэблева-дрэваапр., цэлюлозна-кардонная, харч. (мясакамбінаты, малочны, тытунёва-ферментны і інш. з-ды), лёгкая (шпагатна-вяровачная, канатная, абутковая, швейная ф-кі) прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. Пед. і тэхнал. ін-ты. Адыгейскі НДІ эканомікі, мовы, л-ры і гісторыі. 2 драм. тэатры. 2 музеі. Філармонія.
т. 9, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРГІНА́ЛІІ (позналац. marginalis што знаходзіцца на краі ад лац. margo край, мяжа),
1) паметы на палях стараж. кніг або рукапісаў, юрыд. актаў, якія тлумачаць незразумелае слова або месца.
2) Паметы чытача на друкаваным выданні або рукапісе: нататкі пра адносіны да тэксту, падкрэсліванні асобных слоў і сказаў, пазначэнні клічнікам, пытальнікам, умоўнымі значкамі і інш. М., зробленыя пісьменнікам, — частка яго рукапіснай спадчыны, асабліва важныя для раскрыцця яго творчых задум, няздзейсненых намераў.
3) У сучасным кніжным афармленні тэкставая рубрыкацыя, вынесеная па-за фармат паласы.
т. 10, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)