АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),

вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз. таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.

Акведук каля г. Нім. Францыя. 1—2 ст. н.э.

т. 1, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМЕІ́ЗМ (ад грэч. akme найвышэйшая ступень чаго-н., росквіт),

мадэрнісцкая плынь у рас. паэзіі 1910-х г. Супрацьпастаўляўся сімвалізму з яго адрывам ад рэальнага жыцця і імкненнем да містычнага, незразумелага. Сярод тэарэтыкаў і прыхільнікаў акмеізму — М.​Гумілёў («Спадчына сімвалізму і акмеізм», 1913), С.​Гарадзецкі («Некаторыя плыні ў сучаснай рускай паэзіі», 1913), В.​Мандэльштам, Г.​Ахматава і інш., якія дэкларавалі канкрэтна-пачуццёвае ўспрыняцце і адлюстраванне свету, паэтызавалі мінулую культуру і біял. пачатак у чалавеку (адсюль другая назва акмеізму — адамізм, ад імя Адам), выступалі за вяртанне слову яго першапачатковага, не сімвалічнага, сэнсу. Акмеісты аб’ядналіся ў «Цэх паэтаў» (1911 — 14; 1920—22), выдавалі час. «Гиперборей» (1912—13), альманахі.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́ТНІЦЫ, сатыры,

вочкі (Satyridae),

сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс. відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб. пашыраны сенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).

Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.

Аксамітніцы: 1 — чарнушка-Медуза і яе вусень; 2 — калітэра.

т. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Літ.:

Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСЕРВА́ЦЫЯ,

1) у навігацыі — вызначэнне геагр. каардынат судна ў моры па назіраннях аб’ектаў з вядомымі каардынатамі. Навігацыйную абсервацыю праводзяць па адзначаных на карце берагавых арыенцірах, астранавігацыйную — па нябесных свяцілах, каардынаты якіх даюцца ў Марскіх астр. штогодніках, радыёнавігацыйную — па напрамку на крыніцу радыёхваляў (напр., радыёмаякі, навігацыйныя ШСЗ). Усе спосабы абсервацыі зводзяцца да графічнага знаходжання пункта на марской карце або аналітычнага разліку яго каардынат.

2) У медыцыне — назіранне на працягу пэўнага часу за ізаляванымі ў спец. памяшканні людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі на небяспечныя каранцінныя хваробы. Зрэдку ў такім жа значэнні тэрмін выкарыстоўваецца ў ветэрынарыі і фітапаталогіі ў дачыненні да завезеных жывёл, раслінных матэрыялаў.

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ВА (Agave),

род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.

Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.

Агава амерыканская.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКАЕ,

сядзібны ансамбль 18—19 ст. за 20 км ад Масквы, з 1918 музей-сядзіба. З 1703 належала князям Галіцыным, у 1810—1917 — князям Юсупавым. Пабудавана ў стылі класіцызму. На тэр. Архангельскага палац (1780-я г., арх. дэ Герн, перабудаваны ў 1811—28), у якім захаваліся аддзелка, мэбля, кераміка і інш. вырабы прыгонных майстроў, а таксама карціны (А.​Ван Дэйка, Дж.​Б.​Цьепала, Ф.​Бушэ, П.​Ратары) і скульптура (Э.​М.​Фальканэ, І.​П.​Віталі), парк (18 ст.) з тэрасамі, шматлікімі бюстамі, статуямі і паркавымі збудаваннямі (у т. л. тэатр., 1817—18, з дэкарацыямі П.​Ганзага).

Архангельскае. Палац. Паўночны фасад.

т. 1, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел. археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГСКАЯ ПАРО́ДА козаў,

пуховага кірунку. Выведзена ў Арэнбургскай вобласці працяглым адборам мясцовых козаў па пуховай прадукцыйнасці. Гадуюць у Арэнбургскай, Чэлябінскай абласцях, Башкортастане і Казахстане.

Жывёлы буйныя, рухомыя, моцнай канстытуцыі, з добра развітымі рагамі. Маса казлоў 55—65, матак 44—45 кг. Воўна складаецца з цёмна-шэрага тонкага пуху даўжынёй 5—6 см і грубай восці чорнага колеру даўжынёй 7—9 см, радзей пух і восць белыя. Начос пуху з дарослай жывёліны 180—400 г; выкарыстоўваюць на выраб пуховых хустак і шаляў. Выхад чыстай воўны 96%. Удой за лактацыю 90—120 кг, тлустасць малака 4,8—5%. Пладавітасць 130—140%.

У.​І.​Баброў.

Каза арэнбургскай пароды.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАДКАНАМНАЖЭ́ННЕ, седыментацыя,

прыродны працэс утварэння ўсіх відаў адкладаў у выніку пераходу матэрыялу, які асаджваецца, з рухомага завіслага або растворанага стану (у водным або паветраным асяроддзі) у нерухомы — асадак. Адбываецца на дне рэк, азёраў, мораў і акіянаў, на паверхні сушы за кошт абломкавага матэрыялу, вулканічнага і касм. рэчыва, біягенных і хемагенных кампанентаў. На тэр. Беларусі ў геал. мінулым (ад рыфею да палеагену ўключна) асадканамнажэнне адбывалася пераважна ў марскіх умовах; з позняга палеагену і да цяперашняга часу — у кантынентальных умовах. Асадкі — пяскі, алеўрыты, торф і інш. Стараж. асадкі ператварыліся ў асадкавыя горныя пароды, найб. магутныя ў Прыпяцкім прагіне, Аршанскай і Брэсцкай упадзінах.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)