НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф
(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),
азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.Бачыла і Р.Няхай.
Тв.:
Рус.пер. — Пять поэм. М., 1968;
Стихотворения и поэмы. Л., 1981.
Літ.:
Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;
Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕВА (сапр.Валянская) Галіна Яўгенаўна
(18.2.1911, в. Усманка Марыінскага р-на Кемераўскай вобл., Расія — 18.10.1963),
руская пісьменніца. Скончыла Горкаўскі мед.ін-т (1935). Друкавалася з 1939. Пісала навелы, нарысы, вершы (зб. «Скрозь агонь», 1946). Раман «Жніво» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; на яго аснове маст. фільм «Вяртанне Васіля Бортнікава», 1953) прысвечаны праблемам пасляваен. вёскі. У рамане «Бітва ў дарозе» (1957, экранізацыя 1961) узняты надзённыя сац. і маральныя праблемы, карціна жыцця сав. грамадства 1950-х г. Аўтар прысвечанай моладзі «Аповесці пра дырэктара МТС і галоўнага агранома» (1954), «Апавяданняў бабкі Васілісы пра цуды» (1962), напісаных на фалькл. аснове, няскончанага рамана «Моцнае ўзаемадзеянне» (урыўкі выд. 1964), кнігі нататак пра прыроду «Наш сад» (выд. 1964), апавяданняў. Паводле некат. твораў Н. зроблены інсцэніроўкі: п’есы «Васіль Бортнікаў» («Высокая хваля», 1952), «Першая вясна» (1955; абедзве разам з С.Радзінскім) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1987—88;
Завещание: Повести. Рассказы. Поэма. Стихи. Томск, 1990.
Літ.:
Воспоминания о Галине Николаевой. М., 1984;
Пичурин Л.Ф. Путь к «Битве...»: Страницы жизни Г.Е.Николаевой. Томск, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Леў Веньямінавіч) (сапр.Альканіцкі Леў Уладзіміравіч; 20.5.1891, г. Жытомір, Украіна — 9.3.1967),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). Друкаваўся з 1910. Першая кніга — «Чатырнаццаць месяцаў у Афганістане» (1923). Распрацоўваў жанр рэв.-прыгодніцкага рамана: «Ніякіх выпадковасцей» (1924), «Таямніца сейфа» (1925) і інш. Раманы «Расіі верныя сыны» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1952), «Маскоўскія світанкі» (кн. 1—2, 1954—57), «Мёртвы зыб» (1965, экранізацыя пад назвай «Аперацыя «Трэст», 1969) на гіст. тэматыку. Аўтар аўтабіягр. рамана «Час, прастора, рух» (кн. 1—2, 1931—32), п’ес «Справа радавога Шыбуніна» (1935), «Порт-Артур» (1937), зб-ка вершаў «Гісторыя і вершы Анжалікі Саф’янавай» (1918), паэм, апавяданняў, кніг падарожных нататак, кінасцэнарыяў і інш., біягр. нарысаў («Людзі рускага мастацтва», 1947; «Фёдар Шаляпін», 1954; «Чэхаў. Бунін. Купрын», 1960), мемуараў («Людзі і падарожжы. Успаміны», 1962) і інш. Быў знаёмы з Я.Купалам. У 1954 на бел. мову яго раман «Расіі верныя сыны» пераклаў В.Вітка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛЬСЕН ((Nielsen) Карл Аўгуст) (9.6.1895, Норэ-Люндэльсе, каля г. Одэнсе, Данія — 3.10.1931) класік дацкай музыкі, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Капенгагене (1884—86),
з 1916 выкладаў у ёй (у 1931 рэктар). У 1889—1905 скрыпач, з 1908 гал. дырыжор Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. У 1915—27 гал. дырыжор канцэртаў Муз.т-ва. Наватар дацкай музыкі. Стваральнік т.зв. новай дацкай нар. песні. Ягоэстэт. погляды паўплывалі на творчасць дацкіх і інш. скандынаўскіх кампазітараў 20 ст. Сярод твораў: оперы «Саул і Давід» (паст. 1902), «Маскарад» (паст. 1906); «Гімн каханню» (1897), «Сны» (1904), «Фюнская вясна» (1921) для салістаў, хору і арк.; 6 сімфоній (1882—1925), уверцюры (1903, 1908, 1918); канцэрты для інструментаў з арк. (1911, 1926, 1928), камерна-інстр. ансамблі, творы для фп., скрыпкі, аргана; хары a cappella; песні (каля 250), музыка да драм. спектакляў і інш. Аўтар мемуараў «Маё дзяцінства на Фюне» (1927). У Капенгагене праводзяцца фестывалі музыкі Н.
Літ.:
Сталь Э. Классик нашей музыки // Сов. музыка. 1970. № 8;
Мохов Н.Н. О творчестве К.Нильсена // Там жа 1981. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,
творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл.Авангард, Мадэрнізм у музыцы).
Літ.:
Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;
Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДЫНГТАН ((Aldington) Рычард) (8.7.1892, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 27.7.1962),
англійскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік л-ры т.зв. страчанага пакалення. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. З 1939 жыў у эміграцыі (ЗША, Францыя). Літ. дзейнасць пачаў як паэт у рэчышчы імажызму (зб-кі «Імажысты», 1914; «Вобразы старыя і новыя», 1916, і інш.). Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Смерць героя» (1929) пра злачыннасці вайны і лёс «страчанага пакалення». Раманы «Дачка палкоўніка» (1931), «Усе людзі — ворагі» (1933), «Жанчыны павінны працаваць» (1934), «Сапраўдны рай» (1937), «Сямёра супраць Рыўза» (1938), «Непрыняты госць» (1939) пра трагічныя наступствы 1-й сусв. вайны, лёс пасляваен. пакалення, становішча жанчыны ў тагачасным грамадстве, узаемаадносіны «бацькоў і дзяцей». Аўтар зб.апавяд. «Шляхі да славы» (1930), паэмы «Крыштальны свет» (1937), раманізаваных біяграфій Д.Г.Лорэнса, Р.Л.Стывенсана і інш.Яго творчасць адметная спалучэннем лірычна-спавядальнага з натуралістычным і сатырычна-гратэскавым. Перакладаў з франц. і італьян. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр.Блэр
(Blair) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт.калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),
«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.
Тв.:
Бел.пер. — Ферма;
1984. Мн., 1992;
Рус.пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),
англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ТКАВЫ ЎЗРОСТ,
перыяд антагенезу (ад 10—11 да 15 гадоў), які адпавядае этапу пераходу ад дзяцінства да юнацтва. Належыць да крызісных узростаў (гл.Крызісы ўзроставыя), крытычных перыядаў антагенезу, звязаных з кардынальнымі пераўтварэннямі ў сферы свядомасці, дзейнасці, сістэмы ўзаемаадносін індывіда. Характарызуецца бурным ростам чалавека, фарміраваннем арганізма ў працэсе палавога выспявання, што аказвае значны ўплыў на псіхафізіял. асаблівасці падлетка. Аснову фарміравання псіхал. і асобасных якасцей падлеткаў складаюць зносіны ў працэсе розных відаў дзейнасці (вучоба, праца, творчасць, спорт і інш.). Характэрным для П.ў. з’яўляецца станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, узнікненне цікавасці да сябе як да асобы, да сваіх магчымасцей, здольнасцей і асаблівасцей, якія аб’ядноўваюць падлетка з іншымі людзьмі, групамі і ў той жа час адрозніваюць ад іх, робяць яго унікальным і непаўторным. З гэтым звязаны рэзкія ваганні ў адносінах да сябе, няўстойлівасць самаацэнкі. Вядучыя патрэбы П.ў. (самасцвярджэнне, зносіны з равеснікамі) таксама разглядаюцца як вядучая дзейнасць у гэтым узросце. Пры адсутнасці ўмоў для індывідуалізацыі і пазітыўнай рэалізацыі сваіх новых магчымасцей самасцвярджэнне падлетка можа прымаць недарэчныя формы (гл.Дэвіянтныя паводзіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРА́Д,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).
2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).