адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст.Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г.яп. баявых мастацтваў.
Літ.:
Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;
Кацуки С. Практика Дзэи. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЭРЭ́НЫ
(Procapra),
род млекакормячых сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 3 віды: Дз. мангольскі (Р. gutturosa), Дз. Пржавальскага (Р. przewalskii), Дз. тыбецкі (Р. picticaudata). Пашыраны пераважна ў стэпах, паўпустынях, пустынях раўнін і гарах Цэнтр. Азіі. Трымаюцца статкамі.
Моцнага целаскладу, зграбныя. Даўж. цела 95—150 см, хваста 2—12 см, выш. ў холцы 54—95 см, маса 20—40 кг. У самцоў лірападобныя рогі (даўж. да 28 см). Колер жаўтавата-пясочны, на грудзях, хвасце і бруху белы. Кормяцца травяністымі раслінамі. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Хутка бегаюць (да 60—65 км/ гадз). Робяць сезонныя міграцыі. Аб’екты промыслу. Захаваліся пераважна ў нац. парках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮАМЕ́ЛЬ (Duhamel) Жорж
(30.6.1884, Парыж — 13.4.1966),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1935), яе старшыня (з 1960). Скончыў мед.ф-т Сарбоны (1908). Адзін з заснавальнікаў творчага аб’яднання «Абацтва» (1906), што дало пачатак унанімізму (літ. плынь франц. л-ры, прыхільнікі якой прапагандавалі ідэю калектыўнай аднадушнасці, злітнасці чалавека, у т.л. паэта, з масамі). Аўтар серыі раманаў «Жыццё і прыгоды Салавэна» (т. 1—5, 1920—32), «Хроніка сям’і Паск’е» (т. 1—10, 1933—44), зб-каў апавяданняў («Жыццё пакутнікаў», 1917, «Цывілізацыя», 1918, «Прыпавесці майго саду», 1936) і вершаў («Сябры», 1912. і інш.). Пісаў таксама п’есы, літ.-крытычныя даследаванні, мемуары. У творах аддаваў перавагу маральна-інтэлектуальным праблемам: асобы і цывілізацыі, небяспекі навук.-тэхн. прагрэсу і звязанай з ім дэгуманізацыі людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ́БА Уладзімір Іванавіч
(н. 24.2.1946, г. Палтава, Украіна),
бел. паэт і драматург. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў, працаваў на тэлебачанні. З 1980 на Бел. радыё. Друкуецца з 1962. Аўтар зб-каў паэзіі «Вуліцы без назваў» (1972), «Кругазварот» (1976), «Карані бліскавіцы» (1986), вершаванай драмы «Доктар Русель» (1985, пра рэвалюцыянера-народніка М.Судзілоўскага), вершаваных драм. аповесцей «На Радзівілішчы» (1992), «Памінальная па Банапарту каля беларускага тракту» (1995), радыёп’ес у вершах «Жыццё рэвалюцыянера» (паст. 1987, з А.Пётухам), «Я, Арлоўскі» (паст. 1989), «Нарачным. Рукевічу. Рылееў» (паст. 1990). Распрацоўвае гіст. тэматыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБА́ЙЛА Павел Кузьміч
(5.8.1931, в. Кукарава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 24.1.1995),
бел. крытык і літ.знавец. Д-рфілал.н. (1973), праф. (1982). Скончыў БДУ (1954). Настаўнічаў, з 1960 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся з 1950. Даследаваў сучасную бел. л-ру, асн. тэндэнцыі і заканамернасці развіцця рамана, стылявыя кірункі ў прозе. Адзін з аўтараў кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе. Мн., 1973;
Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе. Мн., 1978;
У вялікай дарозе. Мн., 1981;
Беларускі раман: Гады 70-я. Мн., 1982;
Панарама сучаснай беларускай прозы. Мн., 1986;
У пошуках духоўных каштоўнасцей. Мн., 1987;
Станоўчы герой у беларускай літаратуры: Сав. перыяд;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ (Du Bellay) Жаашэн
(1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усе апубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБКО́ Анатоль Фёдаравіч
(н. 15.12.1923, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскае артыл. вучылішча (1942), Ваенна-артыл. камандную акадэмію (1954). У Вял.Айч. вайну з ліст. 1942 на Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., Ленінградскім франтах. Камандзір батарэі артыл. палка лейтэнант Дз. вызначыўся ў баях на тэр. Латвіі: 29.8.1944 у час бою трапіў у акружэнне назіральны пункт батарэі і пях. батальён, дзе Дз. прыняў камандаванне на сябе, арганізаваў кругавую абарону, калі вораг прарваў яе, выклікаў на сябе агонь артылерыі, што дапамагло адбіць контратакі і ўтрымаць занятыя пазіцыі. Да 1976 у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБУА́ (Dubois) Станіслаў
(7.1.1901, Варшава — 21.8.1942),
польскі паліт. дзеяч, журналіст. Чл. Польскай сацыяліст. партыі (з 1918). У 1919—21 удзельнічаў у Сілезскіх паўстаннях. Адзін з заснавальнікаў Саюза незалежнай сацыяліст. моладзі (1922). У 1928—30 дэпутат сейма. У 1929 адзін са стваральнікаў «Цэнтралеву» (блок 6 цэнтрысцкіх і левых партый). Быў арыштаваны і зняволены ў Брэсцкай крэпасці, у 1932 асуджаны на 3 гады. З 1934 прыхільнік саюзу сацыялістаў з камуністамі, у 1936—37 сузаснавальнік і нам.гал. рэдактара газ. «Dziennik Popularny» («Папулярны штодзённік»), якая выступала за адзіны фронт. У перыяд фаш. акупацыі чл. канспіратыўнай групоўкі «Барыкада свабоды». У 1940 арыштаваны гестапа, вывезены ў Асвенцім і расстраляны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБУА́, Дзю Бойс (Dubois, Du Bois) Уільям Эдуард Бёркхарт (23.2.1868, г. Грэйт-Барынгтан, ЗША — 27.8.1963), амерыканскі гісторык, адзін з заснавальнікаў афра-амер. л-ры ЗША, грамадскі дзеяч. Вучыўся ва ун-це ў Фіска (1884—86), Гарвардскім (1886—92), Берлінскім (1892—94) ун-тах. Д-р філасофіі (1895), праф. эканомікі і гісторыі. Ганаровы д-ргіст. навук Маскоўскага ун-та (з 1959). Даследаваў барацьбу амер. неграў і народаў Афрыкі за раўнапраўе, супраць расавай дыскрымінацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў руху «Ніягара» (1905), Асацыяцыі садзейнічання прагрэсу каляровага насельніцтва (1910—48), панафр. кангрэсаў (1919, 1921, 1923, 1927, 1945), чл.Сусв. Савета Міру (з 1950). З 1960 у Гане, дзе з 1962 кіраваў выданнем энцыклапедыі «Афрыка». Аўтар манаграфіі «Забарона гандлю рабамі» (1896), зб. нарысаў «Душы чорных людзей» (1903), трылогіі «Чорнае полымя» (1957—61) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБУА́ (Dubois) Эжэн
(28.1.1858, г. Эйсдэн, Нідэрланды — 16.12.1940),
галандскі антраполаг. Па адукацыі ваенны ўрач. У 1890—92 выявіў на в-ве Ява шкілетныя рэшткі выкапнёвага продка чалавека, назваўшы яго «Pithecanthropus erectus», г. зн. «малпачалавек прамастаячы». Гэтыя адкрыцці адыгралі важную ролю ва ўмацаванні эвалюцыйнай тэорыі.