АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ,

арганізмы, целы якіх складаюцца з адной клеткі. Існуюць 2 узроўні арганізацыі аднаклетачных: пракарыётны (бактэрыі і сіне-зялёныя водарасці) і эўкарыётны (зялёныя і інш. водарасці, прасцейшыя). У пракарыётаў няма дыферэнцыраванага клетачнага ядра, у эўкарыётаў яно ёсць і можа дзяліцца. Аднаклетачныя спалучаюць уласцівасці клеткі і самаст. арганізма. Маюць простую будову (хларэлы, амёбы) і складаную (ацэтабулярыі, інфузорыі). Многія ўтвараюць калоніі. Ад аднаклетачных узніклі шматклетачныя.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЎНО́Е ЦЯЧЭ́ННЕ,

цячэнне, пры якім паток вадкасці (газу), што абцякае цела, адрываецца ад яго паверхні з утварэннем віхравой зоны. Узнікае каля паверхні цела з крывалінейнымі ўтваральнымі (напр., сферы, крыла самалёта), пры наяўнасці вязкага пагранічнага слоя і павышэння ціску ў напрамку цячэння. Уплывае на гідрадынамічныя (аэрадынамічныя) характарыстыкі целаў, а пры звышгукавых скарасцях цячэння і на цеплавы рэжым.

Схема ўтварэння адрыўнога цячэння.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУ́Р (Adour),

рака на ПдЗ Францыі. Даўж. 335 км, пл. бас. 22 тыс. км². Пачынаецца ў цэнтр. раёне Пірэнеяў, перасякае плато Арманьяк і Гаронскую ніз., упадае ў Біскайскі зал.

Разводдзе і паводкі вясной і восенню ад раставання снягоў і ліўняў у Пірэнеях. Сярэдні расход вады 360 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходства ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На Адуры гарады Баёна, Тарб.

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне зямной паверхні, запоўненае вадой (возера, сажалка, вадасховішча), замкнёнае або адкрытае (калі праз яго цячэ рака). У азёрнай катлавіне вылучаюць надводную (схілы і берагі) і падводную часткі. Частка катлавіны, запоўненая вадой, наз. азёрнай чашай.

Узнікаюць азёрныя катлавіны ад уздзеяння ўнутр. і знешніх працэсаў, а таксама антрапагеннай дзейнасці. Падзяляюцца на тэктанічныя, ледавіковыя, тэрмакарставыя, карставыя, суфазійныя, ліманныя, завальныя (плацінныя), старычныя (лоймавыя) і інш.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЁРНАЯ РУДА́,

карысныя выкапні ў расолах і донных адкладах азёраў і балот. Можа быць вадкая і цвёрдая. Вадкая — растворы калій-натрыевых соляў бяссцёкавых азёраў сухіх і гарачых абласцей, воды азёраў з павышанай канцэнтрацыяй літыю. Цвёрдая азёрная руда — донныя асадкі гідравокіслаў жалеза, якія залягаюць у выглядзе пластоў, праслоек, жаўлакоў, лінзаў, магутнасцю ад некалькіх сантыметраў да 2—3 м. Прамысл. значэння не мае.

т. 1, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЫ́Х,

стаянка першабытнага чалавека ў пячоры каля в. Азых (Нагорны Карабах, даліна р. Куручай). У напластаваннях таўшч. каля 14 м выяўлены матэрыялы ад ранняга ашэля да мусцье, у т. л. фрагмент сківіцы самага стараж. на Каўказе выкапнёвага чалавека — азыхантрапа (сярэдні ашэль). На думку некат. даследчыкаў, знаходкі аббітых галек у ніжніх пластах стаянкі даюць падставу меркаваць пра з’яўленне тут чалавека ў эпоху олдувай.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВАДА́Г,

калоідна-графітавы прэпарат для ўтварэння электраправодных пакрыццяў на ўнутр. і вонкавай паверхнях электравакуумных прылад. Для ўнутр. пакрыццяў выкарыстоўваюць водную суспензію танказдробненага графіту, для вонкавых — сумесь графітавага парашку з арган. лакамі. Можа выконваць ролю электродаў, служыць для адводу эл. зарадаў з унутр. паверхні абалонкі прылады, аховы яе ад дзеяння вонкавых эл. палёў і забеспячэння эл. кантактаў паміж асобнымі вузламі электравакуумных прылад.

т. 1, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАДА́Н,

горад на ПдЗ Ірана, у Хузістане. 387 тыс. ж. (1993). Марскі порт на р. Шат-эль-Араб, за 50 км ад яе ўпадзення ў Персідскі заліў. Трансп. вузел. Чыгункай злучаны з Тэгеранам. Буйны цэнтр нафтаперапрацоўкі: нафтаперапр. з-д, нафтахім. комплекс па выпуску аміяку, звадкаванага газу і інш. Нафтаправоды ў Тэгеран, Ісфахан, Бендэр-Шахлур, на в-аў Харк у Персідскім заліве.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРО́ТНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

сістэма водазабеспячэння на прадпрыемствах, пры якой адбываецца шматразовы абарот вады ў тэхнал. працэсе пры абмежаваным яе скідванні ў вадаёмы (да 3%) ці інш. водапрыёмнікі. Перад паўторным выкарыстаннем адпрацаваную ваду ачышчаюць, ахалоджваюць і апрацоўваюць залежна ад мэтаў вытв-сці ў адкрытых вадаёмах, градзірнях, басейнах пырскальных, ачышчальных устаноўках. Выкарыстанне абаротнага водазабеспячэння замест праматочнага змяншае расход вады, эксплуатац. выдаткі, забруджванне навакольнага асяроддзя.

т. 1, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВА́Л,

раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд. м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)