Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫЛЬЯ́НІ ((Modigliani) Амедэо) (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),
італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.Сезана, П.Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.Жакоб» (1916), «Л.Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕС ((Milles) Карл) (23.6.1875, Лага, каля г. Упсала, Швецыя — 19.9.1955),
шведскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і вячэрніх класах тэхнікума разьбы па дрэве (1892—97), Парыжы ў акадэміі Каларосі (1897—1904), Мюнхене (1905—06). У 1920—31 праф. Каралеўскай АМ у Стакгольме. У 1931—51 працаваў у ЗША. Зазнаў уплывы А.Радэна, сярэдневяковай пластыкі, грэч. архаікі. З канца 1910-х г. звярнуўся да манумент.-дэкар. скульптуры, якую імкнуўся звязаць з арх. і прыродным асяроддзем. Фантанныя кампазіцыі вылучаюцца складанасцю пабудовы, пышнасцю форм, маляўнічасцю, у стварэнні якой вял. ролю адыгрываюць вадзяныя струмені: «Водбліск сонца» (1918), «Арфей» (1936), «Чалавек і Пегас» (1949; усе ў Стакгольме), «Пасейдон» (1930, г. Гётэборг), «Сустрэча вод» (1940, г. Сент-Луіс, ЗША). Аўтар манумента «Рука бога» (1954, Стакгольм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган.к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).
Літ.:
Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.
расійскі мастацтвазнавец. Чл.-кар.АМСССР (з 1990). Д-р мастацтвазнаўства (1983), праф. (1986). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыла Маскоўскі ун-т (1954). З 1971 працуе ў НДІ тэорыі і гісторыі выяўл. мастацтваў Рас.АМ. Даследуе рус.нар. мастацтва. У агульных тэарэт. працах закранае праблемы і бел.нар. мастацтва. Аўтар кніг «Мастацтва Палеха» (1966), «Айчынная вайна 1812 г. і рускае мастацтва» (1969, з С.М.Зямцовым), «Сучаснае народнае мастацтва» (1980), «Палехская мініяцюра» (2-е выд.), «Народнае мастацтва як частка культуры: Тэорыя і практыка», «Народнае мастацтва Расіі: Народная творчасць як свет цэласнасці» (усе 1983). Адна з аўтараў зб. «Мастацтва ансамбля: Мастацкі прадмет, інтэр’ер, архітэктура, асяроддзе» (1988). Аўтар-складальнік альбома-анталогіі «Руская лакавая мініяцюра» (1994). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́ЕЎ (Сяргей Генадзевіч) (2.10.1847, г. Іванава, Расія — 3.12.1882),
удзельнік расійскага рэв. руху. З 1865 у Маскве, займаўся самаадукацыяй. З 1866 у Пецярбургу, выкладаў у Сергіеўскім прыходскім вучылішчы. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях 1868—69 у Пецярбургу. Арганізатар тайнага т-ва «Народная расправа» (1869). Аўтар «Катэхізіса рэвалюцыянера» (1869), у якім прапанаваў у імя рэвалюцыі парваць з законамі, прыстойнасцю, мараллю, заглушыць усе чалавечыя пачуцці. Выкарыстоўваў метады містыфікацыі, правакацыі і шантажу. У 1869 у Маскве забіў па падазрэнні ў здрадніцтве студэнта І.І.Іванова і ўцёк у Швейцарыю. Разам з М.П.Агаровым выдаваў газ.«Колокол» (крас.—май 1870). У 1870 у Лондане выдаваў час. «Община». У 1872 арыштаваны ў Цюрыху і перададзены швейцарскімі ўладамі Расіі. У 1873 прыгавораны да 20 гадоў катаргі. Памёр у Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАГАДНЕ́ННЕ 1973,
пагадненне аб спыненні вайны і аднаўленні міру ў В’етнаме. Падпісана 27 студз. ў Парыжы міністрамі замежных спраў Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ), часовага ўрада Рэспублікі Паўд. В’етнам (РПВ), Рэспублікі В’етнам (РВ) і дзярж. сакратаром ЗША У.Роджэрсам пры асабістым удзеле Г.А.Кісінджэра і Ле Дык Тхо. Прадугледжвала спыненне агню ў Паўд. В’етнаме; ЗША абавязаліся спыніць усеваен. аперацыі супраць ДРВ і вывесці свае войскі з Паўд. В’етнама. Паводле дагавора ствараўся Савет нац. прымірэння з прадстаўнікоў урадаў РПВ і РВ, які павінен быў арганізаваць на Пд В’етнама свабодныя, дэмакр. выбары. Аднак падпісанне дагавора не спыніла сутыкненняў паміж бакамі, у чым яны абвінавачвалі адзін аднаго. У сак.—крас. 1975 войскі ДРВ і РПВ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. В’етнама, што фактычна скасавала П.п., але прывяло да аб’яднання краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАЎ (Вісарыён Міхайлавіч) (6.6. 1762—1804),
бел. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1782). Працаваў у Пецярбургу, у 1783—85 у Маскве пад кіраўніцтвам арх. В.Бажэнава прымаў удзел у буд-ве палацавых ансамбляў Падмаскоўя. У 1785—99 Магілёўскі губернскі архітэктар. Удзельнічаў у перабудове гарадоў Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паводле яго праектаў пабудаваны саляныя крамы ў Рагачове і Нова-Беліцы (з 1854 прадмесце Гомеля) і 2 мураваныя флігелі для дзярж. установы ў Клімавічах Магілёўскай вобл. (усе 1787); астрог (1796), палац губернатара і будынак дзярж. устаноў (1797, прыстасаваны будынак б. манастыра базыльян) у Віцебску, зрабіў праект мытні ў Талачыне Віцебскай вобл. (1788). Ажыццяўляў тэхн. кіраўніцтва буд-вам Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, пасля завяршэння яго выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка (1780—98), некат. дапрацоўкі Крычаўскага палаца (1785).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НАВАЯ НОЧ,
у беларусаў назва навальнічнай ночы, якая абавязкова чакаецца ў канцы лета (у спасаўку, паміж Іллёй ці Барысам і вялікай Прачыстай або паміж вялікай і малой Прачыстамі). Наз. таксама арабінавая ноч, вераб’іная ноч. На працягу ўсёй Р.н. неба скаланаюць грымоты, бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме моцны вецер, узнікаюць віхуры. Згодна з нар. павер’ем, у гэту ноч з пекла на свет выходзілі ўсе злыя сілы, якія нібыта спраўлялі сваё гал. гадавое свята. Паводле адных меркаванняў, у Р.н. розная нечысць страшыла хрышчоных людзей, паводле другіх — наадварот, усе стыхіі прыроды ядналіся, каб знішчыць нячыстую сілу. Кожны забіты ці пакалечаны ў гэту ноч перуном лічыўся нядобрым чараўніком. Р.н. нібыта патрэбна для спялення ягад рабіны, калі ж ягады не спелі — чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБАНЕ́НКА (Барыс Рафаілавіч) (29.8.1910, г. Самара, Расія — 6.5.1985),
расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1980). Акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956) і АМСССР (1979). Чл.-кар. Акадэміі буд-ва ГДР (1975). Д-р архітэктуры (1967). Праф. (1970). Вучыўся ў ін-тах грамадз. інжынераў (1927—31) і жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1932—34). З 1963 дырэктар Цэнтр.НДІэксперым. праектавання жылля (Масква). Сярод работ: жылыя дамы ў С.-Пецярбургу (1932—47), Дом урада ў г. Алматы (Казахстан; 1958), забудова гарадоў Тальяці (1967), Набярэжныя Чаўны (1970, усе ў сааўт.) і інш. Работы на Беларусі: ансамбль Прывакзальнай пл. ў Мінску (1948—56), «Эскіз планіроўкі Мінска» (1944, у сааўт.). Аўтар даследавання па праблемах масавага жыллёвага буд-ва ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1973.