вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.
Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл.Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл.таксамаДынаміка збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
комплекс сродкаў для размнажэння і капіравання дакументаў, тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца таксама для друкавання малатыражных выданняў.
Размнажэнне дакументаў (арыгіналаў) ажыццяўляецца малафарматнымі апаратамі і прыладамі аператыўнай паліграфіі, якія забяспечваюць хуткую і тэхнічна нескладаную падрыхтоўку матэрыялаў да выдання. выраб друкарскіх форм і друкаванне тыражу. Заснаваны на выкарыстанні спосабаў плоскага афсетнага (ратапрынты), трафарэтнага (рататары) і гектаграфічнага (гектографы) друку, электраграфіі (у т. л.ксераграфіі з найб. пашыранымі апаратамі — ксераксамі, рызографамі), рэпраграфіі і інш. Каліраванне дакументаў робіцца непасрэдна з арыгінала і не патрабуе яго спец. падрыхтоўкі (за выключэннем святлокапіравання) і друкарскай формы. Паводле фіз. прынцыпаў капіравання адрозніваюць капіравальныя апараты: святло-, фота- і тэрмакапіравальныя, электраграфічныя, электроннага капіравання. мікрафотакапіравальныя (для праекцыйнага і кантактавага капіравання — дыязакапіраваннем, тэрмакапіраваннем і фотакапіраваннем). Гл.таксамаКапіравальна-размнажальная тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СТРАВЫЯ ГРАФІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
комплекс апаратна-праграмных сродкаў увядзення, апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення аптычных відарысаў.
Зыходны 2-мерны відарыс дыскрэтызуецца з дапамогай растравага сканера і пераўтвараецца ў лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы элементаў (пікселаў). Для каляровых відарысаў дадаткова праводзіцца колерадзяленне і фарміруюцца асобныя матрыцы для кожнага з асн. колераў. Для такога пераўтварэння 3-мерных відарысаў найб. пашыраны метад сячэння зыходнага аб’екта паралельнымі плоскасцямі і фарміравання паслядоўнасці 2-мерных матрыц, а таксама метад 2-мернага растравага ўвядзення эквівалентных светлавых ліній на паверхні аб’екта. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах тэхн. зроку ў робататэхніцы, медыцыне, паліграфіі, лёгкай прам-сці і інш, Гл.таксамаЛічбавая апрацоўка відарысаў.
На Беларусі Р.г.с. распрацоўваюцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКАЯ О́ПЕРА, Тэатр оперы (Teatro dell Opera),
адзін з лепшых оперных т-раў Італіі. Адкрыты ў 1880 у Рыме пад назвай т-р «Кастанцы» (ад прозвішча імпрэсарыо) у будынку, пастаўленым паводле праекта арх. А.Сфандрыні. З 1928 пасля рэканструкцыі — Каралеўскі оперны т-р, з 1946 сучасная назва. На сцэне т-ра ўпершыню былі пастаўлены некат. оперы П.Масканьі, Дж.Пучыні і інш., а таксама творы Дж.Расіні, Дж.Вердзі, Ж.Маснэ, В.А.Моцарта, Г.Даніцэці, К.Дэбюсі і інш. У рэпертуары т-ратаксама творы М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, П.Чайкоўскага. На сцэне Р.о. выступалі вядомыя спевакі Х.Даркле, Б.Джыльі, Р.Страчары, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Карэлі і інш. Сярод дырыжораў т-ра: П.Маг, Л.Матачыч, К.Франчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРАФА́Н (цюрк., ад перс. серапа — ганаровае адзенне),
рускае нац. жаночае адзенне — сукенка, звычайна без рукавоў, якую апраналі паверх кашулі. У дапятроўскай Русі С. насілі ў баярскім асяродку, у 19 ст. — гал. чынам сялянкі ў паўн. і цэнтр. абласцях Расіі, у Паволжы, Сібіры, а таксама некат. гараджанкі. Найб.стараж. тып С. — без разрэзу спераду, з шырокімі проймамі, часам з несапраўднымі адкіднымі рукавамі. У сярэдзіне 19 ст. быў пашыраны С., сшыты з касых кліноў, які зашпільваўся спераду на гузікі; пазней — С. прамога крою на лямках, а таксама адразны С., які складаўся з ліфа і спадніцы. У пач. 20 ст. выйшаў з ужытку. На Беларусі адразны С. вядомы ў краснапольскім строі.
Касцюм маладой дзяўчыны з сарафанам. Архангельская губерня. Расія. Пач. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,
месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл.Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГНЕТАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,
спецыфічная залежнасць эл. палярызаванасці сегнетаэлектрыка ад напружанасці знешняга эл. поля.
Пры ўключэнні эл. поля ўзнікае палярызаванасць, якая спачатку рэзка нарастае і дасягае насычэння. Пры змяншэнні напружанасці поля палярызаванасць адстае ад змены напружанасці і пры выключэнні поля набывае рэшткавае значэнне. Для памяншэння палярызаванасці да нуля неабходна прыкласці поле процілеглага напрамку (каэрцытыўнае поле). Пры далейшым павелічэнні адваротнага поля таксама дасягаецца насычэнне. Атрыманы графік залежнасці наз. пятлёй гістэрэзіса. У полідаменных крышталях форма пятлі больш плаўная, у монадаменных — блізкая да прамавугольнай. Форма пятлі С.г. залежыць таксама ад т-ры; пры т-рах, якія перавышаюць Кюры пункт, дзе сегнетаэлектрык страчвае свае спецыфічныя ўласцівасці, пятля пераўтвараецца ў прамую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЛАВЯ́НСКІ БАЗА́Р У ВІ́ЦЕБСКУ»,
традыцыйны міжнар. фестываль мастацтваў у Віцебску. Засн. ў 1992 як «Славянскі базар» («Славянскі кірмаш»), Арганізатары: мін-вы культуры Беларусі, Расіі, Украіны пры ўдзеле канцэртных і камерц. фірм. З 1998 сучасная назва, праводзіцца пад патранажам Вышэйшага Савета Саюза Расіі і Беларусі. Складаецца з конкурснай часткі (удзельнікі — маладыя выканаўцы краін СНД і Еўропы), а таксама з канцэртаў гасцей, членаў журы. У межах фестывалю праводзяцца нац. дні краін-заснавальніц, фалькл. фэсты з конкурсамі нар. рамёстваў і промыслаў, маст. вернісажы. шматлікія конкурсы, а таксама дзіцячыя фестывалі.
Літ.:
Славянский базар в Витебске: Первое десятилетие... Витебск, 2001.
Дз.А.Падбярэзскі.
«Славянскі базар у Віцебску». 2000.Да арт.«Славянскі базар у Віцебску». Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі на «Славянскім базары». 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА ЛЯСО́Ў,
комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч.аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж.лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл.Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).
Літ.:
Основы природопользования. Мн., 1980;
Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксамаякаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл.таксамаБуйной рагатай жывёлы гадоўля.